Чаму знiзiлiся заробкi работнiкаў фермы?
Сяргей РАСОЛЬКА
«Гарачы» тэлефон «Звязды» 287-17-41 На «гарачую лiнiю» газеты патэлефанавала Аксана Аляксандраўна Паранчук з вёскi Новыя Доктаравiчы Капыльскага раёна — жонка жывёлавода з цэнтральнай фермы Мiнскага абласнога ўнiтарнага прадпрыемства «Доктаравiчы». Прычым сцвярджала, што звяртаецца па даручэнню i ад iмя ўсiх сямi работнiкаў фермы: жывёлаводаў Маскалiка, Буцько, Паранчука, слесара Кульбiцкага, даярак Монак i Мяцеж, загадчыцы Брыцько. Сутнасць скаргi датычылася заробкаў: за апошнi месяц, у параўнаннi з папярэднiмi, яны ва ўсiх работнiкаў знiзiлiся на 80—100 тысяч рублёў. «А праца ж вельмi цяжкая, трохразовая дойка, ды зараз спёка... На iншых фермах да 400 тысяч рублёў атрымлiваюць, а на гэтай ферме за май даяркi, напрыклад, атрымалi па 260 тысяч рублёў, жывёлаводы — па 190 тысяч, слесар — 150 тысяч. Чаму? Звярталiся да кiраўнiка гаспадаркi, ён адказаў коратка, маўляў, як працуеце — так i атрымлiваеце...»Мы патэлефанавалi старшынi Уладзiмiру Дземянкову, выклалi яму сутнасць скаргi падначаленых. Дамовiлiся, што назаўтра пагаворым на гэтую тэму больш падрабязна — пасля таго як Уладзiмiр Уладзiмiравiч яшчэ раз падрабязна праверыць усе нюансы справы. Назаўтра нi стацыянарныя, нi мабiльны тэлефоны Дземянкова не падавалi «прызнакаў жыцця». Давялося звяртацца да начальнiка ўпраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Капыльскага райвыканкама Iрыны Кiсляк. Апошняя абяцала ўсё як след праверыць i разабрацца ў сiтуацыi з работнiкамi фермы. Вынiкi той праверкi праз некалькi дзён нам агучыў начальнiк аддзела эканомiкi ўпраўлення Генадзь Мiсевiч. — Зарплата ў работнiкаў цэнтральнай фермы з «Доктаравiч» за май у параўнаннi з папярэднiмi месяцамi сапраўды знiзiлася на 40—50—60 тысяч рублёў. Гэтаму ёсць некалькi аб’ектыўных прычын, — паведамiў Генадзь Мiхайлавiч. — Па-першае, у тым жа сакавiку—красавiку дзейнiчалi больш высокiя расцэнкi зiмова-стойлавага перыяду, а нядаўна мы перайшлi на расцэнкi летня-пашавага перыяду. Па-другое, на гэтай ферме, напрыклад, за май надоi былi меншыя, чым за той жа перыяд летась. Па-трэцяе, калi б амаль 100 працэнтаў малака iшло вышэйшым гатункам цi першым, за кожную тону работнiкi атрымлiвалi б 12 тысяч рублёў. А ў iх вышэйшым i першым гатункам было здадзена ў маi толькi 65 працэнтаў малака (у красавiку — 85 працэнтаў), адпаведна, за тону выходзiла менш. Прычына? Дрэнная прамыўка абсталявання. Усе гэтыя фактары ў вынiку i паўплывалi на канчатковы заробак работнiкаў. Але i гэта яшчэ не ўсё. Надоi за апошнi час на ферме павялiчылiся вельмi нязначна. Скажам, калi ў красавiку ад кожнай каровы атрымлiвалi ў дзень па 10 лiтраў малака, дык у маi — усяго 11 лiтраў. Як дадаў напрыканцы размовы начальнiк аддзела эканомiкi ўпраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання райвыканкама, на некаторых фермах сапраўды заробак работнiкаў складае i 300, i 400 тысяч рублёў. «Але ж i надоi там у 1,6—1,7 раза большыя. Ды i сам статак можа складаць 200 галоў, а на ферме ў «Доктаравiчах» усяго 111 рагуль». Генадзь Мiхайлавiч паабяцаў яшчэ раз асобна давесцi гэтую iнфармацыю да вяскоўцаў. Тым больш што кiраўнiк гаспадаркi Уладзiмiр Дземянкоў, як высветлiлася, прысутнiчаў i ў кабiнеце Iрыны Кiсляк, i ў кабiнеце Генадзя Мiсевiча, калi да iх па вынiк праверкi звяртаўся журналiст «Звязды».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На «гарачую лiнiю» газеты патэлефанавала Аксана Аляксандраўна Паранчук з вёскi Новыя Доктаравiчы Капыльскага раёна — жонка жывёлавода з цэнтральнай фе
|
|