А мог быць проста дачнiкам...
Святлана МIХАЙЛОЎСКАЯ.
Дэпутатам Цялякаўскага сельскага Савета Васiля Ананiча выбралi ў трэцi раз. Прычым пры стопрацэнтнай падтрымцы выбаршчыкаў. Як у Карпiлаўцы, дзе ён цяпер жыве, так i ў Ялоўцы, дзе ён таксама бывае часта. Добраўпарадкаванне, асвятленне вулiц, спiлоўванне старых дрэў — пытаннi, якiя заўсёды трымае ў полi зроку народны выбраннiк. Яшчэ раней, гадоў дзесяць таму, на вясковым сходзе ў Карпiлаўцы выбралi Васiля Iванавiча сваiм упаўнаважаным. Пазней гэту грамадскую пасаду перайменавалi ў вясковага старасту. Хоць у вёсцы Васiль Iванавiч чалавек прыезджы i мог быць звычайным дачнiкам.
... Пасярэдзiне Карпiлаўкi, якраз насупраць дома Ананiчаў, стаiць пасляваенны будынак, якi талакой будавалi вяскоўцы. Спачатку размяшчалася ў iм школа, пасля — клуб, зараз гэта дом сацыяльных паслуг. Толькi як бы яго нi называлi, галоўнае, што будынiна захавана. I зараз вяскоўцы спраўляюць там вясёлыя госцi i робяць жалобны стол. На канiкулах тут бавяць час гарадскiя ўнукi. За парадкам глядзiць вясковы стараста. Увогуле, Карпiлаўка чыстая, акуратная вёсачка, хоць большасць яе жыхароў пастаянна i не жыве ў ёй, а толькi на лета прыязджае ў бацькоўскiя хаты. Тут не ўбачыш за агароджай пустазелля, на вулiцы — смецця. Тут няма залётных гастралёраў, выпiвох i дэбашыраў. Цiха, спакойна i прасторна наўкола. I такiм карпiлаўскiм законам падпарадкоўваюцца ўсе, хто трапляе сюды. Палюбiў Карпiлаўку, радзiму жонкi, i Васiль Iванавiч, якi раней жыў i працаваў у горадзе. — Такi ўжо ён чалавек — нiкому не адмовiць, заўсёды дапаможа, выслухае, — кажуць пра свайго дэпутата i старасту вяскоўцы. — I жонка ў яго добразычлiвая. Васiль Iванавiч у адказ толькi ўсмiхаецца: — Калi сам будзеш чалавекам з тымi, хто побач, то i да цябе ж такiя адносiны будуць. Добразычлiвым людзям, кажуць, нават неба спрыяе. Так гэта цi не, толькi сёлетняй вясной праляцеў па вёсцы ўраган. Дзве вялiзныя старыя лiпы раслi на вулiцы ля сядзiбы Ананiчаў. Каб не нарабiлi яны бяды, меркаваў iх сёлета зрэзаць Васiль Iванавiч, а ў сельскiм Савеце абяцалi пасадзейнiчаць. У той дзень гаспадары паехалi ў горад, а калi вярнулiся, вачам не паверылi: два вялiзныя дрэвы, вырваныя з коранем, акуратна ляжалi на агароджы. Не пашкодзiлi яны нi пабудову, нi лiнiю электраперадач. Нават градка часнаку, якая была блiжэй да плоту, уцалела. Сусед-вiдавочца расказаў, як бура адзiн раз закруцiла лiпы, а другiм разам, нiбы дубчыкi, вырвала iх i паклала на зямлю. Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. А можа, проста зверху больш бачна, як кiм распарадзiцца? Дабро, вiдаць, i там у пашане.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дэпутатам Цялякаўскага сельскага Савета Васiля Ананiча выбралi ў трэцi раз. Прычым пры стопрацэнтнай падтрымцы выбаршчыкаў. Як у Карпiлаўцы, дзе ён ця
|
|