Контрнаступленне ксенафобаў
Леанiд ЛАХМАНЕНКА
Экскурсiя па новаму будынку бундэстага ў Берлiне традыцыйна заканчваецца каля фрагмента славутай сцяны, на якой у маi 1945 года савецкiя салдаты i афiцэры на руiнах рэйхстага пакiнулi свае часам ну вельмi смачныя аўтографы. Нямецкiя экскурсаводы iмкнуцца абавязкова паказаць гэты помнiк вайны маладым наведвальнiкам, як немцам, так i iншаземцам. Пры гэтым не забываюць iм нагадваць, што дадзены кавалак рэйхстага быў старанна рэстаўраваны, не вельмi прыемныя для вока немцаў надпiсы (за выключэннем на ненарматыўнай лексiцы) поўнасцю перанесены. Вiдаць, зусiм невыпадкова ў першую чаргу звяртаеш увагу чамусьцi на словы, якiя напiсаны ў цэнтры фрагмента сцяны: «Мы з Ленiнграда. Заплацiлi поўнасцю».
Гiд перахоплiвае нашы позiркi i ўдакладняе: «Рэстаўратары захавалi тыя надпiсы, якiя маюць сувязь з будучыняй. Я часта пытаюся ў маладых людзей: як вы лiчыце, немцы сапраўды «заплацiлi поўнасцю? I многiя, у тым лiку i немцы, маюць цяжкасцi з адказам. Для iх вайна — гэта далёкае мiнулае. Мала хто ведае, як цяпер называецца Ленiнград, якi жах перажылi яго жыхары i абаронцы ў час блакады, якiя велiзарныя страты панёс СССР у вынiку агрэсii гiтлераўскай Германii i з якiмi потым бедамi i горам давялося сутыкнуцца простым немцам. I мне прыходзiцца расказваць пра гэта». Натуральна, мы спыталi аб яе адносiнах да нашумелага факта зносу помнiка савецкаму салдату-вызвалiцелю ў Талiне. «Гэта было няправiльнае i неразумнае рашэнне», — адказала яна. Потым мы не раз пыталiся аб гэтым у жыхароў Германii. Пераважная большасць у той цi iншай ступенi выказвала здзiўленне i абурэнне малазразумелай агрэсiўнай рашучасцю эстонскiх уладаў да лёсу манумента, iх упартым нежаданнем слухаць аргументы расiйскага боку, успрымаць адэкватна хвалi пратэстаў з iншых краiн, народы якiх моцна пацярпелi ў гады вайны. Нашы нямецкiя суразмоўцы спасылалiся на вопыт сваёй дзяржавы, дзе ў належным стане захоўваюцца помнiкi вызвалiцелям ад дыктатуры нацыстаў, напрыклад, манумент у берлiнскiм Трэптаў-парку, таксама даглядаюцца могiлкi савецкiх воiнаў, а спрэчкi па гiсторыi Другой сусветнай вайны вядуцца ў форме дыялогу. Здавалася, у Германii, якая першыя шэсць месяцаў гэтага года з’яўляецца старшынёй Еўрасаюза, ёсць маральнае права i афiцыйныя паўнамоцтвы, каб маладога i не вельмi разважлiвага i разборлiвага ў спосабах «насалiць» Расii навiчка Эстонiю «паставiць на месца». Думаецца, што з вуснаў Германii, як прадстаўнiка старой Еўропы i адной з заснавальнiц ЕС, саюзнiцкая крытыка Талiна прагучала б пераканаўча. Але гэтага не здарылася. — Дык чаму? — спыталi мы ў час сустрэчы ў Мiнiстэрстве замежных спраў ФРГ. Адказ быў вытрыманы ў лепшых традыцыях еўрапейскага лiбералiзму, маўляў, мы не можам гаварыць за Эстонiю — гэта незалежная дзяржава, у яе свая гiсторыя, яна таксама пакутавала ад нямецкай акупацыi. Нам нагадалi, што пасля падпiсання ў 1940 годзе сакрэтных пратаколаў памiж Германiяй i СССР быў поўнасцю знiшчаны афiцэрскi эстонскi корпус. Таму нямецкiя дыпламаты параiлi нам i расiянам весцi з Эстонiяй неагрэсiўны дыялог, ставiцца да яе больш паблажлiва. Яна ж такая маленькая ў параўнаннi з Расiяй. А што датычыцца помнiка савецкаму салдату ў Талiне, то Еўрасаюз дыпламатычна выказаў разуменне пазiцыi Расii, але стаў на бок свайго новага члена. Карацей, ЕС i яго цяперашнi старшыня ФРГ палiчылi за лепшае не абвастраць эстонскае пытанне i спусцiць яго на тармазах. Хоць у самой Германii на дзяржаўным узроўнi даволi жорстка ставяцца да праяў бацыл «карычневай чумы». Супраць адначасова i ў адной звязцы выступаюць i палiтычныя партыi, i грамадскiя арганiзацыi, i царква. Тым не менш гэтыя намаганнi пакуль не даюць чаканага вынiку. Паводле даных газеты «Тагесшпiгель», злачыннасць сярод неанацыстаў i праваэкстрэмiстаў летась у ФРГ дасягнула найвышэйшага ўзроўню пасля аб’яднання краiны i ў параўнаннi з 2005 годам павялiчылася на 14 працэнтаў. А ў параўнаннi з 2004 годам — аж на 50 працэнтаў! Прыбаўка склала 15 914 злачынстваў. Палiцыя зарэгiстравала павелiчэнне праваэкстрэмiсцкай злачыннасцi па ўсёй краiне. Таксама вырасла колькасць злачынстваў з боку левых экстрэмiстаў. Гэтыя лiчбы выклiкаюць вялiкую занепакоенасць у палiтыкаў. Кiраўнiк партыi зялёных К. Рот заявiла аб неабходнасцi «дэмакратычнага наступлення» на экстрэмiстаў. Толькi, здаецца, гэтае наступленне трэба весцi па ўсяму кантыненту, а не рабiць выключэння для анклаваў накшталт Эстонii. Адкуль парасткi неанацызму i ксенафобii (нецярпімасці да iншаземцаў) у сучаснай Германii? У свой час яна i Турцыя падпiсалi пагадненне аб так званых гасцявых рабочых, сёння вядомых як гастарбайтары. Тады мелася на ўвазе, што туркi, якiя пагадзiлiся выконваць за немцаў самую брудную, цяжкую i непрэстыжную работу, будуць працаваць, так бы мовiць, вахтавым метадам. Праз некалькi гадоў змены павiнны былi мяняцца. Нiхто тады з немцаў i не думаў, што iх мiлая Германiя неўзабаве ператворыцца ў краiну эмiгрантаў. Цi то «эканамiчны цуд» сапсаваў немцаў, зрабiў iх вельмi самаўпэўненымi, цi нешта недагледзелi i не пралiчылi пры падрыхтоўцы пагаднення, але вахтавы метад не прыжыўся. Затое ў Германii прыжылiся мiльёны туркаў i сотнi тысяч iншых замежнiкаў. Зараз iх у ФРГ, паводле некаторых даных,15,3 мiльёна, цi 20 працэнтаў ад усяго 82-мiльённага насельнiцтва краiны. Сёння пасля падпiсання 30 гадоў таму таго пагаднення Германiя прызнала, што ўжо не можа iснаваць без гэтых гасцявых рабочых. Але гэта не значыць, што ўсе немцы прынялi iх як раўнапраўных суграмадзян. Ехалi на «чорную» працу ў асноўным бедныя вясковыя людзi, неадукаваныя, малакультурныя i без спецыяльнасцi, якiя часта знаходзiлiся ў палоне старажытных забабонаў сваёй малой радзiмы. Яны, паводле слоў аднаго берлiнскага турка, нiбы з сярэднявечча перанеслiся ў адну з самых цывiлiзаваных краiн свету. Вобраз жыцця прышэльцаў, iх культура, традыцыi i звычкi не заўсёды разумелiся i падабалiся карэнным жыхарам. Таму апошнiм часам улады ФРГ iмкнуцца прыцягваць у краiну пераважна квалiфiкаваных спецыялiстаў, як правiла, людзей адукаваных i культурных. Аднак нягледзячы на высокiя заробкi летась у ФРГ прыехала толькi 900 чалавек — прадстаўнiкоў запатрабаваных у рынкавай эканомiцы прафесiй, у асноўным у галiне iнфармацыйных тэхналогiй i камунiкацый. З iншага боку, шмат маладых немцаў вышэйшай квалiфiкацыi ў пошуках лепшага жыцця пакiдаюць радзiму. Так, многiя медыкi едуць у Фiнляндыю i Швецыю, дзе вышэйшыя зарплаты. Прадстаўнiкi тэхнiчнай iнтэлiгенцыi ўсё часцей пераязджаюць у ЗША. Такiм чынам атрымлiваецца дэфiцыт спецыялiстаў пэўных прафесiй. Разам з тым у ФРГ назiраецца даволi высокi ўзровень беспрацоўя. У Берлiне яно складае 16 працэнтаў. Асаблiва шмат беспрацоўных сярод моладзi. Незадаволеныя жыццём маладыя людзi хутчэй адгукаюцца на заклiкi iдэолагаў экстрэмiсцкiх арганiзацый. Ксенафобам i неанацыстам не падабаюцца, у прыватнасцi, тэмпы прыросту ненямецкай часткi насельнiцтва. Напрыклад, у Берлiне 40 працэнтаў маладых людзей ва ўзросце ад 18 гадоў i нiжэй — эмiгранты. Прыкладна такiя ж лiчбы i ў астатнiх вялiкiх гарадах. Сёння ў Германii кожнае другое немаўля нараджаецца ў сям’i эмiгрантаў. Зараз у краiне больш за 100 тысяч толькi змешаных нямецка-турэцкiх шлюбаў, што не можа не раздражняць прыхiльнiкаў чысцiнi нацыi. Акрамя гэтага, такiя тэмпы нараджальнасцi ў эмiгранцкiм асяроддзi цяжкiм грузам кладуцца на сацыяльную сiстэму краiны, якая пасля аб’яднання перажывае сур’ёзныя фiнансавыя цяжкасцi. Дэмаграфiчная сiтуацыя ў немцаў складваецца не лепшым чынам. Паводле папярэднiх разлiкаў, у 2010 годзе ў ФРГ будзе жыць прыкладна 75 мiльёнаў чалавек. «Нямецкая нацыя вымiрае!» — крычаць ультрарадыкалы i свае злыя позiркi звяртаюць у бок iншаземцаў. У iх лiк трапляюць i яўрэi, колькасць якiх у ФРГ у асноўным за кошт перасяленцаў з рэспублiк былога СССР значна ўзрасла. Як спынiць контрнаступленне ксенафобаў i неанацыстаў, зберагчы ад уплыву iх iдэалогii моладзь? Да гонару немцаў, яны праяўляюць вынаходлiвасць i розныя падыходы. Сёння ў разгар турысцкага сезона толькi ў Берлiне прапаноўваюцца каля дзесятка экскурсiй па тых месцах, пра якiя немцам не вельмi хочацца ўспамiнаць: бункер фюрэра, штаб-кватэры СС i гестапа, ведамствы Гебельса і Герынга, ваенныя мемарыялы i помнiкi, у тым лiку савецкiм салдатам, ахвярам халакоста. Калi знаёмiўся з гэтым спiсам аб’ектаў, падумалася, што на ваенную тэматыку могуць прапанаваць у Эстонii: помнiкi мясцовым эсэсаўцам, перанесены з людскiх вачэй манумент «акупанту» — бронзаваму салдату-вызвалiцелю як «рэлiкт» савецкай эпохi?
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Экскурсiя па новаму будынку бундэстага ў Берлiне традыцыйна заканчваецца каля фрагмента славутай сцяны, на якой у маi 1945 года савецкiя салдаты i афi
|
|