Крах «эксперыментатараў»
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Пракуратура Мiнскай вобласцi ўзбудзiла 3 крымiнальныя справы супраць мiлiцыянераў, якiя ў пагонi за «антыкарупцыйнымi паказчыкамi» пераступiлi рысу закона
Мэта не заўсёды апраўдвае сродкi. Асаблiва ў такой далiкатнай сферы, як барацьба з карупцыяй. Вывесцi на чыстую ваду сапраўды прадажнага чыноўнiка даволi складана, паколькi карупцыйныя справы зазвычай робяцца ва ўмовах строгай сакрэтнасцi. Куды прасцей справакаваць службовую асобу на хабарнiцтва i злавiць за руку. За злоўжыванне падобнымi метадамi, якiя сярод праваахоўнiкаў называюцца аператыўным эксперыментам, сёлета пракуратурай Мiнскай вобласцi прыцягнуты да крымiнальнай адказнасцi чатыры мiлiцыянеры. Як паведамiў першы намеснiк пракурора сталiчнай вобласцi Мiкалай Пiлiнкевiч, узбуджаны 3 крымiнальныя справы супраць змагароў з эканамiчнай i арганiзаванай злачыннасцю. У адным выпадку вартавыя правапарадку, нягледзячы на тое, што пракуратура адмовiла ў санкцыi, усё ж правялi незаконны аператыўны эксперымент. Па дзвюх астатнiх крымiнальных справах праходзяць мiлiцыянеры, якiя самi ж правакавалi i падбухторвалi грамадзянiна да хабарнiцтва, а таксама незаконнымi дзеяннямi спрабавалi прымусiць службовую асобу прызнацца ў атрыманнi хабару. Адметна, што ва ўсiх гэтых парушальнiкаў закона быў адзiн матыў: яны хацелi палепшыць паказчыкi сваёй працы. «Такая барацьба з карупцыяй нам не патрэбна», — падкрэслiў Мiкалай Пiлiнкевiч i дадаў, што пракуратура Мiнскай вобласцi апошнiм часам усё часцей адмаўляецца выдаваць мiлiцыянерам санкцыi на правядзенне аператыўных эксперыментаў. Паводле слоў, у арсенале супрацоўнiкаў праваахоўных органаў ёсць дастаткова iншых спосабаў выяўлення карупцыянераў. Дарэчы, за 5 месяцаў гэтага года ў сталiчным рэгiёне зарэгiстравана 134 злачынствы з прыкметамi карупцыi, у тым лiку 36 фактаў хабарнiцтва. Для параўнання, за аналагiчны перыяд года мiнулага было зафiксавана адпаведна 222 i 85 памянёных злачынстваў. Так што, як бачна, аб’ёмы карупцыi на Мiншчыне iстотна зменшылiся. Увогуле, злачыннасць у самым вялiкiм рэгiёне нашай краiны таксама адступае. Паводле звестак пракурора Мiнскай вобласцi Мiхаiла Снегiра, за 5 месяцаў у рэгiёне зарэгiстравана 11 тысяч 632 злачынствы, што на 7,5 працэнта менш, чым летась. Колькасць цяжкiх i асаблiва цяжкiх злачынстваў скарацiлася з 2003 года ў З разы. А паказчыкi раскрывальнасцi злачынстваў у Мiнскай вобласцi — адны з лепшых па краiне. Напрыклад, сёлета праваахоўнiкамi сталiчнай вобласцi раскрыта 98,6 працэнта забойстваў i замахаў на забойства, а таксама усе згвалтаваннi i спробы здзейснiць такое злачынства. У прыватнасцi, Мiхаiл Снягiр паведамiў, што пракуратура накiравала ў суд крымiнальную справу барысаўскага маньяка. У жнiўнi мiнулага года гэты нелюдзь напаў на дзвюх 14-гадовых дзяўчынак i нанёс iм некалькi ўдараў нажом. Праз тры месяцы маньяк здзейснiў злачынства ў Крупскiм раёне: у лесе знявечыў 12-гадовую дзяўчынку, якая вярталася дадому са школы. Мiхаiл Снягiр адзначыў таксама, што на фоне знiжэння ўзроўню злачыннасцi ў цэлым па вобласцi, у Любанскiм, Пухавiцкiм, Слуцкiм, Салiгорскiм, Старадарожскiм, Стаўбцоўскiм i Уздзенскiм раёнах крымiнагенная сiтуацыя застаецца даволi складанай. На думку пракурора, гэта наўпрост звязана з няўхiльнай алкагалiзацыяй насельнiцтва памянёных рэгiёнаў. «Спажыванне алкаголю ў некаторых раёнах перавышае разумныя межы: больш за 30 лiтраў, а дзе-нiдзе да 37 лiтраў на душу насельнiцтва», — заявiў Мiхаiл Снягiр. Больш чым для 50 жыхароў вобласцi спажыванне алкаголю скончылася лячэннем у шпiталi. Зараз, напрыклад, пракуратура расследуе крымiнальную справу па факту атручвання 12 жыхароў Лагойскага раёна шклоачышчальнiкамi расiйскай вытворчасцi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пракуратура Мiнскай вобласцi ўзбудзiла 3 крымiнальныя справы супраць мiлiцыянераў, якiя ў пагонi за «антыкарупцыйнымi паказчыкамi» пераступiлi рысу за
|
|