21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Аперацыя «Ы» i iншыя прыгоды Журыка

26.08.2009 08:58 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вольга РАМАНЮК.

Абаронца зборнай Беларусi i мiнскага «Дынама» Аляксандр Журык стамiўся бегаць па камандах, позна зразумеў, у чым сэнс жыцця, i лiчыць галоўным — трымаць язык за зубамi...

Беларус Аляксандр Журык пасля шматгадовых бадзянняў па расiйскiх прасторах нарэшце вярнуўся дадому, у родны Мiнск. Дакладней, у «Дынама»... Аперацыя «Ы» знакамiтага абаронцы, вiдаць, ужо завяршаецца.

— Я, мабыць, i закончыў бы тут кар’еру, — гаворыць Журык. — Мяне ўсё задавальняе: трэнер, кiраўнiцтва, хлопцы ў камандзе. Бегаць па клубах не хачу. Чым старэй становiшся, тым больш такiя «хаджэннi» напружваюць.

З Журыкам звязана ўся хакейная гiсторыя нашай краiны. Для зборнай ён заўсёды быў незаменным абаронцам. Да гэтай пары даносiцца голас каментатара Уладзiмiра Навiцкага з чарговага чэмпiянату свету: вось дык Журык, вось дык малайчына! I Журыку ўсё нi па чым. Ён не шкадаваў нi аднаго свайго сапернiка, адбiраючы шайбу, гатовы зубамi ўчапiцца, але не аддаць сваё. А як радаваўся народ, калi нашы хакеiсты перамагалi шведаў, аўстрыйцаў. Вiдаць, недаацэньвалi байцоўскую сiлу беларусаў! Незаменны Журык быў i ў Расii. Хоць з-за свайго прамога характару, вымушаны быў калясiць з клуба ў клуб.

За час сваёй адсутнасцi на Радзiме ён паспеў забыць практычна ўсё. Нават тое, як выглядае яго родны горад.

— Патэлефаную бацьку. А то я i Мiнск толкам не ведаю. Памятаю раён дзяцiнства — Ангарская, Несцерава, аўтазавод... Алё, тата, прывiтанне! Слухай, на Дудуткi, якi выезд? Якi-якi? Дзяржынскi праезд? А вулiца, якая? Сярова? Дарога, дзе дзевятая бальнiца? Ага, добра. Ну, давай, бывай.

— Часам задумваешся, — летуценна разважае Журык, — дзе Радзiма? Пэўна Беларусь, але з iншага боку i Расiя. Страчваюцца межы. Рана паехаў, адвык. Ды i сямейнае жыццё, ужо штосьцi сваё. Хочацца, скажу, часцейшых зносiнаў з бацькамi. З 18 гадоў не быў у Мiнску, хiба што за зборную прыязджаў гуляць. Жонка з Масквы. У 2000-м ажанiлiся, але ведалi адно аднаго з дзяцiнства. Яна ўвесь час у Маскве жыла, я — у Мiнску. Але роднасная сувязь не дала згубiцца: мой родны дзядзька муж яе роднай цёткi.

— Проста бразiльскi серыял.

— Так-так, «Санта-Барбара» (смяецца).

— Колькi дзяцей у вас?

— Двое. Старэйшы сын Данiiл i дачка Палiна.

— Падарункамi жонку песцiце?

— За сына — падарыў пярсцёнак. За дачку — машыну купiў.

— А калi яшчэ адзiн сын будзе?

— Жонка сказала, калi ты толькi сам вынасiш i выкармiш! (смяецца).

Журык вырашыў звазiць мяне на экскурсiю ў беларускi гiстарычны музей Дудуткi. Там можна i самагону папiць, i на лопасцях млына пакатацца.

— Самагон калi-небудзь каштавалi?

— Не.

— А гарэлку?

— Думаеце, Журык святы? (смяецца). Нiшто чалавечае мне не чужое. Не куру, праўда. Часам дазваляю сабе гэта, але адразу кашаль з’яўляецца. Кальян каштаваў. Да гэтага часу не разумею, у чым кайф. Хоць калi на вiне — крыху «башню» зносiць.

— Як вы ставiцеся да п’яных? Т-ты м-мяне паважаеш?

— Я цябе абагаўляю (смяецца). Калi вып’ю, думаю, ну якi ж я дурань! Язык тады без касцей становiцца.

— Можаце адкрыцца першаму сустрэчнаму?

— Я — адкрыты, але патаемнае трымаю ў сабе. Выкажаш думку — разведчыкi данясуць, яшчэ i дабавяць. Трымаў бы язык за зубамi — было б усё добра, але гэта я зразумеў не адразу. Хто чым бярэ ў жыццi: хтосьцi працуе, хтосьцi падлiзваецца, хтосьцi трывае. Калi б я мог падлiзвацца, даўно быў бы ў дамках.

— Як вы для сябе вызначаеце крытэрый «добры» чалавек—»дрэнны» чалавек?

— Не ведаю, што павiнен зрабiць чалавек, каб я яму не дараваў. Хоць, напэўна, не дарую трэнеру Генадзю Цыгурову. Ён мяне нi ў што не ставiў: не цанiў, не ўспрымаў як асобу, як iграка. Зразумела, што трэнерам нялёгка пастаянна быць пад прэсам, рабiць справаздачы перад кiраўнiцтвам, але гэта не прычына паводзiць сябе так. Я ж у чым вiнаваты? Калi браў мяне ў каманду, пэўна, ведаў, чаго я каштую?

— Хацелi зрабiць, як лепш, а атрымалася, як заўсёды?

— Так-так. Камусьцi патрэбны пастаянны бiзун, але да мяне i словы добра даходзяць. Пачнеш са мной размову на павышаных танах, мiжволi спрацоўвае ахоўны рэфлекс, магу i назад выпалiць. У прынцыпе, я ад таго i пацярпеў, што заводзiўся з паўабароту.

— Часам трэба саступаць?

— Будзеш iсцi напралом — разаб’еш лоб аб сцяну. Трэба быць або вельмi моцным, або адкрыта iсцi па галовах.

— З iншымi трэнерамi вам было прасцей?

— Складана было толькi з вялiкiм Цiханавым. Ну, як складана... З-за языка свайго пацярпеў. Людзi ж не любяць, калi iм праўду гавораць, а яшчэ i наперакор. Ва ўсiх трэнераў ёсць «свае хакеiсты», астатнiя так — на падхваце. Тут толькi два выйсцi: сцiснуць зубы або сыходзiць. Прасцей за ўсё грукнуць дзвярыма, а каб цярпець да апошняга, трэба знайсцi мужнасць. У рэшце рэшт, адбудзецца тое, што павiнна адбыцца.

— Быў выпадак у вас у ЦСКА: Журыка адправiў у фарм-клуб сам патрыярх Цiханаў!

— Адкуль вы ўсё ведаеце? (смяецца). I што за выпадак?

— Прыйшоў на трэнiроўку паглядзець, хто як катаецца, i паказаў на дзесяты нумар. Яго памочнiкi смяюцца: Вiктар Васiльевiч, дык гэта ж Журык, якога вы ў фарм-клуб адправiлi.

— Так, было! (усмiхаецца). З-за асабiстага канфлiкту з iм мяне адхiлiлi. Заставалася адна гульня да перапынку, а ўсе захварэлi, гуляць не было каму. Я мог i не прыйсцi, але прыйшоў.

— Трэба быць звышчалавекам, каб на роўных кантактаваць з Вiктарам Васiльевiчам?

— Каб гутарыць з iм больш-менш на роўных — трэба быць лiдарам, а калi ты толькi ствараеш умовы для гэтых лiдараў... Выказаў наперакор свой пункт гледжання, i гэтага было дастаткова. Бачылi б, як з iм Разiн размаўляе. Але ён яго не адхiляў, Андрэй уплываў на вынiк каманды. Цiханаў, безумоўна, вялiкi чалавек, але свой хакей ён перажыў даўно, а яго старэчы маразм даводзiў усiх да шаленства. Калi iшла гульня, ён не паспяваў нi за чым — палавiну не бачыў, пытаўся ў трэнераў. I толькi бегаў, гаўкаў на ўсiх па любой прычыне.

— Атрымлiваецца, Журык пагуляў ва ўсiх маскоўскiх i падмаскоўных камандах?

— Так, пагуляў.

— Да НХЛ толькi не дабралiся?

— (сумна ўсмiхаецца). Дабраўся, але не зраслося.

— А хацелася?

— Не ўсiм дадзена! Я ведаў шмат добрых хакеiстаў, якiя ўвогуле не траплялi ў НХЛ. Камусьцi шанцуе больш, камусьцi менш. Вельмi важна трапiць у патрэбны час у патрэбнае месца. Каму ж не хочацца? Але жыццё на гэтым не спыняецца.

— А ў Канаду як трапiлi?

— У 17 гадоў. Быў апошнi чэмпiянат Еўропы ў Рызе, калi толькi Саюз распаўся. I зборная Беларусi вылецела ў групу «С». Там мы заваявалi першае «золата» беларускага хакея. Пасля гэтага трапiў на драфт каманды «Эдмантон». I паехаў.

— Пасля Беларусi — у Канаду?

— Сюды я заўсёды паспеў бы вярнуцца. Напачатку было цяжка, але падумаў, што дацягну да апошняга, а там паглядзiм. Пагуляў шэсць гадоў. Вярнуўся на год у маскоўскае «Дынама». Закруцiлася ўсё з маёй будучай жонкай, а яна акрамя Масквы нiчога не прызнавала, таму давялося застацца.

— Цi заўсёды нейчыя iнтарэсы ставiце вышэй сваiх?

— Я ўжо зразумеў, што ў НХЛ не праб’юся. Хоць зараз думаю, можа, варта было крыху затрымацца? Але чаго шкадаваць? Быць увесь час чужым дзесьцi. Так, калi жыццё прыцiсне.

— Няпроста ўтаймоўваць уласныя амбiцыi?

— Увесь час iх утаймоўваю. I не толькi ў хакеi, але i па жыццi. Усё ж пазнаецца праз уласныя памылкi.

— Не шкадуеце, што дзесьцi штосьцi не дарабiлi?

— Я проста не ведаў жыцця i не разумеў, у чым яе сэнс. Да мяне толькi потым дайшло. Паводзiў сябе проста не так, як трэба.

— Кранае людская зайздрасць, злосць?

— Стараюся ў людзях бачыць больш добрага.

— Хтосьцi называе вас пiжонам...

— Я па натуры не пiжон, i, калi камусьцi не спадабаўся, — гэта iх праблемы.

— Вы качалi правы, калi маладыя iгракi паводзiлi сябе як пiжоны?

— Навошта? Калi ён такi мяккi i пушысты, карцiну не сапсуе i фарбаў не дабавiць. Не быць белай варонай... за цябе тады любы стары палезе. Не люблю ўжываць выраз «а вось раней... i сады па-iншаму цвiлi»... Але раней на адно месца ў камандзе майстроў было дзесяць—пятнаццаць чалавек прэтэндэнтаў. Дуэль прайграеш — заводзiшся: як гэта ён цябе? Няма сёння ў моладзi былога iмкнення i запалу — працаваць з ранiцы да вечара. Плыве яна па цячэнню: усё роўна будзем гуляць, больш жа няма каму — i катацца нармальна не можа, i перадачу аддаць, я ўжо не кажу пра штосьцi звышнатуральнае.

— Што лепш за ўсё ў вас атрымлiваецца ў хакеi?

— Напэўна, абарончая гульня. У гэтым кампаненце гульнi я нядрэнна выглядаю.

— Абаронца Радзiмы таксама нядрэнны б выйшаў?

— Маё iмя адпавядае майму амплуа.

— Аляксандр Македонскi?

— Я люблю часы, калi рыцары на мячах змагалiся. Цудоўна! Гэта самая крыштальна чыстая эпоха, дзе няма фальшу. Зараз шмат пылу рознага, свет прагнiў. I адносiны людскiя вымушаюць жадаць лепшага.

— Чаму гэта адбылося. Свет азлобiўся?

— Раней пры Саюзе ва ўсiх было ўсё аднолькава, таму не было такой зайздрасцi. Зараз нават пакаленне nехt не так весела бавiць час, як моладзь у былыя часы: размовы толькi пра грошы, пра нерухомасць, пра гэта ўсякае глупства — хто колькi атрымаў, хто каму не дадаў. Я i сам, напэўна, такi ж — мяняюся.

— Няма злосцi на зорак-мiльянераў?

— Мiльёны многiя зарабляюць, але, ёсць тыя, каму ад гэтага «башню» зносiць — да такiх, канешне, ёсць непрыязнасць. Але хто я такi, каб меркаваць? Чорнай зайздрасцi накшталт «чаму ён, а не я?» няма. У прыродзе ж усё збалансавана. У чымсьцi яму пашанцавала больш, у чымсьцi мне.

— Вы — бясстрашны чалавек?

— Хутчэй, асцярожны. На неразумную рызыку не пайду. Парашут — гэта не маё, адназначна.

— Калi быў самы моцны прылiў адрэналiну?

— У самалёце, у небе перажыў шок. Ляцелi неяк з маскоўскiм ЦСКА, i ў нас дым павалiў ззаду. Сцюардэса: усiм па месцах! Вось тады я «пераканiў» моцна — усё, думаю, далятаўся! Адзiным жаданнем было выпiць чаго-небудзь. Было дзве версii: хтосьцi акурак кiнуў у туалеце або тлушч капнуў у мiкрахвалёўку, калi падагравалi ежу. Небяспечна было лётаць, калi ўсё развальвалася. З трох-чатырох самалётаў адзiн збiралi. Ёсць спартсмены, у якiх увогуле аэрафобiя, локцi напалову згрызаюць, пакуль ляцяць. А што рабiць?

— Калi цяжка, да жонкi бежыце?

— Не бягу (смяецца). Журык не вешае свае праблемы нi на кога, нават, калi вельмi цяжка. Стараюся не быць ныцiкам.

— Хто вы па гараскопу?

— Блiзняты.

— Кампанейскi чалавек?

— Закончу кар’еру — будзе не хапаць гэтых доўгiх начэй у аўтобусах, бясконцых размоў. Хакейнае жыццё, мне здаецца, самае цiкавае. Часта ўспамiнаю Канаду. Прыемна было там жыць i гуляць. А вось у Расii, канешне, задавальнення ад гульнi не атрымлiваў. Як там трэнеры любяць выказвацца: трэба адпрацоўваць свае грошы! Ад гэтага псiхалагiчна цяжка: пастаянны прэсiнг i iншае глупства.

— Каго вы паважалi як трэнера?

— Я паважаў Котава Сяргея Архiпавiча з Сiбiры, Канарэйкiна — за яго крыху пагуляў у «Спартаку», Бiлялетдзiнава. Не такi ўжо ён i старарэжымны, як кажуць.

— Бывалi часы, калi вас «кiдалi на грошы»?

— У «Крылах Саветаў». Нейкiя вырадкi вакол iх круцяцца, каманда незразумела каму належыць: адны пайшлi, другiя прыйшлi. Зараз патэлефанаваў наконт выпiскi з працоўнай кнiжкi, што працаваў там, а там iншая арганiзацыя — «мы не маем права нiчога пiсаць».

— Хто самы шчодры?

— Сказанулi вы пра шчодрасць у Расii. Пакармiць, так, а ў адносiнах грошай... Я зарабляў ва ўсiх камандах аднолькава. Хiба што ў Омску атрымаў больш, таму што дайшлi да фiналу.

— Ведалi сабе цану, дыктавалi ўмовы, тупнуўшы нагой?

— Давалi тое, што я прасiў. Думкi таргавацца не было.

— Рэалiзавалi ўсё задуманае?

— Акрамя НХЛ, а зараз спакойна дагульваю свой тэрмiн. У бытавым плане грэх скардзiцца.

— Як у «Каўказскай палоннiцы»: ёсць жаданне купiць дом, але няма магчымасцi?

— Было б жаданне, дом бы даўно ўзялi. Але па дзве гадзiны страчваць у пробках, дабiраючыся з Падмаскоўя ў цэнтр, неяк не хочацца. Блiжэй да горада? Дык я такiх грошай нiколi не зарабляў!

— У зборнай вам камфортна?

— Прыемна ўсведамляць, што ты яшчэ штосьцi можаш для яе зрабiць.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абаронца зборнай Беларусi i мiнскага «Дынама» Аляксандр Журык стамiўся бегаць па камандах, позна зразумеў, у чым сэнс жыцця, i лiчыць галоўным — трыма
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика