Мiкалай ФЯСЬКОЎ: «Тэст — самы непрадузяты экзаменатар»
Усяго 12 дзён аддзяляюць беларускiх абiтурыентаў ад важнага «старту», да якога яны мэтанакiравана рыхтавалiся некалькi апошнiх гадоў. Калi абапiрацца на дадзеныя праведзенага Рэспублiканскiм iнстытутам кантролю ведаў прафпрагнозу, то, выходзiць, што сёлета сцены ВНУ збiраюцца штурмаваць 80 працэнтаў выпускнiкоў агульных сярэднiх навучальных устаноў. Да iх далучацца таксама выпускнiкi папярэднiх гадоў, выпускнiкi сярэднiх спецыяльных i прафесiйна-тэхнiчных навучальных устаноў, а таксама першакурснiкi ВНУ, якiя будуць спрабаваць перапаступiць на бюджэтную форму навучання. Адным словам, лета абяцае быць «гарачым»...
Здаецца, пасля таго, як быў адменены сумесны выпускны-ўступны iспыт па дзяржаўнай мове, страсцi вакол цэнтралiзаванага тэсцiравання пакрысе ўляглiся, бо адзнака, атрыманая на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi, цяпер не можа сапсаваць выпускнiку школьны атэстат. А ў тым выпадку, калi выдатнiк не зможа «блiснуць» ведамi на ЦТ, заўсёды знойдзецца прычына-апраўданне. Напрыклад, можна спаслацца на тое, што ў тэсце былi пытаннi, якiя не ўваходзяць у школьную праграму, што з некаторымi заданнямi не могуць справiцца не толькi школьныя настаўнiкi, але i выкладчыкi ВНУ, што для якаснага выканання ўсiх заданняў многiм удзельнiкам тэсцiравання элементарна не хапае часу i гэтак далей. — Вы зараз пералiчылi ўсе асноўныя абвiнавачаннi, якiя гучаць кожны год пасля абвяшчэння вынiкаў цэнтралiзаванага тэсцiравання, — паведамiў у гутарцы з журналiстам «Звязды» дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiкалай Фяськоў. — Не сакрэт, што школьныя адзнакi далёка не заўсёды пацвярджаюцца на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi, i гэта з’яўляецца цi не галоўным раздражняльным фактарам для яго ўдзельнiкаў. Па-першае, хачу заўважыць, што дзесяцiбальная сiстэма, якая прымяняецца ў школе, не можа быць такой жа аб’ектыўнай, як стобальная. У гэтым годзе ўжо 43 ВНУ будуць ажыццяўляць залiчэнне на падставе трох сертыфiкатаў цэнтралiзаванага тэсцiравання, а гэта значыць, па 100-бальнай шкале. Скажу таксама, што «дзевятка» па матэматыцы ў гiмназii цi лiцэi, i «дзевятка» ў сярэдняй школе — гэта розныя рэчы. Аналiз вынiкаў цэнтралiзаванага тэсцiравання за апошнiя гады дэманструе ўстойлiвую залежнасць асабiстых вынiкаў удзельнiкаў ЦТ ад тыпу навучальнай установы, якую скончыў абiтурыент. I, як правiла, першыя радкi ў рэйтынгу займаюць выпускнiкi гiмназiй i лiцэяў. А выпускнiкi iншых навучальных устаноў iм прайграюць i атрымлiваюць больш нiзкiя вынiкi нават пасля iнтэнсiўных заняткаў з рэпетытарамi. Па-трэцяе, мэта цэнтралiзаванага тэсцiравання — правесцi конкурсны адбор, размеркаваць прэтэндэнтаў па ўзроўню iх падрыхтоўкi i суаднесцi iх памiж сабой. Тэст, магчыма, i не ўнiверсальная, але найбольш аб’ектыўная i непрадузятая форма кантролю, якая дазваляе ацанiць рэальны ўзровень ведаў прэтэндэнтаў на студэнцкiя месцы i пабудаваць iх рэйтынг паспяховасцi. Я асабiста перакананы, што ў абiтурыента значна больш шанцаў праявiць сябе падчас выканання тэста, чым падчас здачы ўступнага экзамену ў традыцыйнай форме. Усё ж такi ў тэст па той жа матэматыцы ўключаны 25 заданняў рознай складанасцi (ад элементарных заданняў да пятага ўзроўню складанасцi), якiя дазваляюць адабраць таленавiтую моладзь для матэматычных факультэтаў унiверсiтэтаў. У тым выпадку, калi абiтурыент «не асiлiў» адно заданне, у яго заўсёды ёсць шанц «рэабiлiтавацца» на iншым. — Але ж не ўсе абiтурыенты збiраюцца