Згодна з прагнозамi, у асноўным прахадны бал застанецца на ўзроўнi мiнулага года
Iрына ПРЫМАК.
Каля двухсот тысяч чалавек з 12 па 28 чэрвеня, а таксама ў рэзервовы дзень 4 лiпеня ўдзельнiчалi сёлета ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi. Яно праводзiлася па 14 прадметах пад кантролем прыкладна трох тысяч чалавек (у Дзяржкамiсiю ўваходзiлі 52 чалавекi).
Тэсцiраванне можа стаць платным Выпускнiкi школ з паглыбленым вывучэннем пэўнага прадмету атрымалi ў час ЦТ-2007 на 10—20 балаў больш за iншых абiтурыентаў. Каля 8 працэнтаў абiтурыентаў атрымалi нездавальняючыя адзнакi (iх адказы былi ацэнены менш чым на 15 балаў), а значыць, адсеў ад агульнай колькасцi абiтурыентаў ужо склаў каля 25 тысяч чалавек. Максiмальныя сто балаў у 18 з 500 тысяч чалавека-тэстаў: з 18 iдэальных прац дзве былi па рускай мове, тры — па беларускай мове i трынаццаць — па матэматыцы. Прыкладна 1600 тэстаў былi ацэнены на нуль. Сертыфiкаты ЦТ зараз прымаюць 43 ВНУ (летась — 20). Набор-2007 — каля 85 тысяч чалавек, а паступаюць каля 120 тысяч. Знiзiўся набор на спецыяльнасцi, звязаныя з правам, эканомiкай i педагогiкай, а больш спецыялiстаў патрэбна ў будаўнiчым профiлi i ў iнфарматыўна-камунiкатыўных тэхналогiях. — Сёлета назiралася павышаная актыўнасць абiтурыентаў у жаданнi прайсцi цэнтралiзаванае тэсцiраванне, — iнфармуе Анатоль РУБIНАЎ, першы намеснiк кiраўнiка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Беларусi, старшыня Дзяржаўнай камiсii па кантролю за ходам падрыхтоўкi i правядзення ўступных iспытаў у 2007 годзе ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi. — Калi летась тэсцiравалася 170 тысяч чалавек, то зараз ужо 195 тысяч (нельга забываць, што сярод iх тыя, хто перапаступае з платнай на бясплатную форму навучання, хто наогул не паступiў летась цi трэнiруецца перад ЦТ-2008). Большая колькасць абiтурыентаў праходзiла тэсцiраванне па матэматыцы — звыш 127 тысяч чалавек, што радуе, бо ў будучым мы набудзем спецыялiстаў у тых сферах, якiя нам сапраўды патрэбныя. Анатоль Мiкалаевiч з упэўненасцю заўважыў, што сiстэма правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання ўжо наладжана, ЦТ прыжылося ў Беларусi. Сёлета цудоўна была арганiзавана сiстэма апавяшчэння вынiкаў (на стэндах, Iнтэрнэт-сайце, пры дапамозе атрымання SMS), яе хуткасць павялiчылася, дзякуючы чаму скарацiўся тэрмiн уступнай кампанii. Збояў у арганiзацыi ЦТ не было. Калi ўзнiкалi некаторыя нестыкоўкi (напрыклад, не хапiла колькасцi тэстаў для абiтурыентаў, дрэнна надрукаваны радок), то сiтуацыя вырашалася аператыўна i ў асноўным на карысць абiтурыента. — Асноўная iдэя выкарыстання тэстаў — пазбавiцца ад суб’ектывiзму педагогаў — цалкам сябе апраўдала, — перакананы Анатоль Рубiнаў, бо, скажам, на тэст па матэматыцы назначаюцца педагогi па лiтаратуры, якiя нiяк не могуць паўплываць на вынiкi. Зараз застаецца ўдасканалiць якасць тэстаў: навошта нам такiя тэсты, калi мала хто дае правiльныя адказы? Напрыклад, сёлета сярэднi бал па фiзiцы быў каля 24, па матэматыцы — 33, гiсторыi Беларусi — 35, i гэта — нiзкiя паказчыкi, бо набраць менш за 15 балаў — правал для абiтурыента. Спецыялiсты заклапочаны не толькi невялiкiм сярэднiм балам па трох прадметах, але i вялiкай лiчбай прагульшчыкаў. Прыкладна 50 тысяч зарэгiстраваных абiтурыентаў наогул не з’явiлiся для ўдзелу ў ЦТ. — Дзяржава з-за гэтага нясе сур’ёзныя страты, — тлумачыць Анатоль Рубiнаў. — Гэта ж не 5—10 чалавек не прыйшло, а 50 тысяч (!) са 195. Калi б iснаваў узнос для ўдзелу ў тэсцiраваннi, скажам, у памеры 10 тысяч рублёў за адзiн тэст, мы б атрымалi грошы для яго правядзення, а не цягнулi фiнансы з казны i пазбавiлiся ад праблемы няяўкi абiтурыентаў. Аднак пакуль усе затраты бярэ на сябе дзяржава. Замест дакументаў — мабiльнiк Колькi б нi папярэджвалi абiтурыентаў аб няправiльных паводзiнах i тым, чым гэта пагражае, сiтуацыя сёлета мала чым адрознiвалася ад леташняй. У 2007 годзе з аўдыторый было выдалена 70 чалавек (летась — 66), якiя, нягледзячы на рызыку, карысталiся «шпорамi», абменьвалiся варыянтамi з суседам цi наогул мелi пры сабе недазволеную тэхнiку, у прыватнасцi, карысталiся мабiльным тэлефонам. Калi гэтыя смельчакi прынеслi аж занадта непатрэбных рэчаў, то 138 чалавек, наадварот, забылiся захапiць з сабой важнае — свае дакументы. Абiтурыенты, пэўна, былi настолькi заклапочаны запамiнаннем формул, правiлаў i iншай iнфармацыi, што запамятавалi ўзяць з сабой пацвярджэнне сваёй асобы, а значыць, не былi дапушчаны да iспытаў. Цiкава, што некаторыя абiтурыенты прыходзiлi i з дакументамi, i з... бацькамi-педагогамi. Так, у Салiгорску на тэст па гiсторыi Беларусi прыйшлi мацi i тата, якiя выкладаюць гэты прадмет у школе. Хутчэй за ўсё, яны хацелi праверыць складанасць заданняў. Такая магчымасць у педагогаў будзе неўзабаве: правяраць на сабе выкананне тэстаў, каб палепшыць iх якасць, педагогi будуць сёлета цi ў пачатку 2008 года. Акрамя паляпшэння якасцi тэстаў, да правядзення ЦТ-2008 таксама будзе вырашана пытанне выкарыстання калькулятара. Калi гэта забароняць, заданнi зробяць больш лёгкiмi, каб абiтурыенты маглi самастойна зрабiць прасцейшыя вылiчальныя аперацыi. Адказы на «чорным рынку» не набыць Цэнтралiзаванае тэсцiраванне звязана з некалькiмi мiфамi. Самы-самы — размовы наконт магчымасцi знайсцi правiльныя адказы на заданнi тэста. «Гэта зараз, — упэўненыя прадстаўнiкi Дзяржкамiсii па кантролю за ходам падрыхтоўкi i правядзенню цэнтралiзаванага тэс-цiравання, — абсурд». — Выпадкi продажу варыянтаў тэстаў сапраўды былi два-тры гады таму, — кажа Мiкалай ФЯСЬКОЎ, дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiнiстэрства адукацыi. — Праваахоўныя органы тады ўмяшалiся ў справу. Зараз можна сустрэць толькi класiчныя шпаргалкi (з формуламi i нават перапiсаным арфаграфiчным слоўнiкам). Акрамя таго, «ключы» абiтурыенты не могуць атрымаць, бо iх проста няма ў прыродзе, а ёсць варыянты тэстаў мiнулага года, вось па iх можна рыхтавацца. Яшчэ адзiн мiф — у магчымасцi набраць добрыя балы, калi пазначыць аднолькавыя адказы, згодна з тэорыяй верагоднасцi. Спецыялiсты расчароўваюць: балы падлiчваюцца з улiкам таго, колькi чалавек дало правiльны адказ на заданне. Набраць шмат балаў «усляпую» не атрымаецца. Наконт таго, што юнакi i дзяўчаты з вёскi валодаюць не такiмi глыбокiмi ведамi, як гараджане, практыка даказвае адваротнае: апошнiя два гады вяскоўцы апераджаюць гараджан па шэрагу прадметаў — беларускай, iспанскай, нямецкай мовах i геаграфii. Якi прахадны бал? На гэта пытанне пакуль канкрэтна не адкажаш, хоць зараз ён хвалюе многiх. ВНУ першага патоку завяршаюць прыём абiтурыентаў, прахадны бал вар’юецца штодня. Кожныя тры гадзiны вынiкi конкурсу абнаўляюцца. — Згодна з прагнозамi, у асноўным прахадны бал застанецца на ўзроўнi мiнулага года, — лiчыць першы намеснiк мiнiстра адукацыi Аляксандр ЖУК. — Усё залежыць ад выбару канкрэтных спецыяльнасцяў. У цэлым жа я перакананы, што нашы абiтурыенты i iх бацькi навучылiся граматна рабiць выбар факультэтаў i ВНУ i добра аналiзуюць сiтуацыю.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каля двухсот тысяч чалавек з 12 па 28 чэрвеня, а таксама ў рэзервовы дзень 4 лiпеня ўдзельнiчалi сёлета ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi. Яно праводзiла
|
|