21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Перспектыва — за ўнiкальнымi тэхналогiямi

26.08.2009 08:47 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На Нясвiжскiм заводзе медыцынскiх прэпаратаў развiваюць сучасную вытворчасць

Развiццё эканомiкi немагчымае без актыўнага ўкаранення найноўшых распрацовак, паколькi менавiта яны, у рэшце рэшт, шмат у чым вызначаюць канчатковы вынiк. Нездарма ў нашай краiне апраўдана робiцца акцэнт на iнавацыйны, рэсурсазберагальны падыход. Пры гэтым надзвычай актуальнай праблемай з’яўляецца мадэрнiзацыя вытворчасцi — адпаведнае пытанне надзённае для шэрагу айчынных прадпрыемстваў. Дарэчы, неабходная работа ў гэтым накiрунку праводзiцца досыць актыўна, праўда, не заўсёды тымi тэмпамi, якiмi хацелася б. А адставаць тут нельга, паколькi вельмi хутка можна згубiць свой узровень i апынуцца ў ролi аўтсайдара. Ва ўмовах рынку ў такiм разе амаль немагчыма будзе аднавiць страчаныя пазiцыi, бо адпаведную нiшу адразу зоймуць больш спрытныя вытворцы.

Прычым такiя даволi жорсткiя (аднак справядлiвыя) правiлы дзейнiчаюць у дачыненнi як да асобных суб’ектаў гаспадарання, так i ўсёй эканомiкi ўвогуле. Вырабiць канкурэнтаздольную прадукцыю i выгадна рэалiзаваць яе — задача нумар адзiн для кожнага вытворцы. Аднак выканаць намечанае не так проста, для гэтага неабходна стварыць належныя ўмовы. Прапаноў на рынку шмат i спажывец выбiрае найбольш прывабныя для сябе, арыентуецца па суадносiнах цаны i якасцi. Таму прадпрыемствы павiнны забяспечыць сучасны ўзровень вытворчасцi, маючы на ўвазе адзiн з важнейшых тут рэзерваў — змяншэнне затрат. Такi шлях магчымы толькi пры ўмове выкарыстання сусветнага вопыту, паколькi найноўшыя распрацоўкi цi не ў першую чаргу скiраваны менавiта на энерга- i рэсурсазберажэнне. Дарэчы, многiя кiраўнiкi айчынных прадпрыемстваў цудоўна разумеюць прадукцыйнасць iнавацый, таму зразумела, што мадэрнiзацыя вытворчых аб’ектаў, як правiла, праводзiцца на самым сучасным узроўнi.

Напрамую гэта датычыцца фармацэўтычнай галiны, паколькi прадукцыя, якую вырабляюць адпаведныя прадпрыемствы, без перабольшання жыццёва неабходная для людзей. Попыт на яе традыцыйна вялiкi, трэба яго задаволiць у поўнай меры. Не менш важная задача — якасць прадукцыi. Паколькi гаворка iдзе пра здароўе чалавека, то пытанне смела можна аднесцi да разраду стратэгiчных. Нездарма развiццё фармацэўтычнай галiны заўсёды ў цэнтры ўвагi. Апошнiм часам тут адбываюцца сапраўды кардынальныя змяненнi, асноўная мэта якiх — вывесцi вытворчасць на якасна новы ўзровень. Выгада атрымлiваецца ўзаемная: i для прадпрыемстваў, i для спажыўцоў. У фармацэўтычнай галiне актыўна рэалiзуюцца маштабныя iнвестыцыйныя праекты, на мадэрнiзацыю асноўных фондаў накiроўваюцца вялiкiя сродкi. Адзiн з найбольш значных такiх праектаў увасабляецца ў жыццё на Нясвiжскiм заводзе медыцынскiх прэпаратаў. Можна нават сцвярджаць, што прадпрыемства зараз на мяжы, бадай, аднаго з важнейшых этапаў у гiсторыi свайго развiцця. Прычым паспяховая рэалiзацыя адпаведнага iнвестыцыйнага праекта дазволiць у далейшым распаўсюдзiць набыты пры гэтым карысны вопыт. Вельмi цiкава было паглядзець, як гэтая справа зараз разгортваецца на Нясвiжскiм заводзе медыцынскiх прэпаратаў, стаць сведкам укаранення ўнiкальных тэхналогiй. Таму мы i накiравалiся на вядомае прадпрыемства, убачыць i пачуць тут давялося шмат. Аднак аб усiм па парадку...

На скрыжаваннi стагоддзяў

Нясвiжскi завод медыцынскiх прэпаратаў мае багатую гiсторыю. Для Нясвiжа, якi яшчэ Караткевiч называў «горадам-помнiкам», гэта вельмi характэрна. Тут лiтаральна ўсё нагадвае пра цiкавыя гiстарычныя падзеi, паданнi i таямнiчыя легенды. А Альба (у гэтым пасёлку, што ў ваколiцах Нясвiжа, i размешчаны завод) — знакамiтая мясцiна. У свой час Радзiвiлы стварылi тут сваю загарадную рэзiдэнцыю. Вельмi прыгожа i велiчна ўсё атрымалася! На гэта князя Радзiвiла Сiротку натхнiў адзiн са старажытнейшых гарадоў Еўропы — Альба (у перакладзе з iтальянскай — свiтанак, пачатак), дзе яшчэ ў iмператарскiя часы размяшчалiся загарадныя вiлы рымскiх патрыцыяў. На Нясвiжчыне ўсё было створана не менш грандыёзна: на плошчы каля 300 гектараў на правым беразе Ушы быў сфармiраваны архiтэктурна-паркавы комплекс. Буйнейшы ў Беларусi. Палацы, феерверкi, каналы — усё гэта таксама пра айчынную Альбу. З цягам часу будынкi i паркi прыйшлi ў заняпад, на пачатку мiнулага стагоддзя ў былой рэзiдэнцыi засталiся хiба толькi гаспадарчыя пабудовы. Кажуць, што ў 1910-м гаспадарам прыйшла iдэя стварыць тут бровар — невялiчкi спiртзавод.

Так у Альбе «пачалася» прамысловасць. Першапачатковае прызначэнне вытрымлiвалася на працягу амаль паўстагоддзя: у 1960-м на базе Альбянскага спiртавога завода быў заснаваны Нясвiжскi завод кармавога бiямiцыну (у 1985 г. назва змянiлася на Нясвiжскi бiяхiмiчны завод, а з 1991-га — гэта Нясвiжскi завод медыцынскiх прэпаратаў).

Спачатку прадпрыемства працавала амаль выключна на патрэбу сельскай гаспадаркi — быў наладжаны выпуск кармавога антыбiётыку — бiямiцыну. Спачатку вытворчая магутнасць складала 4 тоны, а пасля дасягнула 43. У 1983 годзе на заводзе пабудавалi новы цэх, дзе пачалi выпускаць рызатарфiн (экалагiчна чыстае ўгнаенне) i бiякансервант бiясiл. А ў 1985-м тут асвоiлi выпуск прэпарату балiз. Усе накiрункi дзейнасцi адпрацоўвалiся зыходзячы яшчэ з саюзных маштабаў — вядома, што на вялiзнай тэрыторыi памiж рэспублiкамi i асобнымi рэгiёнамi на працягу дзесяцiгоддзяў адпрацоўвалася дакладная кааперацыя. Так было i з прадукцыяй, якую выпускаў Нясвiжскi завод медыцынскiх прэпаратаў, са збытам праблем не ўзнiкала. Яны з’явiлiся якраз у пачатку 1991 года, калi былыя сувязi былi парушаны i кожнаму з былых партнёраў давялося шукаць выйсце самастойна. Неабходна было зрабiць менавiта такi крок, якi б надзейна вызначаў перспектыву для прадпрыемства. На Нясвiжскiм заводзе медыцынскiх прэпаратаў i зараз з асаблiвым пачуццём узгадваюць год 1992-i, калi тут было праведзена тэхнiчнае пераўзбраенне, у вынiку чаго з’явiлася новая спецыялiзацыя — выпуск раствораў для iн’екцый. Першапачатковая магутнасць гэтай вытворчасцi складала 700 тысяч бутэлек у год. Такое рашэнне аказалася сапраўды апраўданым — правiльнасць абранага шляху развiцця пацверджана часам. Ужо праз два гады, у 1994-м, аб’ём вытворчасцi iн’екцыйных раствораў павялiчыўся больш чым удвая i дасягнуў 1,8 млн бутэлек. На мяжы стагоддзяў (у 2000 г.) гадавая магутнасць дасягнула 4,5 мiльёна бутэлек. Сiмвалiчна, хiба не так? Менавiта тады i была зацверджана цяперашняя назва — Рэспублiканскае ўнiтарнае прадпрыемства «Нясвiжскi завод медыцынскiх прэпаратаў». Зноў-такi гiстарычная мяжа, якая ў пэўным сэнсе стала зыходным пунктам далейшага перспектыўнага развiцця.

З лiстапада мiнулага года Нясвiжскi завод медыцынскiх прэпаратаў узначальвае Сяргей Прасмыцкi. Сяргей Сяргеевiч — малады, iнiцыятыўны кiраўнiк. Ён скончыў Мiнскi дзяржаўны вышэйшы лётна-тэхнiчны каледж, а пасля — Беларускi камерцыйны iнстытут кiравання па спецыяльнасцi «Эканомiка i кiраванне на прадпрыемстве». Больш чым дзесяць гадоў Сяргей Сяргеевiч адпрацаваў на Гарадзейскiм цукровым камбiнаце: iнжынерам аддзела маркетынгу, начальнiкам аддзела чыгуначнага транспарту, а пасля — начальнiкам цэха чыгуначнага транспарту. З 16 лiстапада 2006-га — дырэктар Рэспублiканскага ўнiтарнага прадпрыемства «Нясвiжскi завод медыцынскiх прэпаратаў».

— Прадпрыемства ўпэўнена рухаецца наперад, паступальна нарошчваюцца аб’ёмы вытворчасцi, — заўважае Сяргей Прасмыцкi. — Гэты паказчык за мiнулы год дасягнуў узроўню 17,5 мiльёна бутэлек. У параўнаннi з першапачатковай магутнасцю рост аказаўся вельмi значны: з 700 тыс. — да 17,5 млн! Калi параўноўваць гэтыя лiчбы, то становiцца зразумелым, што вызначаны ў пачатку 1990-х вектар развiцця аказаўся адзiна правiльным курсам, стратэгiчнай перспектывай, здольнай i надалей развiваць слаўную гiсторыю прадпрыемства. I падкрэслiць адметнасць цудоўнага мястэчка — беларускай Альбы. Для гэтага варта прыкласцi ўсе намаганнi.

Буйнейшы вытворца

Зараз на Нясвiжскiм заводзе медыцынскiх прэпаратаў выпускаецца больш чым дваццаць найменняў стэрыльных, iнфузiйных i iн’екцыйных раствораў розных фармакатэрапеўтычных груп у шкляных бутэльках. Сярод iх — сродкi вуглевадароднага харчавання, прэпараты для карэкцыi водна-солевага балансу i ўстанаўлення iоннай раўнавагi, дэзiнтаксацыйныя кровазамяняльнiкi, рэгiдратацыйныя прэпараты, мясцованестэзуючыя i антыбактэрыяльныя сродкi, а таксама кансерванты крывi i iншыя. Ёсць магчымасць пашыраць асартымент за кошт павелiчэння вiдаў дазiровак: па заказах спажыўцоў можна вырабляць лекавыя сродкi ў бутэльках ёмiстасцю 50 i 100 мiлiлiтраў раствору. Трэба мець на ўвазе тое, што Нясвiжскi завод медыцынскiх прэпаратаў з’яўляецца буйнейшым у нашай дзяржаве вытворцам iнфузiйных раствораў — агульную штогадовую патрэбу ў 24—27 мiльёнаў бутэлек прадпрыемства забяспечвае больш чым на 2/3. Пэўная частка выпушчанага адгружаецца i за мяжу — геаграфiя паставак ахоплiвае шэраг краiн на постсавецкай прасторы. Экспарт, хоць i з цяжкасцямi, аднак развiваецца — напрыклад, апошнiм часам удалося палепшыць эканамiчныя паказчыкi па гандлю з Расiяй.

Абраную некалi спецыялiзацыю на Нясвiжскiм заводзе медыцынскiх прэпаратаў змяняць не плануюць, аднак на працягу шэрагу гадоў акрэслiлася пэўная праблема. Павелiчэнне аб’ёмаў вытворчасцi — гэта, канешне ж, станоўчы факт, якi сведчыць аб перспектыве прадпрыемства, яго жыццяздольнасцi. Тым больш, што прадукцыя заўсёды запатрабаваная ў спажыўцоў. I галоўным сваiм рынкам прадпрыемства апраўдана лiчыць менавiта рынак айчынны. Аднак у Нясвiжскага завода медыцынскiх прэпаратаў тут узнiкае складаная сiтуацыя.

— Справа ў тым, што падраздзяленнi Мiнiстэрства аховы здароўя разлiваюць тыя ж iнфузiйныя растворы ў аптэках i бальнiцах, — адзначае Сяргей Прасмыцкi. — Зразумела, што адбываецца гэта далёка не ў тых умовах, як належыць тое рабiць, у вынiку чаго на айчынным рынку ствараецца незразумелая канкурэнцыя: прадпрыемства, дзе адладжаны вытворчы працэс i вытрымлiваюцца ўсе неабходныя параметры па якасцi, па сутнасцi адчувае вялiкiя цяжкасцi з рэалiзацыяй прадукцыi. Хiба гэта па-дзяржаўнаму? Канешне ж не. Разуменне праблемы iснуе, пацвярджэннем таму з’яўляецца пастанова Мiнiстэрства аховы здароўя, зацверджаная яшчэ ў вераснi 2003 года. У адпаведнасцi з гэтым дакументам у медыцынскiх установах павiнны выкарыстоўвацца растворы толькi прамысловай вытворчасцi. Здавалася б, пасля такога «цыркуляра» ў Нясвiжскага завода медыцынскiх прэпаратаў справы павiнны былi наладзiцца. Аднак не так усё проста — выконваць пастанову медыцынскiя арганiзацыi зусiм не спяшаюцца. Трэба шукаць выйсце менавiта на дзяржаўным узроўнi. Я не кажу, што абавязкова павiнны прымяняцца нейкiя жорсткiя адмiнiстрацыйныя меры, можна знайсцi i iншае эфектыўнае рашэнне. Трэба заўсёды мець на ўвазе iнтарэсы пацыентаў — вось, напэўна, асноўны момант. У Расii, напрыклад, у такiх выпадках устаноўлена працэдура лiцэнзавання адпаведнай прадукцыi. У асобных вялiкiх клiнiках падчас вырабу раствораў вытрымлiваюцца ўсе неабходныя параметры. Тут няма нiякiх пытанняў i па якасцi, i па бяспецы. Магчыма, такi вопыт варты для пераймання?

«За якасць адказваю!»

Пра якасць прадукцыi варта сказаць асобна. Гэтае пытанне на Нясвiжскiм заводзе медыцынскiх прэпаратаў заўсёды пад самым пiльным кантролем. Дырэктарам прадпрыемства зацверджана грунтоўная палiтыка ў галiне якасцi, дэвiз якой — «Эфектыўнасць, бяспека, канкурэнтаздольнасць». Такое вызначэнне, напэўна, найбольш поўна характарызуе стаўленне да справы. Мэтай палiтыкi ў галiне якасцi акрэслена павышэнне задаволенасцi спажыўцоў праз эфектыўнае функцыянаванне сiстэмы кантролю i яе ўдасканальванне, забеспячэнне адпаведнасцi якасцi прадукцыi патрабаванням спажыўца, забеспячэнне бяспекi прадукцыi для людзей i навакольнага асяроддзя, павышэнне ўзроўню канкурэнтаздольнасцi прадукцыi — аснова поспеху РУП «Нясвiжскi завод медыцынскiх прэпаратаў» i росту дабрабыту ўсiх работнiкаў. Асноўнымi задачамi ў галiне якасцi пазначаны арыентацыя ўзроўню якасцi прадукцыi на ўзровень якасцi прадукцыi вядучых прадпрыемстваў шляхам тэхнiчнага пераўзбраення, асваення новых працэсаў i тэхналогiй, а таксама арыентацыя на рынкавы попыт i канкрэтныя патрабаваннi спажыўца падчас асваення новых вiдаў прадукцыi. Якiя ж iснуюць шляхi дасягнення пастаўленых важных задач? Перш за ўсё, лiчаць на прадпрыемстве, гэта магчыма зрабiць праз усталяванне ўзаемавыгадных i доўгатэрмiновых адносiнаў з пастаўшчыкамi, асваенне новых вiдаў прадукцыi на аснове аналiзу цяперашнiх i будучых патрэб спажыўца. Таксама неабходна праводзiць пастаяннае ўдасканальванне прафесiйнага майстэрства работнiкаў на аснове бесперапыннага працэсу навучання, перападрыхтоўкi i павышэння квалiфiкацыi кадраў, арганiзоўваць работу па забеспячэнню якасцi, якая прадугледжвае рэгламентаваную адказнасць усяго персаналу, ад рабочага да дырэктара, на аснове выкарыстання маральных i матэрыяльных стымулаў да працы. Адна з важных рысаў, якая пазначана ў заводскай палiтыцы: кiраўнiцтва Рэспублiканскага ўнiтарнага прадпрыемства «Нясвiжскi завод медыцынскiх прэпаратаў» бярэ на сябе адказнасць за забеспячэнне неабходнымi рэсурсамi для рэалiзацыi мэтаў i задач у галiне якасцi, эфектыўнае i вынiковае выкананне працэсаў, эфектыўнае функцыянаванне сiстэмы менеджменту якасцi.

— Гэта сапраўды тая сiтуацыя, калi кiраўнiк можа з упэўненасцю сказаць сваiм дзелавым партнёрам, спажыўцам: «За якасць адказваю!» — кажа Сяргей Прасмыцкi. — Захаванне чысцiнi навакольнага асяроддзя i забеспячэнне якасцi — у шэрагу стратэгiчных задач. Яскравым доказам таму з’яўляюцца дзве сiстэмы мiжнароднага менеджменту якасцi, якiя на прадпрыемстве пацверджаны адпаведнымi сертыфiкатамi. Гэта сiстэма менеджменту якасцi, якая адпавядае патрабаванням СТБ ISО 9001—2001, якая з’яўляецца гарантыяй таго, што падыход да забеспячэння якасцi ажыццяўляецца на пастаяннай i сiстэмнай аснове, доказам пастаяннага ўдасканальвання дзейнасцi прадпрыемства i iмкнення да паляпшэння якасцi прадукцыi. Таксама ёсць i экалагiчны сертыфiкат — сiстэма кiравання навакольным асяроддзем адпавядае патрабаванням СТБ ISО 14000—2000, якая гарантуе, што падчас выпуску прадукцыi выконваюцца ўсе ўстаноўленыя патрабаваннi ў галiне аховы навакольнага асяроддзя. Вельмi важны момант як для вытворцаў, так i для жыхароў пасёлка i блiжэйшага райцэнтра. Сёлета плануецца завяршыць работу па стварэнню i сертыфiкацыi сiстэмы кiравання аховай працы ў адпаведнасцi з патрабаваннямi СТБ ISО 18000. Такiм чынам, увесь працэс вытворчасцi поўнасцю будзе адпавядаць патрабаванням мiжнародных стандартаў. Наступны крок у гэтым накiрунку — пераход да мiжнародных нормаў i правiлаў GMР (Gооd Mаnufасturing Рrасtiсе — належная вытворчая практыка), актыўная работа над гэтым вядзецца ўжо сёння.

Iнвестыцыi ў будучыню

Калi ў пачатку матэрыялу мы ўзгадалi пра буйнейшы iнвестыцыйны праект, то мелася на ўвазе грунтоўная рэканструкцыя, якая разгарнулася на Нясвiжскiм заводзе медыцынскiх прэпаратаў. Будоўля, як яе тут называюць, i, напэўна, маюць рацыю — работы сёння iдуць поўным ходам. Удалося пабачыць, як адбываецца абсталяванне так званых «чыстых пакояў» класа «А», «С» (дзе прадукцыя будзе поўнасцю абаронена ад уздзеяння навакольнага асяроддзя). На заводзе рыхтуюцца да адкрыцця новай лiнii па вытворчасцi iнфузiйных раствораў па тэхналогii «Bоttlерасk». Гэтая тэхналогiя ўнiкальная — яна не мае аналагаў у Беларусi.

— За адзiн тэхналагiчны цыкл будуць выдзiмацца полiэтыленавыя бутэлькi, у якiя адразу разлiваюцца растворы i бутэлькi адразу запайваюцца, — тлумачыць начальнiк вытворча-тэхнiчнага аддзела РУП «Нясвiжскi завод медыцынскiх прэпаратаў» Наталля Маркачэўская. — Гэта сусветны вопыт, якi знойдзе сваё прымяненне ў нашай дзяржаве. Будзе зманцiравана самае сучаснае абсталяванне — iтальянскай, амерыканскай, польскай i нямецкай вытворчасцi. Адказнасць, канешне, вялiкая, аднак i цiкава працаваць над увасабленнем унiкальных тэхналогiй.

Новая вытворчасць iнфузiйных раствораў па BFS-тэхналогii ўжо, што называецца, «на падыходзе». Адна спецыяльная машына закуплена i хутка прыбудзе. Дарэчы, яе кошт немаленькi — у межах 2 мiльёнаў долараў. Агульны ж кошт iнвестыцыйнага праекта складае каля 34 мiльярдаў рублёў. З iх 22 млрд па лiнii ААБ «Беларусбанк» было выдзелена пад гарантыю ўрада, астатняе — уласныя сродкi прадпрыемства.

Зараз ужо заключаны кантракт на пастаўку другой машыны, якую плануюць атрымаць налета — дзесьцi ў маi 2008-га. Абсталяванне вельмi складанае — напрыклад, вытворчасць адпаведнай машыны пад канкрэтны заказ займае 12—14 месяцаў. Сыравiну для бутэлек (спецыяльна ачышчаны медыцынскi полiэтылен) плануецца завозiць з-за мяжы. Калi ўстановяць дзве машыны, то гадавая магутнасць лiнii складзе 10 мiльёнаў упаковак. Новы вытворчы аб’ект будзе пабудаваны i аснашчаны сучасным абсталяваннем у адпаведнасцi з патрабаваннямi еўрапейскiх GMР. Калi адбудзецца адпаведная сертыфiкацыя, то ў прадпрыемства з’явiцца рэальны шанц гандляваць сваiмi прэпаратамi ў краiнах ЕС, перш за ўсё — у дзяржавах Прыбалтыкi i ў Польшчы.

— Плануецца, што ўжо сёлета ў вераснi будзе атрымана першая прадукцыя па новай тэхналогii, — адзначае Сяргей Прасмыцкi. — У адпаведнасцi са спецыяльнымi нарматывамi яна будзе праходзiць працэдуру рэгiстрацыi i сертыфiкацыi. Мяркую, што да канца года мы зможам паставiць спажыўцам iнфузiйныя растворы, якiя выпушчаны па BFS-тэхналогii. Гэта сусветны ўзровень вытворчасцi, а сама бутэлька зручная ў выкарыстаннi. Дарэчы, ад шкла мы таксама не адмаўляемся — асобныя прэпараты магчыма разлiваць толькi ў такую тару. Старыя лiнii плануем не закрываць, а рэканструяваць. Тым больш, што на прадпрыемстве ўжо знойдзены дзейсныя шляхi для ўтылiзацыi шкляной тары i коркаў да яе. Завод узяў вырашэнне гэтай задачы на сябе, ствараючы для сваiх спажыўцоў самыя спрыяльныя ўмовы для супрацоўнiцтва.

На Нясвiжскiм заводзе медыцынскiх прэпаратаў зараз працуюць больш чым паўтысячы чалавек. Як адзначыла Наталля Маркачэўская, на прадпрыемстве распрацавана сiстэма навучання персаналу, у тым лiку i па GMР. Тут апраўдана лiчаць: кожны работнiк павiнен разбiрацца ў агульнай палiтыцы развiцця як уласна прадпрыемства, так i фармацэўтычнай галiны ўвогуле. Толькi ў такiм разе магчыма стварыць паўнавартасны калектыў прафесiяналаў, якiм пад сілу выкананне любой адказнай задачы. За рабочае месца тут трымаюцца — заробкi на заводзе нядрэнныя. На прадпрыемстве выконваюцца ўсе належныя сацыяльныя гарантыi. Кожны работнiк павiнен адчуваць, што ўсе яго надзённыя праблемы будуць вырашаны належным чынам. Дырэктар таксама задумваецца i наконт таго, каб падкрэслiць адметнасць знакамiтай беларускай Альбы: Сяргей Сяргеевiч марыць адрамантаваць гiстарычныя будынкi, якiя, на шчасце, тут дагэтуль засталiся, i зрабiць адметныя месцы адпачынку.

Захар БУРАК, Алена ДАЎЖАНОК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Нясвiжскiм заводзе медыцынскiх прэпаратаў развiваюць сучасную вытворчасць
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика