Аляксандр ЛУКАШЭНКА: «Мы падтрымлiвалi i будзем падтрымлiваць свой рэальны сектар эканомiкi»
Сяргей ПРОТАС
Цi павiнна дзяржава аказваць падтрымку рэальнаму сектару? Пытанне ў пэўнай ступенi рытарычнае — як паказвае сусветны вопыт, нават у эканамiчна развiтых краiнах дзяржава не сыходзiць з эканомiкi. Куды больш важны момант, каму i як падтрымка павiнна аказвацца, каб прынесцi максiмальную аддачу. Вырашэнню гэтай актуальнай задачы i была прысвечана нарада ў кiраўнiка дзяржавы з удзелам урада, кiраўнiцтва аблвыканкамаў, Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, Нацыянальнай акадэмii навук, iншых зацiкаўленых устаноў i ведамстваў.
Увогуле трэба адзначыць, што тэма дзяржпадтрымкi прадпрыемстваў на такiм высокiм узроўнi не новая. Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка ўжо не аднойчы выказваў сваё меркаванне на гэты конт, а ва Указе аб удасканаленнi прававога рэгулявання парадку аказання дзяржаўнай падтрымкi, Пасланнi беларускаму народу i парламенту паставiў канкрэтныя задачы i прапанаваў механiзмы iх вырашэння. Што зроблена? На жаль, даводзiцца канстатаваць, што да гэтага часу дзяржаўная падтрымка прадпрыемстваў павялiчвалася з году ў год. Толькi летась арганiзацыям рэальнага сектара эканомiкi было выдаткавана каля 2 трыльёнаў рублёў. А вось скарысталiся гэтымi прэферэнцыямi суб’екты гаспадарання па-рознаму. Асноўная маса — 64 працэнты — прадпрыемстваў, якiх падтрымала дзяржава, сумленна выканалi ўзятыя на сябе абавязкi, прымусiлi грошы працаваць i атрымалi адпаведны эканамiчны вынiк. Аднак трэць арганiзацый па прычыне як аб’ектыўных (падаражэнне энерганосьбiтаў i iнш.), так i суб’ектыўных прычын выдаткаваныя сродкi проста «праела». Прычым частка дырэктарата складала «пацёмкiнскiя» бiзнэс-планы загадзя ведаючы, што вярнуць грошы не зможа... «З будучага года мы павiнны кардынальна змянiць дзяржаўную палiтыку ў адносiнах да дзяржаўных прэферэнцый, — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. — Надышоў час не толькi адмовiцца ад падтрымкi на плаву безнадзейных прадпрыемстваў, але i спынiць распыленне дзяржаўных сродкаў на неэфектыўныя цi малаэфектыўныя праекты!.. Трэба дабiцца таго, каб кожнае прадпрыемства працавала эфектыўна i рэнтабельна». Кiраўнiк дзяржавы выказаў занепакоенасць тым, што ўрад выдзяляе значныя сродкi на падтрымку нерэнтабельна працуючых прадпрыемстваў. «Я раблю адну выснову, што ўрад за кошт бюджэту спрабуе скрыць сваю некампетэнтнасць i дрэнную работу», — сказаў ён. Змяненне сiстэмы дзяржпадтрымкi ў Беларусi, у адрозненне ад iншых постсавецкiх краiн, не павiнна стаць шокавай тэрапiяй. «У прадпрыемстваў было больш як 10 гадоў, каб адаптавацца да новых умоў, — адзначыў Прэзiдэнт. — Прадпрыемствы i калектывы, якiя не змаглi гэтага зрабiць, нам проста не патрэбны». У якасцi прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў сiтуацыю ў сельскай гаспадарцы. Навошта ўкладваць велiзарныя сродкi ў нерэнтабельныя прадпрыемствы, калi сёння дастаткова паспяховых? Калi ўкласцi ў iх, яны выпусцяць прадукцыi столькi, колькi патрэбна Беларусi. Непакоiць кiраўнiка дзяржавы i стан спраў у лёгкай прамысловасцi — нягледзячы на важкую падтрымку дзяржавы, iстотных поспехаў прадпрыемствам дабiцца пакуль не ўдалося. Звяртаючыся да ўрада, Прэзiдэнт запатрабаваў спынiць «разбазарванне» дзяржаўных сродкаў. «У нас ёсць праекты, у якiя калi ўкласцi рубель, атрымаем дзесяць», — заўважыў Прэзiдэнт. У сваiм выступленнi вiцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў прапанаваў адысцi ад падтрымкi канкрэтных прадпрыемстваў, а сродкi выдаткоўваць пад пэўныя адрасныя праграмы. Справа ў тым, што нашымi асноўнымi гандлёвымi партнёрамi з’яўляюцца краiны, якiя ўваходзяць у Сусветную гандлёвую арганiзацыю, цi знаходзяцца на фiнiшнай прамой на ўступленне ў яе. Мiжнародныя ж правiлы забараняюць субсiдзiраванне асобных прадпрыемстваў, якое можа паўплываць на канкурэнтаздольнасць iх прадукцыi. За сiстэмную, а не кропкавую падтрымку рэальнага сектара выказаўся i старшыня прэзiдыума Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Мiхаiл Мяснiковiч. Ён таксама прапанаваў стварыць «бюджэт развiцця» — асобны артыкул у дзяржбюджэце, сродкi з якога iшлi б на iнавацыйныя перспектыўныя нацыянальныя праекты. Шэраг прыкладаў неэфектыўнага i нават крымiнальнага выкарыстання дзярждатацый асобнымi кiраўнiкамi прадпрыемстваў прывёў старшыня Камiтэта дзяржкантролю Зянон Ломаць. У сувязi з гэтым Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз засяродзiў увагу прысутных на важнасцi падбору кадраў на пасады кiраўнiкоў прадпрыемстваў i неабходнасцi ўмацавання дысцыплiны. У завяршэнне нарады Прэзiдэнт паставiў задачу сiстэматызаваць i ўпарадкаваць дзяржаўную дапамогу прадпрыемствам. Новую нарматыўна-прававую базу кiраўнiк дзяржавы гатовы адобрыць толькi ў тым выпадку, калi сродкi будуць размяркоўвацца празрыста, кожная капейчына патрапiць дакладна па прызначэнню, а ў несумленных дырэктараў не будзе магчымасцi выйсцi за прававое поле. «Мы падтрымлiвалi i будзем падтрымлiваць свой рэальны сектар эканомiкi. Але рабiць гэта будзем цывiлiзавана», — заявiў Аляксандр Лукашэнка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цi павiнна дзяржава аказваць падтрымку рэальнаму сектару? Пытанне ў пэўнай ступенi рытарычнае — як паказвае сусветны вопыт, нават у эканамiчна развiты |
|