«Праблема аптымiзацыi льгот выспела»
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Парламенцкi дзённiк Учора дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi амаль аднагалосна прынялi адразу ў двух чытаннях законапраект «Аб дзяржаўных сацыяльных iльготах, правах i гарантыях для асобных катэгорый грамадзян». Плануецца, што дакумент пачне дзейнiчаць з пачатку наступнага года.Паводле слоў мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Уладзiмiра ПАТУПЧЫКА, якi прадстаўляў дэпутатам законапраект, шырокае распаўсюджанне сацыяльных iльгот i гарантый, атрымальнiкамi якiх у нашай краiне з’яўляюцца прыкладна дзве трэцi насельнiцтва, вядзе да неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, да перакосаў у размеркаваннi самiх iльгот. Прадастаўленне льгот, лiчыць ён, «напэўна, найбольш затратная i найменш эфектыўная форма дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкi насельнiцтва». Так, у 2006 годзе на фiнансаванне льгот было выдзелена больш за 600 млрд рублёў бюджэтных сродкаў, што больш, чым на «самыя буйныя прыярытэтныя сацыяльныя праграмы». Пры гэтым мiнiстр працы i сацыяльнай абароны лiчыць, што льготы не аказваюць адчувальнага ўплыву на сацыяльна-эканамiчнае становiшча малазабяспечаных людзей i скарачэнне ўзроўню беднасцi, бо размяркоўваюцца па фармальных падставах. У вынiку на адну сям’ю розных iльгот i датацый прыходзiцца нават менш чым 20 тысяч рублёў у месяц, што не можа iстотна ўплываць на бюджэт грамадзян. На льготы прыпадае ўсяго 2,3 працэнта агульных даходаў сям’i, а самi яны часта трапляюць больш забяспечанай частцы атрымальнiкаў. Паводле даных статыстыкi, абследаванне хатнiх гаспадарак за 2001—2006 гады паказала, што на першыя 20 працэнтаў атрымальнiкаў iльгот, якiя адносяцца да найменш забяспечаных, прыходзiлася 17,2 працэнта ад агульнай сумы льгот, на другiя 20 працэнтаў — 19,7, трэцiя — 20,3, чацвёртыя — 20,8, пятыя, самыя забяспечаныя — 22. У неспрыяльным становiшчы таксама знаходзяцца вясковыя жыхары, якiя не рэалiзоўваюць сваё права на льготы, бо не маюць цэнтралiзаванага ацяплення, водазабеспячэння, радзей карыстаюцца паслугамi транспарту. Уладзiмiр Патупчык таксама падкрэслiў, што ўводзiлiся льготы ў iншых сацыяльных, эканамiчных i палiтычных умовах. Сёння ж многае змянiлася, i на першы план вылучылiся пытаннi забеспячэння эфектыўнай эканомiкi, яе канкурэнтаздольнасцi. Нельга, лiчыць мiнiстр, не ўлiчваць i дынамiку даходаў насельнiцтва. Практыка ўвядзення льгот у 90-я гады тлумачыцца тым, што да 50 працэнтаў насельнiцтва знаходзiлася за рысай малазабяспечанасцi, а таму дзяржава вымушана была аказваць сацыяльную падтрымку ўсiмi магчымымi спосабамi. Сёння ж, адзначыў Уладзiмiр Патупчык, сiтуацыя ў гэтым плане змянiлася. З 2001 года ў два з паловай разы выраслi даходы насельнiцтва ў рэальным вылiчэннi. Колькасць малазабяспечаных грамадзян скарацiлася больш чым у чатыры разы. Таму «праблема аптымiзацыi льгот выспела», а яе вырашэнне дало б рэзервы для фiнансавага выканання прыярытэтных накiрункаў сацыяльнай палiтыкi, для знiжэння фiнiнсавага цяжару на арганiзацыi, якiя прадастаўляюць iльготныя паслугi. Паводле слоў мiнiстра, у аснову законапраекта былi закладзены наступныя падыходы. Па-першае, захаваюцца асноўныя льготы i гарантыi для катэгорый насельнiцтва з асаблiвым статусам, якiя маюць высокiя заслугi перад дзяржавай або якiя з-за свайго фiзiчнага i сацыяльнага стану маюць патрэбу ў падтрымцы. Гэта Героi, поўныя кавалеры ордэнаў; удзельнiкi, iнвалiды, ветэраны Вялiкай Айчыннай вайны; iнвалiды I i II груп, дзецi-iнвалiды, iнвалiды ў вынiку катастрофы на ЧАЭС; непаўналетнiя дзецi, якiя пражываюць у зонах радыеактыўнага забруджання; грамадзяне з захворваннямi, якiя ўваходзяць у спецыяльны пералiк. Па-другое, прадастаўляцца льготы будуць выключна самому льготнiку. Па-трэцяе, прадугледжваецца пераход да нармавання водпуску i спажывання жыллёва-камунальных, медыцынскiх паслуг, паслуг транспарту i сувязi, якiя прадастаўляюцца на льготных падставах. «Законапраект прадугледжвае адмену часткi дзеючых iльгот i гарантый. У прыватнасцi, для асобных катэгорый грамадзян, якiя пацярпелi ў вынiку аварыi на Чарнобыльскай АЭС; для былых вязняў фашысцкiх лагераў i iншых месцаў прымусовага ўтрымання пры захаваннi павышэння iх пенсiй; для ветэранаў працы i навучэнцкай моладзi ў частцы скiдак пры аплаце кошту праезду на пасажырскiм транспарце; для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў у частцы бясплатнага забеспячэння лекамi. Акрамя таго, змяняюцца ўмовы i парадак прадастаўлення санаторна-курортнага лячэння i аздараўлення». Рэалiзацыя нормаў законапраекта дазволiць зэканомiць звыш 168 млрд рублёў, якiя будуць пераразмеркаваны на адрасную сацыяльную абарону, дзяржаўныя праграмы ў сферы мацярынства i дзяцiнства, чарнобыльскiя праграмы. Мiнiстр працы i сацыяльнай абароны паведамiў, што цяпер ствараецца мiжведамасная рабочая група, якая зоймецца падрыхтоўкай праекта прэзiдэнцкага ўказа аб адраснай сацыяльнай дапамозе. Гэтым указам «прадугледжваецца паэтапна давесцi крытэрыi для яе прадастаўлення да 100 працэнтаў пражытковага мiнiмуму, iстотна павялiчыўшы колькасць патэнцыйных атрымальнiкаў i памер дапамогi, спрасцiць працэдуру яе атрымання». Напрыканцы Уладзiмiр Патупчык адзначыў, што распрацоўшчыкi ведаюць аб непапулярнасцi законапраекта. Паводле слоў, «немагчыма з пазiцыi кожнага асобнага чалавека, няхай i самага высоказабяспечанага, абгрунтаваць аб’ектыўнасць прапаноўваемай нормы, што звязана з адменай або скарачэннем iльгот. Яе ўспрыманне, як правiла, заўсёды будзе суб’ектыўным. Мы ж павiнны зрабiць выбар, зыходзячы не з такога суб’ектыўнага ўспрымання, а кiруючыся неабходнасцю вырашэння прыярытэтных сацыяльных паслуг, аказання больш адраснай сацыяльнай падтрымкi малазабяспечаным грамадзянам, узмацнення сацыяльнай абароны сем’яў, дзяцей, iнвалiдаў, фiзiчна аслабленых асобаў, аздараўлення дэмаграфiчнай сiтуацыi, развiцця i ўдасканалення сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва, павышэння эфектыўнасцi ўсёй сiстэмы дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкi насельнiцтва пры паслядоўным павышэннi асноўных даходаў i сацыяльна-эканамiчных гарантый насельнiцтва». Больш за дзесяць дэпутатаў задалi мiнiстру свае пытаннi. Многiя дэпутаты самi выказалi сваё бачанне зместу законапраекта. Амаль усе гаварылi аб неабходнасцi яго прыняцця. Валянцiн СIМIРСКI: Сёння мы пастаўлены ва ўмовы рынку, калi за ўсё даводзiцца плацiць па сусветных цэнах. Распыленне бюджэтных сродкаў, якiя накiроўваюцца на выплату масавых iльгот, адчувальна сказваецца на нашым бюджэце. Ды i цi рацыянальна яны выкарыстоўваюцца, таксама пытанне. У нас больш за 6 млн iльготнiкаў, многiя з якiх гэтымi льготамi не карыстаюцца. А ёсць катэгорыi людзей, якiя карыстаюцца льготамi, але атрымалi iх незаслужана. Шмат сярод iльготнiкаў людзей дастаткова забяспечаных, што працуюць у дзяржаўным сектары, на вытворчасцi, у бiзнэсе, для якiх iльготы страцiлi сэнс. Вольга АБРАМАВА: Лiчу, што ўпарадкаванне льгот магло б праводзiцца, як складовая сiстэмных рэформаў, як спосаб павысiць канкурэнтнасць эканомiкi. Было б зразумела тады, калi палепшыцца дабрабыт людзей праз некалькi гадоў. Лiчу, што мы ўпарадкоўваем iльготы несправядлiва па зместу. Прымаць законапраект можна толькi адначасова з дакументам аб адраснай сацыяльнай дапамозе. Неабходна б было i прадугледзець грашовую кампенсацыю грамадзянам, якiя не ўвойдуць у акт аб сацыяльнай абароне або адначасова павысiць пенсii, дапамогi, iншыя выплаты. Мiхаiл ПАПЛАЎСКI: Перакананы, што дзяржаўныя льготы павiнны быць у таго, каго дзяржава накiроўвала, мабiлiзоўвала для абароны краiны, нацыянальных iнтарэсаў, лiквiдацыi тэхнагенных катастроф i якiя пры выкананнi гэтых задач праявiлi гераiзм, былi параненыя, страцiлi здароўе. Ясна, што закон неадназначна ўспрымаецца ў грамадстве. Каб зняць напружанне, неабходна на самай справе заняцца знiжэннем кошту паслуг, на якiя распаўсюджваюцца цяпер iльготы. Гэта дазволiць пры планамерным росце пенсiй, стыпендый зрабiць iх больш даступнымi i для малазабяспечаных катэгорый насельнiцтва. Валянцiна КАЧАН: Закон пачне дзейнiчаць толькi пасля Новага года. Лiчу, у дэпутатаў, урада будзе дастаткова часу, каб падрыхтаваць разумны дакумент, якi зробiць атрыманне адраснай дапамогi рэальным. Таксама мы павiнны тлумачыць людзям, што не адступаем ад сацыяльнай палiтыкi нашай краiны, ад думкi, што прагучала на Трэцiм Усебеларускiм сходзе: мы будуем дзяржаву для народа. Валерый ЛЕКТАРАЎ: Сёння за кошт iльготных рэцэптаў, iльготнiкаў сiстэма аховы здароўя страчвае амаль 42 працэнты сродкаў. Мы не можам забяспечыць дастаткова эфектыўнае лячэнне сур’ёзных захворванняў, бо не хапае сродкаў. Я яшчэ чатыры гады таму пiсаў тлумачальную запiску ва ўрад аб тым, каб адмянiць iльготныя рэцэпты, пакінуўшы iх толькi для тых, хто не можа жыць без пэўных лекаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi амаль аднагалосна прынялi адразу ў двух чытаннях законапраект «Аб дзяржаўных сацыяльн |
|