21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Страха

26.08.2009 08:48 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Простыя рэчы

Гэту тэму пра простыя рэчы падказаў таксама адзiн з чытачоў «Звязды». Увогуле, само слова «страха» крыху старадаўняе. Цяперш больш ужываецца — «дах». Страха — ва ўжытку вясковым. Некалi беларусы крылi стрэхi саломай, найперш жытняй, а то i чаротам. Потым прыйшлi дранка, гонт, нават бляха. А ў найбольш заможных людзей i чарапiца. Сёння найбольш распаўсюджанае пакрыццё страхi ў сельскай мясцовасцi — шыфер. Але пра яго мне ўжо даводзiлася пiсаць, не будзем пра пакрыццё, успомнiм пра саму страху, як вельмi важную i даволi няпростую частку любога будынка. У маёй мясцовасцi, на захадзе Вiцебшчыны, пераважаюць двухсхiльныя стрэхi. Давялося пабачыць на поўднi Беларусi чатырохсхiльныя, кантаваныя нават на шэсць схiлаў стрэхi. Але ў нас пераважаюць двухсхiльныя.

I тут успомнiлася. Гадоў з пятнаццаць таму сябар Аляксандр прыкупiў у Парасках, гэта над возерам Доўжа, хату i ладны кавалак зямлi. Хата была пакрытая саломай. Ён вырашыў перакрыць яе на шыфер. I вось мы, памагатыя-сябры, палезлi на страху, каб зняць салому. Гнiлаватая была салома i кароткая — ураджаю першага пасляваеннага года. Сцялiлася яна камлямi ўнiз. Дасведчаныя людзi расказалi, што можна салому сцялiць i камлямi ўверх. У свой час была нават такая прафесiя — страхар, чалавек, якi быў вельмi дасведчаны ў гэтай справе, мог i кроквы паставiць правiльна, i засцялiць як след. Раней лiчылася, што чым вышэй у хаце страха, тым заможней гаспадар той хаты.

У маiм жыццi аднойчы толькi i даводзiлася браць удзел на навядзеннi страхi. Будавалi з бацькам лазню. I вось завяршальны момант: страха. Трэба паставiць найперш бэлькi. Паставiлi апiлаваныя на станку аполкi. Цяпер патрэбна паставiць кроквы — гэта самая аснова страхi, ад iх залежыць яе трываласць перад прыроднымi нягодамi: вятрамi, дажджамi, снегападамi. Цяпер трэба ўмацаваць кроквы латамi, звычайнымi дошкамi, да якiх будзе мацавацца пакрыццё. Справа зроблена. Страха выглядае як нейкае рабацiнне. Тырчыць труба, а вакол жэрдкi i жэрдкi. I вось накладаецца шыфер — будынак прымае тую форму i аздобу, якiя будуць служыць людзям не адно дзесяцiгоддзе.

Мяне можна i папракнуць, што часта звяртаюся ў сваiх аповедах пра простыя рэчы да твораў Мiхаiла Шолахава, але справа ў тым, што менавiта гэты пiсьменнiк, на мой погляд, вельмi натуральны, прыблiжаны да простых рэчаў, бачыць iх не з асфальтаваных пляцовак. Вось i ў яго «Паднятай цалiне»:

«У кастрычнiку Андрэй крыў ёй хату чаканам...»

Заначаваў. А потым яна, удавiца, пытаецца:

«— Прыйдзеш заўтра хату дакрываць?

— Ну а як жа? — здзiвiўся Андрэй.

— Не хадзi...

— Чаму так?

— Якi з цябе страхар. Дзед Шчукар лепш цябе крые. Проста цябе паклiкала...

Праз два днi хату перакрываў дзед Шчукар, ганячы перад гаспадыняй нiкчэмную працу Андрэя».

Не ведаю, як там на Доне, у Расii, а ў нас iснуе такi звычай: як толькi пабудаваная, як кажуць, заведзеная страха — яшчэ толькi кроквы пастаўленыя, на самы верх яе вешаецца вянок. Калi ёсць кветкi — з кветак, а няма iх, то i проста з травы, зiмою з саломы. Гэта сiгнал гаспадарам: рыхтуйце чарку са скваркай. Галоўная справа зроблена — над будынкам з’явiлася страха.

Не помню хто, але нехта з беларускiх пiсьменнiкаў вельмi дакладна зазначыў, што ўся пiсьменнiцкая брацiя, якая атабарылася ў Мiнску, «з-пад стрэх». Таму нездарма ў сваёй творчасцi яны пра стрэхi пiшуць вельмi шмат.

У майго земляка Уладзiмiра Дубоўкi:

Бусел, стораж хацiны,

Звiў гняздо на страсе.

А ў Якуба Коласа:

А лес, як добры той знаёмы,

Стаiць збялелы, нерухомы

Абапал рэчачкi сцяною,

Над ёю сплёўшыся страхою.

Як бачым, тут паэт надае страсе новае значэнне. Дарэчы, вельмi часта страхой называюць i ўвогуле жыллё. Ёсць жа такi выраз — «няма страхi над галавой.» А вось як у Аркадзя Куляшова:

Неўзабаве з-пад матчынай гэтай страхi,

Паляцiць i яна на шляхi, на шляхi.

Працытую Анатоля Астрэйку:

На шчасце наша на шляху

Сустрэлi статак хвой,

I пад зялёную страху

Прыселi грамадой.

I ўсё ж найбольш падабаецца мне верш Максiма Танка. Ён таксама паэт з-пад страхi, але вiленская школа, еўрапейскi досвед праглядаюцца ў яго творчасцi вельмi яскрава.

Часам месяц, бяздомны бадзяга,

Забярэцца на стрэхi дзiравыя хмар.

А цi задумвалiся вы, адкуль узялася гэта назва — страха? Вiдаць, усё ж ад «страху», таго пачуцця, якое зведвае чалавек у складаных момантах. У Непачаловiча:

А дужасцю славiцца той,

Хто можа любою парой —

Хоць радасць, хоць гора цi страх —

Трымаць сябе моцна ў руках.

Ёсць нямала ўстойлiвых выразаў у беларускай мове, звязаных менавiта з гэтым вызначэннем:

Набрацца страху. Бывала, асаблiва ў дзяцiнстве, калi страшылi адзiн аднаго рознымi байкамi.

Нагнаць страху. Наганялi i бацькi, i настаўнiкi.

На свой страх. Ну, гэта ўжо ад залiшняй рызыкi.

На вялiкi страх. Бывае i такое, асаблiва ў небяспечных для жыцця сiтуацыях.

Не за страх. Тут дадаюць альбо за сумленне альбо з адчаю.

Пад страхам. Пад страхам найчасцей ходзiць той, хто робiць нешта нядобрае.

Дык вось, мне здаецца, што, хаваючыся ад страху перад прыроднымi нягодамi, чалавек i прыдумаў над сваiм жыллём страху.

А ўвогуле ж iснуе i страхаванне, страхавыя агенцтвы, i гэтак далей. Таксама нейкая абарона, ахова. А ёсць жа яшчэ i «страхаванне», па-руску «крышевание», што азначае таксама пэўную абарону, праўда, ужо крымiнальнага кшталту. I ўсё ж закончу на весялейшай ноце. Гэта слова можна i так выкарыстаць, як зрабiў Колас у «Новай зямлi», адным з маiх любiмых твораў:

А колькi зеленi там летам!

Як у вяночку, стаiць хата.

Грыбоў i ягад — страх багата!..

Алесь КАСЦЕНЬ.

Вiцебская вобласць.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэту тэму пра простыя рэчы падказаў таксама адзiн з чытачоў «Звязды». Увогуле, само слова «страха» крыху старадаўняе. Цяперш больш ужываецца — «дах».
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика