Вучымся па-новаму, цi Акцэнт на прафоргаў-першакурснiкаў
Надзея ДРЫЛА
Выдатна, калi добрыя традыцыi прыжываюцца. А яшчэ лепш, калi яны даюць «ураджай». Але Цэнтральны камiтэт Беларускага прафесiйнага саюза работнiкаў адукацыi i навукi вырашыў не чакаць восенi — пары збору ўраджаю — а прадоўжыць наладжваць кантакт з прафоргамi першых курсаў. Чарговай прыступкай пасля адпачынку на еўрапейскiм узроўнi ў «Wеst Wоrld Сlub» стаў злёт прафоргаў першага курса «Прафсаюзы i студэнцтва разам».
Упершыню членаў прафсаюзнай арганiзацыi прыняла вялiкая i прасторная актавая зала БДЭУ i ўпершыню вучоба пачалася не з дакладаў, а з канцэртнай праграмы. Са студэнцкiм праектам «Моладзь за здаровы лад жыцця» выступiлi прафсаюзныя актывiсты БДПУ. Будучыя настаўнiкi ў крэатыўнай форме ўзнялi праблемы, якiя хвалююць моладзь: сяброўства, каханне, наркотыкi, алкагалiзм. Другая частка злёту ўяўляла сабой не менш эфектны светапоглядны праект, чым першая. Уласным вопытам i вопытам работы прафсаюзных арганiзацый сваiх навучальных устаноў дзялiлiся як прызнаныя прафсаюзныя лiдары, так i прафсаюзныя актывiсты-пачаткоўцы. — Прафсаюз — школа будучага лiдара, будучага кiраўнiка, — звярнуўся да прафоргаў-першакурснiкаў старшыня Беларускага прафесiйнага саюза работнiкаў адукацыi i навукi Аляксандр Бойка. — I, паверце, гэта не пустыя словы. Я i мой намеснiк Раман Дапiра ў студэнцкiя гады былi такiмi ж прафсаюзнымi актывiстамi, як i вы, зараз жа мы ўзначальваем прафсаюзную арганiзацыю. Прафорг групы за час працы адшлiфоўвае такiя лiдарскiя якасцi, як адказнасць не толькi за сябе, але i за iншых, аператыўнасць, мiласэрнасць, упэўненасць, разважлiвасць, уважлiвасць да чужых праблем. Таму сёння мы вас сабралi, каб даць чарговы ўрок, якi стане яшчэ адным крокам да фармiравання вашага асабiстага «Я». Старшыня ж прафбюро фiлалагiчнага факультэта БДУ Таццяна Касцюкевiч цвёрда пераканана, што ад прафорга ў многiм залежыць не толькi эфектыўнасць работы прафсаюзнай арганiзацыi ў цэлым, але i тое, наколькi паспяховай лiчыцца яго акадэмiчная група. Менавiта ён можа аператыўна паклапацiцца пра абанементы ў басейн i трэнажорную залу, якiя маюць моду заканчвацца, растлумачыць сваiм аднагрупнiкам, што толькi адна матэрыяльная дапамога можа пакрыць усе штомесячныя ўзносы за пяць гадоў навучання, можа арганiзаваць для аднагрупнiкаў культпаход, атрымаць бiлеты на КВЗ. Не малую ролю адыгрывае лiдар i ў рашэннi жыллёва-бытавых пытанняў. Праiнфармаваны студэнт — узброены. Задача прафорга — данесцi iнфармацыю да студэнтаў сваёй групы аб механiзме атрымання месцаў у iнтэрнаце, аб тым, што ёсць магчымасць засялiцца ў iнтэрнат, напрыклад, у сярэдзiне навучальнага года, што для гэтага трэба актыўнiчаць, праяўляць сябе з лепшага боку на факультэце, ва ўнiверсiтэце, добра вучыцца. — Прафсаюзны лiдар акадэмiчнай групы павiнен арганiзаваць не толькi катэгарыяльную, але i адрасную дапамогу тым студэнтам, якiя ў ёй адчуваюць неабходнасць. Гэта звязана з тым, што ў групе могуць быць, напрыклад, тры студэнты з няпоўнай сям’i, але гэта не значыць, што ўсе яны аднолькава дрэнна матэрыяльна забяспечаны, — гаворыць старшыня прафбюро матэматычнага факультэта БДПУ Раман Жульпо. — Часта студэнты, учарашнiя абiтурыенты, баяцца звяртацца па дапамогу ў прафсаюзную арганiзацыю. У гэтым выпадку прафсаюзнаму лiдару групы ўсе карты ў рукi, бо толькi ён, а не старшыня прафбюро факультэта, а тым больш старшыня пярвiчкi ўнiверсiтэта, павiнен ведаць, каму сапраўды неабходна падтрымка. — Каб палегчыць работу прафоргам i сiстэматызаваць iнфармацыю аб кожнай групе, усiм прысутным, акрамя метадычных матэрыялаў, раздалi дзённiкi прафорга, — гаворыць старшыня прафкама БДУ Нiна Радзевiч. — Гэта новаўвядзенне дапаможа кожнаму прафоргу стварыць эксклюзiўны партрэт групы. I карэктаваць на працягу 5 гадоў яго змяненнi. А старшыня прафбюро факультэта камп’ютарных сiстэм i сетак БДУIР Iрына Табольчык параiла прафоргам у пачатку навучальнага года правесцi анкетаванне, каб выявiць таленавiтых студэнтаў сваёй групы. Акрамя гэтага, можна ўвесцi традыцыю святкаваць Днi нараджэння, ладзiць паходы ў тэатр, кiно. Арганiзаваць вольны час сваiх аднагрупнiкаў па-за вучэбным працэсам — задача не з лёгкiх. Але прафорг групы павiнен iмкнуцца да яе ажыццяўлення. — Мы часта праводзiм розныя мерапрыемствы для сваiх прафсаюзных актывiстаў, — адзначае намеснiк старшынi Беларускага прафесiйнага саюза работнiкаў адукацыi i навукi Раман Дапiра. — У гэтым годзе вырашылi зрабiць акцэнт менавiта на прафоргаў першага курса. Асноўная мэта — навучыць iх азам прафсаюзнай дзейнасцi, паказаць на прыкладах, што ад кожнага з iх залежыць многае. Стараемся суправаджаць вучэбную iнфармацыю забаўляльнымi момантамi. Прафоргi груп — гэта не толькi будучае прафсаюзнай арганiзацыi, гэта, што немалаважна, i яе сапраўднае. А кожная група на чале з прафоргам — значная цаглiнка ў высокiм доме пад назвай «Прафсаюз». Якасць жа гэтага дома залежыць ад якасцi кожнай цаглiнкi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выдатна, калi добрыя традыцыi прыжываюцца. А яшчэ лепш, калi яны даюць «ураджай». Але Цэнтральны камiтэт Беларускага прафесiйнага саюза работнiкаў аду
|
|