Эмчаэсавец
Васiль ТКАЧОЎ
На конкурс апавяданняў Тады была якраз сярэдзiна лета. Хоць для нашага аповеду гэта не мае нiякага значэння. Такое магло здарыцца i ўзiмку, i ў восень...Сцяпан Фiлiмончык, слесар мясцовага завода безалкагольных напояў, гарманiст i спявак, сур’ёзна захварэў: неабходна аперацыя, зрабiць якую сёння так проста было немагчыма. Патрабавалiся значныя грошы, якiх, зразумела ж, у сям’i Фiлiмончыкавых не мелася. Жонка Антанiна, выслухаўшы доктара, гаротна ўздыхнула i нiчога канкрэтнага яму не адказала. Сама ж толькi падумала: «Ратаваць трэба свайго Эмчаэсаўца, ратаваць!..» Але як гэта зрабiць — не ведала, i пакуль iшла з бальнiцы дадому, увесь час пра гэта толькi i думала. Ёй шкада было свайго зухаватага мужа, яна кахала яго, i кахала надта, i думка пра тое, што калi не зрабiць платную аперацыю, то жыць яму заставалася нядоўга, нiбыта прыбiла яе да зямлi — ногi зусiм не слухалiся, а галава, адчувала, iдзе кругам. «Ратаваць... Ратаваць... Ратаваць...» Пра iншае i думаць не хацелася. Ратаваць свайго эмчаэсаўца. Гэта яна, жонка, прыклала да яго такую мянушку, тая неяк адразу замацавалася за iм, суседзi i знаёмыя таксама прынялi: Сцяпанам мала калi называюць, больш — Эмчаэсаўцам. Ён i не крыўдуе. А то ж! Так яно i ёсць, тут чысцейшая праўда: калi што дзе — там Сцяпан. «Выручай, сусед!» Пачынiць, ухiлiць, лiквiдуе. Не кажучы ўжо, што нядаўна новы гармонiк набыў — той, стары, выдыхся: як гулянка якая, адразу да яго, Сцяпана: пайграй, дружа!.. Жонка iншы раз заўважала: «Гэта добра, што мы ў вёсцы не жывём. А то б я цябе дома i зусiм не бачыла — там старых людзей, нямоглых, шмат, i табе б хапiла занятку на iх дварах. Прастор. Уяўляю: свой агарод не ўбiраецца, бо няма калi, а Сцяпан мой рачкуе на агародзе ў якой-небудзь бабкi Моцi цi дзеда Нiчыпара. Выратоўвае тых... Адным словам — Эмчаэсавец!» I вось — бяда... Пра гэта адразу даведалiся суседзi, iнакш i быць не магло: не толькi на адной лесвiчнай пляцоўцы, але i ў пад’ездзе людзi добра ведалi адзiн аднаго, на першы погляд, жылi надзiва дружна, чаму нельга было не пазайздросцiць. Асаблiва сёння. У наш час. Калi iншыя родныя людзi мала ведаюцца. Сцяпана дома цяпер было не застаць: палiклiнiка, бальнiца, кансультацыi ў сталiцы. У яго наступiла зусiм iншае жыццё. Спярша ён не быў гатовы да такога вось нечаканага павароту, складвалася ўражанне, нiбы хто знянацку гваздануў яго нечым цяжкiм па галаве, i Сцяпан доўга не мог ачуняць, прыйсцi ў сябе. Аднак з цягам часу змiрыўся са сваiм лёсам, асаблiва не адчайваўся, i калi нагортвалiся сумныя думкi пра смерць, а было гэта ў апошнiя днi ўсё часцей i часцей, тады ён супакойваў сябе: усе там будзем. Што ж паробiш, калi такi лёс. Хоць у такiя хвiлiны на вачах з’яўлялiся здраднiцкiя слёзы, ён потайкам змахваў iх, глядзеў на жонку, на сына Арцёмку. «Як жа яны будуць без мяне жыць?» Не толькi думалася пра самых блiзкiх, пра самых родных на ўсёй гэтай зямлi людзей. Як жа будзе без яго вось гэтая кватэра, якую сам зарабiў на заводзе, да якой прывык? Як жа будзе без яго лес, дзе любiў збiраць восеньскiя крамяныя баравiкi? А рака? А хатка ў вёсцы, якая нагадвала яму пра дзяцiнства, пра маму i тату?.. Не, трэба жыць!.. Даруй, лёс!.. У яго, Сцяпана Фiлiмончыкава, цi проста Эмчаэсаўца, яшчэ багата на гэтай прыгожай планеце незавершаных спраў. А тым часам абмяркоўвалi складаную сiтуацыю, у якую трапiў Эмчаэсавец, i суседзi. Людзi, канешне ж, спачувалi. — А што тут думаць? Думаць няма калi, — паглядзеў на суседзяў пенсiянер Цярэшка.— Каб жа не спазнiцца. Будзем грошы збiраць. З iм мала хто пагадзiўся. «Не адолеем». Патрэбны ж даляры, ды нямала — ажно тысячы, дзе ж збярэш столькi? Падумаць толькi!.. Цярэшка не здаваўся: — Галоўнае ўвязацца ў бой. А калi будзем сумнявацца, пераможам мы цi не, тады i не трэба гаманiць. Пераможам. Iншага выйсця не павiнна быць. Пераможам, землякi!.. З усяго свету, як кажуць, па нiтцы... Дзiўныя мы ўсё ж людзi, скажу я вам шчыра, суседзi дарагiя: на пахаванне нябожчыка грошы збiраем, а вось на тое, каб не даць свайго ж суседа ў лапы смерцi, — мы, пагадзiцеся, да гэтага не прывыклi. Нябожчык жа на лаўцы ўсё роўна ляжаць не будзе — i без вашых грошай яго закапаюць, цi не так? Так. А Сцяпана трэба ратаваць, трэба!.. На тым i пагадзiлiся. Грошы збiраць даручылi толькi найбольш аўтарытэтным суседзям — таму ж Цярэшку, маладому настаўнiку Максiму Карпечанку i некалькiм жанчынам. — А я мех з дзяржзнакамi насiць буду, — сказаў цi тое жартам, цi тое сур’ёзна Колька, добры выпiвоха, чалавек-пустацвет. — Сцiхнi ты, паразiт! — цыкнула на яго Патапаўна. — Што, ужо i пажартаваць нельга? — трохi, здаецца, i пакрыўдзiўся Колька. — Аднак жа, заадно заўважу, i задачу вы перада мной паставiлi: мне таксама хочацца Сцёпку выручыць, але як? Грошай у мяне... самi ведаеце... А хто пазычыць? Скажу, што на лячэнне Эмчаэсаўца, дык не павераць жа! Зноў, скажуць, прыдумаў, каб нажлукцiцца. Хаця i на вялiкае дзела грошы. Эх, людзi!.. Сам Цярэшка выбраў свой жа пад’езд. Надвячоркам, калi людзi вярнулiся ў свае кватэры пасля працоўнага дня, ён узяў сшытак у клетачку, шарыкавую ручку, i пачаў абыход. З кватэры № 1. Там з нядаўняга часу жыла маладая сям’я, пра якую мала што i ведалi. Муж, жонка, малое дзiця. Прыгожыя людзi. Маюць iншамарку. Гэтая кватэра з усяго пад’езда адзiная, бадай што, якая нагадвае вакзал: чамусьцi там падоўгу жыхары не затрымлiваюцца. Пажывуць трохi адны — з’едуць, паселяцца iншыя — таксама не забавяцца. Цярэшка растлумачыў сiтуацыю гаспадару кватэры, якi адчынiў на званок. Той выслухаў, моўчкi расшпiлiў кашалёк, падаў грошы. — Больш не можам. — Дзякуй i за гэта. Як ваша прозвiшча? Я запiшу ў сшытак. — Ды не трэба, дзядзька! — запратэставаў гаспадар. — Не, братка, трэба. Ты чалавек малады, людзей кепска ведаеш. — Глядзiце самi. Ён назваў прозвiшча, Цярэшка запiсаў, падаў сшытак, каб той распiсаўся. — Дзякуй яшчэ раз, суседзе. Будзем сябраваць. Не супраць? — А чаму я павiнен быць супраць? Суседзi ж. — I я так кажу: суседзi ж мы. Павiнны выручаць адзiн аднаго. — З кожным можа здарыцца бяда, — спакойна адказаў гаспадар кватэры i прычынiў дзверы за Цярэшкам, якi, перш чым пакласцi грошы ў полiэтыленавы мяшэчак, не ўстрымаўся i пералiчыў iх. Сума аказалася нечакана вялiкая — ажно сто пяцьдзесят тысяч. Гэта абнадзеiла. Хоць i разумеў Цярэшка: а больш i мала хто так адшкадуе. Ён адразу пра сябе падумаў. Хiба ж адолее столькi? Не, не. Хоць бы паўсотнi вымеркаваць, i тое было б добра. Неўзабаве ў сшытку з’явiлiся новыя прозвiшчы суседзяў, а насупраць iх сумы: пяць тысяч, шэсць, дзесяць... «Так добра пачалося, а што атрымлiваецца? — роспачна падумаў Цярэшка. — Няўжо не выручым Эмчаэсаўца? Як жа так?!.. Як жа?!.. Ён жа нас выручаў. Пакажыце кватэру, дзе б ён што-небудзь не зрабiў. Майстар на гадзiну — гэта пра яго, пра Сцяпана. Толькi ён адрознiваўся тым, што грошай не браў. А гарэлку i не паказвайце — прысаромiць». Позна ўвечары зборшчыкi грошай сабралiся на кватэры ў Цярэшкi. Селi на кухнi за стол, падлiчылi, у каго якая сума. Што больш за ўсё здзiвiла i засмуцiла Цярэшку, дык гэта тое, што менш за ўсiх грошай сабраў ён. Ды дзе — у сваiм пад’ездзе, у пад’едзе Эмчаэсаўца. — Вось вам i Юр’еў дзень, сябры мае! — рэзюмаваў Цярэшка. — Нават не даў грошай Кавалькоў, якi сам вырашыў, помнiце ж, урэзаць лiчыльнiкi вады i каб не Эмчаэсавец, то затапiў бы ўсiх па стаяку. У якую б гэта вылiлася яму капейку — i ўявiць цяжка, а ён не даў грошай на аперацыю. Крыўдна. I iншых людзей, з якiмi вiтаўся, па-новаму я адкрыў для сябе. Ну што, панеслi грошы Эмчаэсаўцу разам, цi як? Панеслi разам. У кватэры была толькi жонка, мiлавiдная Антанiна, яна крыху, падалося, i здзiвiлася такому вось позняму вiзiту суседзяў. Павiтаўшыся, Цярэшка пацiкавiўся, а дзе ж сам гаспадар. — А ён у Мiнску, — адказала Антанiна, i па тым, як зрабiла яна гэта, той-сёй, мабыць, з прыйшоўшых да яе суседзяў здагадаўся, што настрой у жанчыны някепскi. — У Мiнску? Во як. На абследаваннi зноў? — пацiкавiўся Цярэшка. — Не, цяпер ужо на аперацыi. — На аперацыi. Так-так. А мы ж вось... — Цярэшка патрос пакетам, у якiм добра былi бачны грошы, — тут сабралi яму... Эмчаэсаўцу... на аперацыю... колькi змаглi... — Ой, дзякуй вам, людзi! — успляснула рукамi Антанiна, запунсавелася ўся. — Не трэба ўжо грошы. У нас цяпер такiя аперацыi робяць за дзяржаўны кошт. Праўда, толькi ў Мiнску. З нядаўняга часу. Але ж хiба ён так далёка, той Мiнск? Заўтра будуць рабiць. Я сынулю адвяла да сваёй мацi, а сама вось збiраюся на вакзал... Калiнкавiцкiм цягнiком еду... — Перадавай там яму прывiтанне, — сказала Патапаўна.— Дужа мы за Сцёпку перажываем. — Ага. — Перадам абавязкова. Цярэшка не ведаў, што ж цяпер рабiць з грашыма. Ён паклаў пакет на стол. Кашлянуў у кулак. — А грошы вярнiце людзям, — Антанiна ўзяла пакет, падала Цярэшку. — I ўсiм, хто адгукнуўся на наш боль з вашай, канешне ж, дапамогай, скажыце вялiкi дзякуй. Эмчаэсавец, калi, дай Божа, ўсё абыдзецца, будзе добра, таксама падзякуе. Цярэшка ўзяў пакет, памяркоўна сказаў: — Так i быць... Ну, што ж... Вярнуць дык вярнуць... паперкi свае... з прозвiшчамi зберажыце ж толькi... Добра, што запiсвалi... А то як бы вярнулi?.. Трэнькнуў званок, Антанiна адчынiла дзверы, i на парозе ўсе ўбачылi Кольку. Ён шырока ўсмiхаўся бяззубым ротам, а ў руцэ трымаў перад сабой адной паперкай пяць тысяч. — Усе бачылi? — Колька прайшоў углыб кватэры, патрос грашыма.— Перамог сябе. Пазычыў на падмогу Эмчаэсаўцу, паверыў новы сусед з першай кватэры. Дай, кажу, пяць тысяч. На тое i на тое. Ён нiчога не сказаў, моўчкi вынес i даў. Каб папрасiў дзесяць, ён бы, адчуваю, i дзесяць тысяч не пашкадаваў. Тады мне хапiла б яшчэ i на бутэльку. А не прапiў! Цярэшка, запiшы мяне ў свой талмуд!.. Ну, чаго глядзiш так на мяне, як той... ага... з рагамi на новыя вароты... — Не запiшу, — строга сказаў Цярэшка. — Чаму гэта ты мяне не запiшаш? Я што, не сусед Эмчаэсаўца? Хто маёй матцы яшчэ кладоўку зрабiў у падвале? Я i цяпер там складзiруюся. Чуеш, дзед? Цярэшка нiчога не адказаў Кольку, паглядзеў па чарзе на кожнага, хто збiраў грошы: — А што мы тут мудрыць будзем! Разбiрайце свае грошы, ды калi хочаце, тады i раздавайце. — Ён падняў пакет над сталом, узяў яго за ражкi, i вытрас грошы. Горка атрымалася высокая. Колька ж лыпаў вачыма, нiчога не разумеў: — Што?.. Чаму?.. Што з Эмчаэсаўцам?.. — Будзе жыць, будзе, — адказаў Цярэшка.—- А грошы аднясi назад таму, у каго пазычыў. Колька хехекнуў: — Што я, дурань адносiць так адразу? Толькi ж узяў. Потым, потым вярну. Пракруцiць iх трэба, грошы. За Сцёпку, за Эмчаэсаўца выпiць варта. Я ж, верыце цi не, гадзiну назад грошы гэтыя пазычыў... i ўвесь час вагаўся: цi ў краму бегчы за вiном, цi аддаць на талаку... Думаеце, лёгка мне было? Гадзiна годам падалася... А ты, дзед, кажаш: аднясi назад. Пераб’ецца. А Эмчаэсавец жыць будзе, здагадваюся па вашых партрэтах. Гэта важна. Ну, я пашыбаваў, а то ў начнiк давядзецца бегчы, а там можна i па мордзе атрымаць. Ды па мордзе як па мордзе, а бутэльку адбяруць. Колька знiк. Зборшчыкi разабралi грошы, пажадалi Сцяпану хутчэйшай папраўкi i пайшлi па сваiх кватэрах. Антанiна паехала на чыгуначны вакзал. Патухлi вокны ў доме. Якiм ты будзеш, заўтрашнi дзень?..
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тады была якраз сярэдзiна лета. Хоць для нашага аповеду гэта не мае нiякага значэння. Такое магло здарыцца i ўзiмку, i ў восень...
|
|