Аляксандр Лукашэнка: «Мы прадаставiм належную падтрымку льготамi тым, хто ў iх сапраўды мае патрэбу
Сяргей ПРОТАС
Учора завяршылася двухдзённая рабочая паездка Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Аляксандра Лукашэнкi па Брэсцкай вобласцi. Кiраўнiк дзяржавы азнаёмiўся з вынiкамi сацыяльна-эканамiчнага развiцця рэгiёна, наведаў шэраг новых i рэканструяваных спартыўных аб’ектаў у Брэсце, а таксама ўзяў удзел у цырымонii ўрачыстага адкрыцця Брэсцкага абласнога цэнтра алiмпiйскага рэзерву па вяслярных вiдах спорту.
Азнаямленне з вынiкамi пасяўной, навядзеннем парадку на зямлi ў Мiнскай i Брэсцкай абласцях Аляксандр Лукашэнка пачаў яшчэ з борта верталёта. Як пазней адзначыў Прэзiдэнт, убачанае яго задаволiла: культура земляробства, асаблiва на Мiншчыне, у адпаведнасцi з яго патрабаваннямi ўзнята на даволi высокi ўзровень. Заключным пунктам першага дня паездкi кiраўнiка дзяржавы стала малочнатаварная ферма СВК «Чарнаўчыцы». Трэба адзначыць, што Брэстчына для вiзiту была абрана невыпадкова. Тут ужо 30 працэнтаў кароў утрымлiваюцца i дояцца па новых тэхналогiях. Да канца года iх стане 47 працэнтаў. Як вынiк, малако на Брэстчыне — прыбытковае i без дзяржаўных датацый. Расказваючы пра ферму ў «Чарнаўчыцах», губернатар Брэстчыны Канстанцiн Сумар адзначыў, што гэта звышсучаснае, энергазберагальнае прадпрыемства еўрапейскага ўзроўню было пабудавана «з нуля» ў самыя сцiслыя тэрмiны — за 16 месяцаў. Менавiта такую задачу па мадэрнiзацыi малочнай галiны некалькi гадоў таму паставiў кiраўнiк дзяржавы. У «Чарнаўчыцах» абралi нестандартны падыход для выканання гэтага даручэння. За аснову фермы новага ўзору былi ўзяты лепшыя замежныя тэхналогii, адаптаваныя да нашых умоў. Кароўнiкi, замест звыклых, бетонных або цагляных сцен, атрымалi аўтаматычную ралетную сiстэму, якой кiруюць камп’ютары. Так, калi надвор’е даволi цёплае, як гэта было ў чацвер, сцен у звыклым для нас разуменнi ў фермы зусiм не было. Як патлумачыў Канстанцiн Сумар, раней памылкова лiчылася, што каровам круглы год неабходна «плюсавая» тэмпература. Аднак, як паказвае вопыт той жа Канады, дзе каровы пры тэмпературы -40 °С на вулiцы маюць -6° , -8° у памяшканнi i даюць рэкордныя надоi, гэта не так. Жывёле ў першую чаргу патрэбны добры корм i свежае паветра ў поўным аб’ёме. Якраз апошняга ў жалезабетонных будынках i не стае. У новых умовах чарнаўчыцкiя рагулi, якiх без дадатковага адбору перасялiлi з фермы, што патрабавала рэканструкцыi, летась ужо далi больш за 6 тыс. кг малака. Цяпер пастаўленая планка ў 8,5 тыс. кг зусiм не падаецца недасягальнай. Да таго ж з-за створаных санiтарна-экалагiчных умоў атрыманая прадукцыя новай фермы практычна не ўтрымлiвае амiяку. З усiм пагалоўем (а гэта да тысячы кароў у сезон) спраўляюцца ўсяго дзве даяркi, якiя працуюць на iмпартных даiльных устаноўках. Цiкавая i яшчэ адна лiчба — кубiчны метр новай фермы каштуе больш як на 30 працэнтаў танней за такi ж аб’ём фермы традыцыйнай. I ўсё ж такi праблема з ноў-хау iснавала: новыя тэхналогii, нягледзячы на ўсе свае «плюсы», не адпавядалi iснуючым нарматыўным дакументам. Менавiта з наведваннем фермы кiраўнiком дзяржавы губернатар звязваў вялiкiя надзеi. Бо будавалася гэта пакуль адзiнае ў Беларусi прадпрыемства, каб у тым лiку i прадэманстраваць праекцiроўшчыкам, будаўнiкам ды i вучоным магчымасцi сучасных тэхналогiй, што дазваляюць вывесцi вытворчасць малака на новы ўзровень. Скрупулёзна азнаёмiўшыся з умовамi ўтрымання рагатай жывёлы, новымi тэхналогiямi, выкарыстанымi на ферме, А. Лукашэнка прызнаў такi варыянт малочнатаварнай фермы «нядрэнным». Паводле слоў Прэзiдэнта, каровы знаходзяцца ў сапраўдным «палацы». Вось толькi палацы пакуль дарагiя — ферма ў Чарнаўчыцах абышлася амаль у 5 мiльёнаў долараў. Прэзiдэнт паставiў задачу зрабiць будаўнiцтва таннейшым як мiнiмум на 25 працэнтаў. «Мы навучылiся будаваць такiя фермы, i гэта вучоба нам абышлася дорага, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Надалей так будаваць не павiнны. Кошт, кошт i яшчэ раз кошт — гэта патрабаванне адносiцца i да аграгарадкоў, мех-двароў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў». Яшчэ адна буйная задача, якую паставiў кiраўнiк дзяржавы перад сельскагаспадарчай галiной — стварыць стратэгiю ўзнаўлення дойнага статка краiны высокапрадукцыйнымi цялушкамi. Прычым жывёла не павiнна купляцца за валюту за мяжой. «Павiнна быць беларуская чорна-пярэстая карова», — заявiў Прэзiдэнт. Для гэтага навука павiнна працаваць у звязцы з вытворчасцю. Работу трэба пачынаць ужо сёння, бо на стварэнне новых высокапрадукцыйных парод пойдзе не адзiн год. Учора кiраўнiк дзяржавы азнаёмiўся на базе спартыўных аб’ектаў Брэста са станам i перспектывамi развiцця фiзiчнай культуры i спорту Брэсцкай вобласцi. Як паведамiлi Аляксандру Лукашэнку, абласная фiзкультурна-спартыўная арганiзацыя займаецца развiццём 50 вiдаў спорту, 31 з якiх з’яўляецца алiмпiйскiм. Падрыхтоўка спартыўнага рэзерву ажыццяўляецца ў 66 навучальна-спартыўных установах i абласным вучылiшчы алiмпiйскага рэзерву, дзе займаецца больш за 30 тыс. чалавек. Толькi ў самiм Брэсце ёсць 542 спартыўныя аб’екты. Дзякуючы падтрымцы i дапамозе Прэзiдэнта, у горадзе завершана будаўнiцтва «Лядовага палаца», лёгкаатлетычнага манежа, стралковага цiра, першага ў рэспублiцы бейсбольнага стадыёна, вяслярнага канала. Адкрыты цэнтр алiмпiйскага рэзерву па гульнявых вiдах спорту «Вiкторыя». Яго будаўнiцтва было распачата ў 2003 годзе, у 2004-м, калi здавалася першая чарга аб’екта, цэнтр наведаў А. Лукашэнка, якi даручыў зрабiць комплекс больш унiверсальным. I вось учора Прэзiдэнт змог ацанiць ужо гатовы дзеючы спартыўны аб’ект сусветнага ўзроўню. Канструкцыя i абсталяванне спарткомплексу дазваляюць праводзiць у iм мiжнародныя спаборнiцтвы, чэмпiянаты i першынствы Рэспублiкi Беларусь па гульнявых вiдах спорту. Прэзiдэнт паставiў задачу заваяваць хоць бы па аднаму алiмпiйскаму медалю ў кожным вiдзе спорту i заклiкаў да дасягнення больш высокiх вынiкаў у беларускiм гандболе. Прэзiдэнт падкрэслiў, што на сёння галоўнае ў гэтай сферы — падрыхтоўка трэнераў. «Трэнерам павiнны быць створаны ўсе ўмовы, — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. — Мы павiнны дабiвацца поспеху, па крайняй меры, на такiм жа ўзроўнi, як расiйскiя гандбалiсты». Сапраўдным святам вясны i спорту стала ўрачыстае адкрыццё вяслярнага канала ў Брэсце, якое сабрала тысячы брастаўчан. Сярод гасцей прысутнiчалi знакамiтыя айчынныя i замежныя спартсмены, алiмпiйскiя прызёры i чэмпiёны: Сяргей Бубка, Кацярына Карстэн, Юлiя Несцярэнка, Юлiя Бiчык i многiя iншыя, а таксама генеральны сакратар Мiжнароднай федэрацыi веславання спадар Смiт. I гэта не дзiўна — спартыўныя аб’екты такога ўзроўню, акрамя Беларусi, маюць усяго дзве краiны свету. Таму Брэст у блiжэйшы час цалкам апраўдана можа разлiчваць на правядзенне мiжнародных спаборнiцтваў самага высокага ўзроўню. Гэта пацвердзiлi i мiжнародныя спецыялiсты. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка падчас урачыстай цырымонii: «Лiтаральна за паўтара года зарослая хмызняком набярэжная Мухаўца ператварылася ў спартыўны аб’ект сусветнага ўзроўню. Цяпер нацыянальным зборным для падрыхтоўкi да Алiмпiяды i этапаў Кубка свету створаны ўсе ўмовы. Да таго ж, згодна з патрабаваннем Прэзiдэнта, Брэст атрымаў не толькi прэстыжны спартыўны комплекс, але i выдатнае месца для адпачынку i аздараўлення мясцовых жыхароў». Як адзначыў кiраўнiк дзяржавы: «Поспехi ў спорце — гэта не толькi прэстыж краiны, але i вырашэнне праблем абараназдольнасцi, дэмаграфiчнай бяспекi, умацавання генафонду нацыi. Нам вельмi патрэбны людзi, дзецi, але здаровыя». Многа цёплых слоў Аляксандр Лукашэнка адрасаваў брэсцкiм праекцiроўшчыкам i будаўнiкам, якiя ўзвялi аб’ект у самыя сцiслыя тэрмiны. Сiмвалiчны ключ, уручаны iмi Прэзiдэнту, беларускi лiдар з самымi цёплымi пажаданнямi перадаў бронзавай прызёрцы па акадэмiчнаму веславанню Алiмпiйскiх гульняў у Атланце Юлii Бiчык, якая будзе прадстаўляць нашу краiну ў Пекiне. Дарэчы, падчас наведвання Цэнтра алiмпiйскага рэзерву па гульнявых вiдах спорту Аляксандр Лукашэнка азнаёмiўся з узорамi формы, якая распрацоўваецца для нашай алiмпiйскай зборнай. У завяршэнне рабочай паездкi па Брэстчыне Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытаннi журналiстаў. Прэзiдэнт высока ацанiў наведаныя спартыўныя комплексы. Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, ён нiколькi не шкадуе выдаткаваных на iх грошай: «Узведзены спартыўныя аб’екты сапраўды сусветнага ўзроўню для падрыхтоўкi спартсменаў сусветнага ўзроўню», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Не ўхiлiўся кiраўнiк дзяржавы i ад пытання, якое сёння хвалюе многiх у Беларусi — аб упарадкаваннi льгот. Як заявiў беларускi лiдар: «Адмена некаторых iльгот — гэта не прыхамаць Прэзiдэнта, а аб’ектыўная рэальнасць. Не можа ў краiне з 10-мiльённым насельнiцтвам быць 7,5 мiльёна льготнiкаў». Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што такая непапулярная мера не панiзiць аўтарытэт Прэзiдэнта i ўлады. Людзi старэйшага пакалення, якiя заўсёды былi яго апорай, не здрадзяць i пасля скасавання некаторых iльгот. Прэзiдэнт патлумачыў, што ён пайшоў iм насустрач, калi па шматлiкiх просьбах не стаў паднiмаць узрост выхаду на пенсiю. Аднак праводзiць людзей на заслужаны адпачынак амаль у сярэдзiне жыцця, ды яшчэ забяспечыць усемагчымымi льготамi, дзяржава сабе дазволiць не можа. Калi па-папулiсцку вырашыць i гэта пытанне, «праз пару гадоў краiна будзе знiшчана». У той жа час дзяржава не кiне людзей сам-насам з iх праблемамi. Як заявiў Аляксандр Лукашэнка, зараз вядзецца падрыхтоўка ўказа Прэзiдэнта аб сiстэматызацыi льгот. «Мы прадаставiм належную падтрымку льготамi тым, хто ў iх сапраўды мае патрэбу», — падкрэслiў Прэзiдэнт. У той жа час грошы, якiя выслабаняцца ў вынiку скасавання льгот, пойдуць нават не на спартыўныя аб’екты, а на падтрымку сем’яў i дзяцей. Пасля паспяховых перамоў з Iранам сярод асобных расiйскiх палiтыкаў мусiруецца меркаванне, што Беларусь аддаляецца ад Расii. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гэту сiтуацыю ўвогуле можна пракаментаваць вельмi проста: «Калi б Расiя не хацела, каб Беларусь ад яе аддалялася, гэтага б не здарылася». Кiраўнiк дзяржавы нагадаў, што Расiйская Федэрацыя двойчы «перакрывала дыханне» нашай краiне, калi бралася за вентыль. Натуральна, Прэзiдэнт быў вымушаны рэагаваць. Каб зменшыць залежнасць ад Расii, ЕС, Беларусь павiнна шукаць новыя рынкi, той жа Iран закупляе тавараў на 60 млрд долараў у год. Гэта можа быць i наша прадукцыя. I калi нас туды запрашаюць здабываць нафту, чаму мы павiнны адмаўляцца? Натуральна, у такiм выпадку нашай краiнай не ўдасца манiпуляваць з дапамогай таго ж вентыля. «Беларусь — незалежная суверэнная дзяржава, i гэта трэба прымаць як дадзенае, — заявiў Прэзiдэнт. — Апошнiм часам гэта разуменне прыходзiць i да нашых партнёраў...». Брэсцкая вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора завяршылася двухдзённая рабочая паездка Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Аляксандра Лукашэнкi па Брэсцкай вобласцi. Кiраўнiк дзяржавы азнаёмiўся з
|
|