Непаўторны балотны край
Аляксандр ПУКШАНСКI.
Каб зубра ведалi лепш за кракадзiла! Бачылi б вы шчаслiвыя твары бельгiйцаў, якiя ноччу разам з намi пайшлi ў лес на экскурсiю «Начныя жыхары лесу», каб толькi паслухаць у Бярэзiнскiм бiясферным запаведнiку птушак! Як вопытныя «слухачы», у адрозненне ад нас — журналiстаў, яны зрабiлi далонямi над вушамi «трубачкi» i слухалi зачараваныя. I няважна iм было, што няма перакладчыка, i таму не маглi яны запытаць нешта ў егера, якi так цiкава расказваў аб лясных жыхарах. Мова птушак — iнтэрнацыянальная. У запаведнiку ў лiку iншых жывуць 56 вiдаў птушак, занесеных у нацыянальную Чырвоную кнiгу. Карэспандэнт «Звязды» пабываў тут на семiнары, арганiзаваным ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», i ўпэўнiўся, што запаведнiк — сапраўдны прыродны скарб. Больш за тое, менавiта сюды i ў Беларусь у цэлым цяпер прыязджаюць з-за мяжы вучыцца экалагiчнаму выхаванню. Край унiкальных балот Як паведамiў кандыдат бiялагiчных навук Валерый Iўковiч, Бярэзiнскi запаведнiк займае плошчу больш за 81, 7 тысячы гектараў. Знаходзiцца ён на тэрыторыi Лепельскага i Докшыцкага раёнаў, а таксама ў Барысаўскiм раёне. Дзяржаўны запаведнiк створаны ў 1925 годзе. А мiжнародны статус аховы атрымаў ў 1979-м. У 1993-м Саветам Еўропы яго тэрыторыя ўключана ў сетку бiягенетычных запаведнiкаў. Памiж дзвюма марамi Тэрыторыя запаведнiка ўключае басейны рэк Бярэзiна i часткова Эса, што ў сваю чаргу адпаведна адносяцца да Чарнаморскага I Балтыйскага басейнаў. Водападзел мiж iмi праходзiць па паўночна-ўсходняй частцы запаведнiка, дзе 69 рэк! Бярэзiна пачынаецца за 45 кiламетраў ад паўночнага краю запаведнiка, яе даўжыня на тэрыторыi запаведнiка — 110 кiламетраў. Рэчышча ракi звiлiстае, у яе далiне многа старыц i пойменных азёраў. Дарэчы, усе азёры тут iнтэнсiўна зарастаюць. Плошча самага буйнога, Палiк, — 712 гектараў. I вялiкi арлец, i арол-вужаед У спiсе птушак Бярэзiнскага запаведнiка — 230 вiдаў! Пераважна гэта лясныя i водна-балотныя вiды. Падлiчана, што вялiкiх арляцоў тут усяго 6 пар, скапы — 8—11, шэрага жураўля — 30—35, чорнай рыбачкi — да 150, чорнага бусла — 12—16, арла-вужаеда — да 5 пар. Акрамя iх, у запаведнiку гняздуецца значная колькасць чапляў — бугаёў (10—15 самцоў), звычайны на гнездаваннi драч — вiд, якi знаходзiцца пад глабальнай пагрозай знiкнення. Флора запаведнiка — гэта больш за 2000 вiдаў раслiн. 37 занесеныя ў Чырвоную кнiгу. Увогуле па Беларусi назiраецца прыкладная раўнавага памiж холада-ўстойлiвымi i цеплалюбiвымi раслiнамi з невялiкай перавагай апошнiх. На тэрыторыi Бярэзiнскага запаведнiка менавiта холадаўстойлiвая вiды атрымалi найбольшае развiццё. Эксперымент над зубрамi не апраўдаўся Зараз у Бярэзiнскiм запаведнiку жывуць прыкладна 39 асобiн зубра. У апошнiя некалькi гадоў штогод нараджаюцца да 4-х, 1—2 гiнуць. Бярэзiнская iх папуляцыя — адзiная дзiкая ў Беларусi. Валерый Iўковiч адзначыў, што вопыт савецкiх часоў па перасяленню гэтых прыгожых жывёл у запаведнiк атрымаўся няўдалым. — Яны лепш адчуваюць сабе ў шыракалiстых лясах, — расказвае ён. — А ў запаведнiку ў асноўным балоты, месцы з зусiм iншымi, неспрыяльнымi для iх нармальнага жыцця ўмовамi. Зiмой яны сыходзяць за 20—25 кiламетраў на тэрыторыю лясгасаў, кормяцца на асушаных тарфянiках. У нашы экстрэмальныя зiмовыя месяцы вядзём падкормку статку. I калi, напрыклад, у Валожыне, Асiповiчах можна спакойна пад’ехаць да зуброў i разгледзець iх, нашы запаведныя зубры — дзiкiя. Што датычыцца рысi, некаторыя эксперты лiчаць, што нельга дазваляць яе адстрэльваць. А такi вопыт на Вiцебшчыне ўжо ёсць. У Бярэзiнскiм запаведнiку сёння да 20 асобiн рысi, i не заўважаны яе прыгнятальны ўплыў на iншых жывёл. — Не чалавеку вырашаць, якому вiду жыць, — упэўнены актывiст ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Сяргей Зуёнак. Ён падчас «круглага стала» расказаў пра «тэрыторыi, важныя для птушак» (ТВП). Мiжнародны статус такiм тэрыторыям прысвойваецца, калi штогод тут гняздуецца, зiмуе альбо спыняецца вялiкая колькасць птушак, што знаходзяцца пад пагрозай знiкнення. У Беларусi ўжо вызначана больш за 40 ТВП. Чарговы падстава для гонару: вяртлявай чаротаўкi ў беларускiх балотах 60 працэнтаў яе сусветнай папуляцыi. Цяпер да нас едуць па вопыт! Старшыня ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», кандыдат бiялагiчных навук Уладзiмiр Iваноўскi канстатуе, што сёння мы можам ганарыцца тым, што цяпер да нас едуць набiрацца вопыту ў экалагiчным выхаваннi, «а яшчэ некалькi гадоў таму мы значна адставалi ў гэтым пытаннi». Вядомы стваральнiк тэлевiзiйных ролiкаў пра беларускiх рэдкiх птушак i жывёл Iгар Бышнёў, якi ў «АПБ» адказвае за сувязь з грамадскасцю, упэўнены: «I далей трэба «круцiць» па тэлебачаннi такiя ролiкi, паказваць больш праграм аб прыродзе i жывёлах рэспублiкi, i такiм чынам i далей уплываць на экалагiчнае выхаванне ў першую чаргу моладзi. Каб не атрымлiвалася так, што, напрыклад, кракадзiлаў нашы землякi, якiя глядзяць тэлебачанне, ведаюць лепш, чым жывёл беларускiх лясоў. На жаль, падручнiкi — нецiкавыя i прымiтыўныя, адбiваюць у школьнiкаў ахвоту вывучаць прыроду, трэба шукаць новыя падыходы ў выпрацоўцы новай канцэпцыi работы з iмi, што мы i робiм». Мiж iншым, арганiзацыяй распрацаваны цiкавы дапаможнiк «Дзiкая прырода». З Мiнiстэрствам адукацыi прапрацавана магчымасць правядзення факультатыўных заняткаў. P. S. Шчырая ўдзячнасць ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» за магчымасць папрацаваць у запаведнiку. Бярэзiнскi запаведнiк. Фота з архiва ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб зубра ведалi лепш за кракадзiла! |
|