21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Рэпарцёр атрымаў заданне...

26.08.2009 08:47 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзмiтрый АЛЬФЕР

зняць кватэру праз агенцтва нерухомасцi, або Як карэспандэнт даведаўся, што ў яго ёсць яшчэ адна мацi...

Адразу ж зазначу, што не буду акцэнтаваць увагу на тым, як жа складана стала сёння зняць кватэру ў сталiцы. Хто плаваў — ведае. Адмыслова выбраў той перыяд, калi студэнты пасля сесii раз’язджаюцца па сваiх родных гарадах i вёсках на летнiя канiкулы i вызваляюць каштоўныя квадратныя метры. Больш за тое, не стаў шукаць кватэру па знаёмых-сваяках-знаёмых знаёмых. Вырашыў пайсцi самым лёгкiм i надзейным шляхам. Набыў газету з аб’явамi i ткнуў пальцам на першую ж абвестку агенцтва нерухомасцi, якая трапiла на вочы. Усе як i трэба: «хутка, легальна, аплата па факту засялення, студэнтам скiдкi, юрыдычнае афармленне дагавора».

Офiс звычайны для невялiкiх сталiчных агенцтваў, досыць сцiплы — два сталы, камп’ютар i тэлефоны, якiя звоняць кожную хвiлiну. Некалькi дзяўчынак-наведвальнiц (максiмум — другi курс, i для чаго iм спатрэбiлася здымаць кватэру на лета, невядома), якiя з даволi сумнымi «мiнамi» дамаўляюцца з агентамi фiрмы. «За колькi жадаеце зняць пакой? Жартуеце?! Такiх цэнаў ужо няма, гэта ж Мiнск. Вы што, гэта ж цэлы вялiкi пакой, i толькi адна гаспадыня ў кватэры жыве, дваццаць хвiлiн да метро на тралейбусе. Як хочаце, не жадаеце — не трэба. Самi разумееце, на рынку нерухомасцi напружаная сiтуацыя».

Эх, што рабiць, чэрвень наступiў, i дзяўчаты пашапталiся памiж сабой, пашапталiся яшчэ раз i згадзiлiся. Пакуль на кошт, па якому яны будуць здымаць пакой, плюс аплата за паслугу непасрэдна агенцтву — месячная сума арэнды жылля.

Мая чарга... «Студэнт-нестудэнт, будзеце жыць адзiн-з сям’ёй-братам-жонкай, метро-пешшу, пакой-кватэра, цэнтр-спальны раён?» Ну i гэтак далей. I зноў: «За колькi жадаеце зняць? Дзвесце пяцьдзесят? (Сённяшнi кошт нармальнай аднапакаёвай кватэры блiжэй да цэнтра Мiнска. — Аўт.). Гэта што — пакой у прыгарадзе шукаеце? Ква-тэ-р-р-р-у?... Ну-ну. Мы, канешне, зробiм усё магчымае, але ж самi разумееце, складана будзе. Ну, добра, i толькi таму, што толькi нашае агенцтва прыслухоўваецца да жаданняў кожнага клiента. Мы патэлефануем, чакайце».

Не ведаю, можа, у гэты дзень там, у нябёсах, нейкае касмiчнае ведамства, якое рэгулюе прапанову арэнды самых танных кватэр на нашай планеце, змiласцiвiлася або супрацоўнiкi фiрмы адмыслова «заманьваюць» клiентаў, але ўжо праз некалькi гадзiн патэлефанавала жанчына з прапановай прыехаць, каб паглядзець кватэру на вулiцы Ясенiна. Як высветлiлася, работнiкi, якiя сядзяць у офiсе фiрмы, адказваюць за работу з клiентамi, а ёсць яшчэ i спрытныя агенты, якiя выязджаюць знаёмiць з жыллём. Карацей кажучы, дамовiлiся сустрэцца на праспекце Дзяржынскага. Прастаяўшы там паўгадзiны i не дачакаўшыся прадстаўнiка фiрмы, тэлефаную ёй на мабiльны. «Ведаеце, гаспадыня жылля затрымлiваецца, пачакайце яшчэ хвiлiн сорак». У вынiку яшчэ праз паўтары гадзiны зусiм невясёлага баўлення часу за столiкам Макдональдса, якое пару разоў перарывалася званкамi да невядомай прадстаўнiцы фiрмы (я ўжо быў згодзен зняць кватэру разам з ёю, толькi б яна прыйшла хутчэй), карэспандэнт паехаў дадому.

Фартуна асвяцiла сваёй усмешкай падманутую душу на другi дзень. Патэлефанавала яшчэ адна прадстаўнiца фiрмы (цiкава, адкуль яны з’яўляюцца — на першы погляд агенцтва сцiплае). На гэты раз сустрэча адбылася ў дамоўлены час. Пайшлi глядзець жыллё. Падыходзячы да пад’езда жанчына (гадоў ёй пад сорак) папрасiла:

— Можаце сказаць гаспадынi, што вы мой сын?

— Прабачце, не зразумеў, што сказаць?

— Скажыце ёй, што вы мой сын.

— ???

— Ну, уявiце, што я ваша матуля. Гаспадыня не ведае, што мы з агенцтва нерухомасцi, яна думае, што здае кватэру чалавеку, якi знайшоў яе аб’яву ў газеце. Я ёй сказала, што тэлефаную па аб’яве, шукаю для свайго сына добрую кватэру ў сталiцы. Яна згадзiлася сустрэцца на гэтых умовах.

— Мне нават няёмка... i мне вас на «ты» называць пры ёй?

— Можаце.

— А як вас... цябе завуць, мама?

— Кацярына Сяргееўна...

— Вельмi прыемна...ммм... Кацярына. Я Дзiма. Будзем сябраваць сем’ямi. Прабачце, кватэрамi.

Жыллё было добрае, гаспадыня на першы погляд — лагодная, праблем з такой узнiкнуць не павiнна. Мы знайшлi агульную мову адно з адным i дамовiлiся на другi дзень сустрэцца i абмеркаваць усе дробязi будучага пераезду.

— Вось i цудоўна, што вы мяне знайшлi, а то, ведаеце, я ўжо хацела праз агенцтва кватэру шукаць. Але ж яны патрабуюць аплату за тое, што знайшлi клiента, да таго ж, i ў яго грошы бяруць. А якiя ў маладога чалавека цi студэнта грошы? — развiтвалася гаспадыня. — Да сустрэчы заўтра.

— Ну што, спадабалася кватэра?

— Так, вельмi, i з гаспадыняй, па ўсiм вiдаць, праблем не ўзнiкне. Праз тры днi буду засяляцца.

— На гэтым варыянце i спыняемся? Больш шукаць не будзем?

— Так, мяне задавальняе гэтая аднапакаёўка, праз два днi засялюся.

— Добра. Тады давайце зараз у офiс пад’едзем, разлiчымся.

Адразу ж з парога да мяне падбегла колiшняя «агентэса» i, яшчэ раз спытаўшы, цi спадабалася кватэра, прапанавала завяршыць галоўны этап супрацоўнiцтва. Аддаць грошы за тое, што мне знайшлi жыллёвую плошчу. Вось так, проста, з рук у рукi, без нiякага юрыдычнага афармлення дакумента аб прадастаўленнi паслугi.

— Пардон, а пагадненне аб тым, што вы мне знайшлi кватэру i я за гэта разлiчваюся, вы не афармляеце? Вы ж агенцтва нерухомасцi, дзе папера, у якой зазначаюцца пасрэднiцкiя, цi якiя яшчэ там, паслугi?

— Ой, малады чалавек, вам гэта трэба? Ведаеце самi, як зараз складана кватэру знайсцi, таму не трэба вылузвацца. Калi жадаеце, зробiм усё як па закону, але тады заплацiце больш.

