Шчасце i глабальнае пацяпленне
Ганна КIСЛIЦЫНА.
Варта было дачакацца глабальнага пацяплення... Хоць бы для таго, каб зразумець, якое гэта шчасце — гуляць па лужынах!
Крытыкi i карабiнеры На вядомым лiтаратурным сайце нехта задаецца пытаннем: «Што рабiць, каб крытыкi крытыкавалi?» У сувязi з гэтым згадала iтальянскiя фiльмы пра мафiю. Там, калi iдзе сур’ёзны працэс, да суддзi прыстаўляюць карабiнераў для аховы. Крытык — той жа суддзя ў сферы эстэтыкi. Выпадкаў мардабою пакуль не ведаю, але ва ўмовах сённяшняй татальнай пiсьменнiцкай агрэсii крытыку варта думаць пра ахову здароўя. Прынамсi, мае ганарары несувымяральныя з маральнымi стратамi. Пушкiн i Рыжкоў Была неяк вясной на беларуска-расiйскай паэтычнай сустрэчы ў Пушкiнскай бiблiятэцы. Трэба сказаць, што сустрэчы гэтыя мяне трохi прыгнятаюць. Арганiзатары (а сярод iх цэнтр народнай творчасцi) старанна спрабуюць далучыць нас да «прыгожага». Таму даводзiцца глядзець не толькi на паэтаў, але i на наклееныя каляровыя паперкi, валёнкi з жодзiнскiм футрам i вытканыя з воўны ванiты. На паэтычным двубоi «Кабанаў — Прылуцкi» якраз сядзела пад такой «бязглуздзiцай» чырвона-фiялетавага колеру. Спачатку думала, што гэта вiнегрэт з нейкага выйшаў. Пасля прачытала, што гэта планеты, якiя наведваў маленькi прынц у Экзюперы... «Прыгожае» так вось адразу i не разгледзiш... Гэтым жа разам вiселi карцiнкi зялёна-жоўценькiя i ружова-блакiтненькiя. Пэўна ж, вясна. Сустрэча была файнай. Але, зноў жа, вясна, самая рамантычная пара года... Таму мат у вершах рускага паэта Жумагулава неяк не заходзiў. Асаблiва ўразiлi мяне радкi паэта «Справа вор, а слева бл...ь». Ну гэта ў каго якая рэчаiснасць! Асабiста ў мяне справа быў добры беларускi лiтаратар, а злева — выкладчыца з кафедры рускай лiтаратуры ўнiверсiтэта. Пасля вечарыны яна падзялiлася са мной уражаннямi. — Ой, благодаря этим встречам стала к мату привыкать... Сначала мучалась, а теперь вроде и ничего. Зато наш поэт был хороший! ЧИСТЫЙ ТАКОЙ МАЛЬЧИК. Вiталь Рыжкоў i праўда быў харошы. Энергетычны. Мадыльянi i марынаваны iмбiр Гляджу фiльм пра Мадыльянi... Галоўны герой купляе сабе натуршчыцу за пяць франкаў у дзень. Цiкава, колькi гэта ў эквiваленце? А сёння высвятляю, што беларуская натуршчыца каштуе ўсяго два даляры. Менш за пяць тысячаў беларускiх за гадзiну стаяння без майткаў перад незнаёмым мужыком! У краiне, дзе кубак кавы ў моднай кавярнi столькi каштуе... Цяпер я п’ю каву не так сабе, а з усведамленнем таго, што некаму трэба за такi кубак дзве гадзiны голай дупай адсвяцiць. А за марынаваны iмбiр у лядоўнi мне дык i наогул сорамна.... Мяне супакойваюць — яна ж за гэтыя грошы нiчога не робiць! Глупства! Нiчога не рабiць — гэта i ёсць самае цяжкае. Акапян i японцы Згадала ранiцай музей. Карцiну Акапяна (назву не памятаю), дзе на першым плане — намаляваныя простым алоўкам абрысы камянёў, а на заднiм — квецень саду, прапiсаная фарбамi. Мэсiдж японскай хайку... Карцiну «Усё ў мiнулым», дзе намаляваная старая панi, якая цiха-мiрна i бязмэтна, у цяньку ўласнага дома бавiць час успамiнамi... Не магу прыгадаць iмя мастака... I днямi бачанае па тэлевiзары — японцы слухаюць аб’явы па радыё i ТБ: там называюць месцы, дзе яшчэ расцвiла сакура. Яны хапаюць свае гамбургеры-сушы i лятуць туды любавацца... У абедзенны перапынак. Сучасны чалавек можа пазайздросцiць старой панi... Прыгажуны i монстры Заходжу ў вагон метро за парай — сын i мацi... I не магу ад iх позiрк адвесцi. Мама — вельмi прыгожая жанчына, з адкрытым i шчаслiвым тварам. I сын — з мамiнымi неверагодна правiльнымi рысамi — мяркуючы па ўсiм, слепаглуханямы. Аж слёзы на вачах. Мiнулым летам у Кiеве на Майдане да мяне падышоў малады актор. Доўга нешта гаварыў пра тэатр, а ў мяне — нiякай рэакцыi на яго прыгажосць, бо iдэальны, як манекен. Прыгажосць таксама бывае манструознай (празмернай), а прыгажуны — монстрамi. Язерская i раман «Табе трэба пiсаць прозу!» Увесь час нагадваюць мне сябры. Амаль згаджаюся, але не iду далей назвы. А днямi паглядзела па АНТ, як спявае Элеанора Язерская. Асаблiва кранальным было абвяшчэнне, што яна — «музыказнаўца»... Мае шанцы ў прозе — як у Язерскай у спевах, думаю я, i не спяшаюся садзiцца за раман. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Варта было дачакацца глабальнага пацяплення... Хоць бы для таго, каб зразумець, якое гэта шчасце — гуляць па лужынах! |
|