Забiў з-за грошай
Алена КАЗЛОВА
З залы суда Малады вясковец у пошуках сродкаў забiў трох чалавекВярхоўны суд Беларусi днямi пакiнуў без змянення прысуд для жыхара Быхаўскага раёна: за забойства трох чалавек малады вясковец пакараны пажыццёвым зняволеннем. 24-гадовы Дзмiтрый, жыхар вёскi Хомiчы, нiдзе не працаваў i п’янстваваў. Сямейная сiтуацыя ў яго была складаная: двое малых дзяцей i грамадзянская жонка. Грошай на жыццё i ўтрыманне дзяцей катастрафiчна не хапала. Аднак малады бацька з лёгкасцю прагуляў i прапiў 250 тысяч рублёў, якiя дала, прадаўшы карову, на падтрыманне сям’i яго мацi. Сужыцелька не вытрымала такога здзеку i выгнала Дзмiтрыя з бацькоўскай хаты. Жанчына паставiла строгую ўмову: не з’яўляцца на парозе, пакуль не знойдуцца грошы. Ён i пайшоў шукаць: толькi вырашыў не зарабiць працай, а адабраць грашовыя знакi ў iншых людзей. Малады чалавек за той час ужо трапiў пад увагу мiлiцыi ў сувязi з крадзяжом маёмасцi грамадзян, аднак i гэта яго не спынiла. Ён пайшоў да пенсiянераў-аднавяскоўцаў. Ён, натуральна, фiзiчна больш моцны за састарэлага мужчыну, якому было больш за 70 гадоў. Падагрэты алкагольным напоем, ён без боязi напаў на гаспадара. Навалiўся ззаду i бiў абухом сякеры па галаве. Стары памёр на месцы. Забойца адцягнуў яго цела ў хлеў, потым вывеў на двор гаспадыню: сказаў, што яе мужу стала дрэнна, i таксама сякерай забiў жанчыну. Дзмiтрый закапаў у хляве целы мужа i жонкi, пасля чаго абшукаў хату. У падушцы знайшоў сцiплыя зберажэннi старых, забраў 670 тысяч рублёў i 40 долараў. Прыхапiў з сабой i два з паловай лiтры самагону. На наступны дзень малады чалавек рушыў да свайго знаёмага ў вёску Шмакi Кiраўскага раёна. Да кампанii далучыўся i трэцi мужчына, у кiшэнi якога Дзмiтрый убачыў грашовыя знакi, ды нямала. П’янка завяршылася ў хаце больш заможнага таварыша. Неўзабаве сябра Дзмiтрыя заснуў, а гаспадар пайшоў па ваду. Гэтым часам малады чалавек стаў шукаць грошы, i за гэтай справай яго заспеў мужчына. Дзмiтрый напаў на яго, нанёс удар у жывот кухонным нажом, стаў душыць, а потым яшчэ i падвесiў на дроце, зачапiўшы яго за вешалку на сцяне. Забойца абшукаў хату i знайшоў кашалёк з грашыма, там было болей за 2 мiльёны рублёў. У яго яшчэ хапiла розуму пабегчы да сябра, пабудзiць яго i сказаць, што трэба iсцi да iх знаёмага, бо з iм здарылася нешта дрэннае. Так яны разам знайшлi труп мужчыны. Мiж тым Дзмiтрый прыхаваў кашалёк i запомнiў месца, каб потым забраць грошы. Але хутка давялося шукаць схаванае разам з мiлiцыяй. Праз некалькi дзён Дзмiтрый прыйшоў з пакаяннем. Экспертыза прызнала забойцу псiхiчна нармальным чалавекам, вось толькi ад хранiчнага алкагалiзму яму давядзецца лячыцца. Усе злачынствы ён учыняў, калi быў п’яны, у большай цi меншай ступенi. Гэты факт, як i грамадская небяспека злачынстваў i антысацыяльны лад жыцця абвiнавачанага, былi прызнаны судом абставiнамi, якiя абцяжарваюць яго вiну. На iншай чашы шаляў — яўка з пакаяннем. Суд прызнаў Дзмiтрыя вiнаватым у трох забойствах, якiя былi ўчынены з асаблiвай жорсткасцю i ў спалучэннi з разбоем. А ў якасцi пакарання прызначыў пажыццёвае зняволенне. — Так, гэта даволi суровы прысуд, — сказаў суддзя Магiлёўскага абласнога суда Рыгор Качалаў, якi разглядаў справу Дзмiтрыя. — Але чалавеку, якi забiў трох чалавек, увогуле трэба было выносiць смяротнае пакаранне. Аднак заменнiкам выключнай меры з’яўляецца пажыццёвае зняволенне. Мы ўлiчылi, што забойца — зусiм малады чалавек, i ў яго жыццi, можа быць, яшчэ не ўсё страчана. У яго ёсць час i шанц на выпраўленне. Паводле заканадаўства, праз два дзесяткi гадоў, пры ўмове нармальных паводзiнаў i станоўчых характарыстык, ён можа быць вызвалены i пачаць новае жыццё. Праўда, на судзе заўважылi, што малады забойца не вельмi i раскайваўся. Прычым часам ён прасiў яго расстраляць, каб больш не мучыцца, а часам спрабаваў пераканаць, што забойствы ўчынiлi зусiм iншыя людзi. У вынiку Дзмiтрый абскардзiў прысуд Магiлёўскага абласнога суда, аднак Вярхоўны суд пакiнуў яго без змяненняў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Малады вясковец у пошуках сродкаў забiў трох чалавек
|
|