Юрый ШАЎЦОЎ: «Галоўны праект па супрацоўнiцтву з Украiнай — пастаўкi вялiкiх аб’ёмаў нафты на Мазыр
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Пра апошнiя падзеi на палiўна-энергетычным рынку Беларусi карэспандэнт «Звязды» гутарыць з беларускiм палiтолагам Юрыем ШАЎЦОВЫМ:
— У блiжэйшы час у Беларусi павiнна быць адчынена прадстаўнiцтва кампанii «Нафтагаз Украiны». Ужо прызначаны кiраўнiк гэтага прадстаўнiцтва. Паводле яго слоў, адным з накiрункаў працы памiж украiнскай кампанiяй i беларускiм бокам мог бы стаць сумесны ўдзел у распрацоўцы нафтавага радовiшча ў Iране. Як вы ацэньваеце магчымасць такога супрацоўнiцтва? У якiх яшчэ сферах магло б ажыццяўляцца супрацоўнiцтва Беларусi з украiнскiм нафтагазавым манапалiстам? — Мне падаецца, што супрацоўнiцтва з Украiнай па ажыццяўленню праектаў у краiнах «трэцяга свету» было б прадуктыўным. Бо Беларуская нафтавая кампанiя, якая ствараецца зараз i якая павiнна будзе працаваць у «трэцiм свеце», яшчэ новая i вельмi нявопытная ў гэтых справах i ёй, безумоўна, патрэбны партнёры i можа нават iнвестары. Прынамсi, у выпадку з Iранам нашай дзейнасцi па распрацоўцы там радовiшча будзе дапамагаць расiйска-в’етнамская кампанiя. Калi там з’явiцца яшчэ адзiн партнёр, украiнскi, напэўна, гэты праект будзе iсцi лягчэй. Тым больш, што нафта з Iрана, хутчэй за ўсё, будзе пастаўляцца ў Беларусь праз Украiну. I ўкраiнскi манапалiст не будзе залiшнiм у гэтым праекце. Што датычыцца iншых праектаў, то Украiна мае вопыт распрацоўкi радовiшчаў вуглевадародаў у «трэцiм свеце». Калi гэта будзе выгадным Беларусi, то такi вопыт залiшнiм не будзе. I ў выпадку з iншымi, апроч Iрана, краiнамi застаецца праблема дастаўкi вуглевадародаў у Беларусь. Праз тэрыторыю Украiны гэта будзе выгадна, калi радовiшчы будуць недзе на поўднi. Галоўны ж праект па супрацоўнiцтву памiж Беларуссю i Украiнай у вуглевадародным сектары, гэта, напэўна, пастаўкi вялiкiх аб’ёмаў нафты праз Украiну на Мазырскi НПЗ. Паводле iнфармацыi, якая з’яўлялася ў СМI, перамовы вядуцца пра пастаўку праз Украiну да 10 млн тон нафты на Мазырскi НПЗ i пра пастаўкi прадуктаў нафтаперапрацоўкi ва Украiну, перш за ўсё ў Цэнтральную i Заходнюю. Гэта ўжо было ў нас пасля «аранжавай рэвалюцыi» ва Украiне, калi там практычна спынiлiся нафтаперапрацоўчыя заводы i быў вялiкi дэфiцыт нафтапрадуктаў. Тады Мазырскi НПЗ дапамог Украiне вырашыць у цэнтральных раёнах шматлiкiя праблемы з дэфiцытам. Калi ж сённяшнi праект сапраўды выйдзе на такiя велiзарныя аб’ёмы, як 10 млн тон, то гэта магчыма толькi пры супрацоўнiцтве памiж Беларуссю i ўкраiнскiм нафтавым манапалiстам, пра якога вы кажаце. Але каб выйсцi на такiя аб’ёмы, трэба вырашыць шмат тэхнiчных i iншых праблем. Так, неабходна завяршыць рэканструкцыю аднаго з нафтаправодаў памiж Бродамi i Мазыром, каб можна было праз Броды атрымлiваць вялiкiя аб’ёмы нафты. Бо сёння па чыгунцы 10 млн тон перавезцi нерэальна. — Беларускiя НПЗ сёння маюць патрэбу ў iнвестыцыях для мадэрнiзацыi, каб павялiчыць глыбiню перапрацоўкi нафты i такiм чынам захаваць канкурэнтаздольнасць на еўрапейскiм рынку. Якую ролю ў гэтым працэсе могуць адыграць украiнскiя iнвестыцыi? — Гэта пытанне пра ход перамоў памiж бакамi, якi мы ведаць амаль не можам. Мы можам толькi меркаваць па iнфармацыi ў СМI, пра што можа iсцi размова. Калi размова