21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Кожная сустрэча — маленькае свята...

26.08.2009 08:48 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рэпартаж з колаў

У некаторыя выезды «звяздоўскi дэсант» адпраўляецца з напружаным чаканнем невядомасцi: а цi ёсць у тым месцы нашы падпiсчыкi, цi будзе ў iх магчымасць выбрацца на сустрэчу, цi атрымаецца размова з аўдыторыяй? А ёсць накiрункi, па якiх ехаць i лёгка, i прыемна — там, загадзя даведваемся, нас ужо чакаюць, рыхтуюць пытаннi i прапановы, ды проста хочуць убачыцца з упадабанымi аўтарамi, пагаварыць сам-насам... У гэты раз, напрыклад, мы вельмi спадзявалiся на Беразiно, бо ў тым раёне «Звязда» мае не проста шмат падпiсчыкаў, а шмат верных прыхiльнiкаў i сяброў, якiя пiшуць, тэлефануюць, прыязджаюць у рэдакцыю, прапануюць цiкавыя iнiцыятывы — ды ўвогуле, проста любяць газету!

Забягаючы наперад, скажам, што «бярэзiнская сустрэча» атрымалася цёплай i шчырай. Але першым пунктам у маршруце падпiснога марафону ўсё ж значыўся Чэрвень.

Чэрвень: лес i людзi

Зала пасяджэнняў Чэрвеньскага леспрамгаса аказалася хоць i не вялiкай па памерах, але затое поўнай, а ў вачах прысутных чыталася не лянiвая абыякавасць («Давайце ўжо, расказвайце, як там касмiчныя караблi барозняць прасторы Вялiкага тэатра»), а шчырая зацiкаўленасць — што за газета? аб чым пiша? што прапануе? Расказаць аб тым, што такое «Звязда», нам дапамаглi пастаянныя падпiсчыкi. Скажам, галоўны спецыялiст аддзела iдэалагiчнай работы Чэрвеньскага райвыканкама Ганна Аўласенка прызналася, што калi па рабоце ёй патрэбныя нейкiя афiцыйныя дакументы — указы, пастановы, дэкрэты, — то найперш яна гартае «Звязду», бо тут уся iнфармацыя будзе поўнай i аператыўнай. «Нават здзiўляюся часам, як гэта вы паспяваеце такiя вялiкiя тэксты, ды яшчэ са спецыфiчнай лексiкай, хутка i якасна перакласцi на беларускую мову — так, што ўсё зразумела», — пахвалiла нас Ганна Мiхайлаўна. Асаблiва адзначыла рубрыку «Алё, народ на провадзе» i поўную карысных парадаў «Хатнюю энцыклапедыю». I iншым параiла пагартаць свежы нумар — хоць бы паглядзець, вырашыць для сябе, цi падабаецца.

Адзiн з мужчын якраз уважлiва разглядаў старонкi «Звязды». Строга спытаўся, колькi разоў выходзiць, цi друкуе тэлепраграму — «а вось каб знайсцi газету, якая не друкуе, бо я ўсё адно тэлевiзар не гляджу...». I нечакана... кiўнуў паштаркам: падпiсвайце! Адразу на шэсць месяцаў! «Супрацоўнiкi пошты ўжо ведаюць, — растлумачыў пазней наш новы чытач, начальнiк аддзела маркетынгу Чэрвеньскага леспрамгаса Мiкалай Лонскi, — я стараюся выпiсваць некалькi розных газет, каб быць, як кажуць, у курсе. «Звязду» раней не чытаў, але зараз вырашыў — а чаму б i не паспрабаваць, гэта штосьцi новае для мяне, ды яшчэ на беларускай мове». Вiдаць, у знак удзячнасцi за такую рашучасць фартуна падкiнула Мiкалаю Аляксандравiчу адразу некалькi прызоў-сувенiраў у «звяздоўскай» вiктарыне. Натхнiўшыся гэтым прыкладам, аформiла падпiску на месцы i ганаровы лесавод Аляксандра Краснагiр (а мы пакiнулi ёй, як адной з пераможцаў вiктарыны, фiрменны кубачак з сiмволiкай «Звязды» — для смачнай гарбаты i добрых успамiнаў).

«Вы, калi ласка, пiшыце больш пра праблемы малых гарадоў i жыццё рэгiёнаў, — папрасiў на развiтанне намеснiк дырэктара Чэрвеньскага леспрамгаса па кадрах i iдэалагiчнай рабоце Сяргей Хомчык. — У нас, напрыклад, многа народу, асаблiва моладзь, жыве ў Чэрвенi, а працуе ў сталiцы, а пры зручным выпадку i жыць туды перабiраюцца. А трэба ж неяк «падняць» малыя гарады i затрымаць у iх людзей, iнакш не будзе тут каму працаваць».

Прынамсi, адзiн з нашых дадаткаў, «Мясцовае самакiраванне», якраз i асвятляе гэтую тэму ў лiку iншых мясцовых праблем, так што шаноўнаму Сяргею Аляксеевiчу, калi ён не забудзецца падпiсацца, будзе што чытаць, а можа, карэспандэнты «Звязды» дапамогуць i яму знайсцi найлепшае выйсце ў той цi iншай сiтуацыi.

Беразiно: кветкi i вершы

...Мы, натуральна, ведалi, што ў Беразiно нашых падпiсчыкаў шмат, але нават не здагадвалiся пра iхнюю адданасць i адказнасць. Калi стала вядома пра сустрэчу, якую наладзiлi ў актавай зале райвыканкама, людзi не пашкадавалi нi сiл, нi часу, каб трапiць на спатканне са звяздоўцамi. Напрыклад, наша даўняя прыхiльнiца, старэйшая падпiсчыца i сяброўка Нiна Мацвееўна Бурко, якая ў Бярэзiнскiм раёне чалавек вядомы i паважаны — як-нiяк, цяпер старшыня таварыства iнвалiдаў, — не толькi сама прыехала, але прывезла з вёскi Капланцы цэлую дэлегацыю: Таiсу Iванаўну Мiклуш, Марыю Мiхайлаўну Баранаву, Нiну Iванаўну Шкатула. Яшчэ адна даўняя падпiсчыца, спадарыня Вяргейчык, нягледзячы на ўзрост (яна — яшчэ з «ваеннага» пакалення, 1943 года нараджэння) i занятасць, таксама кiнула грады i пераадолела на веласiпедзе 4 км ад вёскi Трасцянка да горада. I гэта пры тым, што час ва ўсiх сэнсах гарачы, — трэба i гарод палiваць, i жывёлу дагледзець, i каларадскiх жукоў у бульбе знiшчыць... «А нiчога за адзiн дзень з тымi жукамi не здарыцца, — весела адмахнулiся прыгожыя, па-святочнаму апранутыя жанчыны. — Затое са звяздоўцамi пабачымся!» З такой радасцi нам уручылi шыкоўны букет кветак, а колькi добрых слоў гаварылi — усiх не прыгадаць.

Бiблiятэкар, спадарыня Круталевiч, падрыхтавала пра «Звязду» цэлую натхнёную прамову: «Ваша газета для нас — гэта акенца ў свет. Для бiблiятэкi i асабiста для мяне «Звязда» — газета дня, многiя чытачы таксама першай справай просяць пагартаць менавiта падшыўку «Звязды». Дзякуй, што не здраджваеце роднай мове, што прапануеце рубрыкi на абсалютна розны густ, конкурсы для ўсiх жадаючых». Дарэчы, менавiта з падачы Тамары Круталевiч у нас актыўна iдзе конкурс тэматычных — антыалкагольных — прыпевак. Прыемна было даведацца, што бярэзiнцы выкарыстоўваюць многiя «звяздоўскiя» матэрыялы ў сваёй працы — на занятках у гуртках i сацыяльных праграмах «Урокi дабрынi», «Дзяўчына ў эпоху рызыкi» i г.д.

Адзiн з пераможцаў у «звяздоўскiм» конкурсе, юрыст Валерый Амельчанка, калi даведаўся, што «Звязда» сёлета адзначае 90-годдзе, расказаў, што ў яго ёсць верш, прысвечаны газеце. Праўда, расхваляваўшыся, дакладна радкi не прыгадаў, але абяцаў даслаць па пошце — з пажаданнямi ўсiх даброт.

Як пацвердзiла крыху пазней начальнiца Бярэзiнскага вузла сувязi Раiса Данiлаўна Карканiца, у раёне ўжо больш за 190 чалавек падпiсалiся на газету, ды яшчэ з дзесятак прадпрыемстваў, устаноў. «Звязду» ахвотна выпiсваюць як у самiм Беразiно, так i на мясцовых аддзяленнях сувязi — Якшыцы, Пагост i iншых. Пастаянных падпiсчыкаў паштальёны даўно ведаюць пайменна — спадар Комар з Беразiно, спадар Дубовiк з вёскi Арэшкавiчы, спадар Лясун з Каменнага Барка, спадарыня Данiлушкiна, Вяргейчык... Мы спадзяёмся яшчэ не раз сустрэцца з усiмi iмi — як на старонках газеты, так i падчас камандзiровак.

