Рэпарцёр атрымаў заданне... Набыць цэглу і блокі
Сяргей РАСОЛЬКА
У вёсцы ў мацi наспела неабходнасць перакласцi печы: яны «адпрацавалi» ўжо без малога па дваццаць гадоў i адкладваць справу стала немагчымым. Таму яшчэ ўзiмку пачаў «пiлiць» брата, маўляў, трэба па магчымасцi хутчэй закупляць самае неабходнае з патрэбных матэрыялаў, бо ўжо тады хадзiлi чуткi пра магчымы дэфiцыт i павелiчэнне цэн на iх з-за падаражання энергарэсурсаў. Па аб’ектыўных прычынах ушчыльную ўзяцца за гэту справу атрымалася толькi каля месяца таму.
...Першы раз, наняўшы грузавую аўтамашыну, брат выехаў у сталiцу на завод будаўнiчых матэрыялаў недзе ў 5.30 ранiцы. На месцы — каля магазiна пры прадпрыемстве — былi каля 7 гадзiн. Высветлiлася, што наш нумар уваходзiць у чацвёрты дзесятак чаргавiкоў. Якiя людзi бавiлi за размовамi час побач? Тыя, каму цэгла (2—3 паддоны) была патрэбна для сябе, для нейкiх будаўнiчых цi рамонтных работ. Але хапала i перакупшчыкаў, якiх добра ведалi ў твар i па iмёнах супрацоўнiкi магазiна i ахова (гэтыя бралi па максiмуму — па 6 паддонаў цэглы). Паводле слоў бывальцаў, у продаж кожны дзень давалi розную колькасць цэглы розных марак, але ў сярэднiм — 30—40 паддонаў. З улiкам нумара нашай чаргi, выходзiла, што вяртацца ў той дзень нам давядзецца нi з чым. Так яно i атрымалася: цэгла скончылася недзе на 15-м чалавеку, праз дзве гадзiны пасля адкрыцця магазiна. Балазе, атрымалася запiсацца ў чаргу назаўтра (першы спiс згубiўся, потым на фiрменным бланку складалi другi, у вынiку мы запiсалiся пад нумарам 7). Каб не гнаць грузавiк паражняком (кожны рэйс — грошы), тут жа ўзялi глiны па 18 тысяч рублёў за тону. А потым заехалi да прыватнiка ў пасёлак Ждановiчы, дзе купiлi для топак 180 штук спецыяльнай вогнетрывалай цэглы па 2150 рублёў за адзiнку. (Я потым доўга жартаваў, што, прадаючы цаглiну па «баксу» за штуку, маглi б яе i ў пакецiк якi асобна пакласцi.) Вогнетрывалую цэглу можна было б набыць i ў магазiнах, але там яна каштавала крыху даражэй — па 2400 рублёў. ...Назаўтра прыехалi крыху пазней — да 7.30 ранiцы. Зноў была чарга, але як толькi ў 8 гадзiн адкрыўся магазiн, ахоўнiк пачаў прапускаць чаргавiкоў па складзенаму ўчора спiсу. Мы ўзялi тры паддоны «двухсоткi» (350 цаглiн на кожным; з улiкам 180 штук вогнетрывалай i 400 штук звычайнай з ранейшых «хатнiх» запасаў матэрыялу нам павiнна было хапiць) па 524 рублi за штуку. Словам, не без пэўных цяжкасцяў (пра дэфiцыт таго ж цэменту мы нядаўна таксама пiсалi), але сёе-тое з патрэбнага мы ўжо назапасiлi. Але ж праблема вышэйпералiчанымi матэрыяламi не абмяжоўваецца. Мы бачым, што лiтаральна ў кожнай вёсцы, гарадку зараз вядзецца будаўнiцтва, рамонтныя работы. Прычын таму, думаецца, некалькi. Бясспрэчна, дабрабыт многiх за апошнi час палепшыўся i ўслед за набыццём новай мэблi, бытавой складанай тэхнiкi, аўтамабiляў надышла чарга рамонту цi будаўнiцтва жылля. Да таго ж многiя будматэрыялы сталi больш даступнымi (узяць хоць бы тыя вокны-шклопакеты з ПВХ, якiя цяпер цi не ў масавым парадку ўстанаўлiваюць не толькi ў гарадскiх кватэрах, а i ў вясковых хатах). Але асноўная прычына — трохгадовы тэрмiн, адведзены для будаўнiцтва жылля на атрыманых зямельных участках. Вось i кiнулiся людзi ў масавым парадку ў магазiны ды на рынкi. А што могуць прапанаваць прадпрыемствы будаўнiчай галiны, дакладней, як задаволiць узнiклы павялiчаны попыт? Напрыклад, як нам паведамiлi на Мiнскiм заводзе будаўнiчых матэрыялаў, магутнасцi прадпрыемства загружаны на ўсе 100 працэнтаў «i нават крыху больш». Але попыт павялiчыўся за апошнi час на ўсе вiды прадукцыi — тую ж цэглу. З пачатку года i па сёння — у 2,7 раза ў параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года. Цэглу, канешне, набыць можна, але (як у нашым выпадку) па папярэдняму запiсу. Калега, з’ездзiўшы дадому ў Глыбоцкi раён, сказаў, што знаёмыя сутыкнулiся з падобнай праблемай — немагчымасцю набыць сiлiкатныя блокi. Нават у сталiцы шукалi, але ўсё, што даведалiся — вядзецца запiс ажно на восень. Пра тое ж асабiста я чуў ад вадзiцеля грузавiка, якi дастаўляў з месяц таму нам цэглу: раз-пораз яго просяць аказаць транспартныя паслугi, таму ён, як кажуць, у тэме. Тэлефаную на камбiнат сiлiкатных вырабаў. Адказны работнiк быў нешматслоўным, ад падрабязных каментарыяў адмовiўся, але пацвердзiў, што праблема iснуе. «Так, запiс на набыццё блокаў вядзецца на восень». На якi дакладна месяц, назваць адмовiўся. «Праблема дэфiцыту будаўнiчых матэрыялаў датычыцца не толькi нашага асобна ўзятага прадпрыемства, але i ўсёй галiны, у цэлым будаўнiчых арганiзацый. Ва ўрадзе аб ёй ведаюць, яе па даручэнню кiраўнiка дзяржавы вывучае Дзяржкантроль. Таму я не хацеў бы яшчэ нешта каментаваць раней часу». ...Будаўнiчыя, рамонтныя работы зараз «шырокiм фронтам» вядуцца не толькi ў прыватным сектары, на раней i нядаўна выдзеленых зямельных участках. Тэмпы i аб’ёмы будаўнiцтва жылля ў гарадах за апошнiя гады таксама павялiчылiся: шмат людзей сталi шчаслiвымi ўладальнiкамi ўласных квадратных метраў. Але нават кватэра, пабудаваная з адстройваннем, у дбайнага гаспадара «запросiць» пэўнага ўмяшання з мэтай добраўпарадкавання. Што ўжо гаварыць пра «голую каробку», якая патрабуе комплекснага рамонту. Дзеля цiкаўнасцi патэлефанаваў у фiрму, у якой напрыканцы 2004 года сам заказваў «музыку» на ўласнай новабудоўлi. Па старой памяцi задаў некалькi пытанняў. Многiя ж, хто робiць рамонт, часцяком заказваюць патрэбныя будаўнiчыя матэрыялы менавiта праз такiя фiрмы (не бясплатна, зразумела, але ёсць эканомiя часу, паслугi па дастаўцы i г.д.). Майстар адказаў, што асаблiвых праблем тут няма, хiба толькi што раз-пораз узнiкаюць непаразуменнi з цэментам, ды i падаражэў ён за апошнi час — з 10 да 18 тысяч рублёў за мех вагой 50 кiлаграмаў. Але i яго можна адшукаць (за гэта, у прынцыпе, клiент i плацiць прыватнiку). А вось кошт на асноўныя вiды рамонтных i будаўнiчых работ за апошнi час, паводле слоў суразмоўцы, павялiчыўся недзе на 40 працэнтаў. Але, паколькi жылля будуецца шмат, попыт на работы нават пры такiм «раскладзе» застаецца стабiльна высокiм.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вёсцы ў мацi наспела неабходнасць перакласцi печы: яны «адпрацавалi» ўжо без малога па дваццаць гадоў i адкладваць справу стала немагчымым. Таму яшч |
|