Дар палачанкi Нiнэль ШчаснайСёння ў Полацку адкрываецца пастаянна дзеючая выстаўка Нiнэль Шчаснай. Мастачка перадае ў родны горад 50 работ Яшчэ дзень — i майстэрня стане iншай, дзесяткi карцiн зменяць прапiску. «Твар душы не схаваеш у вопратку» — менавiта гэты дэвiз вызначыла для сябе Шчасная яшчэ ў пачатку творчага шляху. I невыпадкова. ...Яна нарадзiлася ў Полацку ў сям’i настаўнiкаў. Сям’я была сапраўды класiчная: сем «я» — бацькi i пяцёра дзяцей, чатыры дзяўчынкi i хлопчык. Нэла — старэйшая. З пахвальнай граматай скончыла 7 класаў, на выдатна — Мiнскае мастацкае вучылiшча. Потым — Ленiнградскую акадэмiю мастацтваў (iнстытут iмя Рэпiна), факультэт жывапiсу. — Гэты год у Беларусi — Год дзiцяцi. Вельмi рада, што мая выстаўка адкрываецца з блаславення Мiтрапалiта Фiларэта акурат 1 чэрвеня — у дзень абароны дзяцей i напярэдаднi вялiкага свята горада Полацка, якое адбудзецца ў суботу. — Як узнiкла iдэя стварыць галерэю? — Адразу ўдакладняю: гэта не галерэя, а пастаянна дзеючая мастацкая выстаўка Нiнэль Шчаснай. Таму што ў назве «галерэя» закладзена магчымасць купляць-прадаваць работы, бiлеты распаўсюджваць... У нас жа ўсё бясплатна! Хоць, сапраўды, напачатку, некалькi гадоў таму, мэр Полацка Уладзiмiр Сцяпанавiч Тачыла прапанаваў адкрыць у горадзе маю галерэю. Здавалася б, лагiчна: сама я палачанка, ганаровы грамадзянiн Полацка (гэтым высокiм званнем вельмi ганаруся, глыбока ўдзячная маiм землякам)... Але калi пачалi рабiць першыя крокi ў гэтым накiрунку, проста заблыталiся ў фiнансавых i шматлiкiх iншых пытаннях па галерэi. У нас жа так усё складана: атрымлiваецца, што лепш нiчога не рабiць, чым штосьцi рабiць... I я «апусцiла лапкi», згарнула крылы... Разумееце, нават калi страхавы кошт маiх работ быў пазначаны... Калi я дару Полацку карцiны, горад становiцца ўласнiкам каштоўнасцяў, за якiя трэба плацiць... Лiчбы не такiя ўжо вялiкiя з пазiцый сусветных цэн, але для нашай краiны даволi адчувальныя. А дадайце: калi кожную работу «апрануць» у раму (прыкладна ад 20 да 100 долараў кожная) — якая вынiковая сума. А тое, што ў раме, таксама ж штосьцi каштуе, праўда? (Усмiхаецца.) I атрымлiваецца не надта станоўчая арыфметыка... Мы пайшлi iншым шляхам. З’явiлася iдэя, якая не тое што лунала ў паветры, а калiсьцi была рэалiзавана ў Полацку ў ХVII—ХVIII стагоддзях: у езуiцкiм калегiуме iснавала галерэя, з дапамогай якой iшло навучанне, студэнты ўзнiмалi эстэтычны ўзровень праз знаёмства з творамi мастацтва. У памяшканнях былога калегiума зараз размяшчаюцца гiстарычны i фiлалагiчны факультэты Полацкага ўнiверсiтэта. Менавiта там i будзе пастаянна дзеючая мастацкая выстаўка. Вялiкая аўдыторыя на 150 месцаў, ёсць там i мультымедыйная ўстаноўка: можна фiльмы паглядзець, музыку паслухаць... Сучасная комплексная выстаўка! Спецыялiсты падрыхтавалi метадычныя распрацоўкi краязнаўчых заняткаў «Нашы славутыя мастакi». Надзвычай цiкавая праграма: i бiяграфiя, i здымкi, i рэбус пра Н. Шчасную... I адметныя гiсторыi з жыцця — напрыклад, як яшчэ дзяўчынкай ад касы адрэзала кавалак i зрабiла першую акварэльную работу... Тут i пра тэхналогiю вырабу вiтражоў, графiкi... — Гэткая маленькая энцыклапедыя па Нiнэль Шчаснай... — ... i па розных вiдах выяўленчага мастацтва. Я працую ў жанры карцiны, партрэта, пейзажа, нацюрморту, а таксама ў галiне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, у станковай i кнiжнай графiцы. Работы выкананы рознымi тэхнiкамi i на розных матэрыялах, у тым лiку на метале, на дрэве, на шкловалакне... Займаюся пошукам новых матэрыялаў, тэхнiк, светапогляду. Веру Богу i iнтуiцыi. Асноўнае месца ў творчасцi займае ўзаемадзеянне чалавека з навакольным асяроддзем, прыродай, космасам. Увогуле на маiх творах можна вучыць i акадэмiчнай грамаце, i ...«хулiганству». У Полацку будзе i мой архiў: дзесяткi касет з запiсамi самых розных праграм, шматлiкiя кнiгi водгукаў... У мяне адбылося больш за 50 персанальных выставак: Беларусь, Расiя, Польшча, Германiя... Заўсёды пры адкрыццi выстаўкi яна запальвала свечкi на «сваiх» падсвечнiках, а пры закрыццi — тушыла... Народны пiсьменнiк Беларусi Iван Шамякiн у кнiзе водгукаў напiсаў: «... Мне даў Бог чуць слова, яго сэнс, яго шматфарбнасць, музыку празаiчнага слова. Я любiў колеры прыроды i ўмеў iх напiсаць, але фарбаў на палатне я не адчуваў — гамы iх, строю i паэзii. Я не ўмеў зрабiць нават простыя зарысоўкi на палях сваiх рукапiсаў, як рабiлi многiя мае калегi, асаблiва паэты. Выходзiць, паэзiя блiжэй да жывапiсу. З пачуццём удзячнасцi прызнаюся, што разуменню паэзii рысунка мяне навучыла Нэла Шчасная. Я любiў глядзець, як яна пiша, асаблiва калi яна пiсала партрэты маiх сяброў — Андрэя Макаёнка, Iвана Мележа. З радасцю i хваляваннем я згадзiўся пазiраваць ёй, калi мастачка вырашыла напiсаць мой партрэт. I ён атрымаўся незвычайны, другога такога няма. Няхай глядач угледзiцца ў гэты незвычайны зiмовы пейзаж, надзвычай тонка i праўдзiва напiсаны!.. Пасля я наведваў выстаўкi Нэлы Шчаснай, i нiводная з яе карцiн не расчаравала, не пакiнула абыякавым. Я нават спрабаваў пiсаць раманы гэтак жа — не выйшла. Не мае значэння, як у мастацтвазнаўстве называецца яе стыль. Ведаю адно: гэта сапраўднае мастацтва! Высокае мастацтва! Новых Вам поспехаў, Нэла!». * * * — Кампазiтар Уладзiмiр Курловiч падарыў мне музыку «Трапяткое дакрананне». А студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамiчнага ўнiверсiтэта зрабiлi два клiпы: мае работы нiбыта iлюструюць музыку — цi наадварот?.. — Нiнэль Iванаўна, зараз рынкавыя адносiны, усе лiчаць грошы. А вы бескарыслiва перадаяце работы роднаму гораду... — Таму што нiякiя грошы не могуць параўнацца з высакароднай iдэяй «узняць» i выхаваць юныя пакаленнi — эстэтычна, духоўна... Нядаўна ў мяне з’явiўся сябар i аднадумца Дзмiтрый Ермаловiч-Дашчынкi. Яму 21 год, студэнт, пiша вершы — незвычайны чалавек, нiбыта прыйшоў з пачатку ХХ стагоддзя. Дамовiлiся, што наладзiм эстэтычны «лiкбез», пачнём з пачатковых школ, дзiцячых дамоў... Трэба навучыць бачыць карцiну, разумець, што такое графiка i г.д. Кожны культурны чалавек павiнен гэта ведаць. А дзе ён можа даведацца, калi па тэлевiзары паказваюць толькi пупок з пiрсiнгам? Многiя нават не ўяўляюць, якiя каштоўнасцi назапашаны чалавецтвам. * * * У яе шмат сяброў. Кожную сераду збiраюцца ў майстэрнi людзi знаёмыя i незнаёмыя. Гэта асалода, душэўны адпачынак — быць «на серадзе» ў Шчаснай. Калiсьцi паэт Пятрусь Макаль прысвяцiў ёй верш «Майстэрня», ёсць там i такiя радкi: Я ведаю, што хараство не згiне, Пакуль тваё святло прадзе i тчэ... I ты мне зноў нагадваеш, багiня, — Аб тым, што свет не створаны яшчэ. ... У Вiцебску была яе персанальная выстаўка — папрасiла нашага славутага касманаўта Пятра Клiмука зайсцi лiтаральна на 5 хвiлiн: «Паглядзiце, наколькi я нахлусiла ваш профiль». Прабыў ён на выстаўцы 4 гадзiны. Напiсаў: «Паважаная Нiнэль! У вашай творчасцi я бачу глыбокi фiласофскi сэнс... Мне здаецца, у працэсе работы Вашы рукi, душа i светапогляд злiваюцца разам». — Аднойчы ў санаторыi я пазнаёмiлася з цiкавай жанчынай, таксама палачанкай, Галiнай Залатаровай. Напiсала яе партрэт. Ён быў на выстаўцы ў Наваполацку. Яе трохгадовая ўнучка Дзiяна ўбачыла партрэт — i так закрычала «Бабуля!!!». Трэба было ўбачыць рэакцыю дзiцяцi, як ёй было радасна, што яе бабуля — на партрэце. Самыя прыемныя ўспамiны: вось ён, сапраўдны глядач! Галiна — прадпрымальнiк, мае некалькi гандлёвых кропак. Звычайна на свята горада кожны наладжвае свой гандлёвы куточак, i кожны iмкнецца абсталяваць яго незвычайна, з прыдумкай, каб здзiвiць. Галiна заўтра, на свяце горада, прадставiць «участак», прысвечаны Нiнэль Шчаснай. Будуць рэпрадукцыi маiх работ — не ведаю, як яна ўсё абсталюе... * * * — Нiнэль Iванаўна, жанчын-мастачак няшмат, як вы адчуваеце сябе ў вялiкай армii мужчын? — У Беларускiм саюзе мастакоў прыкладна 250 жанчын з тысячы. Чацвёртая частка! — А дзе яны? — Дзе яны... Пад мужчынскiм прэсам i прэсiнгам. «Што яны могуць!..». Сядзi, маўчы ды iдзi на кухню!... — Тваё месца — ад печы да парога? — Вось-вось. Таму жанчыне вельмi складана ў мастацтве. Хоць я ўпэўнена — жанчына адчувае колер больш тонка, чым мужчына. I пластыку... Калi б яна не iмкнулася стаць мужчынам (каб даказаць, што яна такая ж, таму яе павiнны прызнаваць), то жанчына хутчэй бы перамагла. Мужчыны вызначаюць «правiлы гульнi». Мне, напрыклад, у Акадэмii ставiлi «пяцёрку» толькi тады, калi я малявала гэтак жа, як мужчына, толькi яшчэ лепш. А калi я спрабавала штосьцi сваё прапанаваць, нiчога не атрымлiвалася — адразу «Асадзi назад!», такога не можа быць! У Палацы мастацтваў праходзiла выстаўка жанчын-мастачак, але мужчыны скептычна крывiлiся: «Не, гэта ўсё бабскае». А публiка iшла на выстаўку з такiм задавальненнем! Я заўсёды спрабавала рабiць тое, што мне хочацца, — а гэта не зусiм супадае з тым, што ўжо зроблена было мужчынамi ў мiнулыя стагоддзi, ды i зараз, — за што яны так трымаюцца, перакананыя, што павiнна быць толькi так. А я кажу: магчыма i iнакш. Таму i ў шкле рванула крыху «ўбок». У вiтражах птушачкi пачалi лётаць i вярцецца — гэтага нiколi не рабiлi на нёманскiм заводзе майстры, якiя адпрацавалi па 10—20 гадоў. Тысячы маiх птушачак «лётаюць» на заводзе «Гарызонт», гэтыя вiтражы ахоўваюцца дзяржавай. На жаль, частку вiтражоў знiшчылi ў час рэканструкцыi гасцiнiцы «Свiслач». Некалькi разоў хадзiла туды з адпаведнымi дакументамi — што яны ахоўваюцца дзяржавай. Свой шчыра-пранiзлiвы верш «Вiтражы» Мiкола Цiмошак прысвяцiў Шчаснай. Вiтражы, вiтражы, вiтражы!.. Як запальваеш iх? Раскажы! Пэўна, ведаеш нейкi сакрэт, Як пралiць той дзiвосны свет На звычайнае мёртвае шкло, Каб заззяла яно, АЖЫЛО. Паглядзеў твае вiтражы — Праяснiлася на душы. (...) Як ты можаш з нiчога, вось так Дзiўны свет запалiць у вачах? Дзiўны свет запалiць у душы?.. Вiтражы, вiтражы, вiтражы... * * * — Жанчыне няпроста ў мастацтве, тым не менш ваша дачка Лада пайшла па вашым шляху, занялася жывапiсам. Вы не адгаворвалi? — Нiколi не навязвала дачцэ свайго бачання. Гэтак жа, як i 11-гадовай унучачцы. Нiка танцуе, ходзiць у драмгурток, займаецца ў музычнай школе... Калi б яна была побач, то абавязкова сказала б: «Бабуля, ты яшчэ забылася пра бiсерапляценне!» (Смяецца.) Але калi выпускаюць насценгазету цi настаўнiцу вiншуюць — хто будзе афармляць? Нiка. Хто рыхтуе ўсе запрашальныя бiлеты? Нiка — на камп’ютары. Зараз яна марыць быць дызайнерам. Не ведаю, кiм стане. Пакуль што ва ўсю носiцца на ролiках... Нiку гадуе Нiнэль Iванаўна. Яе адзiная дачка Лада — мастачка i педагог ад Бога (выкладала ва ўнiверсiтэце культуры) — зусiм нядаўна пайшла з жыцця... Работы дачкi — таксама ў майстэрнi. — Гадоў дзесяць мы выстаўлялiся разам з Ладай. Апошняя выстаўка была ў Мар’iнай Горцы, доўжылася яна паўгода. Што цiкава — добрыя словы ў кнiгу водгукаў напiсаў кампазiтар Iгар Лучанок. Тут, у Мiнску, ён не хадзiў на мае выстаўкi, а прыехаў у сваю родную Мар’iну Горку — прыйшоў. I так бывае: iдзеш да гледача «адваротным шляхам». ...Работа называецца «Аўтапартрэт»: мадэльныя чаравiчкi, старыя боты («Агародныя i гаротныя, нiбыта абнялi адзiн аднаго!» — усмiхаецца Шчасная), кветкi, пальчаткi. * * * — Я i мужоў сваiх малявала, — гаворыць Нiнэль Iванаўна. — А колькi iх у вас было? — Два. Выйшла замуж яшчэ студэнткай — за студэнта архiтэктурнага факультэта Сяргея Неумывакiна. Гэта бацька Ладачкi, 10 гадоў з iм пражылi. Другi муж — маскоўскi паэт Сяргей Красiкаў, з якiм я 30 гадоў «пракантавалася». — З кiм больш цiкава было мастачцы? — Яны абодва Сяргеi, у абодвух 5-ы рост, «косая сажень в плечах», 45-ы памер абутку... Мне не трэба было перавучвацца, што купляць. Так атрымалася, што ў першым мужу я крыху памылiлася. Паралельна з iм яшчэ двое рабiлi мне прапанову, адзiн з iх i дагэтуль мяне кахае, але з iм трэба было заставацца ў Ленiнградзе. А я не хацела. Я так замерзла там, мне так надакучыла сырасць, вiльгаць. Сказала: «Я хачу сагрэцца». ...Калi яе бацькi адзначалi залатое вяселле, яна падарыла iм дзве карзiны кветак Iван-ды-Мар’я i карцiну «Iван ды Мар’я». — Нiнэль Iванаўна, у вас свой адметны стыль нават у адзеннi. Вас прывыклi бачыць у незвычайным галаўным уборы, якi вы прыдумалi, — нават не ведаю, як яго назваць. Капялюшык — не... А як вы самi называеце? — А нiяк не называю. Шапачка... — Гэта ўжо частка вашага iмiджу. — Так атрымалася, што з першай шапачкi я адчула, што мне так вельмi зручна. Зручна працаваць у майстэрнi, на кухнi, у агародзе — i зручна «ў свет» выходзiць. Бо калi трэба хутка сабрацца i бегчы, дык табе няма часу думаць пра прычоску. А ў шапачцы яна асаблiва i не патрэбна! (Смяецца.) Напрыканцы гутаркi я ўсё ж не ўтрымалася, спытала: — Не шкада развiтвацца з работамi? Адчуваецца, што i вы, i майстэрня ўжо «зраднiлiся» з iмi. — З аднаго боку, шкада. А з другога — ад iх таксама ўжо i стамляешся. Яны вялiкiя, iх шмат. Вызваляцца сцены майстэрнi для новых работ. Ведаеце, якое гэта задавальненне! Я ўжо зараз прыкiдваю, чым запоўнiць свабодную прастору. Так шмат яшчэ трэба зрабiць!.. Таццяна ПАДАЛЯК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў Полацку адкрываецца пастаянна дзеючая выстаўка Нiнэль Шчаснай. Мастачка перадае ў родны горад 50 работ
|
|