— Ды я так проста спытаў, — раблю выгляд, што лезу ў кiшэню. — Ой, грошы дома пакiнуў. Давайце заўтра прыйдзем да гаспадынi разам са мной яшчэ раз, там я вам i заплачу.

Ледзьве выбраўшыся ад новаспечаных «сваякоў», патэлефанаваў гаспадынi кватэры i прыйшоў да яе вечарам таго ж дня. Распавёў сапраўдную гiсторыю «сваяцтва», i папрасiў прабачэння. Пасмяяўшыся, мы развiталiся.

...Канешне, з аднаго боку, атрымалася смешная гiсторыя, але ў жыццi не было б так смешна, калi б не было так сумна. Такi «сямейны» бiзнэс дазваляе агенцтвам нерухомасцi (не буду казаць за ўсiх) зарабляць «чорны», некантраляваны прыбытак. Без юрыдычнага афармлення, дамаўляючыся проста на словах, яны атрымлiваюць грошы, з якiх не трэба будзе плацiць падаткаў. Гэты фiнансавы паток складана адсачыць, колькi зарабляюць на аналагiчных «чорных» i «шэрых» паслугах, невядома. Аднак не выклiкае сумненняў, што даволi шмат. Работа выгадная, дарэчы, агенцтвы застануцца ў прыбытку пры любых варыянтах. Амаль кожная кватэра, якая трапiла ў iх поле зроку, прыносiць матэрыяльныя сродкi. Грошы яны могуць лiтаральна спагнаць цi з гаспадара кватэры (калi той звернецца ў фiрму з просьбай знайсцi кватэраздымшчыка, «акуратнага, прыстойнага, без шкодных звычак маладога чалавека»), а потым яшчэ i з клiента, якi шукае жыллё. Дарэчы, у згаданых выпадках юрыдычна паслуга таксама можа не афармляцца. Калi ж агенты проста даведаюцца аб тым, што недзе здаецца кватэра, то грошы яны заробяць ужо з клiента, якi стане на некаторы час iх братам, сынам цi сястрой — у залежнасцi ад фантазii.

Як жа агенцтвы даведваюцца хутчэй за ўсiх аб прыватных прапановах аб арэндзе кватэр, хоць да iх нiхто з гаспадароў гэтага жылля не звяртаўся, застаецца загадкай. Як мне расказаў (па сакрэту) супрацоўнiк аднаго з агенцтваў нерухомасцi, некаторыя фiрмы маюць «сваiх людзей» у газетах, дзе размяшчаюцца прыватныя абвесткi з прапановай аб найманнi цi здачы жылля. Купоны з iнфармацыяй, якiя трапляюць у рэдакцыi гэтых газет, праходзяць праз рукi i вочы «знаёмых» супрацоўнiкаў выданняў. Спачатку гэтыя «знаёмыя» паведамляюць аб новых прапановах на рынку арэнды кватэр у агенцтвы нерухомасцi (зразумела, за нейкую ўзнагароду), а ўжо потым аб’ява друкуецца ў спецыялiзаваных рэкламна-iнфармацыйных газетах.

Р.S. На наступны дзень я патэлефанаваў у агенцтва нерухомасцi i адмовiўся ад жылля, сказаў, што знайшоў яго самастойна. Праз тыдзень даў тэлефон гэтай фiрмы знаёмаму, якi тэрмiнова шукаў аднапакаёўку. Сiтуацыя паўтарылася — у агенцтве ён разам з жыллём знайшоў i сваю другую «мацi». Аднак пасля таго, як яна дапамагла яму ўладкавацца ў кватэры, мой сябра проста адмовiўся плацiць агенцтву за паслугi. Маўляў, юрыдычна «роднасныя» адносiны памiж клiентам i агенцтвам нерухомасцi аформлены не былi, якiя могуць быць прэтэнзii адзiн да аднаго?

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
зняць кватэру праз агенцтва нерухомасцi, або Як карэспандэнт даведаўся, што ў яго ёсць яшчэ адна мацi...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика