Людзi, якiя гуляюць у гульнi i кажуць, што так яны дбаюць пра свой бiзнэс!
Алена БАРЫСЕВIЧ.
...Вы ўспомнiце, кiм мы толькi нi ўяўлялi сябе ў дзяцiнстве! Хтосьцi хацеў стаць савецкiм разведчыкам, iншы марыў пра ўладу i моц бога Тора альбо пасла марсiянскай федэрацыi на Зямлi... А некаторыя спрабавалi ўявiць сябе Бурацiнам, феяй, уладаром Сусвету, цi яшчэ... Ды хiба ж успомнiш усе дзiцячыя мары! Але потым праца-праца-праца, i мара стаць богам хiтрасцi Локi знiкае неяк сама сабою...
Але так працягвацца больш не можа! Насамрэч яшчэ не ўсе дзiцячыя мары безнадзейна згублены! Ва ўсякiм выпадку, у гэтым проста ўпэўнены майстры цэнтра «IGRO», якiя сцвярджаюць, што зрабiць даўнюю мару рэальнасцю не так ўжо цяжка. Усё, што для гэтага патрэбна — ролевая гульня! Якраз таму што ролевая гульня — гэта ўнiкальная магчымасць адчуць сябе тым, кiм ты, хутчэй за ўсё, нiколi стаць не зможаш. Дакладная фармулёўка ролевай гульнi гучыць прыкладна так: ролевая гульня — гэта мадэляванне якой-небудзь гульнявай рэчаiснасцi з уключэннем у яе распрацаваных роляў i камунiкатыўных задач для яе ўдзельнiкаў. Шчыра кажучы, такое тлумачэнне мала пралiвае свет на тое, што ж такое ролевая гульня. Але галоўнае ў тым, што такая гульня можа быць выкарыстана як карпаратыўнае, камандна-фармiруючае мерапрыемства, якое выяўляе праблемы калектыву i дапамагае эфектыўна iх вырашаць. Таму часта заказчыкамi ролевай гульнi становяцца фiрмы, кампанii — для iх гэта выдатны спосаб зладзiць, здружыць калектыў i вырашыць пэўныя праблемы. Ролевая гульня — гэта i карпаратыўны выезд на прыроду, i арыгiнальнае святкаванне таго ж дня нараджэння. Нарэшце, гэта проста цiкавы i карысны адпачынак! I ў арганiзацыi такога адпачынку супрацоўнiкi Цэнтра сюжэтна-ролевага мадэлявання маюць вялiкi вопыт. Сам Цэнтр сюжэтна-ролевага мадэлявання «IGRO» пачаў сваю працу толькi 30 чэрвеня. Бо якраз тады адбылася прэзентацыя цэнтра на Мiнскiм моры ў санаторна-аздараўленчым комплексе «Юнацтва» на цеплаходзе «Бодрый». Але стварэнню цэнтра «IGRO» папярэднiчала сур’ёзная работа. I нават работа ўнiкальная, таму што кiраўнiк цэнтра — Святлана Майлычка — ролевымi гульнямi займаецца ўжо больш за 10 гадоў. I менавiта гэта жанчына была першай у Беларусi, хто пачаў вывучаць i практыкаваць такi вiд адпачынку. Дарэчы, усе майстры (вядучыя гульнi. — Аўт.) цэнтра «IGRO» — таленавiтыя вучнi Святланы Майлычка. — Тлумачыць, што такое ролевая гульня, амаль бессэнсоўна, — перакананы майстар Сяргей Кавалёў. — Нават людзi, якiя прысвяцiлi гэтым гульням большую частку свайго жыцця, не могуць даць дакладнага азначэння для чалавека, якi нiколi не сутыкаўся з ролевымi гульнямi. ...Каб усё ж такi наблiзiцца да разумення, што ж гэта насамрэч за гульня такая, падчас прэзентацыi цэнтра «IGRO» госцi прынялi ўдзел у гульнi «Яхта». У ёй мадэлiруюцца падзеi, якiя маглi б адбыцца ў канцы мая 1945 года. З паўднёва-iспанскага порта Кадзiс у Атлантычны акiян выйшла камфартабельная яхта з прыгожаю назваю «Глорыя»... Але куды прыплыве гэтая яхта? I што стане з тымi, хто знаходзiцца на ёй?.. Якраз гэта i даведалiся ўдзельнiкi гульнi. Пазнаёмiлiся ўдзельнiкi гульнi — а гэта былi прадстаўнiкi разнастайных мiнскiх кампанiй i арганiзацый — адразу на месцы: дагэтуль яны нiколi адзiн з адным не сустракалiся. А таму спачатку ўсе былi крыху разгублены i не зусiм разумелi, што ж iм трэба рабiць. Затое ж якую радасць ва ўсiх удзельнiкаў гульнi выклiкала тлумачэнне майстра перад гульнёй, як павiнны сябе паводзiць «мерцвякi» i «атручаныя»! А што ж вы думалi, шаноўныя чытачы! Сапраўдная гульня — як сапраўднае жыццё. А ў iм, як вядома, рознае здараецца... Спачатку зразумець усе патрабаваннi майстра было складана, але ўжо праз 10 хвiлiн усе пачалi здагадвацца, што ж такое насамрэч ролевая гульня i што ад iх, удзельнiкаў, патрабуецца. А яшчэ праз паўтары гадзiны ўсе гэтыя незнаёмыя адзiн з адным людзi становяцца калi не сябрамi, то як мiнiмум вельмi добрымi знаёмымi. Гульня зблiжае. ...I вось цяпер вельмi хочацца расказаць пра сюжэт гульнi больш падрабязна. Але рабiць гэтага знарок не буду: майстры вельмi прасiлi не пiсаць пра змест гульнi. Проста таму, што адзiн чалавек можа згуляць у адну гульню ўсяго адзiн раз. Iнакш потым усе карты будуць раскрытыя, iнтрыгi не будзе, i гуляць будзе ўжо не так цiкава. Каб дапамагчы iгракам увайсцi ў ролю, майстры выкарыстоўваюць спецыяльныя фiльмы, фота «патрэбнай» эпохi, музыку... Канешне, вопытныя майстры сцвярджаюць, што ўменне «ўвайсцi ў ролю» прыходзiць з вопытам. Яны самi, напрыклад, правёўшы не адзiн дзесятак гульняў, могуць гуляць ледзь не ў пустым памяшканнi без усякiх элементаў стылiзацыi. «Але сваiм iгракам мы нават i не думаем прапаноўваць гуляць у пустым памяшканнi: хочацца ўсё ж такi дасягнуць ледзь не поўнага пагружэння ў той свет, у тую рэальнасць, якой бы фантастычнай яна нi здавалася простаму чалавеку», — прызнаюцца майстры. Ролi майстры прапануюць самi. Вельмi часта роля чалавеку дастаецца абсалютна процiлеглая яго характару. I ў гэтым ёсць вялiкi плюс. Напрыклад, дырэктар арганiзацыi хоча паглядзець, як будзе паводзiць сябе яго падначалены на месцы дырэктара альбо, напрыклад, у экстрэмальнай сiтуацыi. I вось гэты самы падначалены, якога начальства збiраецца павысiць, атрымлiвае ледзь не самую важную i экстрэмальную ролю. Як будзе чалавек у такой сiтуацыi вырашаць канфлiкты, паводзiць сябе, дасягаць пастаўленых задач — усё гэта дырэктар заўважыць i ацэнiць кандыдатуру. Калi ж роля дастаецца «пад характар», то знаёмыя iграка могуць прасачыць, якiм чынам той дасягае пастаўленых мэтаў. Таму што часта тыя рысы характару, якiя ў паўсядзённым жыццi нiвелiруюцца, падчас гульнi, наадварот, становяцца больш яркiмi i заўважанымi. Ролевая гульня складаецца з 3 частак: уводнай, непасрэдна гульнi i абмеркавання. Многiя майстры прызнаюцца, што абмеркаванне — ледзь не самая цiкавая частка гульнi. Гэта як развязка ў дэтэктыўным фiльме, калi раскрываюцца карты. I самы часты выраз на ёй — «...дык вось хто гэта быў!» альбо «...дык вось у каго быў гэты дакумент!» Але i сама гульня — гэта самы што нi на ёсць вострасюжэтны дэтэктыў! У «арсенале» цэнтра «IGRO» ёсць велiзарная колькасць цiкавых i захапляльных гульняў. Але, калi ёсць жаданне ў клiентаў, майстры могуць напiсаць гульню i спецыяльна «пад заказ». А каб пачаць адкрываць для сябе гэты цалкам незнаёмы i ад гэтага яшчэ больш дзiвосны свет, дастаткова проста патэлефанаваць: 226-79-34 i 704-66-58. I хто гэта сказаў, што дарослым позна ўжо гуляюць у гульнi?!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Вы ўспомнiце, кiм мы толькi нi ўяўлялi сябе ў дзяцiнстве! Хтосьцi хацеў стаць савецкiм разведчыкам, iншы марыў пра ўладу i моц бога Тора альбо пасл |
|