Для каго iграе «самотны гармонiк»?Вы можаце сабе ўявiць, як бы вядомыя з савецкiх часоў шлягеры гучалi па-беларуску? Напрыклад, «Одинокая гармонь» цi «Утомленные солнцем»? Аднак яны загучалi — i паслухаць гэта можна было ў канцэртнай зале «Мiнск». Спявак Алесь Камоцкi i яго праект «Край» прыдумалi, чым можа здзiвiць новы альбом. — У вас ёсць вершы, але ёсць яшчэ i песнi, якiя знаходзяць адлюстраванне ў альбомах. Апошнi альбом «Дах» выйшаў летась. I для мяне было дзiўна, што пасля гэтага альбома, дзе ёсць свой погляд на свет, раптам узнiк зварот да савецкiх песень. — Усё не раскажу, бо iдэя не проста ўзнiкла. Але гэта песнi — рускiя i савецкiя, — якiя мы слухалi тысячы разоў. — I нават спявалi... — Iх круцiлi, круцiлi, яны спявалiся. З аднаго боку, яны навязвалiся, а з другога, нават iх з’яўленне было абмежаванае. Не тое што зараз — хлынула шмат песень, i сярод iх столькi падобных адна на адну... Усе, хто не лянуецца, сталi iх пiсаць. Чалавек паспрабаваў сябе ў бiзнэсе, не атрымалася, дык можа яшчэ песнямi заняцца, а раптам... А тады, за савецкiм часам, да людзей выходзiла значна меней песень, i яны былi запамiнальныя. — Вядома, яны ж праходзiлi праз мастацкiя саветы. — Праходзiлi праз мастацкiя саветы, прычым не заўсёды самыя лепшыя. Але нават не прайшоўшы мастацкi савет, песня ўсё роўна магла прабiцца да людзей, калi яна была добрая. I тады надоўга заставалася папулярнай. Не такiя ўжо дурнi сядзелi ў мастацкiх саветах, канешне, штосьцi з iдэалагiчных меркаванняў прытрымлiвалася. Але ж i шлак адсейваўся. Песнi, якiя часта гучалi, у пераважнай большасцi былi сапраўды класныя. Яны ўсё роўна сядзяць у галаве, iх ужо не выб’еш. Мне захацелася пераспяваць тое, што ў галаве сядзiць, такiм чынам яго адтуль выпусцiць. Тады я стаў рабiць да знаёмых песень беларускiя тэксты. Адразу адчуў, што аўтары гэтых песень не думалi пра тое, што стварылi шлягеры. Пiсалi, што пiшацца, i былi вольныя. А ў мяне сiтуацыя iншая — ёсць адказнасць. Калi ведаеш, што перапяваеш шлягер, ёсць адказнасць за тое, каб новыя словы захавалi настрой песнi. Мне здаецца, удалося выказацца i не сапсаваць тэксты. — Iдэя вельмi арыгiнальная. Ды дзеля чаго гэта рабiлася? Хто-нiхто кажа, што песнi на беларускай мове не маюць поспеху... — Дык калi слухаць, як па-беларуску гавораць некаторыя дыктары, то ўвогуле мова здаецца такой нязграбнай, грубай... Але на самай справе гэта ж не так. Для песень наша мова — супер! Я сутыкаўся з рознымi мовамi — з польскай, расiйскай, з iдыш, з нямецкай. I калi б пачынаў жыццё спачатку, то абавязкова вывучаў бы больш розных моў. Кожная мова па-свойму адгукаецца, кожная мае свой смак. Яшчэ не так многа моў, на якiх мне даводзiлася спяваць, але я адчуваю сябе абсалютна розным пры гэтым. Нават плечы групуюцца па-рознаму. Дакладна ведаю, што беларуская мова выдатна падыходзiць для лiрычных песень — яна ж пявучая. — Пэўна, таму вы i абралi лiрычныя песнi. Але ж зрабiць дакладны адпаведнiк, каб яшчэ i музычны рытм захаваць, вельмi складана. — Увогуле, з падачы розных людзей мне раней даводзiлася займацца перакладамi. Быў момант, калi рабiў пераклады японскiх песень. Перакладаў, канешне, з падрадкоўнiкамi. Але ж я iмкнуўся пранiкнуцца японскiм духам, слухаў гэтыя песнi ў арыгiнале, музыку слухаў, нават рыс есцi стаў... Так i тут — хацелася перадаць той настрой. Мне здаецца, у многiм атрымалася i яшчэ з-за таго, што я абсалютна не падсаджваўся на сучасныя рытмы. Там ёсць нейкiя скажэннi — месцамi перамены ў тэмпах, у рытмах гэтых песень. Але, скажам, калi я з нейкай распеўнасцю пяю трохi свiнг — то ўсё роўна захоўваю рытм тых часоў. Нельга гаварыць пра данiну сучаснасцi — мы не выкарыстоўваем электронiкi, усё агучана акустычнымi iнструментамi — ёсць баян, саксафон, скрыпка, усё жывое. — А як прыйшла гэтая iдэя — сядзелi неяк у добрай кампанii?.. — Ды без кампанii. Я спачатку ўсё напiсаў, а тады сказаў: «Хлопцы, а зараз мы будзем запiсваць альбом». Яны спыталi, што за альбом такi? Я патлумачыў. Яны спачатку здзiвiлiся, а потым сталi запiсваць. Цiхенька ад усiх я ўсё зрабiў, падрыхтаваў i запусцiў. — Такiя правераныя шлягеры, як «Старый клен» яшчэ з савецкiх часоў у людзей, якiя iх памятаюць, асацыююцца з добрым сталом, салатам «Алiўе», калi ўсе разам спяваюць. Беларускамоўны варыянт можа стаць такi ж папулярны? — Я не ведаю. Таму што сам выпаў з такiх кампанiй — ужо 12 гадоў гарэлку не ўжываю i ў такiх кампанiях, дзе нешта святкуюць i хорам спяваюць, бываю рэдка. Не змагу адказаць, нават уявiць такое. Не таму, што гэта горш. Проста зараз другi час. Людзi цяпер i святкуюць, i спяваюць па-iншаму. — На якую аўдыторыю вы рыхтуеце гэтыя песнi? — Яны не стваралiся на аўдыторыю. Я не люблю на аўдыторыю ствараць. Не таму, што не паважаю аўдыторыю цi людзей. Знойдуцца людзi, якiм гэта спадабаецца — добра. Я раблю, калi мне хочацца выказацца, i калi ўжо карцiць так, што зусiм не стрымаць, я буду гэта рабiць. А пасля ўжо нейкая аўдыторыя прыходзiць, цi не. А пралiчыць усё цалкам i тое, што гэта дасць — ужо камерцыя, якая мне не ўдаецца, абавязкова памылюся i тады буду сам на сябе крыўдаваць. Навошта гэта?.. — Зараз поспех песень залежыць не столькi ад iх якасцi, арыгiнальнасцi цi добрага выканання, а ў многiм ад эфiру, дзе iх круцяць. Цi магчыма, што туды патрапяць старыя шлягеры на беларускай мове? — Калi выйшаў альбом «Дах», я разнёс яго на ўсе FM-станцыi. Пасля ўдакладняў яго лёс, i пераважна адказ быў такi: нiхто нiчога не прыносiў. На некалькiх адказалi, што гэта не iх фармат. А на адной сказалi: «У вас такiя класныя вершы, але навошта вы iх сапсавалi несучаснай музыкай?» Таксама, вiдаць, не iх фармат. А некаторыя, мне казалi, круцяць песнi з альбома не пытаючыся. Хто — не ведаю. Я ж не слухаю радыё. Сучаснае радыё — пераважна ўсе для мяне нефармат. У нас гэта ўзаемна... Таму я для сябе знайшоў iншае вызначэнне: трэба цi не трэба. За год iснавання «Даху» разышлося каля 1000 дыскаў. Пры тым, што не было кампанii па распаўсюджванню, не было паездак у падтрымку альбома. Я думаю, што гэта нядрэнна. I думаю, што з «Дахам» яшчэ не ўсё скончана. А сярод водгукаў на «Дах» адзiн толькi мяне здзiвiў: гэта немагчыма слухаць, калi людзi сядзяць за сталом. Падумаў — дык i нармальна! Не для гэтага ж рабiлася. — Колькi песень будзе ў новым альбоме i калi чакаць яго прэзентацыi? — У вераснi. Усяго ў iм будзе дзевяць песень. Я вырашыў, што ўсе альбомы буду рабiць па дзевяць песень. А кнiжкi вершаў будуць у мяне складаць не больш за 50 вершаў. — Цi быў прынцып, па якому выбiралiся песнi для перакладу? — Не. Напрыклад, больш за ўсё шкадую, што не давёў да ладу песню «Темная ночь». Яна ж была ўжо практычна перакладзеная, але нешта не атрымалася. Яшчэ некалькi песень перакладалiся, але не пайшлi. А вось «Шумел камыш» нават не збiраўся рабiць. Спачатку стаў перакладаць — выкiнуў. А пасля яно само прыйшло. Мiстыка нейкая: пасярод ночы прачнуўся, пiшу ў надалоннiк, маленькi камп’ютарчык. Нешта пiсаў, пiсаў... З ранiцы паглядзеў: што ж такое атрымалася? Аказваецца, «Шумел камыш» пераклаў да канца. Падумаў, што калi так яна шчэмiцца, значыць, павiнна быць у альбоме. — На канцэрце была яшчэ польская песенька — падрыхтоўка да будучага праекта? — Мне аднойчы сказалi: чаму я толькi па-беларуску спяваю, трэба ж мець на ўвазе iншую публiку. Вось я i праспяваў па-польску «Не спачнемы», каб некаторыя парадавалiся. А яшчэ спяю i на iдыш. Мы не замыкаемся на адной мове. Але гэта iншы праект. У гэты польскiя не ўваходзяць, а толькi савецкiя. — Што больш складана — агучваць па-беларуску iншыя песнi цi пiсаць свае? — Не ведаю. На самай справе калi штосьцi складана рабiць, то лепей не рабiць. Калi складана — то гэта значыць не тваё. Складаным для спевака аказалася адно: як назваць альбом. Пакуль у яго ёсць толькi адзiн варыянт. Але могуць — i павiнны — з’явiцца лепшыя. Дык, можа, дапаможам з усiм нашым багатым чытацкiм крэатывам? Ларыса ЦIМОШЫК. КЛЁН СТАРЫ Клён стары у двары Шыбу мацае лiстом, Нiбы клiча перайсцiся надвячоркам. Як у сне, сэрца мне Агарнула хараством Ад таго, што ты ўжо блiзка, мая зорка. Снегапад, снегапад, Снегапад згубiў свой снег, Свет, мiнаючы зiму, ў вясну iмкнецца. А чаму, а чаму, А чаму так лёгка мне? А таму, што ты мне хутка усмiхнешся. Небасхiл, небасхiл Прыглушыў агнi свае, Таямнiцу пахаваўшы ў небе чыстым. I калi на зямлi Спеў гармонiк раздае, Справа ў тым, што пакахалi гарманiста. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вы можаце сабе ўявiць, як бы вядомыя з савецкiх часоў шлягеры гучалi па-беларуску? Напрыклад, «Одинокая гармонь» цi «Утомленные солнцем»? Аднак яны за |
|