21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Фёдар ШЭДАЎ: «Кожны судовы працэс — i для пракурора стрэс»

26.08.2009 08:48 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мiкола ДЗЯБЁЛА

Спецыяльна для «Звязды»

На яго вачах i пры непасрэдным удзеле вырашаўся лёс тысяч чалавек. Самых розных людзей: вядомых i шараговых грамадзян, крывавых злачынцаў i выпадковых парушальнiкаў закона. Начальнiк упраўлення па забеспячэнню ўдзелу пракурораў у разглядзе судамi крымiнальных спраў Генеральнай пракуратуры Беларусi Фёдар Шэдаў больш за тры дзесяткi гадоў з’яўляецца дзяржаўным абвiнаваўцам. Дакладней, усе 32 гады працы ў органах пракуратуры нашай краiны ён фактычна прадстаўляе ў судзе iнтарэсы пацярпелых ад злачынцаў людзей, змагаецца за справядлiвасць i сочыць за выкананнем законнасцi. З iм гутарыць аглядальнiк «Звязды».

— Фёдар Аляксеевiч, з чаго пачыналася ваша кар’ера дзяржаўнага абвiнаваўцы?

— З крытычнай заўвагi ад суддзi.

— За што?

— За вельмi доўгую прамову. Справа, якая слухалася ў судзе была даволi простай. Двое цыганскiх падлеткаў абрабавалi на вулiцы амаль што сваiх аднагодкаў: вытраслi з кiшэняў ахвяраў дзесьцi рубель з капейкамi. Грошы хоць i не вельмi вялiкiя, але факт рабавання, як кажуць, меў месца. Падшыванцаў злавiлi i судзiлi. Я, як памочнiк пракурора Заводскага раёна Мiнска, прадстаўляў дзяржаўнае абвiнавачванне. Паколькi гэта быў мой дэбют, то падрыхтаваўся аж занадта грунтоўна. Выступаў больш за 40 хвiлiн i суддзя зрабiў мне заўвагу за такую «цяганiну». Мне i няўцям было, што ў судзе на гэты дзень быў прызначаны яшчэ адзiн працэс i я сваiм красамоўствам парушыў графiк разгляду спраў.

Зрэшты, на вынiк працэсу гэта не паўплывала. Суд пагадзiўся з маiм меркаваннем i вынес рабаўнiкам умоўнае пакаранне.

— Такiм чынам першы блiнец для вас не аказаўся камяком. А якi працэс быў самым складаным?

— Лёгкiх працэсаў увогуле не было, i не будзе. Нават, калi справа расследавана бездакорна i вiна падсуднага вiдавочная, трэба ўлiчваць i эмацыйную атмасферу, якая ў судах звычайна наэлектрызаваная да крайняй мяжы. Кожны судовы працэс — i для пракурора стрэс. Безумоўна, свае эмоцыi даводзiцца стрымлiваць, хаваць у глыбiнi душы, але ж гэта не азначае, што мы, пракуроры, не суперажываем пацярпелым, абыякавыя да чужога гора.

— Вам даводзiлася патрабаваць выключнай меры пакарання?

— Так, i неаднойчы. I, ведаеце, гэта вельмi цяжка: прасiць суд пазбавiць чалавека, хай сабе, i крывавага злачынцу, жыцця. Не кожны пракурор i суддзя псiхалагiчна вытрымае цяжар гэтай адказнасцi. У маёй практыцы быў такi выпадак, калi ў суддзi, як кажуць, здалi нервы i яна не змагла вынесцi смяротны прыгавор, хоць вiна забойцы была цалкам даказана. Я ж асабiста ў такiя хвiлiны стараюся думаць не толькi пра лёс абвiнавачваных, але i пра iх ахвяры. Абвостранае пачуццё справядлiвасцi надае цвёрдасцi.

— Вы адчуваеце сябе прайграўшым, калi справа, як кажуць, развальваецца ў судзе?

— Не. Галоўнае, каб прысуд быў законным i справядлiвым. I калi я бачу, што следства сапраўды памылiлася, доказаў вiны падсуднага няма, то не абараняю гонар мундзiра, не апратэстоўваю рашэннi суда.

Больш за тое, у маёй практыцы былi выпадкi, калi ўжо падчас працэсу даводзiлася адмаўляцца ад абвiнавачвання падсудных, нават тых, хто падазраваўся ў забойстве, паколькi доказаў iх вiны было недастаткова. Гэта, дарэчы, абавязак дзяржаўных абвiнаваўцаў: сачыць за тым, каб прысуд быў справядлiвым, законным i гуманным.

— Але ж справядлiвасць, законнасць i тым больш гуманнасць не заўсёды крочаць разам. Нездарма ж сярод юрыстаў вельмi папулярнае выслоўе: няхай абрынецца свет, але ўладарыць закон.

— Я не падзяляю такога меркавання. Усё ж мы, дзяржаўныя абвiнаваўцы, павiнны думаць найперш пра чалавека, чый лёс знаходзiцца ў нашых руках. Асаблiва, калi злачынства не адносiцца да катэгорыi цяжкiх.

— Пры такiм стаўленнi да падсудных, вы, напэўна, часта атрымлiвалi ад iх словы ўдзячнасцi?

— Наадварот, дзякуюць часцей пацярпелыя. А добрыя словы ад абвiнавачваных чуць даводзiцца рэдка. Хоць i падобныя выпадкi былi. Адну такую гiсторыю магу распавесцi. Давялося мне падтрымлiваць дзяржаўнае абвiнавачванне па крымiнальнай справе, у якой фiгуравалi двое вядомых спартсменаў-мотагоншчыкаў, неаднаразовых чэмпiёнаў свету. Хлопцы пайшлi на парушэнне закона, так бы мовiць, у iнтарэсах сваёй справы. Спартсмены здавалi на рэалiзацыю ў краму дэталi ад айчынных матацыклаў, якiя iм выдзялялi бясплатна. Грошы iм былi патрэбны на набыццё запчастак для iмпартных матацыклаў, на якiх яны прымалi ўдзел у спаборнiцтвах. Арганiзатарам гэтай аферы быў дырэктар крамы, якi таксама меў сваю долю прыбытку. Разабраўшыся ў сiтуацыi, я папрасiў суд вынесцi мотагоншчыкам мяккi прыгавор, не звязаны з пазбаўленнем волi. Суд прыслухаўся да майго меркавання. А праз некалькi гадоў я выпадкова сустрэўся з адным з гэтых спартсменаў. Ён мяне пазнаў i шчыра дзякаваў.

— А пагрозы на свой адрас даводзiлася чуць?

— Адкрыта пагражаць пракурору злачынцы звычайна не адважваюцца, бо разумеюць, што гэта iм не сыдзе з рук, ды i прыгавор суда не стане мякчэйшым. Аднак узмоцненыя меры бяспекi прымаць даводзiлася. Iншым разам i зброю насiў, i нават ахову мне выдзялялi, калi прымаў удзел у працэсах, дзе фiгуравалi небяспечныя злачынцы. Напрыклад, у пачатку 90-х гадоў мiнулага стагоддзя я падтрымлiваў абвiнавачванне ў судзе над бандай Мезiна, напэўна, самай небяспечнай у той час злачыннай групай, якая дзейнiчала ў Беларусi.

— У вас агромнiсты вопыт працы дзяржаўным абвiнаваўцам. Не паступалi прапановы пераквалiфiкавацца ў адвакаты?

— Калiсьцi былi прапановы перайсцi на працу ў адвакатуру i ў суд, але я адмовiўся. I не шкадую.

Дарэчы, многiх маiх калег, а нас не так ужо i шмат, у органах пракуратуры ўсяго 305 дзяржаўных абвiнаваўцаў, таксама спрабавалi пераманiць, але, як правiла, мала хто пагаджаецца. Хоць, напрыклад, у адвакатаў матэрыяльны стымул значна лепшы, чым у пракурораў. Ды i ўмовы працы не такiя напружаныя. Нам жа даводзiцца прымаць удзел часам у некалькiх працэсах у дзень. Разгляд некаторых спраў зацягваецца да ночы. Словам, дзяржабвiнаваўцы нярэдка амаль што жывуць у судовых памяшканнях. Нагадаю, што зараз пракуроры падтрымлiваюць абвiнавачванне па 100 працэнтах судовых спраў. Гэта агромнiстая нагрузка. У савецкiя часы яны была амаль у тры разы меншай. Да таго ж цяпер пракурор на працэсе не толькi прадстаўляе абвiнавачванне, але i даследуе доказы, удзельнiчае ў допыце сведак i падсудных. Аднак на цяжкасцi нiхто не наракае. Вось такi пракурорскi патрыятызм.

— З людзьмi з вашай сiстэмы даводзiлася сустракацца па розных баках барыкады? Цi складана з iмi спаборнiчаць на працэсе?

— Так, даводзiлася. Але для мяне асабiста гэта не складала нейкай нязручнасцi цi тым больш звышвялiкай цяжкасцi. Сярод адвакатаў, якiя не маюць за плячыма пракурорскай практыкi, таксама шмат выдатных прафесiяналаў i з iмi няпроста спаборнiчаць на працэсах. Такiх людзей я, дарэчы, вельмi паважаю.

— А ўвогуле прынцып спаборнiцтва на працэсе ў Беларусi рэалiзоўваецца ў поўнай меры?

— Я лiчу, што пасля ўступлення ў сiлу з 1 студзеня 2001 года новых Крымiнальнага i Крымiнальна-працэсуальнага кодэксаў створаны ўсе магчымасцi для рэалiзацыi гэтага прынцыпу. Iншая справа, што не ўсе, i не заўсёды яшчэ ўмеюць iм карыстацца. Гэта датычыцца як абвiнаваўцаў, так i абаронцаў.

— Хто, на вашу думку, найчасцей вiнаваты ў судовай цяганiне?

— Вельмi многае залежыць ад якасцi папярэдняга расследавання. Таму я заўсёды па магчымасцi нагадваю следчым пракуратуры i iншых праваахоўных органаў, што следства не заканчваецца накiраваннем справы ў суд, а толькi пасля ўступлення прыгавору ў законную сiлу. На жаль, не ўсе гэта разумеюць. Адсюль i судовая цяганiна, i «развал» спраў у судах. Самае ж крыўднае, што з-за памылак следства пакутуюць пацярпелыя. А гэтага быць не павiнна.

— Можа, каб пазбегнуць памылак, варта ўвесцi ў Беларусi суд прысяжных?

— Не. Паколькi ў такiмi судзе прыгавор выносяць не прафесiяналы, то ён пераўтвараецца ў суд эмоцый, ад чаго нярэдка церпiць законнасць. Мiж iншым, у многiх краiнах адмаўляюцца ад суда прысяжных.

— Апроч узгаданага вамi «пракурорскага патрыятызму», якiмi галоўнымi якасцямi павiнен валодаць дзяржаўны абвiнаваўца?

— Спецыфiка нашай працы вымагае абсалютнай юрыдычнай дасведчанасцi i прамоўнiцкага майстэрства. З апошнiм у некаторых маладых калег бываюць праблемы i гэта, мякка кажучы, не самым лепшым чынам адбiваецца на якасцi iх працы.

— Як вы змагаецеся са стрэсамi, атрыманымi на судовых працэсах?

— Мой «рэцэпт» просты — кава i люлька.

— Паводле маiх звестак, вы яшчэ i калекцыянер люлек. Як з’явiлася такое хобi?

— Зусiм выпадкова, яшчэ да пачатку маёй пракурорскай кар’еры. Неяк на вяселлi свайго сябра ўбачыў чалавека з люлькай. Вырашыў i сам паспрабаваць. Спадабалася. З таго часу пачаў збiраць i выкарыстоўваць па прызначэнню люлькi. Нярэдка iх дораць сябры i калегi. Ёсць у маёй калекцыi экзатычныя экзэмпляры, зробленыя з марской пенкi. Разумею, што курэнне — шкодная звычка, трэба кiдаць. Але ж пакуль не атрымлiваецца. Нярэдка, толькi кава i люлька дапамагаюць зняць стрэс пасля напружанага судовага працэсу.

— Чым любiце займацца ў вольны ад працы час?

— Калi выпадаюць вольныя гадзiны, то бяру ў рукi кнiгу альбо еду вудзiць рыбу. Раней быў заўзятым паляўнiчым, але пакiнуў гэты занятак. Часу няма. Ды i звяроў стала шкада, iх з кожным годам становiцца ўсё меней.

— Якiх поспехаў дасягнулi ў рыбалоўстве?

— Мой уласны рэкорд — 37 шчупакоў за адну рыбалку. Самы вялiкi трафей важыў больш за 5 кiлаграмаў.

Зрэшты, для мяне галоўнае не колькасць злоўленых рыб i iх вага. Важны сам працэс, магчымасць адпачыць на прыродзе.

— А якую лiтаратуру чытаеце? Напэўна, дэтэктывы любiце?

— Не. Такiх сюжэтаў хапае на працы. Аддаю перавагу гiстарычным творам, а таксама падручнiкам па прамоўнiцкаму майстэрству.

— Наша размова адбываецца напярэдаднi прафесiйнага свята айчынных вартавых законнасцi. Што хацелi б пажадаць калегам з нагоды юбiлею — 85-годдзя з моманту ўтварэння беларускай пракуратуры?

— Вядома ж, найперш здароўя. А яшчэ — поспехаў у нашай нялёгкай i вельмi важнай працы.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На яго вачах i пры непасрэдным удзеле вырашаўся лёс тысяч чалавек. Самых розных людзей: вядомых i шараговых грамадзян, крывавых злачынцаў i выпадковых
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика