Андрэй МУКАВОЗЧЫК: «Пакуль нас не пераканаюць, што гэта крута, мы свайго не прызнаем»Смешна сказаць Беларускаму Клубу вясёлых i знаходлiвых сёлета — 20 гадоў. Многiя людзi чамусьцi пачынаюць смяяцца з адной толькi гэтай лiчбы — вiдаць, не вераць. Або проста дрэнна ведаюць гiсторыю руху КВЗ. Насамрэч яшчэ ў 1966 (!) годзе мiнская каманда дайшла да фiналу Усесаюзнага КВЗ. А праз пяць гадоў вясёлыя i знаходлiвыя з Беларускага полiтэхнiчнага iнстытута пад старшынствам Алега Быкоўскага стала чэмпiёнам у гульнi, i гэта паказалi ўсёй краiне па цэнтральным тэлебачаннi.Але ж... тады атрымлiваецца арыфметычная нестыкоўка? Беларускiя каманды былi, а беларускага КВЗ — не? 20-годдзе чаго, у такiм выпадку, мы сёлета адзначаем? З такiмi вось думкамi мы i звярнулiся да старшынi Праўлення маладзёжнага грамадскага аб’яднання «Беларускi КВЗ» Андрэя Мукавозчыка. — У Савецкiм Саюзе нiякага дзялення на асобныя клубы вясёлых i знаходлiвых не iснавала, быў агульны КВЗ, якi транслявала Цэнтральнае тэлебачанне. I нiхто не лiчыў, што каманда з Адэсы або з Мiнска прадстаўляе Украiну або Беларусь — усе былi «нашы». А калi ў 1986 годзе КВН адрадзiўся, дэ-факта склалася сiтуацыя, што ёсць асобна Расiя, асобна Беларусь. Праз нейкi час гэта было пацверджана i дэ-юрэ. Чаму мы лiчым, што нам 20 гадоў? Бо рух КВЗ на гэтай тэрыторыi, у гэтай краiне рэальна пачаўся ў 1987 годзе — зарадзiлася свая сетка турнiру, свае каманды, у пэўнай ступенi свае правiлы i г.д. — У беларускага КВЗ ёсць канкрэтная дата дня нараджэння? — Няма. Усесаюзны КВЗ выбраў такiм днём дату першага эфiру. А мы гэтага неяк не замацавалi — тады проста нiхто не здагадваўся, што дзень трэба спецыяльна запамiнаць. Святкаваць будзем 26 лiстапада, што дзесьцi прыкладна супадае з той самай датай... (Смяецца). — Ужо адбылася Першая летняя Алiмпiяда КВЗ, з якой афiцыйна пачынаюцца святочныя мерапрыемствы. Як яшчэ адзначыце? — Калi вельмi коратка, то план наступны. Мы абвясцiлi акцыю «Дзiця КВЗ». Першае дзiця, якое народзiцца ў Мiнску 26 лiстапада, атрымае 20-гадовы пастаянны абанемент на ўсе мерапрыемствы беларускага Клуба вясёлых i знаходлiвых. Канешне, напачатку iм будуць карыстацца шчаслiвыя бацькi, але i дзiця, спадзяёмся, паспее далучыцца да КВЗ. Яшчэ мы абвясцiлi адкрыты конкурс на новы лагатып Клуба — пара, вiдаць, паспрабаваць яго палепшыць. Рыхтуемся да выпуску першага лiцэнзiйнага (падкрэслю — лiцэнзiйнага!) DVD-дыска з гульнямi КВЗ. Пакуль абмяркоўваем, як гэта лепш арганiзаваць. Ёсць пэўныя задумкi i прапановы наконт Iнтэрнэт-тэлебачання, якое, магчыма, увосень выльецца ў нешта канкрэтнае. А 17 чэрвеня на Першым канале выходзiць новая тэлевiзiйная праграма — гэткi падарунак самiм сабе ў юбiлейны год. Па поўнай праграме — Тэлепраектаў, якiя выйшлi з КВЗ, на розных тэлеканалах — хоць гаць гацi: «Наша Russiа», «Камедзi Клаб», «Бла-бла шоў», ды яшчэ розныя камедыйныя сiткомы, ад «Дзядулi маёй мары» да «Траiх зверху», сцэнарыi да якiх пiшуць былыя iгракi ў КВЗ. Цi не замнога гумару, як лiчыце? З такiмi тэмпамi КВЗ можа выклiкаць у гледачоў тую ж рэакцыю, што i «Аншлаг»... — Статус «Аншлага» КВЗ не атрымае па адной простай прычыне: першапачаткова КВЗшнiкi пiшуць сабе самi, а ў «Аншлагу» i «Крывым люстэрку» акцёры перабiваюцца чужымi тэкстамi. Гэта прынцыпова. Калi апошнiя дзве праграмы заменiць КВЗ або яго вытворчыя праекты, гэта, на маю думку, у любым выпадку крок наперад. Нават два крокi — па шчыльнасцi добрых жартаў. — Не буду арыгiнальнай, спытаўшы пра адносiны беларускага КВЗ i беларускага ж «Камедзi Клаб». Вам цiкава глядзець на тое, што яны робяць? — Не, не вельмi. Там усё зразумела пасля некалькiх праграм. Я часам праглядваю яго, каб быць у курсе — ну, як людзi гартаюць свежыя газеты, — з засмучэннем бачу, што нiчога новага не адбываецца, i пераключаю на iншую праграму. — Не бывае крыўдна, што аснова беларускага «Камедзi» — колiшнiя «зоркi» нашага КВЗ, якасная i цiкавая каманда «Вдребезги»? — Крыўдна, але не ў тым сэнсе. Крыўдна, што ў свой час мы не змаглi прапанаваць гэтым iгракам, як i многiм iншым яркiм i таленавiтым асобам, iншай альтэрнатывы постКВЗшнага жыцця. Кожны вырашаў гэтае пытанне па-свойму. Хтосьцi сумеў стаць рэдактарам КВЗ, хтосьцi пераквалiфiкаваўся ў аўтары для iншых каманд — напрыклад, наша беларуская група аўтараў працавала з вельмi многiмi, у тым лiку з чэмпiёнам Вышэйшай лiгi КВЗ камандай РУДН. Кагосьцi паглынулi сiткомы i ўвогуле серыялы, але не ўсе змаглi i захацелi ў гэты працэс уключыцца. У Маскве ў вынiку людзi самi зрабiлi i ўладкавалi сабе новую нiшу — «Камедзi Клаб». Малайцы, узялi чужы фармат i адаптавалi «пад сябе». Далей сталi яго кланiраваць, па прынцыпу «Макдональдс». А цяпер i мы можам зрабiць тым, хто адыграў сваё на сцэне, але поўны сiл i iдэй, цiкавую прапанову — «Вот так шоу». — Мяркуючы па анонсу гэтай праграмы, гэта будзе «наш адказ Камедзi»: фармат вечарынкi, «зорныя» госцi i жарты ў iхнi адрас. Так? — Для нас гэта не процiстаянне з «Камедзi Клаб Мiнск Stуlе», гэта проста яшчэ адны дзверы, яшчэ адзiн выбар для КВЗшнiкаў. Прычым удзельнiчаць у праекце змогуць не толькi былыя, але i дзеючыя iгракi — гэта не праблема. Сапраўды, будзе фармат клубнай вечарынкi, прадстаўленай у тэлеверсii. Гэткi кактэйль з сяброўскай сустрэчы КВЗшнiкаў i эстрадных «зорак», увогуле вядомых людзей. I тым, хто ўмее спяваць, але не ўмее жартаваць, мы прапануем як быццам паглядзець на сябе, свае дасягненнi i сваю творчасць збоку, навучыцца не баяцца быць смешнымi — з дапамогай пародыi на песню, жартоўных iнтэрв’ю, спеваў пад караоке або гульнi на тэму «Як добра вы ведаеце творчасць артыста N.»... Усе разам будуць пагружацца ў гумарыстычную атмасферу, прычым ствараць яе могуць не толькi iгракi, але, напрыклад, тамада, вядучыя розных забаўляльных праграм — дзверы расчыненыя для ўсiх. Нам цiкавая рэакцыя гледачоў: дзеля гэтага спецыяльна запусцiм тры праграмы напрыканцы тэлесезона, 17, 24 чэрвеня i 1 лiпеня. А ў новым тэлесезоне, зрабiўшы «прыстрэлку», будзем выходзiць штотыдня. План-схема для навiчкоў Структура КВЗ для недасведчаных — штука заблытаная. «Гэта тое ж самае, што з Кубкам УЕФА i ФIФА, — сцвярджае Андрэй Мукавозчык. — Калi ты захапляешся футболам, то ў гэтым разбiраешся, а калi не — цёмны лес. Чаму ж КВЗ павiнен быць прасцейшым за футбол?» Каб не заблукаць у «цёмным лесе», праводзiм для чытачоў кароткую экскурсiю па Клубу вясёлых i знаходлiвых увогуле i беларускаму КВЗ у прыватнасцi. Мiжнародны саюз КВЗ — практычна карта свету КВЗ, аб’яднанне ўсiх каманд, якiя гуляюць па правiлах, сфармуляваных тэлевiзiйным творчым аб’яднаннем «АМiК». ТТА «АМiК», такiм чынам, заканадаўца моды. У яго структуры — чатыры так званыя тэлевiзiйныя лiгi: Вышэйшая лiга, Прэм’ер-лiга, Першая (зараз яна ў Нiжнiм Ноўгарадзе) i Вышэйшая Украiнская лiга ў Кiеве. У кожнай з iх старшынствуе Маслякоў-старэйшы або Маслякоў-малодшы, i, адпаведна, кожная з iх здымаецца для тэлеверсii. I каманды туды падбiраюцца калi не вопытныя, то i не з вулiцы, а больш цi менш загартаваныя ў нейкiх гульнях. У якiх? Напрыклад, трэба каля года павыступаць у адной з цэнтральных лiг, асноўная задача якiх — якраз кузня кадраў. Цэнтральныя лiгi — iх ад 8 да 12 — таксама падпарадкоўваюцца «АМiК» i працуюць па яго правiлах. У гэтым шэрагу вядучыя пазiцыi займае Еўралiга — што пацвярджаецца хоць бы прысутнасцю ў ёй рэдактара Вышэйшай лiгi МС КВЗ Леанiда Купрыда — i лiчыцца адным з найлепшых «унiверсiтэтаў» для вясёлых i знаходлiвых. (Еўралiгу якраз праводзiць у Мiнску па дамоўленасцi з «АМiК» маладзёжнае ГА «Беларускi КВЗ», а значыць, мы — частка агульнага цэлага). Яшчэ нiжэй цэнтральных — мiжрэгiянальныя мясцовыя лiгi, а за iмi — мноства дробных неафiцыйных лiг, якiя мараць з цягам часу таксама ўвайсцi ў «АМiК» i прабiцца да тэлеэфiраў. Але адначасова з Еўралiгай у Беларусi праходзiць свая ўласная гульня — рэспублiканскi чэмпiянат каманд КВЗ. Гэта самастойная пляцоўка, на якой працуе меншая колькасць каманд — толькi беларускiя, але затое большая ступень творчай свабоды — i ў плане рэдактуры, i ў плане конкурсаў, i ў сэнсе тэлеверсii. Чэмпiён Вышэйшай лiгi беларускага КВЗ, дарэчы, трапляе ў Еўралiгу, а адтуль — пры пэўнай долi шанцавання — у iншыя лiгi i маскоўскiя тэлеэфiры. Некаторыя конкурсы, прыдуманыя беларусамi, таксама з задавальненнем выкарыстоўваюцца Масквой: «Хакей», «Агучка», «Бiятлон» i «5 жартаў пра...». — Цi доўга прыдумваюцца новыя конкурсы? — Прыдумвацца могуць i за секунду, а вось абкатваюцца доўга, пакуль мы не зразумеем, як гэта працуе. «Хакей», калi мы толькi прыдумалi яго з Валодзем Максiмковым, быў зусiм не такi, як зараз. Гэты конкурс быў значна менш дынамiчны, складаны i цягучы. Зараз яго складана апiсаць, затое дастаткова адзiн раз паказаць — i ўсiм усё зразумела: камандам, суддзям i гледачам. Таго ж мы дабiваемся ад усiх астатнiх конкурсаў, хоць у Вышэйшай i Прэм’ер-лiзе iх усё адно потым перароблiваюць на свой лад. Дарэчы, столькi «спартыўных» назваў у беларускiм КВЗ нездарма — арганiзатары нiколi не забываюць, што ў гульнi важна не толькi жартаваць на зададзеную тэму, але i вытрымлiваць дух спаборнiцтва, што важна не толькi для выступлення каманд, але i для максiмальна аб’ектыўных ацэнак журы. — Лiчыцца добрым тонам сказаць, што беларускi КВЗ нецiкавы. Як чалавек, якi неаднаразова сядзеў на «жывых» гульнях у зале, ведаю, што гэта не так: КВЗ смешны i цiкавы. Нецiкавай чамусьцi атрымлiваецца тэлеверсiя. Штосьцi можна з гэтым зрабiць? — Для мяне гэтае пытанне дзелiцца на тры складовыя. Першае: рэйтынг самога канала. Мы не можам скочыць вышэй яго. Не можа адна праграма быць больш «глядзельнай», чым усё тэлебачанне. Трэба расцi разам. Мы спрабуем. Другое: вечная наша звычка ганьбiць сваё. Я толькi два народы такiх ведаю — беларусы i яўрэi, — у каго няма прароку ў сваёй айчыне. Гэта псiхалогiя мястэчка. Прычым гэта забiта на ўзроўнi падсвядомасцi: «Гэна не звязда! Гэна ж той хлопец, у яго кум — дык ён маёй сястры дзевер! Харошы хлопец, але не звязда. Я яго знаю, гэта ж Вадзiк Галыгiн...». Нам пакуль не скажуць «там», што гэта крута, мы самi не прызнаём. Сказалi ў Расii, што «Ляпiсы» — гэта «зоркi», так i ў нас яны зрабiлiся зоркамi, сказалi, што Галыгiн малайчына — тады паверылi. Нам яшчэ, пэўна, гадоў 100 трэба, каб гэтую псiхалогiю пераламаць — бо надта доўга да нас даводзiлася, што мы ўскраiна Рэчы Паспалiтай, Паўночна-Заходнi край, рыса аседласцi, i так нам i трэба... Трэцi момант: а давайце параўнаем, за якiя грошы расiйскi Першы канал набывае праграму ў ТТА «АМiК», i колькi ўкладваем мы. Прычым ёсць жа мяжа разумнага ўкладвання грошай — бо калi мы раскруцiлi таленавiтую каманду, то ў наступным сезоне яе ў нас забяруць у «вышку», а нам дастанецца 30 пачаткоўцаў. Не можа быць школа абсталявана лепш за ўнiверсiтэт, дый не павiнна. Таму мы i не iдзём на тое, каб капiраваць маскоўскую праграму, паказваем не ўсе гульнi, а дайджэст лепшага. Гэта для аматараў, для тых, каму КВЗ падабаецца — глядзiце на новыя твары, мы iх для вас адкрываем. Для нас гэта «ЕўраФэст», а ў «вышцы» ўжо «Еўрабачанне». Людзi з планеты КВЗ — Не так даўно пад вашай рэдакцыяй выйшла кнiга «КВЗ — крок за крокам», i яна нават рэкамендаваная ў якасцi вучэбнага дапаможнiка для педагогаў-арганiзатараў. Вы альтруiст, атрымлiваецца, што не баiцеся дзялiцца вопытам i прафесiйнымi сакрэтамi, якiя напрацоўвалiся дзесяткi гадоў? — Атрымлiваецца, так... Нiколi не думаў з гэтай пазiцыi. Падыход такi: хтосьцi можа бiцца за жарты — «у нас яго скралi, а мы першыя прыдумалi», а хтосьцi не перажывае, бо яшчэ сабе прыдумае. Так што бярыце, карыстайцеся тэхналогiямi — гэта далёка не ўсё, на што хапае нашай фантазii. Прыдумак яшчэ мноства. Калi даспеем да таго, каб iх можна было выкласцi на паперы — другую кнiжку напiшам. — Вадзiм Галыгiн сцвярджае, што гумар — не жаночая справа. А па-вашаму, жаночыя каманды, якiя ўпарта штурмуюць гульню, маюць перспектывы? — Не ў тым справа, каб гэта была забароненая сфера для жанчын. Мне здаецца, сэнс у iншым. Гумар — гэта творчасць. Нiколькi не жадаючы пакрыўдзiць жанчын, усё ж трэба разумець, што ў гiсторыi чалавецтва, у нашай мужчынскай цывiлiзацыi менавiта мужчыны лiдзiруюць у пералiку пiсьменнiкаў, музыкантаў, мастакоў, навукоўцаў... «Мужчынскацэнтрычная» арганiзацыя жыцця фармiруе ўсё астатняе па сваiх правiлах, i гумарам жанчынам цяжэй займацца проста таму, што iм цяжэй у дадзеных умовах займацца любой творчасцю. Цяжка, але не немагчыма. Жаночым камандам больш складана, бо да iх першапачаткова iншае стаўленне, у iх больш вузкiя межы гумару. Каб перамагчы, iм трэба прыкласцi куды больш намаганняў, з iм пераважная большасць каманд элементарна не здольная справiцца. А вось адна дзяўчына-артыстка ў складзе каманды — гэта неабходная фарба, якую рэжысёр умела выкарыстоўвае. Так «раскруцiлi» вобраз Наташы Пятрэнка («Ала Пугачова») з першага складу каманды БДУ або Марыны Грыцук («Пацаны з Серабранкi») — з другога. — Андрэй Мiкалаевiч, — цiкаўлюся я ўжо на развiтанне, — мала якая каманда ўпускае выпадак «прайсцiся» па членах журы i тым больш па вядучаму. Памятаеце якiя-небудзь сапраўды смешныя жарты аб сабе? — Каманды жартуюць не з мяне, а з асобы вядучага ўвогуле. Каб жарт быў сапраўды смешным, ён павiнен быць зразумелым — не зборнiк «Фiзiкi жартуюць», калi мала хто ўсведамляе, з чаго, уласна, трэба смяяцца, а нешта блiзкае для ўсiх. Члены журы могуць мяняцца ў апошнi момант, а вядучы — ён жа тут, побач, ён заўжды на сцэне! Таму ў Вышэйшай лiзе на ГРТ пастаянна жартуюць з Маслякова, а ў Еўралiзе цi беларускай Вышэйшай лiзе — з Мукавозчыка. Я часам з задавальненнем падыгрываю, але практычна нiчога не запамiнаю. На гэты конт ёсць адна добрая фраза, якую iгракi сказалi Маслякову на фестывалi ў Сочы: «Аляксандр Васiльевiч, вам даводзiцца выслухоўваць тысячы непатрэбных жартаў...». Паводле слоў Андрэя Муквозчыка, Беларускi КВЗ не выконвае ролi прадзюсарскага цэнтра для асобных каманд, задача — «раскруцiць» увесь рух. Але «зоркi» запальваюцца пастаянна, i гэта толькi на карысць гульнi. Акрамя ўзгаданых па тэксту iгракоў i каманд, варта адзначыць яшчэ выканаўчага дырэктара тэлеканала СТС Вячаслава Муругава, спявачку Ларысу Грыбалёву, папулярнага беларускага пiсьменнiка Андрэя Жвалеўскага, клiпмейкера Анатоля Вечара, музыканта Андрэя Дзяркова, каманды «ЧП», «Бывала i горш», «Беларускую зборную»... Магчыма, прасцей пералiчыць тых, хто ўвогуле не мае дачынення да КВЗ, чым яго «гадаванцаў». I гэта толькi пачатак. Вы ж не думаеце, па шчырасцi, што 20 гадоў — гэта прыгожы фiнал? Гэта нават не адна чацвёртая... Смех стрымлiвала Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускаму Клубу вясёлых i знаходлiвых сёлета — 20 гадоў. Многiя людзi чамусьцi пачынаюць смяяцца з адной толькi гэтай лiчбы — вiдаць, не вераць. Або
|
|