Сквапныя палкоўнiкi
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Канферэнц-зала Генеральная пракуратура расследуе крымiнальную справу супраць траiх палкоўнiкаў КДБ i МУС, якiя падазраюцца ў хабарнiцтвеСёння беларускiя пракуроры адзначаюць сваё прафесiйнае свята. Прычым айчыннай пракуратуры споўнiлася роўна 85 гадоў. З нагоды юбiлею ўчора адбылася прэс-канферэнцыя Генеральнага пракурора краiны Пятра МIКЛАШЭВIЧА. «Гучныя справы» Кiраўнiк Генеральнай пракуратуры падкрэслiў, што перад законам усе павiнны быць роўныя. «Недатыкальных асобаў у нашай краiне няма», — адзначыў Пётр Мiклашэвiч. У якасцi прыкладаў бескампрамiснай барацьбы пракурораў з карупцыяй ён прывёў некалькi «гучных спраў». Сярод iншага Генеральны пракурор паведамiў некаторыя падрабязнасцi расследавання крымiнальнай справы, узбуджанай супраць кiраўнiка «Белнафтахiма» Аляксандра Бароўскага. Гендырэктар канцэрна падазраецца ў парушэннi адразу трох артыкулаў Крымiнальнага кодэкса. У прыватнасцi, яму iнкрымiнуецца крадзеж у асаблiва буйных памерах, злоўжыванне службовымi паўнамоцтвамi i рассакрэчванне звестак, якiя складаюць службовую тайну. Уся незаконная дзейнасць спадара Бароўскага, паводле слоў Ген-пракурора, звязана з пастаўкамi расiйскiх нафтапрадуктаў i iх рэалiзацыяй, а ўрон складае «не адзiн мiльён долараў». Разам з Аляксандрам Бароўскiм затрыманы iншыя кiруючыя асобы «Белнафтахiма», а таксама прадстаўнiкi камерцыйных структур. Генеральны пракурор не назваў дакладную колькасць асобаў, якiя фiгуруюць у гэтай «гучнай» справе. Ён толькi заявiў, што разам з кiраўнiком «Белнафтахiма» былi затрыманы яшчэ 5—6 чалавек. Больш падрабязна паведамiць пра «справу Бароўскага» Пётр Мiклашэвiч адмовiўся, спаслаўшыся на тое, што Камiтэтам дзяржбяспекi яшчэ не завершана расследаванне. Дарэчы, i ў самiх спецслужбах не так даўно здарыўся карупцыйны скандал. Паводле звестак Генеральнага пракурора, супраць двух палкоўнiкаў КДБ, адзiн з якiх дзеючы, i палкоўнiка МУС была ўзбуджана крымiнальная справа. Уся «тройца» падазраецца ў атрыманнi хабару ў асаблiва буйных памерах. Расследаванне справы пачалося нядаўна, таму кiраўнiк пракуратуры i на гэты раз не стаў паведамляць падрабязнасцi. А вось «гучная» справа, дзе фiгуруюць супрацоўнiкi Гродзенскай рэгiянальнай мытнi i iх калегi з «Заходняга Буга», выйшла на фiнiшную прамую. Пётр Мiклашэвiч нагадаў, што мытнiкi некалькi гадоў таму стварылi цэлую злачынную арганiзацыю, якая пад выглядам будматэрыялаў займалася перамяшчэннем праз нашу мяжу камп’ютараў, бытавой тэхнiкi i iншых каштоўных тавараў. Маштабы дзейнасцi гэтай арганiзацыi настолькi вялiкiя, што яе ўдзельнiкаў будуць судзiць у некалькi заходаў. «Першая партыя» паўстане перад судом ужо ў лiпенi. На лаве падсудных апынуцца 22 чалавекi, у тым лiку 9 мытнiкаў. Урон, якi нанесла нашай дзяржаве гэтая злачынная група, паводле слоў Пятра Мiклашэвiча, складае больш за 24 мiльярды рублёў. Прыкладна праз 3 месяцы пачнецца працэс над «другой партыяй» нядобрасумленных мытнiкаў i iх памагатых, якiя нанеслi ўрон iнтарэсам Беларусi на суму 90 мiльярдаў рублёў. Як адзначыў Генеральны пракурор, «другiм заходам» будуць судзiць ужо каля 50 чалавек, з якiх 25 — супрацоўнiкi мытнi. Ён паведамiў, што расследаванне гэтай справы знаходзiцца пад асабiстым кантролем кiраўнiка дзяржавы. Пракуратура — аўтарытэтная структура Пётр Мiклашэвiч падкрэслiў, што пракуратура з’яўляецца не толькi адной з асноўных частак праваахоўнай сiстэмы нашай краiны, але i ажыццяўляе нагляд за выкананнем законнасцi, абараняе правы i iнтарэсы як усёй дзяржавы, так i асобных грамадзян. За мiнулы год i сёлета ў органы пракуратуры ў пошуках справядлiвасцi звярталiся больш за 60 тысяч грамадзян. Скаргi 12 тысяч чалавек былi прызнаны абгрунтаванымi i пракуроры прынялi меры, каб аднавiць справядлiвасць. Пракуроры таксама ажыццявiлi больш за 20 тысяч праверак выканання заканадаўства ў органах ўлады, ва ўстановах i на прадпрыемствах. Па вынiках гэтых праверак кiраўнiкам было вынесена больш за 41 тысячу прадстаўленняў i прадпiсанняў аб лiквiдацыi выяўленых парушэнняў. Да адмiнiстрацыйнай, матэрыяльнай i дысцыплiнарнай адказнасцi прыцягнута амаль 50 тысяч службовых асобаў. Па патрабаванню пракурораў дзяржаве кампенсаваны ўрон амаль на 141 мiльярд рублёў. Як падкрэслiў Пётр Мiклашэвiч, пракуратура — аўтарытэтная структура. Сёння няма фактычна нiводнай сферы, за якой бы не сачыла пiльнае пракурорскае вока. Зараз, дарэчы, у органах беларускай пракуратуры працуе 1940 чалавек, у тым лiку 434 жанчыны. Паводле слоў Пятра Мiклашэвiча, сённяшнi калектыў пракуратуры — гэта маналiтны корпус выдатна падрыхтаваных спецыялiстаў. Карыстаючыся выпадкам, Генеральны пракурор павiншаваў калег з прафесiйным святам i падзякаваў за добрасумленную i прынцыповую працу.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Генеральная пракуратура расследуе крымiнальную справу супраць траiх палкоўнiкаў КДБ i МУС, якiя падазраюцца ў хабарнiцтве
|
|