Беларускае Палессе: эканомiка i экалогiя
Да Мiжнароднага семiнара «Еўрапейскае Палессе — гаспадарчае значэнне i экалагiчная рызыка» (г. Пiнск, 19—21 чэрвеня)
Пра Палессе напiсана шмат навуковых прац, лiтаратурных твораў, складзена нямала песень. Гэты край варты таго. Але чаму больш як сто гадоў такая цiкавасць да яго? Чаму людзi так неахвотна пакiдаюць свае родныя палескiя мясцiны нават пасля таго, калi туды прыйшла чарнобыльская бяда? Гэты феномен не раскрыты. Як i няма адказаў на многiя iншыя пытаннi, звязаныя з Палессем. Здаецца, зусiм нядаўна пiсаў вядомы рускi паэт Канстанцiн Случэўскi: «Забалочванне Палесся не толькi адымае ў культуры велiзарныя прасторы зямель, па клiматычных умовах здольных да высокай прадукцыйнасцi, але таксама вельмi гiбельна ўплывае на фiзiчную сiлу насельнiцтва, якое атрымала сумную вядомасць сваiм слабасiллем i каўтуном». I як непазнавальна змянiўся палескi рэгiён менш чым за 50 гадоў. Беларускае Палессе займае амаль 30 працэнтаў тэрыторыi краiны, на якой жыве больш за палову яе сельскага насельнiцтва. Размешчанае ў цэнтры Еўропы Палессе ўнiкальнае ў фiзiка-геаграфiчных адносiнах. Тут захавалiся ў натуральным стане вялiзныя лясныя i балотныя масiвы, шырокiя поймы. Усё гэта мае важнае гаспадарчае i экалагiчнае значэнне. Беларускае Палессе з’яўляецца буйной складовай пояса «Палессяў», якi прасцiраецца ад Перадуралля да Карпат. Велiзарная тэрыторыя, якая складае больш чым 20 мiльёнаў гектараў. У Расii, Украiне, Беларусi, Польшчы... I ўсё ж нас у першую чаргу цiкавiць беларускае Палессе, якое вельмi многа значыць менавiта для нашай краiны. Тут сканцэнтраваны яе асноўныя прыродныя багаццi — нафта, калiйная соль, вугаль, торф, лес. Прырода падарыла гэтаму краю самае цёплае лета i мяккую зiму; вегетацыйны перыяд сельскагаспадарчых раслiн у Палессi на месяц большы, чым на поўначы нашай невялiкай краiны, што стварае спрыяльныя магчымасцi для iнтэнсiўнага земляробства. Можа, самае важнае — тут жывуць фантастычна працавiтыя i адданыя свайму краю людзi. Яны яго добра ведаюць, яны яго любяць i хочуць, каб ён заўтра быў яшчэ прыгажэйшым i больш багатым. Сёння беларускае Палессе — магутны iндустрыяльна-аграрны рэгiён, прадукцыя якога iдзе ў многiя краiны. Тут здабываецца ўся беларуская нафта, робiцца яе глыбокая перапрацоўка, вырабляюцца ўсе калiйныя ўгнаеннi, здабываецца торф i мiнеральная вада, у вялiкiх аб’ёмах перапрацоўваецца драўнiна. Працуе ва ўсiх абласцях сельскагаспадарчая тэхнiка «Гомсельмаша». Аграрны сектар эканомiкi Палесся таксама знаходзiцца на ўздыме, хоць хапае тут праблем i цяжкасцяў. Амаль палавiна сельскагаспадарчых зямель палескага рэгiёна мелiярацыйна пераўтворана. За гэтым — 1,6 мiльёна гектараў абноўленых угоддзяў. У сярэднiм на кожную сельскую гаспадарку прыпадае больш чым па 1500 гектараў. Асноўнае мелiярацыйнае будаўнiцтва ажыццяўлялася ў перыяд з 1960 па 1990 год. За 30 гадоў на гэтыя мэты толькi дзяржаўныя iнвестыцыi перавысiлi 5 мiльярдаў долараў ЗША. Гэтыя сродкi пайшлi не толькi на асушэнне балот i забалочаных зямель. Узводзiлася жыллё, пракладвалiся дарогi. Сёння дарожная сетка тут звязвае раённыя цэнтры практычна з усiмi гаспадаркамi. А мiж тым, яшчэ не так даўно бездарожжа скоўвала дзейнасць многiх палескiх раёнаў. Дзяржаўная праграма адраджэння i развiцця вёскi на 2005—2010 гады, якая цяпер ажыццяўляецца, прадугледжвае далейшае развiццё палескага краю, умацаванне яго эканомiкi, вырашэнне сацыяльных пытанняў; будуюцца новыя аграгарадкi. Але задоўга да гэтага ў Палессi, на яго мелiяраваных землях, стваралiся саўгасы — правобразы цяперашнiх новых паселiшчаў. Многiя з iх i цяпер з’яўляюцца лепшымi ў сваiх рэгiёнах i абласцях. Так, далёка за межамi Столiншчыны вядомы СВК «Фядорскi», якiм кiруе таленавiты арганiзатар сельскагаспадарчай вытворчасцi Рыгор Аляксеевiч Дзямко. Калi ўважлiва пазнаёмiшся з гэтай гаспадаркай, пабываеш на яе палях i фермах — прыходзiш да глыбокага пераканання: палеская зямля яшчэ доўга будзе добра радзiць, будзе радаваць чалавека... У Бярозаўскiм раёне адным з першых у рэспублiцы быў створаны саўгас «Малеч», цяпер гэта аграфiрма з той жа назвай. Доўгiя гады кiруе гаспадаркай Iван Мiкалаевiч Данiлевiч. Гэта мудры, усебакова падрыхтаваны кiраўнiк, якi выдатна ведае раслiнаводства i жывёлагадоўлю, а пры гэтым усё «прапускае» праз эканомiку. У Любанскiм раёне, у якiм раней, чым у iншых раёнах, пачалася мелiярацыя, вырасла, па сутнасцi, ужо трэцяя генерацыя выдатных спецыялiстаў мелiярацыйнага земляробства. Некалi ў такiх гаспадарках, як «Чырвоная змена», iмя БВА, iмя 10-годдзя БССР было па 5—6 Герояў Сацыялiстычнай Працы. Цяпер дзяржава не такая шчодрая на ўзнагароды, але гэта не значыць, што там майстры земляробчага цэха сталi слабейшымi. Як вопытны лоцман, вядзе СВК «Палессе» Любанскага раёна Нiна Вiкенцьеўна Жалязнова. Змянiлiся землi, яны ўжо не тыя, што былi 30—40 гадоў таму. Пачасцiлiся пагодныя анамалii, а гаспадарка ўпэўнена працуе, як i раней. Упэўнена працуе не толькi ў новых гiдралагiчных, але i ў новых эканамiчных умовах. Мелiярацыйны комплекс Палесся — гэта не толькi абноўленая зямля, гэта сотнi тысяч кiламетраў адкрытых каналаў i закрытых асушальнiкаў, амаль 18 тысяч гiдратэхнiчных збудаванняў, звыш 400 помпавых станцый, некалькi соцень вадасховiшчаў i сажалак. Усё гэта, узведзенае некалькi дзесяцiгоддзяў таму, павiнна i сёння дакладна працаваць, як гадзiннiк. Толькi ў такiм выпадку можна чакаць эфекту, якi быў бы адэкватны зробленым выдаткам, чакаць прыбаўкi ўраджаяў, малака i мяса. Як утрымлiваць адзначаную дакладнасць? У сувязi з гэтым пытаннем варта падкрэслiць: толькi бягучая эксплуатацыя аднаго гектара мелiяраваных зямель абыходзiцца ў 25 долараў. А яшчэ ж трэба ажыццяўляць i рамонт мелiярацыйных сiстэм, i iх мадэрнiзацыю, рэканструкцыю. Гэтыя сiстэмы старэюць, i ад гэтага факта нiкуды не падзецца. Разам з тым поўная рэканструкцыя яўна не па кiшэнi землекарыстальнiку i дзяржаве. Значыць, трэба пэўную частку мелiярацыйных сiстэм як бы адпраўляць «на пенсiю». Нарматыўна-заканадаўчых актаў на гэты конт у краiне пакуль што няма. I гэта дрэнна. Палессю, як i ўсёй рэспублiцы, патрэбен эфектыўны закон аб мелiярацыi, закон, якi рэгламентаваў бы не толькi ажыццяўленне мелiярацыйных работ, але i строгую адказнасць за нядбайнае або некампетэнтнае выкарыстанне мелiяраваных зямель i мелiярацыйных сiстэм. У палескiх ландшафтах сёння пераважаюць мелiяраваныя аграландшафты. Як iх зрабiць максiмальна ўстойлiвымi да часу, а разам з тым i заўсёды прадукцыйнымi? Як пазбегнуць дэградацыi зямель? Значэнне прыродных комплексаў Палесся для Беларусi i Еўропы Беларускае Палессе — гэта спалучэнне лясных i балотных ландшафтаў, якiя сфармiравалiся на вялiзных пясчаных раўнiнах. Блiзкае да паверхнi заляганне грунтовай вады i плоскi рэльеф абумовiлi высокую забалочанасць i затапленне значных тэрыторый пры паводках. Асаблiвую каштоўнасць для бiясферных працэсаў маюць балоты i балотныя ландшафты Палесся ў спалучэннi з шырокiмi поймамi Прыпяцi i яе шматлiкiх пратокаў. Нягледзячы на прамысловую распрацоўку торфу i мелiярацыю, у рэгiёне яшчэ захавалася каля паловы плошчы балот у iх натуральным стане. Большасць з iх размешчаны на шляхах мiграцыi водна-балотных птушак, якiя зiмуюць у Заходняй Еўропе i ляцяць гнездавацца на поўнач Расii. Акрамя таго, цераз Палессе мiгрыруюць «сухапутныя» i водна-балотныя птушкi i з iншых накiрункаў. Наяўнасць багатай кармавымi рэсурсамi забалочанай поймы Прыпяцi, а таксама буйнейшых у Еўропе травяных балот дазваляе аслабленым падчас пералёту птушкам адпачываць тут i харчавацца, а потым працягваць свой шлях. Балоты i абводненыя ўчасткi поймаў з’яўляюцца таксама важнейшымi месцамi гнездавання многiх знiкаючых птушак Еўропы. Такiм чынам, беларускае Палессе адыгрывае вялiкую ролю ў падтрыманнi жывёльна-экалагiчнай раўнавагi. Вельмi важнай праблемай для Палесся з’яўляецца захаванне арганагеннага пласта мелiяраваных тарфяных глебаў, магутнасць якога пад уздзеяннем розных працэсаў змяншаецца. Водарастваральныя прадукты раскладання торфу трапляюць у водныя цячэннi i такiм чынам забруджваюць ваду, якую спажывае насельнiцтва. Па рэках Прыпяцi i Дняпру з асушаных балот штогод скiдваецца ў Чорнае мора каля 1,5 мiльёна тон мiнеральных i каля 700 тысяч тон агрэсiўных водарастваральных арганiчных рэчываў. Ахова каштоўных прыродных сiстэм i ўдасканаленне экалагiчнай сеткi З мэтай аховы i зберажэння найбольш каштоўных ландшафтных i прырода-раслiнных комплексаў, рэдкiх i знiкаючых вiдаў флоры i фаўны, унiкальных супольнасцяў бiялагiчнай разнастайнасцi, генафонду раслiннага i жывёльнага свету, а таксама з мэтай падтрымання як у Палессi, так i на астатняй частцы краiны спрыяльнай экалагiчнай абстаноўкi ствараецца сетка асаблiва ахоўных тэрыторый i помнiкаў прыроды. Разам з iншымi тэрыторыямi, якiя знаходзяцца ў натуральным стане, яны i ўтвараюць экалагiчную сетку. Агульная плошча асаблiва ахоўных прыродных тэрыторый рэспублiканскага значэння ў беларускiм Палессi складае 434 тысячы гектараў, або 7,1 працэнта плошчаў рэгiёна. У iх лiку — Дзяржаўны нацыянальны парк «Прыпяцкi». Разам з тым цяперашнюю сетку асаблiва ахоўных прыродных тэрыторый i помнiкаў прыроды нельга прызнаць здавальняючай, паколькi яна не ў поўнай меры ахоплiвае разнастайнасць экасiстэм рэгiёна. Для яе аптымiзацыi, з улiкам мiжнародных пагадненняў i праграм, а таксама нацыянальных прыярытэтаў, неабходна забяспечыць: — поўную iнвентарызацыю i пашпартызацыю ўсiх катэгорый ахоўных сiстэм i аб’ектаў iснуючай сеткi з удакладненнем iх межаў i статусу, з ацэнкай рэпрэзентатыўнасцi экалагiчнай устойлiвасцi; — захаванне суадносiнаў прыродных i ўрбанiзаваных тэрыторый, што стварае спрыяльныя ўмовы для ўстойлiвага сацыяльна-эканамiчнага развiцця; — захаванне, паляпшэнне стану i аднаўленне парушаных элементаў ключавых экасiстэм, аднаўленне дэградаваных экасiстэм; — абарону каштоўных прыродных комплексаў i аб’ектаў ад тых цi iншых пагроз; — стварэнне ўмоў для захавання iснуючых вiдаў жывёлы i птушак, а таксама дастатковых магчымасцяў для iх рассялення i мiграцыi шляхам фармiравання пэўных калiдораў i бесперапынных пераходных зон; — стварэнне новых асаблiва ахоўных тэрыторый i ўмоў для бяспечнага развiцця бiяразнастайнасцi вакол такiх тэрыторый; — iнтэграцыю нацыянальнай экалагiчнай сеткi ў агульнаеўрапейскую з мэтай захавання ўсяго комплексу экасiстэм, генетычнай разнастайнасцi тэрыторый, а таксама ландшафтаў еўрапейскага значэння; — улiк прыярытэтаў фармiравання i ўстойлiвага функцыянавання экалагiчнай сеткi пры вызначэннi параметраў i асноўных напрамкаў тэрытарыяльнага развiцця паселiшчаў, сельскай гаспадаркi, прамысловасцi, транспарту, турызму, адпачынку i iншых галiн. Важнейшым этапам распрацоўкi рэгiянальнай сеткi з’яўляецца выдзяленне цэнтраў бiялагiчнай разнастайнасцi беларускай часткi Палескага рэгiёна. Як правiла, уласцiвасцямi такiх цэнтраў валодаюць асаблiва ахоўныя прыродныя тэрыторыi ў адпаведнасцi са сваiм статусам. Таму гэтыя тэрыторыi (iснуючыя i перспектыўныя) i разглядаюцца ў якасцi асновы экалагiчнай сеткi, якая фармiруецца. Матэрыял падрыхтаваны з удзелам супрацоўнiкаў Iнстытута мелiярацыi i Iнстытута прыродных рэсурсаў i экалогii НАН Беларусi. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да Мiжнароднага семiнара «Еўрапейскае Палессе — гаспадарчае значэнне i экалагiчная рызыка» (г. Пiнск, 19—21 чэрвеня) |
|