21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Лiлiя ЧЫГIР: «Чыноўнiкаў трэба прывучаць казаць людзям праўду»

26.08.2009 08:48 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Старшыня Камiтэта дзяржаўнага кантролю Магiлёўскай вобласцi Лiлiя Мiкалаеўна Чыгiр — магiляўчанка, паводле адукацыi — будаўнiк i эканамiст. Яна працавала ў будаўнiчым трэсце № 12 Магiлёва, а ў 1995 годзе прыйшла на працу ў КДК. Амаль чатыры гады таму Лiлiя Мiкалаеўна была прызначана на пасаду старшынi Камiтэта дзяржкантролю Магiлёўскай вобласцi.

— Лiлiя Мiкалаеўна, цi трэба супрацоўнiкам КДК валодаць нейкiмi асаблiвымi якасцямi?

— Патрабаваннi вялiкiя, але мне падаецца, што такiя якасцi павiнны быць ва ўсiх нармальных людзей. Гэта, канешне, маральнасць. Высокi ўзровень прафесiяналiзму. У нашым камiтэце працуюць людзi адукаваныя: трэць супрацоўнiкаў маюць «чырвоныя» дыпломы i школьныя медалi. Большасць мае некалькi адукацый. Аднак наш чалавек павiнен не толькi валодаць ведамi, але i разумець таго, каго правярае. Таму супрацоўнiкi камiтэта маюць стаж працы на вытворчасцi.

I абавязкова кантралёру трэба мець вытрымку i характар, якi выклiкае прыхiльнасць. Мы зносiмся з людзьмi, якiх правяраем, i яны маюць стрэс ужо толькi ад таго, што прыйшлi кантралёры. I нiякiх эмацыйных выбухаў, бо трэба паслядоўна разабрацца ў складанай сiтуацыi. За высновамi, якiя робiць кантралёр, стаяць лёсы людзей.

— На якiя сферы дзейнасцi зараз накiравана ўвага КДК Магiлёўскай вобласцi?

— Напрамкаў шмат, усе яны вызначаны заканадаўствам аб дзейнасцi Камiтэта дзяржкантролю. Адзiн з iх — кантроль за выкарыстаннем бюджэтных сродкаў.

Напрыклад, мы правяралi, як выкарыстоўвалiся грошы, выдаткаваныя на «Дажынкi-2006» у Бабруйску. Праверка вялася на працягу трох месяцаў разам з iншымi кантрольнымi органамi, бо падрадчыкаў было зашмат. У вынiку знайшлi шматлiкiя выпадкi бессiстэмнага i неэфектыўнага выкарыстання, прыпiсак i завышэння кошту выкананых работ. Агульная сума — больш за 800 мiльёнаў рублёў.

Аднак найбольш мяне ўразiла мiнская фiрма «Трыномлюкс». Яны завысiлi расцэнкi па рамонту фасада аднаго з жылых дамоў аж у 22(!) разы. Гэтая ж фiрма павiнна была выканаць земляныя работы для рэгулявання рэчышча ракi: добра, што зiма была без снегу, i кантралёры, якiя прыйшлi на аб’ект, убачылi дакладна, што там нiхто i рыдлёўкай не капнуў. Карацей, фiрма атрымала за кошт прыпiсак больш за 200 мiльёнаў рублёў. Аднак найбольш мяне здзiвiлi паводзiны дзяржаўных людзей, што падпiсвалi працэнтоўкi. Яны, прама скажам, вольна абышлiся са сродкамi падаткаплацельшчыкаў. Грошы, канешне, у бюджэт вярнулiся, пакараны паводле вынiкаў праверак 46 службовых асобаў.

Цяпер вялiкая ўвага надаецца развiццю аграпрамысловага комплексу. Усе праграмы, накiраваныя на развiццё АПК, кантралююцца намi. Летась у сельскагаспадарчых арганiзацыях мы выявiлi неэфектыўнае выкарыстанне сродкаў — амаль на 1,5 мiльярда рублёў. Напрыклад, у Слаўгарадскiм раёне забяспечвалi гаспадаркi ўгнаеннямi i сродкамi абароны раслiн без улiку iх рэштаў на пачатак года: калi б палiчылi правiльна, то можна было зэканомiць больш за мiльярд рублёў. У Быхаўскiм раёне комплексная праверка выявiла звыш мiльярда рублёў бюджэтных сродкаў, якiя неабгрунтавана атрыманы, незаконна i не па мэтаваму прызначэнню выкарыстаны. У гэтым раёне кожная трэцяя сельская гаспадарка рабiла прыпiскi пра стан жывёлагадоўлi.

Увогуле, мы змагаемся з прыпiскамi ў дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасцi. Напрыклад, летась яны выяўлены ў 22 гаспадарках. Сельгасарганiзацыi агулам прыпiсалi больш за 1700 тон збожжа, 50 тон бульбы, больш за 1000 тон саломы, больш за 30 тон прывагi буйной рагатай жывёлы i г.д.

Мы сочым таксама за выкарыстаннем i захаваннем дзяржаўнай маёмасцi. Напрыклад, сёлета правяралi безгаспадарную ўласнасць, якая не выкарыстоўваецца. Ва УКСП «Саўгас «Магiлёўскi» комплекс па адкорму буйной рагатай жывёлы даўно стаiць разрабаваны: з будынкаў зняты шыфер, вокны, дзверы i iншае. З 2001 года мясцовы фермер звяртаўся да кiраўнiцтва раёна з просьбамі перадаць яму ў карыстанне комплекс, аднак адказаў ён так i не атрымаў. I толькi пасля праверкi КДК будынкi перадалi iншай гаспадарцы для завяршэння будаўнiцтва i далейшага выкарыстання.

— У чым корань правапарушэнняў, якiя выяўляюцца КДК: гэта няведанне законаў, грэбаванне iмi альбо безадказнасць?

— Не на ўсiх прадпрыемствах ёсць юрысты i падрыхтаваныя бухгалтары. Мне падаецца, што няма такога чалавека, якi хацеў бы рабiць дрэнна, бо гэта ж праверкi, спагнаннi, адмiнiстрацыйная адказнасць... Усе хочуць рабiць правiльна, аднак не ўсе на гэта здольныя — у нас складаная нарматыўная база. Трэба абавязкова стаць карыстальнiкамi электроннай базы законаў i нарматыўных актаў. Аднак далёка не ўсе кiраўнiкi прадпрыемстваў лiчаць гэта за неабходнасць, некаторыя — за лiшнюю раскошу. I гэта не грэбаванне законам, а, хутчэй, надзея на авось. Трэба не эканомiць на юрыстах i памятаць, што няведанне заканадаўства не вызваляе ад адказнасцi за яго невыкананне.

За мiнулы год i сёлетнiя чатыры месяцы за розныя парушэннi заканадаўства Камiтэтам прыцягнуты да адмiнiстрацыйнай адказнасцi 1623 чалавекi. А калi парушэннi робяцца наўмысна, то гэта мяжуе з крымiнальнай адказнасцю. За гэты ж перыяд, паводле матэрыялаў нашых праверак, праваахоўныя органы распачалi 108 крымiнальных спраў.

Напрыклад, правяралi Дрыбiнскi УКП «Жылкамгас». Выявiлi, што на працягу двух гадоў прадпрыемства набывала розныя тавары — харчы, канцылярскiя прылады i iншыя, але яны не ўлiчвалiся афiцыйна, iмi карысталiся ў асабiстых мэтах некаторыя службовыя асобы. З ведама дырэктара больш за паўгода да кiравання службовым аўтамабiлем без вадзiцельскага пасведчання дапускаўся яго сын. I стос iншых парушэнняў заканадаўства: урон склаў больш за 2 тысячы еўра. Дырэктар вызвалены ад пасады, галоўны бухгалтар i механiк пакараны штрафамi. Эканамiчныя санкцыi да прадпрыемства склалi 21 мiльён рублёў. А для прававой ацэнкi матэрыялы перададзены ў праваахоўныя органы.

— Калi прааналiзаваць вынiкi праверак i дзейнасцi Камiтэта дзяржкантролю, то цi можна сказаць, што стала болей выканаўчай дысцыплiны i законнасцi?

— Безумоўна, дысцыплiны i парадку стала болей — гэта я вам скажу як работнiк вытворчасцi ў былым. У перабудовачныя 1990-я гады былi практычна знiшчаны рэвiзорскiя службы: каб выжываць, скарачалi людзей, i ў першую чаргу рэвiзораў. I калi я прыйшла ў Камiтэт i давялося бываць у будаўнiчых арганiзацыях на праверках, то выявiлася, што ў паперах нiчога нельга было зразумець, настолькi дрэнна вялася дакументацыя.

Гадоў дзесяць таму кантралёры знайшлi гаспадарку, дзе бухгалтарскi ўлiк вёўся слупкамi: мы вiнныя, нам вiнныя. Цяпер гэта моцнае i вядомае за межамi вобласцi сельскагаспадарчае прадпрыемства. Ёсць, праўда, яшчэ слабыя сельгаспрадпрыемствы ў глыбiнцы, дзе няма добрага бухгалтарскага ўлiку. Але яны падцягнуцца. Спадзяюся, што рэструктурызацыя гаспадарак выправiць сiтуацыю да лепшага.

Ведаеце, напэўна, чалавек так уладкаваны, што яго павiнны кантраляваць. Калi ён ведае, што да яго прыйдуць i правераць, ён будзе рабiць належным чынам.

— Днямi выйшла новая Дырэктыва кiраўнiка дзяржавы, якая датычыцца пытанняў энергазберажэння i эканомii.

— Праверкi па энергабяспецы мы праводзiлi пастаянна. Калi правяраем прадпрыемства, то гэта адно з абавязковых пытанняў. Як iдзе расходаванне энергii, цi нармiравана яна, цi пастаўлены прыборы ўлiку... А цяпер гэтым пытанням будзе надавацца яшчэ больш увагi.

— Многiя прадпрыемствы i ўстановы скардзяцца, што праверак усё ж такi шмат. Цi ўдаецца скаардынаваць працу кантралёраў розных ведамстваў i арганiзацый?

— Я лiчу, што ўдаецца. Працуе Савет па каардынацыi кантрольнай дзейнасцi ў Рэспублiцы Беларусь, якi ўзначальвае Старшыня Камiтэта дзяржкантролю Зянон Ломаць. Саветам праводзiцца вялiкая арганiзацыйная работа, i, на мой погляд, ёсць добрыя вынiкi. У Магiлёўскай вобласцi каардынацыйны Савет узначальваю я. Адпаведныя структуры створаны i ў раёнах.

Раней у кожнага кантрольнага органа (усяго iх у нас 42) быў свой план, а цяпер фармiруецца каардынацыйны план кантрольнай дзейнасцi на аснове спецыяльнай камп’ютарнай праграмы, якую распрацавалi супрацоўнiкi КДК. Усе намаганнi Савета накiроўваем супраць выслоўя Казьмы Пруткова, якi казаў, што нельга ахапiць неабдымнае. Усяго за 2006 год i першы сёлетнi квартал скаардынаваны з кантрольнымi органамi Магiлёўшчыны i праведзены больш за 12 тысяч праверак.

Спробы каардынацыi пачалiся яшчэ ў 2003 годзе, а летась наступiў пералом, калi былi ўведзены некаторыя непапулярныя меры: адмiнiстрацыйная i дысцыплiнарная адказнасць за праверку без узгаднення. Камiтэт ужо прыцягнуў да адказнасцi двух кiраўнiкоў, якiя неправамерна прызначылi праверкi, а таксама больш за сотню кантралёраў, якiя няправiльна зрабiлi запiсы ў кнiгу ўлiку праверак. Гэта, скажу вам, дзейсны рычаг.

А колькасць праверак скарацiлася. На некаторых прадпрыемствах — больш чым у 4 разы.

— Як вядома, праца са зваротамi людзей — важны накiрунак дзейнасцi Камiтэта дзяржкантролю.

— Так, у нас ёсць тэлефон даверу, мы праводзiм гарачыя тэматычныя лiнii. I ёсць такiя тэлефанаваннi, па якiх разбiраемся i сапраўды выяўляем парушэннi. Напрыклад, лiтаральна днямi разбiралiся па звароту жыхароў дома па вулiцы Якубоўскага ў Магiлёве. Iндывiдуальны прадпрымальнiк незаконна зрабiў прыбудову, але нават зямлю пад гэта не аформiў. Фактычна гэта быў самазахоп пры патураннi ўпраўлення архiтэктуры горада. Жыхар дома патэлефанаваў нам па тэлефоне даверу ў выхадны дзень: чалавек сказаў, што куды толькi ўжо нi звярталiся, i засталася адна надзея — на Камiтэт дзяржкантролю. Зараз прыбудова знiшчана, забудоўшчык страцiў каля 12 тысяч долараў.

— КДК сапраўды ўспрымаецца людзьмi як апошняя iнстанцыя. На што больш за ўсё скардзяцца простыя людзi? I як камiтэт вырашае iх праблемы?

— Найбольшая колькасць зваротаў звязана з праблемамi жыллёва-камунальнай гаспадаркi. Можа, гэта ад таго, што на ўсё грошай не хапае? Што нельга ўсiм адразу, напрыклад, адрамантаваць дах? Некалькi гадоў таму мы правяралi гэту сферу i выявiлi, што там не iснавала 2-гадовых i 5-гадовых планаў капiтальнага рамонту жыллёвага фонду. Цяпер гэта выпраўлена, i людзям можна гаварыць: ваша чарга падыдзе ў канкрэтны час. Чалавек будзе ведаць i не будзе хвалявацца. Трэба людзям казаць праўду.

Ёсць паведамленнi i пра злоўжываннi ўладай. Але далёка не заўсёды гэта пацвярджаецца — толькi нязначны працэнт ад агульнай колькасцi. Апошнiм часам павялiчылася колькасць зваротаў па працоўнаму заканадаўству. Паводле аналiзу, кожны дзесяты зварот — пра праблемы працы i заробку.

— А ў Камiтэце разглядаюцца ўсе звароты?

— Чытаюцца i слухаюцца — усе. А вось разбiраюцца — не. Напрыклад, пiша жанчына: у маёй суседкi пяць пярсцёнкаў на кожнай руцэ, тры футры i два аўтамабiлi. Зразумела, што ў заяўнiцы ёсць смяротны грэх — зайздрасць. Але калi ёсць нейкiя намёкi на эканамiчныя правапарушэннi, то мы iмкнёмся адпрацаваць iх разам з фiнансавай мiлiцыяй.

Увогуле практыка паказвае, што ў большасцi выпадкаў у сваiх зваротах у КДК людзi ўказваюць, што раней яны звярталiся да органаў улады альбо ў розныя службы, аднак з-за бяздзейнасцi, некампетэнтнасцi, фармалiзму i непрафесiяналiзму асобных службовых асобаў вымушаны пiсаць у Камiтэт.

— Цяпер людзi скардзяцца, што чыноўнiкi даюць своечасовыя адказы на скаргi, але па сутнасцi яны — фармальныя, адпiскi. Можа, гэта новая хвароба чыноўнiцтва?

— За цяганiну прымаем самыя жорсткiя меры. Аж да ўнясення прапаноў аб вызваленнi ад займаемай пасады. I здымаем вострыя праблемы са свайго кантролю толькi пасля iх вырашэння.

Калi праводзiлi «прамую лiнiю» па праблемах жыллёва-камунальнай гаспадаркi, то да нас паступiла больш за 400 тэлефанаванняў з усiх куткоў вобласцi. Усе звароты былi накiраваныя тым, хто павiнен выконваць гэту працу. Дзесятая частка адказаў выклiкала сумненнi, i пасля iх праверкi аказалася, што трэць з iх — несапраўдная iнфармацыя. Напрыклад, нам адказвалi, што ўсё адрамантавана: прыкладалi распiскi жыхароў, а здаралася, што нават некаторыя з iх былi фiктыўныя. Нам хлусiлi Крычаўскi раён, гарады Магiлёў i Бабруйск... За гэта нямала службовых асобаў прыцягнута да дысцыплiнарнай адказнасцi.

Яшчэ адзiн прыклад. У Камiтэт звярнулiся жыхары аднаго з дамоў у Кiраўску наконт холаду. Цяганiна доўжылася 5 гадоў. Шматлiкiя камiсii так i не здолелi выявiць прычыны неадпаведнасцi тэмпературнага рэжыму. I пакуль людзi не звярнулiся на «прамую лiнiю», так i працягвалася. Зараз знойдзена прычына, прымаюцца належныя меры, каб выправiць становiшча, 4 чалавекi прыцягнуты да адмiнiстрацыйнай адказнасцi. Увогуле за такiя рэчы летась пакараны каля дзвюх соцень службовых асобаў.

— А iншая крайнасць — гэта людзi, якiя скардзяцца ва ўсе iнстанцыi. Iх называюць прафесiйнымi альбо вечнымi скаржнiкамi. Як з iмi разбiрацца?

— Так, ёсць такiя. Хоць звычайна пасля Камiтэта ўжо нiкуды не пiшуць. Але некаторыя i тут не спыняюцца. Ёсць такiя, для каго скарга — надзённая патрэба: спачатку пiшуць на суседа, потым знаходзяць новую ахвяру. Часам з дапамогай кантралёраў скаржнiкi хочуць задаволiць свае меркантыльныя iнтарэсы. Па-рознаму здараецца, аднак мы iм адказваем i тлумачым усё ў адпаведнасцi з заканадаўствам. Ну, а калi чалавек хлусiць, то ён можа i адказаць за гэта паводле закона.

— Што б вы параiлi тым, хто шукае праўду i дапамогу, але не можа дамагчыся гэтага?

— У кожнага чалавека ёсць права звярнуцца да нас. I мая парада такая: чыноўнiкаў трэба прывучаць да парадку. Калi ты нешта не можаш выканаць, зрабiць у тэрмiн — растлумач чалавеку, ён будзе ведаць праўду i зразумее. А калi вы атрымалi адпiску i змаўчалi, то гэты чыноўнiк i далей будзе рассылаць такiя адказы. Трэба да гэтага ставiцца прынцыпова, iнакш мы не выкаранiм гэтае зло.

— Што б вы параiлi са свайго вопыту гаспадарнiкам, прадпрымальнiкам, дзяржаўным служачым, каб яны не баялiся праверак Камiтэта дзяржкантролю, а спакойна працавалi?

— Скажу каротка. Трэба ведаць заканадаўства Рэспублiкi Беларусь i выконваць яго.

— Дзякуй вам за размову.

Гутарыла Iлона IВАНОВА.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыня Камiтэта дзяржаўнага кантролю Магiлёўскай вобласцi Лiлiя Мiкалаеўна Чыгiр — магiляўчанка, паводле адукацыi — будаўнiк i эканамiст. Яна працав
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика