Зачынiць нельга пакiнуць
Сяргей ГРЫБ
Сiтуацыя Спачатку быў тэлефонны званок, а затым — i калектыўнае пiсьмо. Ад бацькоў, дзецi якiх наведваюць спецыяльную ўстанову для непаўналетнiх iнвалiдаў з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця па вулiцы Мiхася Лынькова, 39 у сталiцы. Нагода для зваротаў адна i тая ж: просьба дапамагчы захаваць установу. Iнакш кажучы, прадаставiць шанц дзецям са страшнымi дыягназамi не заставацца дома. А самiм бацькам — даць магчымасць працаваць.Замест iнтэрната... «садок» Першымi iдэю падобнай установы сталi выказваць менавiта бацькi, якiя вырашылi адмовiцца ад змяшчэння сваiх дзяцей у дом-iнтэрнат. Задумка падалася вартай. Так, у лютым 1994 года было прынята станоўчае рашэнне гарвыканкама. Налета ўдалося «падшукаць» двухпавярховы будынак колiшняга дзiцячага садка. Потым быў капiтальны рамонт. А 1 чэрвеня 1998 года стала днём пачатку работы Спецыяльнай установы для дзяцей-iнвалiдаў з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця. — Сёння да нас прыходзяць 38 дзяцей i падлеткаў адразу з некалькiх раёнаў сталiцы, — распавядае дырэктар установы Валерый Генадзьевiч Сiўцоў. — Прычым старэйшаму выхаванцу ўжо амаль 18, а малодшаму — усяго 4 гады. Аднак усiх iх аб’ядноўвае адно — цяжкiя хваробы. Гэта i праблемы з iнтэлектуальным развiццём, слыхам, зрокам, маўленнем, i раннi дзiцячы аўтызм, i значныя парушэннi апорна-рухальнага апарату. Вонкава тут усё нагадвае дзiцячы садок цi школьную групу падоўжанага дня. Пляцоўка для гульняў, музычная зала, некалькi невялiкiх спальных i безлiч цацак. Са «стандартнага» малюнка выбiваюцца хiба што пандусы на лесвiцах. А таксама... абсталяваныя пакоi дэфектолагаў. — У спецыяльнай установе працуюць не толькi дэфектолагi, але i выхавальнiкi, педагог-псiхолаг, музычны кiраўнiк, iнструктар лячэбнай фiзкультуры, прычым у нас з’явiлiся па сутнасцi свае падыходы, — адзначае Валерый Сiўцоў. — Спачатку на кожнае дзiця запаўняецца спецыяльная карта па некалькiх пазiцыях — самаабслугоўванне, маторыка, камунiкатыўныя здольнасцi, сацыяльная адаптацыя, гульня, знаёмства з навакольным светам. А потым па кожным з гэтых накiрункаў пачынаецца iндывiдуальная работа. I паступова, падчас паўторных запаўненняў, мы часцяком канстатуем пэўнае паляпшэнне сiтуацыi. Зразумела, поспехi ва ўсiх розныя: калi адны вучацца проста нармальна жаваць ежу, то iншыя могуць зрабiць бутэрброд цi заварыць гарбату. Разам з тым варта заўважыць: пакрысе гэтыя няхiтрыя навыкi замацоўваюцца, а значыць — застаюцца на ўсё жыццё. У вынiку ж дзецi пачынаюць проста верыць у свае сiлы. Тым часам iснуе яшчэ адзiн i не менш значны «плюс». Установа працуе з панядзелка па пятнiцу ў найбольш «зручным» рэжыме — з 7 да 19 гадзiн. Плюс да таго тут ёсць уласны аўтобус, што дазваляе цалкам вырашыць усе праблемы з падвозам. У сваю чаргу гэта дае магчымасць бацькам вярнуцца да звычайнага, паўнавартаснага жыцця. I ў тым лiку — уладкавацца на работу. Зносiны. Плюс праца Пiсьмо, пад якiм падпiсалiся Кацярына Сямёнава, Марына Клыгiна, Уладзiмiр Колбiк i iншыя бацькi выхаванцаў спецыяльнай установы, аказалася вялiкiм i, магчыма, месцамi — даволi эмацыянальным. Тым не менш дазволiм сабе працытаваць некалькi яго ўрыўкаў. Прынамсi, для таго, каб мець уяўленне аб сутнасцi самой праблемы. «Не ў першы раз мы, бацькi дзяцей-iнвалiдаў, што наведваюць сацыяльную ўстанову па Лынькова, 39, звяртаемся з просьбай захаваць яе ў цяперашнiм статусе i ў цяперашнiм рэжыме работы. I не першы год «адказныя» работнiкi плануюць установу пераарыентаваць, расфармiраваць, зачынiць. Летась у чэрвенi на калектыўныя пiсьмы бацькоў, што былi накiраваныя ў розныя выканаўчыя органы з просьбай не адварочвацца ад нашай бяды i праявiць да нашых дзяцей мiласэрнасць, мы атрымалi афiцыйны адказ, што работа «Спецыяльнай установы