Страхоўка аўтамабiля — са скiдкай
Iгар ШЧУЧЭНКА
Прыемны сюрпрыз чакае шматлiкую армiю аўтааматараў: як мяркуецца, ужо ў гэтым годзе дысцыплiнаваныя вадзiцелi, якiя пры страхаваннi аўтамабiля атрымлiваюць скiдку за безаварыйную язду на працягу года, будуць узнагароджвацца дадаткова — пэўнай скiдкай за аплату страхоўкi безнаяўнымi грашыма — (пластыкавай карткай). Праўда, такую магчымасць атрымаюць толькi аўтааматары, якiя з’яўляюцца клiентамi «Беларусбанка» i расплачваюцца карткай гэтай фiнансавай установы пры заключэннi страхавога дагавора ў «Белдзяржстраху». Прынамсi, перагаворы на гэты конт зараз вядуцца памiж памянёным банкам i «Белдзяржстрахам», пра гэта паведамiў карэспандэнту «Звязды» на ўчарашняй сустрэчы з журналiстамi дырэктар разлiковага цэнтра пластыкавых картак ААБ «Беларусбанк» Анатоль Багавiк.
Мiж iншым, размова iдзе не толькi пра страхаванне аўтамабiляў. Iншыя вiды страхавання ў кампанii «Белдзяржстрах» з дапамогай карткi «Беларусбанка» таксама будуць заахвочвацца знiжэннем страхавой сумы. Аднак, вяртаюся да аўтааматараў. Яшчэ адна прыемная навiна для iх, i зноў-такi прагучала яна з вуснаў Анатоля Багавiка: банк вядзе таксама перагаворы аб пэўных скiдках для ўладальнiкаў картак пры запраўцы аўтамабiляў палiвам на некаторых АЗС. А наогул, учарашняя прэс-канферэнцыя была склiкана з iншай нагоды: буйнейшы банк краiны пераступiў мiльённы рубеж эмiсii картак мiжнароднай плацежнай сiстэмы Visa International. Агульная ж колькасць выпушчаных банкам пластыкавых картак дасягнула 2,2 мiльёна штук: такiм чынам, зараз на долю «Беларусбанка» прыходзiцца больш за палову — 54 працэнты ад агульнай колькасцi картак, якiя выпушчаны банкамi на тэрыторыi нашай краiны. Як паведамiў Анатоль Багавiк, банкам ужо ўстаноўлена 706 банкаматаў, у 154 з якiх можна атрымаць як беларускiя рублi, так i долары ЗША. Шырокi спектр безнаяўных аперацый дазваляюць праводзiць 628 iнфакiёскаў банка. Акрамя таго, у 1381 аддзяленні банка трымальнiкi картак могуць зняць наяўныя грошы, а ў 894 аддзяленнях — аплацiць у безнаяўным парадку камунальныя i iншыя плацяжы. Плацежныя тэрмiналы ўстаноўлены банкам у 2074 прадпрыемствах гандлю i сэрвiсу. Паводле даных банка, найбольш запатрабаваная паслуга ў насельнiцтва рэспублiкi — аплата з дапамогай карткi паслуг аператараў мабiльнай сувязi. У прыватнасцi, за красавiк аб’ём такiх плацяжоў перавысiў суму ў 20 мiльярдаў рублёў. Што ж датычыцца супрацоўнiцтва банка з буйнейшай плацежнай сiстэмай Visa International, то яно пачалося параўнальна нядаўна — у 2000 годзе. Тым не менш, зазначыў Анатоль Багавiк, яно развiваецца iмклiва i дазваляе «Беларусбанку» выкарыстоўваць самыя апошнiя распрацоўкi ў галiне карткавага бiзнэсу. У сваю чаргу Святлана Геарбелiдзе, якая з’яўляецца рэгiянальным менеджарам сiстэмы па краiнах СНД, выказала ўдзячнасць «Беларусбанку» за актыўны ўдзел у развiццi рынку безнаяўных плацяжоў у Беларусi i далучэнне насельнiцтва краiны да сучаснага фiнансавага iнструменту для аплаты тавараў i паслуг.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыемны сюрпрыз чакае шматлiкую армiю аўтааматараў: як мяркуецца, ужо ў гэтым годзе дысцыплiнаваныя вадзiцелi, якiя пры страхаваннi аўтамабiля атрымлi |
|