паступаць на факультэт прыкладной матэматыкi цi фiзмат, таксама як не ўсе паступаюць на фiлалагiчны факультэт, мiж iншым, тэсты — аднолькавыя для ўсiх... — Час ад часу гучаць прапановы распрацаваць тэсты асобна для будучых iнжынераў i асобна — для гуманiтарыяў, таму што i першым, i другiм цяжка набраць на ЦТ максiмальныя балы. Але гэта i не трэба. Фiзiкi знаходзяцца ў аднолькавых умовах з фiзiкамi, а лiрыкi — з лiрыкамi. Складанасць тэставых заданняў нiяк не ўплывае на канчатковае месца таго цi iншага абiтурыента ў агульным рэйтынгу. Нас часта папракаюць у тым, што з дзесяткаў тысяч удзельнiкаў тэсцiравання максiмальныя 100 балаў набiраюць толькi адзiнкi. Выснова — тэсты празмерна складаныя i iх трэба спрашчаць. Катэгарычна не магу з гэтым пагадзiцца. З улiкам мiжнароднага вопыту тэсцiравання, вынiкi пераважнай колькасцi ўдзельнiкаў тэсцiравання павiнны быць у дыяпазоне ад 40 да 60 тэставых балаў. Толькi ў гэтым выпадку тэставы бал дазваляе ранжыраваць абiтурыентаў з улiкам рознага роду падрыхтоўкi. Сёння ж колькасць у Беларусi выпускнiкоў навучальных устаноў новага тыпу (гiмназiй, лiцэяў) i класаў з павышаным i паглыбленым вывучэннем прадметаў ужо фактычна перавышае бюджэтныя магчымасцi ВНУ. I як, цiкава, мы будзем iх ранжыраваць пасля спрашчэння тэстаў? Тым не менш амаль заўсёды знаходзяцца абiтурыенты, якiя атрымлiваюць на тэсцiраваннi 100 балаў. Прычым у нас былi ўжо два выпадкi, калi адзiн абiтурыент двойчы набiраў 100 балаў на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi. Рызыкну выказаць меркаванне, што нават пры ўмове спрашчэння тэстаў усё роўна 2/3 абiтурыентаў, якiя не змогуць стаць студэнтамi, звяжуць свае няўдачы з цэнтралiзаваным тэсцiраваннем i будуць крытыкаваць змест тэстаў. Увогуле не столькi форма iспытаў вызначае даступнасць вышэйшай адукацыi, колькi суадносiны жадаючых i магчымасцi навучальных устаноў забяспечыць iх бюджэтнымi месцамi. Значыць, пакрыўджаныя абавязкова будуць... — Мiкалай Сцяпанавiч, а цi вядомыя вам прыклады таго, як не вельмi паспяховы (па школьных мерках) выпускнiк удала здаваў цэнтралiзаваныя тэставыя выпрабаваннi? — Мiнулай восенню нам давялося разбiрацца са скаргай, з якой вынiкала, што адзiн абiтурыент, якi меў у школьным атэстаце «двойкi», падчас тэсцiравання атрымаў выдатныя адзнакi i паступiў у медыцынскую ВНУ. Высветлiлася, што абiтурыент Г. набраў на тэсцiраваннi па рускай мове 88 балаў, па хiмii — 84 i па бiялогi — 42 балы. Гэта i сапраўды вельмi добрыя вынiкi. А калi мы зазiрнулi ў школьны атэстат хлопца, то нашаму здзiўленню не было межаў. I справа нават не ў тым, што адзнакi па вынiках агульнаадукацыйнай падрыхтоўкi аказалiся значна нiжэйшыя, чым вынiкi, атрыманыя на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi, хоць звычайна ўсё адбываецца наадварот — тэставыя балы, як правiла, нiжэйшыя за вынiковыя адзнакi за курс сярэдняй школы. Увогуле логiку ў школьнай атэстацыi выпускнiка мы так i не змаглi знайсцi. Судзiце лепш самi. Па хiмii, бiялогii i матэматыцы выпускнiк меў у атэстаце адзнаку «2». Па рускай i беларускай мовах — 3 балы, у той час як па англiйскай i французскай мовах — 7 i 6 балаў адпаведна. Няўжо англiйскую мову можна ведаць лепш, чым беларускую цi рускую? Аналагiчная сiтуацыя назiралася i з ацэнкай ведаў па рускай, французскай лiтаратурах i сусветнай мастацкай культуры. Па рускай лiтаратуры — 3 балы, па лiтаратуры Францыi — 7 балаў, па сусветнай мастацкай культуры — 1 бал. Як зразумець i растлумачыць, што вучань здольны засвоiць лiтаратуру Францыi «на прадуктыўным узроўнi», а сусветную мастацкую культуру засвоiў толькi на «ўзроўнi праяўлення намаганняў i матывацыi вучня»? Пры гэтым мы чулi ад настаўнiкаў, што юнак захапляўся паэзiяй i нават спрабаваў сябе ў лiтаратуры? Мы не сталi спяшацца з высновамi i вырашылi дачакацца вынiкаў першай зiмовай сесii. Па бiяарганiчнай хiмii бягучыя семестравыя адзнакi студэнта Г. былi «7», «8» i «9», а на экзамене ён атрымаў «сямёрку». Экзаменацыйная адзнака па агульнай хiмii — таксама «сямёрка». Высокiя бягучыя адзнакi ў хлопца i па медыцынскай бiялогii — «7», «8», «9» i «10». Пры гэтым вышэйшая адзнака «10» значна пераважае над астатнiмi. Для поўнай характарыстыкi паспяховасцi студэнта Г. адзначу, што i па французскай мове за першы семестр ён атрымаў 9 балаў. Такiм чынам студэнт Г. у час навучання ў ВНУ пацвердзiў адзнакi, атрыманыя на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi, а не вынiковыя адзнакi за курс сярэдняй школы. Рызыкну выказаць меркаванне, што у дадзеным выпадку школьныя адзнакi выступалi не ў якасцi ацэнкi ведаў вучня, а, хутчэй, у якасцi ацэнкi паводзiнаў незалежнага i прынцыповага юнака. У школе даволi часта прысутнiчае суб’ектыўны фактар: многае залежыць ад асобы настаўнiка, яго патрабавальнасцi, наладжаных кантактаў з тым цi iншым вучнем, асабiстых сiмпатый i антыпатый. А тэст — самы непрадузяты экзаменатар. — Мiкалай Сцяпанавiч, а цi можа абiтурыент абскардзiць вынiкi цэнтралiзаванага тэст-экзамену? — Працэдура апеляцыi ў нас не прадугледжана. Дакладней, яна ў нас не такая, як на традыцыйным экзамене. Абiтурыент мае права ў працэсе тэсцiравання заявiць, што нейкае заданне, паводле яго меркавання, складзена некарэктна, у iм утрымлiваецца памылка цi не прыведзена правiльных адказаў. Аб гэтым ён павiнен паведамiць адказнаму арганiзатару ў аўдыторыi. Усе прэтэнзii заносяцца ў спецыяльны пратакол. Кожная заўвага затым правяраецца, i калi раптам пацвердзiцца яе справядлiвасць, то ўсiм удзельнiкам тэсцiравання гэта заданне будзе залiчана як правiльна выкананае. А вось падаць апеляцыю постфактум — нельга, iнакш для ўсiх незадаволеных вынiкамi тэставых выпрабаванняў давялося б праводзiць яшчэ адно маштабнае тэсцiраванне. — I напрыканцы, калi ласка, некалькi слушных парад, якiя дапамогуць абiтурыентам паспяхова справiцца з будучымi выпрабаваннямi. — Час — самая галоўная каштоўнасць для тэсцiруемага, таму вельмi важна яго правiльна размеркаваць. У спешцы можна дапусцiць прыкрую памылку, калi не дачытаць умовы задання да канца, а арыентавацца толькi па першых словах. Абiтурыенты дапускаюць адны i тыя ж памылкi з году ў год. Разам з тым, калi заданне акажацца не зусiм для вас зразумелым, варта зазiрнуць у прапанаваныя варыянты адказаў — магчыма, iх змест дапаможа зразумець, што ад вас чакаюць стваральнiкi тэста. Недастаткова пры падрыхтоўцы да тэсцiравання проста сiстэматычна паўтараць пройдзены матэрыял. Трэба яшчэ i вучыцца прымяняць свае веды ў нестандартных сiтуацыях. Тэст правярае здольнасць абiтурыента арганiзаваць работу ў стрэсавай сiтуацыi, хуткасць i мабiльнасць мыслення, уменне засяродзiць увагу на найбольш важных рэчах, уменне абстрагавацца. Жыццё, на самай справе, тэсцiруе нас кожную хвiлiну, значыць, вучыцеся прымаць хуткiя рашэннi. Я жадаю ўсiм маладым людзям, якія мараць стаць студэнтамi, удачы i веры ў свае сiлы... Гутарку вяла Надзея НIКАЛАЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усяго 12 дзён аддзяляюць беларускiх абiтурыентаў ад важнага «старту», да якога яны мэтанакiравана рыхтавалiся некалькi апошнiх гадоў
|
|