«Саромеюся, калi мяне пазнаюць...»
Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
У 2003 годзе на новаствораным тэлеканале, якi меў гучную назву Другi нацыянальны, ён стаў адным з першых вядучых. «Дакладней, другiм, — папраўляе мяне Сяргей Савiцкi, — першым быў Аверкаў». Сённяшнi госць «Звязды» трывала звязваецца ў свядомасцi людзей з тэлевiзiйнай карцiнкай АНТ. Па-за кадрам ён — цiкавы суразмоўца i абаяльны чалавек, амаль па Карлсану — «мужчына ў самым росквiце сiл». — А за што больш за ўсё хвалявалiся на першых эфiрах «Нашых навiн»? — Я стараўся не хвалявацца ўвогуле. Бо калi хвалюешся, абавязкова што-небудзь зробiш не так. Нават праходзячы кастынг, я не «парыўся», цi возьмуць мяне. Спачатку ледзьве не збег увогуле: заходжу, а там усе ў касцюмах з адпрасаванымi кашулямi, пры гальштуках — ходзяць, вучаць тэксты; а я тады працаваў на радыё — адпаведна, няголены, стомлены, у джынсах. Думаю — ну, не туды я трапiў... Мяне спынiлi ўжо ў дзвярах. Потым сеў перад камерай, далi прачытаць тэкст з газеты — ну i ўсё, я забыў пра гэта абсалютна. Нагадалi толькi перад прамым эфiрам. — Як атрымалася, што пасля даволi працяглай i паспяховай работы на радыё вы вырашылi пайсцi на ТБ? — Любому чалавеку ўласцiва кудысьцi рухацца, iмкнуцца. На радыё я адчуў, што спынiўся ў развiццi, а тут прапанавалi нешта новае. — Так, новае i нават экстрэмальнае: то здымацца ў музычным клiпе ў якасцi рамантычнага героя, то падацца на вачах усёй краiны ў цыркавыя артысты... Доўга вас угаворвалi на такiя авантуры? — У цырк я адразу згадзiўся пайсцi. Прадзюсар «Зорнага цырка» Сяргей Хомiч сустрэў мяне ў калiдоры, спытаў: «Пойдзеш?», я адказаў: «Так». Толькi потым задумаўся, на што гэта я падпiсаўся. (Смяецца.) I з клiпам тая самая справа: патэлефанавала Галя Шышкова, сказала «трэба», i я не мог адмовiць. Трэба — значыць, трэба. — А калi зараз прыйдзе чарговы прадзюсар i скажа: «Сяргей, трэба, каб вядучыя канала ўдзельнiчалi ў новым рэалiцi-шоў — скачкi з парашутам i заняткi дайвiнгам»? — Лёгка! Праўда, з парашутам мяне, напэўна, ужо не выкiнуць — пасля гiпсу нельга, гэта я па армii памятаю. А так — лёгка. Я ж былы ваенны, прывык: што скажуць, тое i раблю. Адзiнае, што ў новым сезоне будзе праект «Дзве зоркi-2», мне прапануюць спяваць. Гэтага баюся i сумняваюся. Лепш новага вярблюда аб’ездзiць... Спяваць я не ўмею. Зрэшты, гледачам хоць будзе з каго пасмяяцца. — На вашай рабоце неяк адбiлася захапленне спортам (Сяргей — майстар таэквандо. — Аўт.)? — Натуральна. I не толькi на рабоце, але i на ўсiм жыццi. Мой любiмы вiд спорту перавярнуў мяне цалкам, можна сказаць, што ён мяне i зрабiў. — За вамi пацягнулася дачка... — Зараз яна ўжо не займаецца таэквандо, даўно закiнула. Пазней захаплялася яшчэ тэнiсам. А цяпер нiякiм вiдам спорту ўвогуле не займаецца. А я, у сваю чаргу, не прымушаю. Калi ёй нешта цiкава — на здароўе, калi не цiкава, расхацелася — гэта таксама яе выбар. У любым выпадку, не хацеў бы, каб яна была спартсменкай. — Як паставiцеся, калi дачка абвесцiць: «Тата, хачу быць тэлевядучай»? — Калi ласка, наперад. Адназначна, калi яна не падыходзiць, «прасоўваць» не буду. А так — гэта ж дачка, зразумела, па меры сiл дапамагу. — Тэлевядучы — асоба папулярная. Для вас гэтая слава мае больш станоўчых або негатыўных адценняў? — На жаль, сапраўды мяне пазнаюць, прычым паўсюль. Непрыемныя эмоцыi перажываю, калi гэта робiцца занадта дэманстратыўна — вiдаць, ёсць пэўная сцiпласць, i ад стаўлення, як да «зоркi», я не вельмi добра сябе адчуваю. Асаблiва калi сустракаюцца хамы, якiя тыцкаюць пальцам. Але збольшага папулярнасць прыносiць карысць. Скажам, прыязджаю на тэхагляд — могуць прапусцiць без чаргi, дробныя пралiкi дараваць: «Вось гэты вогнетушыцель — ён састарэў, i аптэчка састарэла, але вас мы, канешне, назад не адправiм...». — Як жа вы з такой сцiпласцю працуеце перад камерай, калi на вас, можна сказаць, уся Беларусь глядзiць? — Дык я ж гэтага не бачу. (Усмiхаецца.) Нават аператара за камерай не бачу. Таму працую спакойна. — Сярод вядучых даволi распаўсюджаная з’ява, весцi «заказнiкi» — карпаратыўныя святы. Мяркуючы па ўсiм, вы на гэта не згаджаецеся? — Не. Мне прапануюць, i даволi часта, весцi той цi iншы вечар, але я звычайна заломваю такую цану, каб адразу адмовiлiся. Ну не маё гэта, не маё, мне няўтульна i некамфортна ў падобнай ролi. Толькi калi вельмi папросяць сябры — i тое вельмi рэдка — магу пагадзiцца. — Адразу ў двух вядучых на АНТ, у тым лiку ў вас, даволi рэдкае хобi: нумiзматыка. Як гэтая ўдумлiвая i карпатлiвая справа спалучаецца з дынамiчнасцю работы? — Адно другому не перашкаджае. Трэба ж на чымсьцi мозг адточваць. Гэта вельмi карысная справа, якая прымушае думаць. Наколькi вялiкая калекцыя? Так адразу i не скажу, нават не памятаю дакладную лiчбу манет. Ёсць дарагiя экзэмпляры, якiя я спецыяльна вышукваю i набываю, астатнiя манеты прывозяць калегi — зараз якраз пара водпускаў пачалася, усе раз’язджаюцца ў розныя бакi i памятаюць, што трэба мне нешта прывезцi. Бывае, што з поўнымi кiшэнямi прыходзяць. Самы каштоўны мой «агент» — Алег Раманаў (вядучы праграмы «Мiжнародная панарама». — Аўт.). Ён многа ездзiць i заўжды мне прывозiць нешта цiкавае, хоць у нас дыяметральна процiлеглыя тэмы: ён збiрае антычныя манеты, а я ў гэтым нi бум-бум; я збiраю манеты Савецкага Саюза i манеты розных краiн. Iх трапляе да мяне вельмi многа, я спрабую ўсё неяк сiстэматызаваць, але ўжо даўно нiчога не атрымлiваецца. — З чаго ўвогуле пачалося гэта збiральнiцтва? — Вiдаць, яшчэ з дзяцiнства. Я жыў у ваенным гарадку ва Уруччы, многiя знаёмыя бацькоў прыязджалi з-за мяжы — нехта ў ГДР служыў, нехта ў Венгрыi — i пакiдалi манеткi як дробныя сувенiры. Потым, калi пайшоў у армiю, усё адрэзала — манеты, музыку, iншыя нейкiя захапленнi. Значна пазней дастаў сваю дзiцячую калекцыю, i ўсё пайшло па новаму колу. — Тое, як за пяць гадоў змянiўся канал, гледачы бачаць звонку: новае афармленне, новыя праекты i г.д. Што змянiлася ўнутры? — Для мяне — нiчога, як працавалi камандай, так i працуем. Канал жа развiваецца пастаянна, у нас увесь час нешта адбываецца, i гэтыя змены нават не паспяваеш адсочваць. Апошнiя стрэсы звязаны з новай студыяй, i тое — для вядучых нiчога не змянiлася, стала больш складана людзям, якiя працуюць вакол эфiру. Бо навiны некалькi тыдняў як выходзяць зусiм па-новаму, з гэтым трэба звыкацца i перабудоўваць работу. — Калi ў вас выпадае вольны час, глядзiце АНТ або iншыя каналы? — Шчыра кажучы, да тэлевiзара я неяк не магу дабрацца ўвогуле. Падарылi тэлевiзар у «Зорным цырку», на 5-годдзе АНТ таксама ўручылi — а я iх не гляджу! Так i стаяць, падключаны толькi адзiн. Калi я жанглюю, на iх звычайна мячыкi падаюць. (Дарэчы, жангляжам Сяргей захапiўся падчас рэалiцi-шоў, i так грунтоўна, што нават зараз працягвае займацца — кажа, супакойвае нервы, паляпшае настрой i вельмi дапамагае засяродзiцца. — Аўт.). — Акрамя вядучага навiн, у якiм яшчэ тэлевiзiйным амплуа вам хацелася б сябе паспрабаваць? — Вой, у многiм... Але пакуль што не скажу. Звычайна калi чагосьцi вельмi хочацца, я гэта раблю. — А мы гэта ўбачым у новым сезоне? — не здавалася я. — Магчыма, — выкруцiўся Сяргей. — Паглядзiм. Ну, сапраўды, паглядзiм. Праўда, наконт «Дзвюх зорак-2» Савiцкi настроены збольшага катэгарычна: «Не маё амплуа. Я чалавек у жыццi дасцiпны, у перапынках магу жартаваць так, што грымёрка развальваецца, але калi стану перад камерай — усё, як адрэзала. Зусiм iншы чалавек. Ну, бывае... Луi дэ Фюнэс, кажуць, наадварот, быў вельмi пахмурным у жыццi i нават жыў у нейкiм змрочным месцы». Зрэшты, гэта iншая гiсторыя. Абаянне ж Сяргея Савiцкага — пры ўсёй яго сур’ёзнасцi ў кадры — нiкуды не падзенецца i, як сцвярджаюць некаторыя гледачы, адчуваецца нават праз экран. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 2003 годзе на новаствораным тэлеканале, якi меў гучную назву Другi нацыянальны, ён стаў адным з першых вядучых. «Дакладней, другiм, — папраўляе мяне |
|