Магiлёў: беларускасць i «еўрапейскасць»

На завод штучнага валакна мы паспявалi, як кажуць, «у прытык», i вельмi перажывалi з гэтай нагоды: а што, як людзi вырашаць, быццам журналiсты заўжды такiя неабавязковыя? Потым жа доўга давядзецца адбельвацца, заслугоўваць давер... Але, дзякаваць тэлефоннай сувязi, нашаму вадзiцелю — прыехалi ў час.

Дзялiць «пляцоўку» гэтым разам давялося з калегамi з абласной газеты «Магiлёўская праўда», але нiякай жорсткай канкурэнцыi з гэтай нагоды не было. Мы на правах старэйшага («Магiлёўская праўда» святкуе 90-годдзе толькi налета) саступiлi першынство гаспадарам, а потым ужо расказалi аб сабе. Дарэчы, прадпрыемства са «Звяздой» ужо знаёмае — наш уласны карэспандэнт па Магiлёўскай вобласцi Iлона Iванова рабiла матэрыялы з завода, i з многiмi кантактавала, так што занадта многа распавядаць не давялося. Таму мы не столькi расказвалi, колькi паказвалi — альбом нашага фотакарэспандэнта Анатоля Клешчука «Пад небам Беларусi», вынiкi газетных рубрык — зборнiк вершаў i здымкаў Яўгена Пясецкага «Кола дзён», зборнiк абразкоў Валянцiны Доўнар «Праз каханне»...

Людзi зацiкавiлiся, загаманiлi. Праўда, пераважна па-руску. I мы прыгадалi выпадак, якi адбыўся якраз на Магiлёўшчыне. Калi вольнага часу памiж пераездамi практычна няма — што звычайна i атрымлiваецца, — «перакусы» робяцца ў аўральным рэжыме проста ля дарогi. Тым больш, у той раз звяздоўцы ўбачылi не месца, а суцэльную казку: лавачкi, домiкi, нават арэлi для дзяцей, ды ўсё яшчэ па-майстэрску размалявана i ўпрыгожана выпiлаванымi з дрэва карункамi. Пакуль разглядалi, прыехаў супрацоўнiк мясцовага ляснiцтва, i на захапленнi журналiстаў з гонарам адзначыў — так, наша праца! Вырашылi яго сфатаграфаваць на памяць: ля шыльдачкi з назвай ляснiцтва. I ўсё было б добра, калi б... На шыльдзе i назва, i кантакты ляснiцтва былi напiсаныя па-руску: «директор такой-то, телефон приемной такой-то».

— А чаму не на беларускай? — здзiвiлiся звяздоўцы.

— Ну-у... — замяўся чалавек, — вось будзе па дарозе ехаць расiянiн, яму прыемна будзе прачытаць.

Мы вывелi лагiчную выснову: калi будзе ехаць па той дарозе паляк, яму натуральна, прыемна будзе чытаць надпiсы па-польску, калi англiчанiн — па-англiйску, калi кiтаец — па-кiтайску. Беларусы, у прынцыпе, могуць усiм iм дагадзiць. Толькi самi не знойдуць на той шыльдзе нiводнага роднага слова...

Пасля таго, як гэтая гiсторыя была расказана, дарэчы, да нас падыходзiлi людзi, i не толькi дзякавалi (на беларускай!), але нават расказвалi нейкiя баечкi для рубрыкi «Алё, народ на провадзе!» Так што, мяркуем, i чытаць, i думаць па-беларуску ў Магiлёве ёсць каму, i нашы новыя сябры там знойдуцца.

Напрыканцы дня нам удалося прайсцi па горадзе i «адкрыць» для сябе Магiлёў больш шырока. Усiм, хто яшчэ не быў, абавязкова раiм зазiрнуць i на Плошчу зорак з постаццю Зорнiка (прывiтанне магiлёўцам ад мiнскага скульптара Уладзiмiра Жбанава), i да старажытнага касцёла, i на цалкам пешаходную вулiцу Ленiнскую — своеасаблiвы «маленькi Арбат»... Але гэта ўжо зусiм iншая гiсторыя.

А нам выпадала зранку зноў адпраўляцца ў дарогу...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК, Валянцiна ДОЎНАР, Сяргей ПРОТАС.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У некаторыя выезды «звяздоўскi дэсант» адпраўляецца з напружаным чаканнем невядомасцi: а цi ёсць у тым месцы нашы падпiсчыкi, цi будзе ў iх магчымасць
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика