Стымул ёсць. З вакансiяй... праблема?
Сяргей ГРЫБ
Падчас летнiх канiкулаў у мiнулым годзе была наладжана работа амаль 9 тысяч сталiчных падлеткаў. Сёлета, як мяркуюць у камiтэце па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама, гэта лiчба будзе не меншай. Разам з тым нельга не заўважыць, што сама па сабе цяперашняя сiтуацыя з часовай занятасцю выглядае не так адназначна. Прынамсi, пакуль колькасць жадаючых падзарабiць на канiкулах атрымлiваецца большай, чым колькасць «часовых» працоўных месцаў.
ДАВЕДКА. ПЛЮС... ДАЗВОЛ БАЦЬКОЎ Папрацаваць i зарабiць першыя ўласныя грошы — намер цалкам зразумелы. У той жа час простага жадання тут недастаткова. Паводле слоў галоўнага спецыялiста ўпраўлення занятасцi насельнiцтва камiтэта па занятасцi, працы, i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Людмiлы Атрашковай, тут ёсць пэўныя ўмовы. I першая з iх — падлетак павiнен мець як мiнiмум 14-гадовы ўзрост. Адначасова своеасаблiвым «допускам» да работ з’яўляецца медыцынская даведка. А з гэтага года для маладых людзей ад 14 да 16 гадоў патрабуецца таксама пiсьмовы дазвол аднаго з бацькоў. — Апроч таго, для непаўналетнiх вызначаны асаблiвы рэжым работы, — працягвае Людмiла Атрашкова. — Заканадаўства вызначае, што школьнiкi, навучэнцы i студэнты ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў не могуць працаваць больш за 23, а ва ўзросце 16—18 гадоў — больш за 35 гадзiн у тыдзень. I яшчэ. Варта падкрэслiць, што мы маем права ўладкоўваць падлеткаў толькi на лёгкiя работы, якiя не могуць нанесцi ўрону здароўю маладога чалавека. А, як правiла, такая работа — неквалiфiкаваная. Да прыкладу, гаворка iдзе аб добраўпарадкаваннi тэрыторый, азеляненнi, дапамозе ў рамонтах, шыццi, вязаннi, вырабу сувенiраў. 300 ТЫСЯЧ. I Ў ОФIСЕ... Не сакрэт, што пад лёгкай i неквалiфiкаванай работай звычайна маецца на ўвазе i невысокая зарплата. У большасцi выпадкаў яна адпавядае ўзроўню «мiнiмалкi», цi на сёння прыкладна 179 тысячам рублёў. I да таго ж з далейшым вылiкам падаткаў i адлiчэнняў на сацыяльнае страхаванне. Прычым, заўважаюць у камiтэце, менавiта з-за прапаноў па зарплаце раз-пораз узнiкаюць праблемы. Як сведчаць шматлiкiя звароты, узровень патрабаванняў сталiчных падлеткаў нашмат вышэй — у сярэднiм яны разлiчваюць на 300 тысяч у месяц. — Перыядычна да нас тэлефануюць бацькi i абураюцца — маўляў, мой сын дасканала валодае камп’ютарам, таму i працаваць ён павiнен не на свежым паветры, а ў офiсе, — кажа Людмiла Атрашкова. — Вось i даводзiцца тлумачыць, што камп’ютар цi, напрыклад, будоўля — зноў-такi фактары рызыкi. Адпаведна, заплюшчваць на iх вочы, а бачыць толькi больш высокiя зарплаты, немагчыма. Тэхнiка бяспекi была i застаецца на першым месцы. I нават да такога, здавалася б, цалкам бяскрыўднага занятку, як праполка цi пасадка кветак, ёсць строгiя патрабаваннi — падобныя работы дазваляецца выконваць толькi на пэўнай адлегласцi ад дарог. ПОШУК З ВАРЫЯНТАМI Мiж тым, даводзiцца канстатаваць, што памер зарплат «адштурхоўвае» далёка не ўсiх. Попыт на часовую работу ёсць. I не толькi сярод непаўналетнiх, але не ў меншай ступенi сярод iх бацькоў. Занятак падчас канiкулаў дае магчымасць не проста падзарабiць, адначасова з’яўляецца шанц атрымаць працоўныя навыкi, пазнаёмiцца з пэўнымi прафесiямi. У рэшце рэшт, у вынiку школьнiкi i навучэнцы не сноўдаюцца без мэты па горадзе, а знаходзяцца «пры справе». А, як паказваюць назiраннi мiнулых гадоў, гэта — цi не найлепшы сродак прафiлактыкi падлеткавай злачыннасцi. Пры гэтым, раiць Людмiла Атрашкова, пачынаць пошукi вакансiй лепш за ўсё са «сваёй» навучальнай установы. У прыватнасцi, асноўнымi арганiзатарамi «падпрацовак» традыцыйна з’яўляюцца школы, сярэднiя спецыяльныя ўстановы, а таксама вучэбна-вытворчыя камбiнаты, цэнтры пазашкольнай работы, цэнтры маладзёжнай творчасцi. Аднак сiтуацыю, калi навучальныя ўстановы часовай занятасцю не займаюцца цi проста не ў стане стварыць дастатковую колькасць месцаў, унiкальнай назваць нельга. Таму ў такiх варунках у падлетка ёсць магчымасць звярнуцца непасрэдна ў службу занятасцi свайго раёна. Тут можна пазнаёмiцца з банкам вакансiй i паспрабаваць уладкавацца самастойна. Або звярнуцца па дапамогу спецыялiста. Праўда, наколькi хутка будзе аказана такая дапамога — пытанне ўжо iншае. Пакуль на вакансii ў сталiцы назiраецца дэфiцыт. Да таго ж трэба мець на ўвазе, што пры працаўладкаваннi пэўныя катэгорыi школьнiкаў, навучэнцаў i студэнтаў валодаюць перавагамi — гэта дзецi-сiроты, моладзь са шматдзетных, няпоўных i «цяжкiх» сем’яў, а таксама падлеткi, што знаходзяцца на ўлiку ў камiсiях па справах непаўналетнiх. ЧАСОВАЯ ЗАНЯТАСЦЬ — «ЧАСОВАЯ» ПРАБЛЕМА? Для арганiзацый, што вырашаюць заняцца часовым працаўладкаваннем непаўналетнiх, вызначаны пэўныя «льготы». Такiя ўстановы могуць разлiчваць на кампенсацыю выдаткаў на набыццё неабходных iнструментаў, матэрыялаў i спецадзення, на частковую кампенсацыю зарплаты, на тыя ж медагляды, а ў некаторых выпадках — нават на набыццё асноўнага абсталявання. Сёлета на гэтыя мэты сталiцы са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва выдаткавана 1,2 млрд рублёў i плюс да ўсяго яшчэ 330 мiльёнаў — непасрэдна з гарадскога бюджэту. Дарэчы, у параўнаннi з 2004 годам агульныя выдаткi на часовую занятасць узраслi прыкладна ўтрая. Такiм чынам, стымулы ёсць. Прычым яны «падмацаваныя» грашамi. Аднак бяда ў тым, што на справе «льготы» спрацоўваюць далёка не заўсёды. Складанне своеасаблiвага бiзнэс-плана, дагавор са службай занятасцi, афармленне працоўных кнiжак, пасведчанняў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, налiчэнне зарплаты, асаблiвы кантроль за бяспекай працы, павышаная адказнасць — гэта «лiшнiя клопаты». I часцяком — перашкода для прыёму падлеткаў, асаблiва ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў. Таму, мяркуюць у камiтэце па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама, надалей ёсць сэнс падумаць аб больш важкiм заахвочваннi наймальнiкаў — праз падатковыя льготы. I ўсё ж, цi знiкне праблема «дэфiцыту месцаў» для падлеткаў ужо ў блiжэйшай будучынi? — Цяперашнi недахоп вакансiй шмат у чым тлумачыцца сезоннымi асаблiвасцямi, — лiчыць Людмiла Атрашкова. — У прыватнасцi, пiк зваротаў назiраецца менавiта зараз — у чэрвенi. У той жа час колькасць жадаючых папрацаваць у лiпенi цi жнiўнi заўсёды нашмат меншая. Словам, сiтуацыя павiнна нармалiзавацца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падчас летнiх канiкулаў у мiнулым годзе была наладжана работа амаль 9 тысяч сталiчных падлеткаў. Сёлета, як мяркуюць у камiтэце па працы, занятасцi i |
|