Цяплiчны метад захавання энергii
Сяргей КУРКАЧ.
Новае цяплiчнае абсталяванне агракамбiната «Ждановiчы» дазваляе эканомiць 30 працэнтаў прыроднага газу i 40 працэнтаў электраэнергii
Таматы, таматы, таматы... Як акiнуць вокам, бачыш як да свету цягнуцца моцныя сцяблiны, час ад часу побач праляцiць чмель, недзе ў вышынi запрацуе вентылятар, уключыцца распырсквальнiк вады, каб падтрымаць неабходную вiльготнасць. Так жыве па свайму дакладнаму алгарытму новая цяплiца, дзе выкарыстоўваюцца самыя сучасныя тэхналогii з галандскай прапiскай. Новая цяплiца плошчай 7 гектараў — гордасць генеральнага дырэктара УП «Агракамбiнат «Ждановiчы», члена Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi Рыгора ЧУЙКО. Аб сваiм маштабным «дзiцяцi» Рыгор Пятровiч можа расказваць гадзiнамi. Усе галандскiя ноў-хау ў яго цяплiцы працуюць i даюць станоўчы вынiк. Блокi мiнеральнай ваты, з якой «харчуюцца» каранi памiдораў, ужо не ляжаць на зямлi, а падвешаны ў паветры на адлегласцi 40—50 сантыметраў ад глебы, што аптымальна для развiцця раслiн. У памяшканнi аўтаматычна падтрымлiваюцца стабiльныя тэмпература паветра (22 градусы) i вiльготнасць (каля 75 працэнтаў). Зараз у новых цяплiцах абсталяванне, якое падлiчвае працэнт вуглякiслага газу ў паветры, ёсць магчымасць штучнага падагрэву сцябла i iншыя... Так, Рыгор Чуйко прызнае, што малдаўскiя i ўкраiнскiя памiдоры ў пiк сезона прадаюцца часам танней, чым прадукцыя iх камбiната, бо замежныя таматы вырошчваюцца ў адкрытым грунце, але... Пытанне ў тым, у якiм стане гэтыя таматы трапляюць да людзей. Як правiла, такая замежная прадукцыя «жыве» не больш аднаго—двух дзён... Кажуць, што таматы з градкi значна смачнейшыя, а ў цяплiчных нiчога карыснага няма. Гэты погляд сёння не мае пад сабой падставы. Наконт смаку пытанне неадназначнае: каму як падабаецца. Разам з тым, на думку кiраўнiка агракамбiната, сёння спецыялiсты цяплiчных комплексаў дасканала ведаюць, з чаго «складаецца» iх памiдор, бо вырошчваюць iх у блоках мiнеральнай ваты, куды трапляе якасны пажыўны раствор. На рынках памiдоры выглядаюць часам даволi прэзентабельна, але хто дасць гарантыю, што ў глебе, на якой яны раслi, не было шмат нiтратаў цi нейкiх таксiчных ядахiмiкатаў? Сёння чалавецтва як нiколi занепакоена харчовай бяспекай, якасцю прадукцыi. Падлiчана, што сёлета ў свеце будзе выраблена гароднiны закрытага грунту не менш за мiльярд тон. Буйнейшыя краiны — вытворцы такой агароднiны — Iспанiя, Галандыя, Марока, Турцыя, Новая Зеландыя i нават Фiнляндыя. Зараз 7 гектараў новых цяплiц у камбiнаце абслугоўвае каля 80 работнiкаў i спецыялiстаў. За год гэты невялiкi калектыў прапануе спажыўцам прадукцыю на суму каля 12 мiльярдаў рублёў. Умовы вырошчвання i абслугоўвання таматаў тут такiя, што дазваляюць атрымлiваць з квадратнага метра новых цяплiц 60 кiлаграмаў прадукцыi. У старых цяплiцах максiмум аднаго «квадрата» быў у межах 52 кiлаграмаў. А галоўнае ў тым, што новая цяплiца дазваляе вырошчваць таннейшыя таматы. Пры абслугоўваннi сучасных цяплiц «з’ядаецца» на 30 працэнтаў менш прыроднага газу i на 40 працэнтаў — электраэнергii. Гэта важная «дробязь» з’яўляецца, бадай, галоўным аргументам сёлета, пасля iстотнага павелiчэння кошту расiйскiх энерганосьбiтаў. Паводле слоў Рыгора Чуйко, старыя цяплiцы на камбiнаце сёння цалкам мадэрнiзаваныя, але не вытрымаюць канкурэнцыю з новым абсталяваннем па энергаёмiстасцi. Так, вырошчванне агуркоў у старых цяплiцах мае зараз адмоўную рэнтабельнасць. У перспектыве на месцы старых цяплiц будуць пабудаваны шматпавярховыя дамы. Кiраўнiк агракамбiната «Ждановiчы» плануе пабудаваць яшчэ 7 гектараў сучасных цяплiц ужо ў хуткiм часе, бо многiя аб’екты iснуючай новай цяплiцы разлiчаны на абслугоўванне вытворчай плошчы 14 гектараў. Аднак, у першую чаргу камбiнат разлiчвае пабудаваць эканомную мiнi-ЦЭЦ на газе, якая дазволiць забяспечыць прадпрыемства таннай электраэнергiяй. Лiшкi электраэнергii мяркуецца прадаваць iншым спажыўцам. Прыбытак з такога продажу павiнен скласцi каля 500 тысяч еўра ў год. Дзякуючы гэтым iнавацыям камбiнат можа атрымаць рэнтабельнасць не менш за 17—18 працэнтаў. Сёння кожны дзесяты агурок i памiдор прадаецца агракамбiнатам замежным спажыўцам. Больш актыўна прапаноўваць сваю прадукцыю на ўсход Расii камбiнату не зусiм выгадна. Сёння агракамбiнат прадае прадукты харчавання 820 арганiзацыям краiны. Цi будзе мэтазгодным далейшае пашырэнне вытворчасцi гароднiны закрытага грунту? На гэта пытанне карэспандэнта «Звязды» Рыгор Чуйко адказаў, што зараз у Беларусi за сезон вырошчваецца каля 32 тысяч тон таматаў. У той жа час каля 34—35 тысяч тон таматаў у нашу краiну завозiцца з-за мяжы. У гэтай сувязi ўзнiкае даволi слушнае пытанне: цi трэба Беларусi ў такiх аб’ёмах фiнансаваць замежны аграрны сектар, калi ёсць магчымасць вырошчваць i зарабляць грошы самiм? Мiнскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новае цяплiчнае абсталяванне агракамбiната «Ждановiчы» дазваляе эканомiць 30 працэнтаў прыроднага газу i 40 працэнтаў электраэнергii |
|