Галоўнае пры пошуках адказу — цярпенне, развага i настойлiвасць
Тэсты як форма кантролю ведаў i ўменняў навучэнцаў у апошнiя гады атрымалi шырокае распаўсюджанне. Сённяшнiя тэхналогii цэнтралiзаванага тэсцiравання прадугледжваюць правядзенне iх па адзiных стандартах i адначасова па ўсёй краiне, што дазваляе гаварыць аб масавасцi i (самае галоўнае) аб’ектыўнасцi вымярэння адукацыйных дасягненняў выпускнiкоў школ.
Сённяшнi вобраз выпускнiка школы, якi рыхтуецца да паступлення ў ВНУ, набыў даволi спецыфiчныя выраз. Гэта заклапочаная маладая асоба, якая амаль з 1 верасня стала на старт шматмесячнага марафону i ўключыла ў гэты працяглы прабег бацькоў, сяброў i настаўнiкаў. Лiхарадачна скупляюцца кнiгi, вядуцца пошукi рэпетытараў, i самi вiноўнiкi вымушаны закiнуць дыскатэкi i кiнатэатры, днямi i начамi сядзець за даведнiкамi i дапаможнiкамi. Як знiзiць фiзiчную i псiхалагiчную нагрузку выпускнiкоў i настаўнiкаў, раўнамерна размеркаваць сiлы на ўвесь падрыхтоўчы перыяд, якой лiтаратурай лепш карыстацца, якiя найбольш тыповыя памылкi папярэднiкаў? На гэтыя i iншыя пытаннi мы паспрабуем адказаць на старонках газеты. Будзе карыснай iнфармацыя аб тым, што ў мiнулым годзе ў тэсцiраваннi па беларускай i рускай мовах прынялi ўдзел звыш 170 тысяч чалавек (75 195 па беларускай мове i 96 032 па рускай). Уявiце сабе гэты вялiзны горад, кожны жыхар якога пасля iспытаў застыў у чаканнi вынiкаў з надзеяй на добрыя адзнакi. На жаль, большасць удзельнiкаў тэсцiравання была расчаравана: сярэднi бал выкананай работы па рускай мове — 34,7, па беларускай мове — 36,49.Сума балаў ад сямiдзесяцi i вышэй — толькi ў сямi працэнтаў тэсцiруемых. Атрымаць максiмальную адзнаку ў сто балаў па рускай мове ўдалося толькi чатыром абiтурыентам, а па беларускай мове гэтага не дасягнуў нiхто. Такiя вынiкi тэсцiравання прымушаюць задумацца над пытаннямi адарванасцi школьнай праграмы ад матэрыялаў ЦТ, высокай складанасцi многiх заданняў i iнш. Дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiкалай Фяськоў сцвярджае, што заданнi адпавядаюць норме, калi 100 балаў атрымлiвае не больш за пяць працэнтаў тэсцiруемых. Мы не збiраемся дыскутаваць з паважаным Мiкалаем Сцяпанавiчам i толькi адзначым, што ўсе тэсты метадычна i навукова абгрунтаваныя, яны прайшлi экспертызу Мiнiстэрства адукацыi i складзены на аснове праграм уступных iспытаў. Там ёсць заданнi i базавага, i павышанага ўзроўню (але не паглыбленага). Паводле меркавання спецыялiстаў, нельга зрабiць зрэз абiтурыентаў толькi на базавым узроўнi i выбраць такiм чынам студэнтаў для вышэйшай школы. Прапанаваныя тэсты, такiм чынам, паставiлi ўсiх абiтурыентаў у аднолькавыя ўмовы. Тут, безумоўна, можна выказаць спачуванне фiзiкам i матэматыкам, якiя разам з лiрыкамi-фiлолагамi выконвалi тыя ж рознаўзроўневыя заданнi па ўсiх раздзелах курса. Школьнiкi i iх бацькі часта задаюць пытанне: якой лiтаратурай лепш за ўсё карыстацца пры падрыхтоўцы да тэсцiравання. Бясспрэчна, лепш выкарыстоўваць школьныя падручнiкi, у якiх увесь матэрыял па мове выкладаецца даволi сiстэматычна, а лiнгвiстычныя з’явы i факты прыводзяцца ў iх узаемасувязi i ўзаемаабумоўленасцi. Зараз у кнiгарнях можна знайсцi дзесяткi дапаможнiкаў, адрасаваных абiтурыентам. З гэтай мэтай створаны серыi дапаможнiкаў па тых цi iншых напрамках. Усе яны, безумоўна, могуць аказаць карысць у падрыхтоўцы да iспытаў, бо ў сваёй сукупнасцi накiраваны на ўдасканаленне моўных ведаў, сiстэматызацыю i абагульненне вывучаных матэрыялаў, выяўленне прабелаў у ведах. Iншая справа, што многiя з iх стваралiся паспешлiва. I даволi часта ў iх можна выявiць лiшнiя пытаннi, не зусiм карэктныя iх фармулёўкi. Таму ўвагу неабходна звярнуць на тыя дапаможнiкi, якiя правераны вопытам, перавыдавалiся некалькi разоў i зацверджаны Мiнiстэрствам адукацыi. Абапiраючыся на ўласны вопыт, хацелася б рэкамендаваць кнiгi, якiя выдадзены Рэспублiканскiм iнстытутам кантролю ведаў. Усе яны максiмальна прыблiжаны да тэстаў, якiя здавалiся ў мiнулым годзе, i ў поўнай ступенi адлюстроўваюць узроўнi складанасцi, практычную напоўненасць i тэарэтычную скiраванасць заданняў. Аналiз цэнтралiзаванага тэсцiравання дазваляе зрабiць высновы аб найбольш складаных заданнях i тых сiтуацыях, дзе абiтурыенты найбольш часта рабiлi памылкi. На гэтыя тыпы заданняў неабходна звярнуць асобую ўвагу. Так, па беларускай мове найбольшы працэнт няправiльных адказаў выяўлены пры выкананнi такiх тэм, як напiсанне лiтары я ў словах г..роiка, зац..мна, жыцц..ўстойлiвасць, по..с, зерн..склад (толькi 5,68 % правiльных адказаў), вызначэнне ў словах прыстаўкi i суфiкса (7,31% правiльных адказаў), вызначэнне ў сказах азначэння (15,26 % правiльных адказаў), вызначэнне слоў, у якiх вымаўленне не супадае з нацiскам (17,09 % правiльных адказаў), вызначэнне нацiскных галосных (17,28 % правiльных адказаў). Выклiкалi пэўную цяжкасць правапiс i, й, ы пасля прыставак, вымаўленне пэўных слоў i iх формаў, вызначэнне марфем слова, правапiс склонавых канчаткаў назоўнiкаў, прыслоўяў, не (ня) з рознымi часцiнамi мовы i iнш. Парадавала правiльнае выкананне заданняў, звязаных з правапiсам апострафа (62,5 % правiльных адказаў), чаргаваннем зычных у месным склоне (56 % правiльных адказаў), напiсаннем лiтары е ў форме меснага склону адзiночнага лiку (54,91 % правiльных адказаў), вызначэннем прыметнiкаў, якiя не маюць формаў ступеняў параўнання (46,21 % правiльных адказаў) i iнш. Па рускай мове вялiкая колькасць памылак назiралася пры вызначэннi нескланяльных займеннiкаў (5,6 % правiльных адказаў), вызначэннi будовы слова па прымеце прыстаўка + корань + суфiкс + суфiкс + канчатак (8,5 % правiльных адказаў), па расстаноўцы знакаў прыпынку ў складаных сказах (у асобных выпадках толькi 8,6 % правiльных адказаў), афармленнi сказаў з простай i ўскоснай мовай (12,7 % правiльных адказаў), пастаноўцы двукроп’я (15,6 правiльных адказаў) i iнш. Не заўсёды абiтурыенты правiльна адказвалi на пытаннi, звязаныя з агульнымi звесткамi пра мову i культурай маўлення, вызначэннем граматычных формаў, пастаноўкай знакаў прыпынку ва ўскладненых i складаных сказах i iнш. Для значнай колькасцi абiтурыентаў не выклiкалi цяжкасцяў такiя заданнi, як напiсанне лiтары i ў суфiксах i канчатках назоўнiкаў i прыметнiкаў (63,4 % правiльных адказаў), правапiс раздзяляльнага цвёрдага знака (51,6 % правiльных адказаў), правапiс ы пасля ц (41,8 % правiльных адказаў) i iнш. Народная мудрасць сцвярджае, што лепш вучыцца на ўласных памылках. Таму ў апошнiя днi падрыхтоўкi да тэсцiравання (а часу засталося вельмi мала) лепш звярнуца да выданняў, у якiх праводзiцца аналiз тыповых памылак i каментарыi да адказаў. Гэта дазволiць сканцэнтравацца на найбольш слабых для абiтурыента месцах i актывiзаваць працу ў правiльным накiрунку. Васiль СТАРЫЧОНАК, доктар фiлалагiчных навук, дэкан факультэта рускай фiлалогii БДПУ iмя М. Танка.
1. Не трэба хвалявацца i нервавацца! Будзьце максiмальна сабранымi! Уважлiва чытайце варыянты адказаў, бо там можа быць змешчана карысная для вас iнфармацыя. 2. Прачытайце ўважлiва заданнi тэста. Спакойна абдумайце пытаннi, пастаўленыя ў заданнi. Помнiце, што многiя заданнi закрытага тыпу дапускаюць не адзiн, а два i больш правiльныя адказы. 3. У хатнiх умовах паспрабуйце ўсе заданнi выконваць самастойна. Не ведаючы адказу, не спяшайцеся разгортваць старонкi, дзе змешчаны адказы. Звярнiцеся да падручнiка i паўтарыце адпаведныя тэмы. 4. Звяртайце ўвагу на фармулёўку пытанняў i iх ключавыя словы. Адрознiвайце падобныя (на першы погляд), але зусiм процiлеглыя пытаннi тыпу «Працяжнiк на месцы пропуску ставiцца» i «Працяжнiк на месцы пропуску не ставiцца», «Лiтара а пiшацца ў словах» i «Лiтара а не пiшацца ў словах». 5. Рацыянальна выкарыстоўвайце час, адведзены на выкананне ўсiх заданняў. Калi ўзнiкаюць цяжкасцi ў якiм-небудзь адказе, прапусцiце гэта заданне i пераходзьце да выканання наступнага. Калi застанецца час, вярнiцеся да выканання прапушчаных заданняў. 6. Галоўнае — цярпенне, развага, настойлiвасць, i адказ будзе знойдзены. 7. Старайцеся не дапускаць памылак пры запаўненнi бланка адказаў. Я жадаю ўсiм абiтурыентам 2007 года поспехаў. Спадзяюся, што вы смела i паспяхова пераадолееце ўсе падводныя рыфы i скалы вялiзнага акiяна, якi называецца мовай, i зможаце заняць тое неабходнае для вас месца ў шматтысячнай армii студэнцтва. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэсты як форма кантролю ведаў i ўменняў навучэнцаў у апошнiя гады атрымалi шырокае распаўсюджанне. Сённяшнiя тэхналогii цэнтралiзаванага тэсцiравання
|
|