Хочацца верыць...
У Ганцавiчах прайшоў устаноўчы сход раённай арганiзацыi аб’яднання «Белая Русь» (ГРА ГА «Белая Русь»). Сход праходзiў на тэрыторыi мясцовага хлебазавода i натхняльнiкам стварэння ў раёне гэтай арганiзацыi з’яўляецца дырэктар прадпрыемства А. Арцёменка. Чаму менавiта ён выступiў завадатарам у гэтай справе?
— А ўсё вельмi проста. Прачытаў зварот, дарэчы, у вашай газеце, Гродзенскай абласной арганiзацыi «Белая Русь» i падумаў: а чаму б у нашым раёне не стварыць аналагiчную арганiзацыю? Падштурхнуў да гэтага i той факт, што старшыня Гродзенскай арганiзацыi Вiтольд Песцiс працуе рэктарам Гродзенскага аграрнага ўнiверсiтэта, у якiм я ў свой час вучыўся. Песцiс — чалавек сур’ёзны i прыстойны, то чаму б не падтрымаць яго? У актавай зале хлебазавода сабралiся прадстаўнiкi розных устаноў i прадпрыемстваў раёна. Яны i павiнны былi залажыць аснову арганiзацыi — юрыдычна аформiць яе. Быў прыняты статут арганiзацыi, выбраны Савет, кантрольна-рэвiзiйная камiсiя... Усе прамоўцы падкрэслiвалi, што арганiзацыя будзе выступаць за пабудову моцнай i квiтнеючай Беларусi, спрыяць яднанню грамадства ў iнтарэсах палiтычнага i эканамiчнага развiцця краiны, змагацца за захаванне стабiльнасцi i згоды ў грамадстве... Пра гэта гаварылася i ў Звароце, прынятым на сходзе. Структура грамадскага аб’яднання «Белая Русь» для сваiх членаў пакiдае свабоду выбару. Кожны можа свабодна ўступiць у арганiзацыю i мае права быць у iншых арганiзацыях i партыях, якiя падзяляюць мэты i iнтарэсы «Белай Русi». Старшынёй ГРА ГА «Белая Русь» быў выбраны начальнiк раённага вузла сувязi Мiхаiл Пiшч, а яго намеснiкам стаў Андрэй Арцёменка. Усё вышэйсказанае — гэта добра, але тым не меней хацелася б ведаць, якi механiзм рэалiзацыi мэтаў арганiзацыi, якiя ў яе будуць рычагi ўздзеяння на сiтуацыю цi грамадства ў цэлым? — Напэўна, гаварыць пра гэта ранавата, бо мы правялi толькi ўстаноўчы сход i арганiзацыю яшчэ неабходна зарэгiстраваць, але скажу, што такiя рычагi ўжо праглядваюцца. Наша арганiзацыя будзе актыўна падтрымлiваць курс краiны на пераўтварэннi ў iнтарэсах людзей, адстойваць пазiцыi справядлiвасцi, прымаць удзел у выбарах i такiм чынам уплываць на жыццё грамадства, — адказаў Мiхаiл Пiшч. Пацiкавiўся ў Наталлi Зыбайла, якая на сходзе была даволi актыўнай: што яе прывяло сюды? — Мне хочацца верыць, што наша арганiзацыя будзе жыццяздольнай i стане ў перспектыве на палiтычнай прасторы краiны ўплывовай структурай. З верай у гэта я i прыйшла на ўстаноўчы сход. Арганiзацыя яшчэ толькi на шляху станаўлення i толькi час пакажа, якi патэнцыял у яе закладзены. Сымон СВIСТУНОВIЧ. Ганцавiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Ганцавiчах прайшоў устаноўчы сход раённай арганiзацыi аб’яднання «Белая Русь» (ГРА ГА «Белая Русь»). Сход праходзiў на тэрыторыi мясцовага хлебазаво |
|