iдзе пра перапрацоўку 10 млн тон нафты, якая паступiць на Мазырскi НПЗ праз Украiну i потым вернецца ў выглядзе нафтапрадуктаў ва Украiну, то, напэўна, тут не абыдзецца без украiнскiх iнвестыцый у наш завод. Але гэта могуць быць грошы не самой Украiны, а нейкiх iншых партнёраў. — Апошнiм часам аналiтыкi гавораць пра магчымае супрацоўнiцтва памiж Беларуссю i Казахстанам у сферы пастаўкi сыравiны. Наколькi магчыма пастаўка нафты з Казахстана ў нашу краiну? — Гэта непазбежна. У Казахстане вельмi хутка растуць аб’ёмы здабычы i экспарту нафты. Ужо праз 3—4 гады Казахстан будзе накiроўваць на экспарт у Еўропу да 100 млн тон нафты ў год. Гэта складзе каля трэцi агульнага экспарту нафты з былога Савецкага Саюза ў Еўрасаюз. А тая структура нафтаправодаў, якая iснуе сёння, створана так, што нягледзячы на развiццё расiйскiх нафтавых партоў у раёне Санкт-Пецярбурга, беларускi накiрунак усё роўна застаецца важным. Таму казахстанская нафта наўрад цi нас абмiне. Пры гэтым казахстанская нафта з’яўляецца адносна таннай. Прынамсi, яна танней за расiйскую. Таму Расii самой часта больш выгадна накiроўваць сваю нафту праз, напрыклад, Санкт-Пецярбург, а прапампоўваць па ўнутраных магiстралях (дзе вялiкiя кошты на транзiт) да Беларусi казахстанскую нафту. Да таго ж нафта, якая можа прыйсцi да нас праз Украiну, мiнуючы Расiю, хутчэй за ўсё, будзе з рэгiёна Каспiйскага мора. Што гэта будзе за нафта, азербайджанская цi казахстанская, зараз сказаць складана. Хутчэй за ўсё казахстанская нафта там будзе. — Наколькi верагодна, што будзе працаваць формула, згодна з якой Казахстан будзе пастаўляць нафту Расii, а Расiя ў залiк будзе пастаўляць нафту Беларусi? — На пачатковай стадыi гэта формула можа быць адной з самых галоўных. Бо тыя аб’ёмы нафты, якiя Казахстан павiнен накiраваць у Еўропу, расiйская сiстэма нафтаправодаў, якiя iдуць у бок Казахстана, яшчэ не можа прапусцiць. Таму гэта вельмi верагодная схема. I яна працуе па туркменскаму газу з Украiнай. Яна можа з намi i па казахстанскай нафце спрацаваць. — Як вы ацэньваеце iдэю стварэння Беларускай нафтавай кампанii, якая павiнна пачаць працу ў блiжэйшы час? — Выдатна ацэньваю. Мы ўжо маем вопыт стварэння аналагiчнай кампанii ў калiйнай сферы. Беларуская калiйная кампанiя даказала сваю вельмi высокую эфектыўнасць. Апафеозам можна лiчыць кантракт, якi днямi быў падпiсаны з В’етнамам, аб тым, што мы будзем пастаўляць калiйныя ўгнаеннi коштам прыкладна 300 долараў за тону. Гэта недзе ў два разы даражэй, чым угнаеннi, якiя мы зараз пастаўляем у Кiтай пасля таго, як дамаглiся ад яго згоды на павышэнне коштаў. Беларускую нафтавую кампанiю павiнен стварыць той жа чалавек, якi стварыў Беларускую калiйную кампанiю. Гэта першы вiцэ-прэм’ер Уладзiмiр Сямашка. Ён ведае, што робiць. I раз яму ўдалася БКК, мне падаецца, што i БНК таксама ўдасца. Тым больш што ў нас няма iншага выйсця. Для таго, каб Беларусi нарошчваць актыўнасць па-за межамi краiны, трэба акумуляваць свае магчымасцi (iх у нас не так шмат, мы — невялiкая краiна). I павiнна ўтварыцца нейкая гаспадарчая адзiнка, якая будзе працаваць на нафтавым рынку па-за межамi Беларусi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра апошнiя падзеi на палiўна-энергетычным рынку Беларусi карэспандэнт «Звязды» гутарыць з беларускiм палiтолагам Юрыем ШАЎЦОВЫМ: |
|