Прастора для культуры
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Краiны — удзельнiцы СНД зацiкаўленыя ў шматбаковых культурных праграмах, што рэалiзуюцца на тэрыторыi дзяржаў Садружнасцi. Гэты тэзiс стаў лейтматывам ХХII пасяджэння Савета па культурнаму супрацоўнiцтву дзяржаў — удзельнiц СНД.
У пасяджэннi, што праходзiла ў адным з культурных цэнтраў беларускай сталiцы — Нацыянальнай бiблiятэцы, — узялi ўдзел прадстаўнiкi Беларусi, Расii, Украiны, Арменii, Азербайджана, Казахстана, Узбекiстана i iншых дзяржаў. Цэнтральнымi пытаннямi сустрэчы сталi развiццё культурнага турызму i абмен вопытам, выпрацоўка адзiных падыходаў у заканадаўстве па ахове культурнай спадчыны, унiфiкацыя падрыхтоўкi кадраў у галiне культуры. Апошнi пункт прадугледжвае, напрыклад, стварэнне Асацыяцыi вышэйшых музычных навучальных устаноў дзяржаў СНД. Прыводзiць да агульнага знамянальнiка падрыхтоўку спецыялiстаў, як падкрэслiў мiнiстр культуры Беларусi Уладзiмiр Мацвяйчук, неабходна яшчэ i таму, што профiльныя навучальныя ўстановы часта падпарадкоўваюцца розным мiнiстэрствам, адпаведна i патрабаваннi да падрыхтоўкi кадраў зусiм розныя. «На тэрыторыi краiн СНД у культурнай палiтыцы iснуе адзiнства поглядаў i падыходаў, уменне знаходзiць кансэнсус i жаданне рэалiзоўваць вельмi сур’ёзныя i грунтоўныя праекты ў галiне культуры», — адзначыў старшыня Савета па культурнаму супрацоўнiцтву дзяржаў — удзельнiц СНД, мiнiстр культуры i турызму Азербайджана Абульфаз Гараеў. Адным з такiх праектаў стане выданне зборнiка маладых аўтараў з розных краiн СНД. Выданне яго возьме на сябе расiйскi бок. Спачатку зборнiк выйдзе на рускай мове, потым будзе перакладзены таксама на ўсе нацыянальныя мовы. Знайшла водгук у мiнiстраў культуры дзяржаў Садружнасцi i iнiцыятыва Кыргызстана, дзе створаны Цэнтр эпiчных герояў, — аб насычэннi Цэнтра культурнай спадчынай iншых краiн. Дэталёва абгаворвалася супрацоўнiцтва ў галiне мiжнародных конкурсаў i фестываляў. Плануецца таксама аб’яднаць намаганнi краiн па сумеснай кiнавытворчасцi. Праўда, пакуль гэтыя дамоўленасцi сведчаць толькi аб гатоўнасцi нацыянальных кiнастудый да супрацоўнiцтва, а паскарэнне працэсу залежыць найперш ад фiнансаў: усё ж кiнаiндустрыя — гэта не толькi культурная з’ява, але i бiзнэс. Блiжэйшым з праектаў расiйска-беларускага супрацоўнiцтва, паводле слоў мiнiстра культуры i масавых камунiкацый Расii Аляксандра Сакалова, стане фестываль мастацтваў «Славянскi базар у Вiцебску». Прадугледжаны таксама шэраг сумесных праектаў у архiўнай, музейнай, экспазiцыйнай, бiблiятэчнай справе, падпiсана двухбаковае пагадненне аб супрацоўнiцтве ў галiне СМI. Будзе ўзяты на ўзбраенне вопыт арганiзацыi дзейнасцi Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi — паводле прызнання замежных калег, беларуская бiблiятэчная сiстэма працуе надзвычай зладжана i эфектыўна. Адной з важных праблем, якую адзначылi удзельнiкi пасяджэння, стаў крызiс чытання. Аб гэтым красамоўна сведчаць лiчбы па Расii: на пачатку 90-х гадоў у 80 працэнтах сем’яў бацькi чыталi дзецям кнiгi, сёлета такiх сем’яў — толькi 7 працэнтаў. На думку мiнiстраў культуры розных краiн, крызiс не разбурыць шматгадовую традыцыю шырокага азнаямлення з лiтаратурнай спадчынай, калi своечасова спахапiцца i перагледзець увесь ланцуг удзельнiкаў лiтаратурнага працэсу, ад профiльных ВНУ, паэтаў i пiсьменнiкаў да кнiгавыдаўцоў i ўласна чытачоў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Краiны — удзельнiцы СНД зацiкаўленыя ў шматбаковых культурных праграмах, што рэалiзуюцца на тэрыторыi дзяржаў Садружнасцi. Гэты тэзiс стаў лейтматывам |
|