для дзяцей-iнвалiдаў з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця працягнута яшчэ на год». Год прайшоў. I сiтуацыя паўтараецца. Мы зноў задаём пытанне: што будзе заўтра? Бо цалкам зразумела, з закрыццём нашага «другога дома» мы аказваемся ў iзаляцыi, кожны сам-насам са сваiм горам. А нашы дзецi будуць пазбаўлены таго малога, што у iх ёсць — магчымасцi зносiнаў памiж сабой i з iншымi людзьмi, што клапоцяцца аб iх зараз: выхавальнiкамi, дэфектолагамi, нянечкамi, педагогамi па фiзiчнаму i эстэтычнаму развiццю. Дарэчы, за ўсе гады iснавання гэтай установы ў адрас яе работнiкаў не было нiводнай афiцыйнай скаргi, нiводнага наракання. Нягледзячы на невялiкiя зарплаты, тут сфармiраваны пастаянны штат прафесiяналаў. Дык навошта сёння трэба ўсё разбураць? На наш погляд, закрыццё спецыяльнай установы для дзяцей-iнвалiдаў па Лынькова, 39 прывядзе да таго, што мацi, многiя з якiх займаюцца выхаваннем адны, проста будуць вымушаныя пайсцi з работы i жыць выключна на дапамогу i пенсiю па iнвалiднасцi, што складаюць у суме каля 290 тыс. рублёў. Пры гэтым варта заўважыць, што якiх-небудзь iльгот па квартплаце, аплаце электраэнергii, газу, вады такiя сем’i не маюць. Вось толькi цi магчыма пражыць на такiя грошы ўдваiх з дзiцем? Мы думаем, адказ вы ведаеце самi...» Усiх. Або старэйшых? Кажучы шчыра, версiй падзей, што апошнiм часам разгортваюцца вакол установы, давялося пачуць нямала. Паводле адной з iх, «уся справа ў сродках». Версiя нумар два — спроба правесцi пераспецыялiзацыю i такiм чынам крыху згладзiць хранiчную для Мiнска праблему з дэфiцытам месцаў у дамах-iнтэрнатах для псiханеўралагiчных хворых. Нарэшце, у якасцi трэцяй з магчымых прычын называецца адсутнасць... дакладнага статуса. Палажэннi, штатныя расклады, умовы аплаты працы па тых жа дамах-iнтэрнатах распрацаваны вельмi даўно. Па ў нечым унiкальнай установе па Лынькова, 39 усяго гэтага няма. Прычым узгаданы пакет дакументаў — падстава для фiнансавання. Мiж тым, не сакрэт: патрабаваннi да бюджэтных выдаткаў становяцца ўсё больш жорсткiмi. Як бы там нi было, галоўнае ў iншым. Як паведамiлi ў Камiтэце па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама, сама ўстанова зачыняцца не будзе. Яе плануецца перапрафiляваць у дом-iнтэрнат. Пры гэтым у iм ёсць намер стварыць аддзяленне кругласутачнага i дзённага знаходжання — для цяперашнiх наведвальнiкаў спецыяльнай установы... Праўда, пакуль тут розныя бакi кажуць аб зноў-такi розных варыянтах. Паводле першага, у аддзяленнi змогуць застацца ўсе выхаванцы без выключэння. Паводле ж другога — толькi дзецi ва ўзросце больш за 14 гадоў. Тады як астатнiх накiруюць у цэнтры карэкцыйна-развiваючага навучання i рэабiлiтацыi розных раёнаў сталiцы. Аднак якраз наконт цэнтраў бацькi выказваюць значныя сумненнi. I называюць свае аргументы. Так, не сакрэт: звычайна цэнтры працуюць у менш працяглым рэжыме — з 8 да 17 гадзiн. Далей. У выпадку «пераводу» знiкне магчымасць цэнтралiзаванага падвозу, тады як карыстацца грамадскiм транспартам, i асаблiва ў «гадзiну-пiк» гэтыя дзецi не ў стане. Апроч таго, многiя занепакоеныя i такой акалiчнасцю. Значная частка цяперашнiх наведвальнiкаў не можа самастойна прымаць ежу, большасць не абыходзiцца без памперсаў. Адсюль ёсць верагоднасць паступовага пераходу на надомнае навучанне. У вынiку дзецi будуць заставацца дома. А iх бацькi — звальняцца... Зрэшты, варта падкрэслiць адразу, што пакуль выпадае весцi гаворку менавiта аб версiях i варыянтах. Канчаткова лёс спецыялiзаванай установы павiнен вырашыцца да 1 верасня. Таму час на роздум яшчэ ёсць. Праўда, час зусiм не вялiкi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спачатку быў тэлефонны званок, а затым — i калектыўнае пiсьмо. Ад бацькоў, дзецi якiх наведваюць спецыяльную ўстанову для непаўналетнiх iнвалiдаў з ас |
|