Скарачэнне льгот i сiтуацыя з энерганосьбiтамi «не звязаныя»
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Прыкладна дзве трэцi насельнiцтва Беларусi маюць сёння права на сацыяльныя льготы i гарантыi, што прыводзiць да неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў i «перакосаў» у размеркаваннi льгот. Аб гэтым заявiў 28 мая старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу па адукацыi, навуцы, культуры i гуманiтарных пытаннях Анатоль Новiкаў, прадстаўляючы на пасяджэннi верхняй палаты парламента праект Закона «Аб дзяржаўных сацыяльных льготах, правах i гарантыях для асобных катэгорый грамадзян».
Анатоль Новiкаў дадаў, што пры дзеючым заканадаўстве «льготы не аказваюць адчувальнага ўплыву на сацыяльна-эканамiчны стан малазабяспечаных людзей i скарачэнне ўзроўню беднасцi». Прыняцце законапраекта, паводле слоў парламентарыя, «абумоўлена неабходнасцю ва ўдасканаленнi сiстэмы дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкi насельнiцтва на аснове прынцыпаў сацыяльна арыентаванай эканомiкi. Сацыяльная дапамога павiнна быць адраснай i iндывiдуальнай». Пасля прыняцця парламентарыямi законапраекта, якi прадугледжвае адмену льгот, на некаторыя пытаннi журналiстаў у Савеце Рэспублiкi адказаў мiнiстр працы i сацыяльнай абароны Уладзiмiр Патупчык. Паводле яго слоў, мiнiстэрства разглядае прыняты законапраект «разам з праектам указа Прэзiдэнта аб адраснай сацыяльнай падтрымцы насельнiцтва», які павінен быць распрацаваны міжведамаснай працоўнай групай на працягу трох месяцаў. «Мяркуем, што гэтыя два дакументы нельга разрываць памiж сабой, бо адзiн будзе дапаўняць другi». «Гэты праект указа дазволiць перш за ўсё па-новаму падысцi да пытанняў адраснай сацыяльнай дапамогi. Мы павiнны будзем вызначыцца па крытэрыю патрэбнасцi з тым, каб гэты крытэрый дазволiў нам ахапiць большую частку насельнiцтва, якое апынулася ў цяжкiх жыццёвых сiтуацыях, i аказаць яму практычную дапамогу», — заявiў мiнiстр. Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды» аб тым, цi апраўдана версiя, што прыняцце законапраекта аб скасаваннi льгот звязана са змяненнямi ўмоў паставак у нашу краiну энерганосьбiтаў з Расii з 2007 года, Уладзiмiр Патупчык заявiў, што гэта «абсалютна не звязаныя рэчы». «I не трэба ў гэтай плоскасцi нават разглядаць пытанне. Мы пачалi падрыхтоўку праекта закона яшчэ ў 2003 годзе. А можа, i раней. I ён у 2003 годзе быў унесены ў Палату прадстаўнiкоў». Адказваючы на яшчэ адно пытанне журналiста нашай газеты аб тым, чым можна растлумачыць велiзарную падтрымку сёлета законапраекта беларускiм парламентам (пры тым, што Палата прадстаўнiкоў папярэдняга склiкання паставiлася да дакумента адмоўна), мiнiстр адзначыў: — Мы вельмi цесна працавалi з дэпутацкiм корпусам, была праведзена не адна рабочая нарада і пасяджэнне пастаянных камiсiй, у рамках якiх спецыялiсты змаглi адказаць на ўсе пытаннi, якiя ставiлi перад намi дэпутаты. Вы бачылi, як зацiкаўлена праходзiла абмеркаванне законапраекта ў Палаце прадстаўнiкоў. Было зададзена вельмi шмат пытанняў мне, як мiнiстру, якi прадстаўляў гэты законапраект. I я думаю, што вынiкi галасавання — гэта вынiк папярэдняй працы, якая была праведзена разам з зацiкаўленымi бакамi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыкладна дзве трэцi насельнiцтва Беларусi маюць сёння права на сацыяльныя льготы i гарантыi, што прыводзiць да неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных с |
|