Чэкавыя чычыкавы
Мiкола ДЗЯБЁЛА.
Аферысты афармлялi iмянныя прыватызацыйныя чэкi «Жыллё» на «мёртвыя душы»
Не ведаю, цi чыталi вынаходнiкi гэтай махiнацыi знакамiтую гогалеўскую паэму, аднак у любым выпадку iх можна назваць прадаўжальнiкамi справы Чычыкава. Як i галоўны герой «Мёртвых душ», ягоныя сучасныя беларускiя нашчадкi таксама вырашылi зрабiць свой «бiзнэс» на нябожчыках. Як паведамiла оперупаўнаважаны ўпраўлення па барацьбе з эканамiчнымi злачынствамi (УБЭЗ) МУС краiны Веранiка Пасмецьева, прыгоды сучасных чычыкавых пачалiся ў 2003 годзе ў Расонскiм раёне. Менавiта тады ў некаторых сельскiх Саветах невядомыя зладзеi ўкралi пагашаныя ўжо iмянныя прыватызацыйныя чэкi «Жыллё». Фактычна, гэта былi ўжо пустыя паперкi. Але праз два гады чэкi «ўсплылi» ў Гомелi i былi запушчаны ў другое абарачэнне. Схема, па якой дзейнiчалi прайдзiсветы, была даволi простая: большую частку пагашаных чэкаў яны аформiлi на памерлых людзей, астатнiя пашпартныя даныя проста ўзялi з галавы. Зразумела, што гэты, шыты белымi нiткамi падман, быў бы адразу выяўлены ў банку, дзе праводзiцца пераафармленне чэкаў. Але адметнасць гэтай махiнацыi якраз у тым, што яе ажыццявiлi супрацоўнiкi аднаго з гомельскiх аддзяленняў банка. Загадчыца аддзялення разам са сваiмi двума падначаленымi перааформiла пагашаныя чэкi. Адметна, што за гэтую паслугу нядобрасумленныя банкаўскiя работнiцы атрымалi двайны навар. Спачатку ўзялi ад чалавека, якi прынёс пагашаныя чэкi, хабар у агульным памеры 750 долараў, а потым прысвоiлi сабе i прыбытак, атрыманы ў вынiку каштоўных папер у наяўныя грошы. Агульны кошт чэкаў з улiкам iндэкса цэн складаў на момант ажыццяўлення махiнацыi больш за 208,5 мiльёна рублёў. Праўда, супрацоўнiкi УБЭЗ вывелi на чыстую ваду аферыстак, i iм давялося расплачвацца за свае грахi. Нядаўна адбыўся суд, якi прыгаварыў колiшнюю загадчыцу аддзялення да 7 гадоў пазбаўлення волi з канфiскацыяй маёмасцi, адна з яе актыўных памагатых атрымала 3 гады «турэмных унiверсiтэтаў». Трэцяй ўдзельнiцы аферы быў вынесены самы «мяккi» прыгавор: паводле рашэння суда яна павiнна выплацiць штраф у памеры 50 базавых велiчынь.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аферысты афармлялi iмянныя прыватызацыйныя чэкi «Жыллё» на «мёртвыя душы» |
|