НАКIРАВАННЕ — ЗУСIМ НЕ «ДАЗВОЛ»
Сяргей ГРЫБ.
Чым вышэй узровень адукацыi — тым больш шанцаў атрымаць прэстыжную i высокааплатную работу. Гэта стала аксiёмай даволi даўно. Таму не выпадае здзiўляцца, што колькасць грамадзян нашай краiны, якiя жадаюць атрымаць дыплом, застаецца стабiльна вялiкай. I ў тым лiку — не толькi падчас навучання на дзённых аддзяленнях. Мiж тым, таксама не сакрэт: пераважная большасць завочнiкаў адначасова працуе, у сувязi з чым раз-пораз узнiкаюць па-сапраўднаму няпростыя пытаннi. Цi «абавязковай» з’яўляецца згода на паступленне, што бярэцца пад увагу пры складаннi графiка водпускаў для завочнiкаў i якiм чынам можна «адпрасiцца» на сесiю? З гэтым i iншым мы паспрабуем разабрацца з дапамогай загадчыка юрыдычнай кансультацыi галоўнага прававога ўпраўлення апарата Савета Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi Уладзiмiра Iванавiча ШЭЛКОВIЧА.
Уласнае жаданне па агульных правiлах У сiтуацыi, калi да пачатку навучання «падштурхоўвае» кiраўнiк арганiзацыi, нiбыта ўсё зразумела. Асаблiва калi той жа кiраўнiк падмацоўвае сваё пажаданне адпаведным накiраваннем. Больш складанае становiшча, калi паступаць на завочнае аддзяленне вырашае сам работнiк. Праўда, у дадзеным выпадку трэба адзначыць, што залiшнiх падстаў для хваляванняў у патэнцыяльных завочнiкаў быць не павiнна. Прынамсi, закон — на iх баку. — Паводле артыкула 212 Працоўнага кодэкса, работнiкам, якiя атрымалi допуск да ўступных экзаменаў у вышэйшыя i сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы, павiнен прадастаўляцца водпуск без захавання зарплаты, — кажа Уладзiмiр Шэлковiч. — Да таго ж асобам, якiя атрымалi допуск да ўступных iспытаў у ВНУ, такi адпачынак даецца працягласцю не менш за 15, а да iспытаў у ССНУ — працягласцю не менш за 10 каляндарных дзён. I гэта — без улiку часу праезду да навучальнай установы i назад. Безумоўна, сам допуск да экзаменаў павiнен пацвярджацца адпаведным дакументам — даведкай-выклікам. Аднак калi такi дакумент ёсць, то водпуск без захавання зарплаты прадастаўляецца незалежна ад жадання наймальнiка i наяўнасцi яго накiравання на навучанне. Прычым прадастаўляецца пры паступленнi як у дзяржаўныя, так i ў недзяржаўныя навучальныя ўстановы. I таксама цiкавы момант. Як адзначае Уладзiмiр Шэлковiч, пры ўзаемнай згодзе работнiка i наймальнiка або пры наяўнасцi спецыяльнага запiсу ў калектыўным дагаворы працягласць водпуску можа быць павялiчана. А сам водпуск — стаць часткова цi цалкам аплачваемым. Аднак гэтыя нюансы рэгулююцца толькi лакальнымi нарматыўнымi актамi на ўзроўнi кожнай канкрэтнай арганiзацыi. Без аплаты — без перашкод Зрэшты, паступленне — толькi першы этап. «Дадатковы» час можа спатрэбiцца i потым — для здачы сесiй. Якiм чынам вырашаецца гэта праблема? — Узгадаем той жа Працоўны кодэкс, — працягвае Уладзiмiр Шэлковiч. — Паводле яго, работнiкам, якiя паспяхова навучаюцца на вячэрнiх цi завочных аддзяленнях вышэйшых i сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў, на перыяд установачных занят-каў, выканання лабараторных работ, здачы сесii, дзяржэкзамену, падрыхтоўкi i абароны дыпломнай работы прадастаўляецца права на сацыяльны водпуск без захавання зарплаты. Ён даецца ў абавязковым парадку — незалежна ад накiравання наймальнiка. А сама працягласць падобнага водпуску можа быць рознай. Скажам, у выпадку сесii яна складае час, прадугледжаны даведкай-вызавам. Што ж да атрымання водпуску «на сесiю» з аплатай, то гэта магчымасць ёсць выключна пры ўмове адпаведнага запiсу ў працоўным, калектыўным дагаворы або ў дагаворы на падрыхтоўку спецыялiста. Аднак калi такой дамоўленасцi з наймальнiкам няма, патрабаваць грошы за час здачы экзаменаў работнiк ужо не можа. Асобная тэма — хвароба падчас водпуску для здачы сесii. У выпадку наяўнасцi лiстка часовай непрацаздольнасцi такi водпуск або яго частка могуць быць перанесены на iншы час. Аднак тут жа трэба мець на ўвазе: у выпадку, калi падчас хваробы работнiк усё ж здаў экзамены, то права на працягненне сацыяльнага водпуску не будзе. Меркаванне мусяць улiчыць Не сакрэт, што пры адсутнасцi права на аплату даволi распаўсюджаным варыянтам з’яўляецца выкарыстанне для здачы сесii «асноўнага» водпуску або пэўнай яго часткi. Цi павiнен наймальнiк улiчыць гэта жаданне пры складаннi традыцыйнага графiка працоўных адпачынкаў? — Работнiкам, якiя навучаюцца без адрыву ад вытворчасцi на вячэрнiх цi завочных аддзяленнях ВНУ або ССНУ, па iх жаданню наймальнiк абавязаны прымяркоўваць i «замацоўваць» у графiках прадастаўленне працоўных водпускаў да часу правядзення ўстановачных заняткаў, выканання лабараторных i навучальных работ, здачы экзаменаў i залiкаў, — тлумачыць Уладзiмiр Шэлковiч. — I, дарэчы, пры ўмове жадання такога работнiка працоўны водпуск мусiць быць таксама прымеркаваны да часу канiкулаў у навучальнай установе. 6 месяцаў. А можна i раней Неабходна падкрэслiць, што нiякiх пераваг у вячэрнiкаў i завочнiкаў падчас скарачэння штатаў у нашым заканадаўстве няма. Такiя перавагi могуць iснаваць толькi ў асобных арганiзацыях — на падставе калектыўных дагавораў. Разам з тым пры навучаннi без адрыву ад вытворчасцi нялiшне ведаць аб некаторых нюансах. Так, у першы год работы працоўныя водпускi «вячэрнiкам» i завочнiкам могуць прадастаўляцца яшчэ да заканчэння 6 месяцаў знаходжання ў «свайго» цяперашняга наймальнiка. Аднак карыстацца падобнай «прывiлеяй» цi не — гэта залежыць зноў-такi ад жадання студэнта або навучэнца. Яшчэ адна «прывiлея» датычыцца вячэрнiкаў i завочнiкаў, якiя заканчваюць навучанне. У iх на перыяд 10 навучальных месяцаў перад пачаткам выканання дыпломнага праекта або здачы дзяржаўных экзаменаў па асноўным месцы работы ёсць права на скарачэнне працоўнага дня цi тыдня — з аплатай дадатковага «свабоднага часу» ў памеры 50 працэнтаў. Апроч усяго, на працягу ўзгаданых 10 месяцаў наймальнiк можа прадастаўляць iншыя штотыднёвыя свабодныя ад работы днi без захавання зарплаты. Пры гэтым у апошнiм выпадку канкрэтныя даты вызначаюцца па ўзаемнай дамоўленасцi — з улiкам iнтарэсаў вытворчасцi i работнiкаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чым вышэй узровень адукацыi — тым больш шанцаў атрымаць прэстыжную i высокааплатную работу. Гэта стала аксiёмай даволi даўно. Таму не выпадае здзiўляц |
|