Губляем спадчыну, не беражом i нават не плачам?..
Наталля IСАЕВIЧ
Пакуль гарадскi пасёлак Смiлавiчы жмурыўся ад сонца, што кот на прызбе, хлопцы i дзяўчаты з Мiнска ўжо дамаўлялiся з кiроўцам трактара, калi той вернецца па прычэп. Аднак сталiчныя госцi не адпачываць прыехалi, а наадварот — працаваць. Арганiзатарам вандроўкi стала зусiм яшчэ маладая суполка ТБМ на гiстарычным факультэце БДУ, удзельнiкi якой i вырашылi навесцi парадак на тэрыторыi смiлавiцкага палацавага комплексу.
— Мы як гiсторыкi не можам заставацца ўбаку, калi бачым, як багатае мiнулае нашай Бацькаўшчыны, пра якое так старанна нам распавядаюць выкладчыкi, разбураецца ў нас на вачах, — кажа старшыня Мiкола Волкаў. А разбураецца насамрэч ёсць чаму. Гарадскi пасёлак Смiлавiчы Чэрвеньскага раёна раней называўся мястэчкам. З гэтымi мясцiнамi звязаны значныя iмёны нашай гiсторыi: Агiнскiя, Манюшкi, Ваньковiчы, Суцiн... Зараз вядзецца праца па стварэнню музея мастака Хаiма Суцiна. Першапачаткова Смiлавiчы належалi роду Бакштанскiх, таму i называлiся Бакшты (Бакштаны), але пасля таго, як стаў гаспадаром Кезгайла, былi перайменаваныя. Далейшымi ўладальнiкамi мястэчка з’яўлялiся Сапегi, Завiшы, Агiнскiя, Манюшкi i Ваньковiчы. Менавiта Марцыян Агiнскi пабудаваў у Смiлавiчах замак, а за кошт гетмана лiтоўскага Мiхаiла Казiмiра Агiнскага быў узведзены касцёл, якi, на жаль, не захаваўся. Яго выявай можна любавацца толькi на малюнку Напалеона Орды. Аднак турыстаў вабiць менавiта палацавы комплекс, якi схаваны ад чужога вока ў сутарэннях старога парку. Ён акружаны рэшткамi таго старога замка ХХVII стагоддзя. I група гiсторыкаў, да якiх мне пашчасцiла далучыцца, разбiралася, а дзе ж быў галоўны ўезд у палац. Такая цяжкасць выклiкана тым, што палац складаецца з дзвюх частак, пабудаваных у розны час i ў розных стылях. — Вось ён, першы будынак, узведзены яшчэ Манюшкам, — распавядае Мiкола Волкаў i як аматар архiтэктуры адзначае: — Палацава-гатычны стыль, аднак квадратная ў сячэннi трохпавярховая вежа, што прымыкае да палаца, упрыгожана барочнымi валютамi. Насамрэч, ад былой раскошы засталiся руiны. Дзе тыя велiчныя метровай таўшчынi сцены? Дзе камень, якi быў усталяваны ў сценах палаца 30 лiпеня 1795 года, як сведка ўзросту будынка? Кажуць, яго знайшлi недзе ля былой школы-iнтэрната. А другая частка палаца была ўзведзена ў 1900 годзе ў стылi неаготыкi з элементамi мадэрна Лявонам Ваньковiчам, якi ажанiўся з Паўлiнай Манюшка. Цяпер стары будынак стаў служыць для прыёму гасцей, а ўезд пабудавалi з iншага боку. Калiдор, што злучаў палацы, адвялi пад зiмовы сад. У новых памяшканнях размяшчалася нават карцiнная галерэя, дзе сярод знакамiтых малюнкаў знаходзiўся твор Валенцiя Ваньковiча «Адам Мiцкевiч на гары Аю-Даг». Як аматары таямнiц, юнакi i дзяўчаты хацелi высветлiць, цi праўда iснуе той падземны ход, якi звязаны з магiлёўскiм трактам i па якiм магла праехацца нават запрэжка коней. Аднак гэта праверыць было даволi складана, бо ля палаца стаяў толькi трактар з прычэпам, гатовы прыняць смецце, якога тут было больш, мабыць, чым цаглiнак ва ўсiм палацы. Мала старых сцен, што ледзьве трымаюцца, прагнiлых балак, пад якiмi страшнавата хадзiць, пустых ваконых праёмаў, якiя ззяюць, быццам бяззубыя раты, дык яшчэ ўся старая частка засланая смеццем, бы дываном. Арганiзатары дабрачыннай вандроўкi спачатку распавялi пра гiсторыю Смiлавiчаў i палаца, а пасля ўзялiся за справу, дзеля якой прыехалi, — прыбiраць тэрыторыю. Добраўпарадкаваннем тэрыторыi займалiся i замежнiкi. Летам прыязджалi ў Беларусь студэнты з Еўропы. Арганiзатарамi выступiлi рэспублiканскае грамадскае аб’яднанне «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА» i Смiлавiцкi гарпасялковы Савет. Аднак з надыходам верасня сiтуацыя пасля такiх прыборак вяртаецца да свайго звычайнага стану звалкi. «Адкуль бярэцца столькi смецця?» — задаешся пытаннем, калi цягнеш да трактара ўжо пяты пакунак, запоўнены пустымi бутэлькамi, недакуркамi, пачкамi з-пад розных тавараў i iншым рэчамi. Мясцовыя жыхары часта бачаць ля сцен старога палаца маладых людзей з пiвам. ... Магчыма, гэта навучэнцы Смiлавiцкага аграрнага каледжа?.. Дзяўчаты, што праходзiлi праз парк, са здзiўленнем назiралi за працай валанцёраў. — Далучайцеся, спадарынi! — запрашалi хлопцы. — Ой, мы смецце збiраць не будзем, — чмыхнулi дзяўчаты i, засмяяўшыся, збеглi. А праца тым часам кiпела ва ўсю. Арганiзатары вырашылi нават наладзiць спаборнiцтва, падзялiўшы людзей на каманды, уручыўшы пакункi для смецця i шуфлi. У кожнай «харугвы» (так назвалi сябе ўдзельнiкi вандроўкi) быў свой пакой у палацы, за чысцiню якога яна несла адказнасць. Такiм чынам, пад расповеды фактаў з гiсторыi i дух спаборнiцтва прыбiраўся ад смецця стары палац. Мясцовыя жыхары, вядома, звярнулi ўвагу на маладых энтузiястаў, якiя завiхалiся ля будынка. Да нас падышоў пажылы чалавек i пацiкавiўся, хто мы такiя. — От прыязджаюць сюды валанцёры, як вы, але карысцi мала: зноўку ўсё засмецяць. I нярэдка як прыбiральню выкарыстаюць, — паскардзiўся Мiхаiл Iосiфавiч Рудкоўскi, былы настаўнiк гiсторыi школы-iнтэрната, а цяпер «пачынаючы пенсiянер», як ён сябе назваў. Раней Мiхаiл Iосiфавiч вёў заняткi i ў краязнаўчым гуртку, дзе распавядаў пра гiсторыю Смiлавiчаў, змагаўся за рэстаўрацыю палаца. Дарэчы, паводле слоў спадара Рудкоўскага, ЮНЕСКА выдзелiла 15 тысяч долараў на рэканструкцыю замка, аднак рэальна гэтых грошай можа хапiць хiба на аднаўленне даху. У мясцовым бюджэце сродкаў на рэканструкцыю няма. Стаiць зараз палац глухi i сляпы ў цiшы парку. Адчувае, што губляе з кожным днём свае цаглiнкi i толькi зрэдку радуецца прыезду валанцёраў, якiя дапамагаюць прыгадаць колiшнюю велiч i зразумець, што ён патрэбны людзям, што ён — беларускi скарб.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пакуль гарадскi пасёлак Смiлавiчы жмурыўся ад сонца, што кот на прызбе, хлопцы i дзяўчаты з Мiнска ўжо дамаўлялiся з кiроўцам трактара, калi той верне
|
|