«Усяго нажывеш, i Кузьму бацькам назавеш»Навуковая экспедыцыя прайшла па слядах славутага беларускага фалькларыста i этнографа Аляксандра Сержпутоўскага Экспедыцыю арганiзаваў Этнаграфiчны музей Расii, Беларускi фонд культуры i Iнстытут этнаграфii i фальклору iмя Кандрата Крапiвы НАН Беларусi. Памiж iмi заключана дамова аб супрацоўнiцтве. Вучоныя прайшлi па тых мясцiнах, дзе Аляксандр Казiмiравiч Сержпутоўскi вывучаў народную творчасць, збiраў прыказкi, прымаўкi, выслоўi. У складзе экспедыцыi быў i вядомы даследчык жыцця i дзейнасцi Сержпутоўскага кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт журфака БДУ Уладзiмiр Касько, аўтар шматлiкiх навуковых прац пра творчасць нашага знакамiтага земляка. — Уладзiмiр Канстанцiнавiч, чым тлумачыцца цiкавасць расiйскiх вучоных да дзейнасцi слыннага беларуса? — Справа ў тым, што ў жыццi Аляксандра Сержпутоўскага самым непасрэдным чынам спалучаюцца беларускiя i расiйскiя накiрункi творчага пошуку. Нарадзiўся Аляксандр Казiмiравiч на Случчыне i значную частку жыцця правёў у Пецярбургу. Пасля заканчэння Нясвiжскай семiнарыi настаўнiчаў у Мазырскiм i Слуцкiм паветах. Гэта было напрыканцы ХIХ стагоддзя. Беларусь тады ўваходзiла асобнымi губернямi ў склад Расii, але прачыналася ўжо нацыянальная свядомасць беларускага народа, прынамсi, лепшых яго сыноў. Адзiн з iх менавiта Аляксандр Сержпутоўскi. Закончыўшы Пецярбургскi археалагiчны iнстытут i працуючы ў Рускiм музеi, ён шмат зрабiў, каб увекавечыць этнаграфiчнае i фальклорнае багацце беларусаў. Дарэчы, не толькi iх, але i рускiх, украiнцаў, народаў Паволжа i Паўночнага Каўказа. У гэтым сэнсе яго творчасць носiць iнтэрнацыянальны характар. А таму i вывучаць яе трэба комплексна, ва ўсiх, як кажуць, “ипостасях”. — Вас, Уладзiмiр Канстанцiнавiч, ведаюць як аўтара кнiг “Святло далёкай зоркi”, “Палескi дзiвасiл”i iншых, у якiх галоўнай дзеючай асобай з’яўляецца Сержпутоўскi. Якiя галоўныя рысы яго характару, на вашу думку, дапамаглi вучонаму зрабiць такi важкi ўнёсак у беларускую культуру? — Перш за ўсё, лiчу, яго апантанасць, вернасць выбранай у маладыя гады тэме — вывучэнню матэрыяльнай i духоўнай культуры нашага народа. Уяўляеце: дваццацiгадовы хлопец у якасцi настаўнiка пераступае парог Лучыцкага народнага вучылiшча, як называлi раней чатырохгадовую школу Мазырскага павета. I адразу ж бярэцца за даследчую дзейнасць: запiсвае народныя абрады, замовы, заклёны, прыказкi i прымаўкi. Багаты матэрыял для роздуму i асмыслення рэчаiснасцi давалi сустрэчы з простымi палешукамi, падзеi, што адбывалiся ў iх мясцовасцi. У маладога настаўнiка ўзнiкае жаданне расказаць пра ўсё гэта людзям. Неўзабаве на старонках «Минских губернских ведомостей» сталi рэгулярна з’яўляцца карэспандэнцыi, замалёўкi, у якiх расказвалася пра цяжкае жыццё палешукоў, шкоду, якую наносiлi iх здароўю знахары, дамашнiя лекары. А сшыткi даследчыка поўнiлiся новымi запiсамi прымхаў, забабонаў, прыказак i прымавак. I гэтую вернасць сваёй любiмай тэме Аляксандр Казiмiравiч пранёс праз усё жыццё. Яшчэ адна рыса характару вучонага – яго працаздольнасць, няўрымслiвасць творчага пошуку. Запiсы рабiлiся пры кожным зручным выпадку: на начлегах, у полi, лесе, на пасеках, млынах, ля вогнiшча, у курнай сялянскай хаце – i заўсёды з захаваннем лексiчных i фанетычных асаблiвасцей мясцовых гаворак. Усё гэта ўвайшло ў зборнiкi “Сказки и рассказы белорусов-полешуков”, “Казкi i апавяданнi беларусаў з Слуцкага павета”, “Прымхi i забабоны беларусаў-палешукоў” i iншыя. У спiсе навуковых прац Сержпутоўскага — друкаваныя i рукапiсныя даследаваннi “Земляробчыя прылады беларусаў-палешукоў”, “Граматычны нарыс беларускiх гаворак”, “Бортнiцтва ў Беларусi”, “Беларуская народнасць i рэлiгiя”, “Да пытання аб беларускай арфаграфii”, ”Пабудовы i заняткi беларусаў” i многае iншае. Нават пералiк яго твораў сведчыць пра энцыклапедычнасць ведаў i iнтарэсаў вучонага. А падрыхтаваная iм машынапiсная праца “Прыказкi i прымаўкi беларусаў (матэрыялы да вывучэння творчасцi беларусаў i iх мовы)” уключала 10 тысяч тэкстаў i па колькасцi запiсаў пераўзыходзiла самыя буйныя дарэвалюцыйныя зборнiкi такога накiрунку. Дзесяць тысяч тэкстаў! Гэта ж якая агромнiстая, сапраўды тытанiчная праца, i якiх працалюбства, дбайнасцi, настойлiвасцi яна патрабавала! — У вашых кнiгах мяне асаблiва ўражваюць старонкi пра народную мудрасць, кветкi якой нiколi не вянуць… З дзяцiнства запомнiлася прыказка: “На свеце ўсяго нажывеш, i Кузьму бацькам назавеш…” — Так, сапраўды цiкавая прымаўка. I, пэўна, мала хто ведае, што набыла яна крылы з лёгкай рукi Сержпутоўскага, якi запiсаў казку “Кузьма” ад вядомага беларускага казачнiка Iвана Азёмшы. А было так. Сын i жонка доўга зневажалi селянiна. Асаблiва крыўдзiла тое, што сын нiколi не называў яго бацькам. I вось аднойчы ехалi яны на возе, i той перакулiўся, падмяўшы пад сябе хлопца. “Кузьма, – крычыць сын, – падымi воз, а то жыў не буду”. Маўчыць бацька, курыць люльку. Урэшце сын узмалiўся: “Бацька, падымi воз”. Рады мужык, што першы раз у жыццi сын назваў яго бацькам, выручыў таго. Так i з’явiлася прымаўка. Упэўнены, амаль за кожнай такой прымаўкай — нейкi жыццёвы выпадак, павучальная гiсторыя. У сваiх кнiгах я iмкнуўся прасачыць узнiкненне тых цi iншых прыказак, але ж многiя з iх сягаюць у далёкую даўнiну, да якой няпроста дакапацца. Пакуль не раскрыты, на жаль, i многiя старонкi з шматграннай збiральнiцкай i навукова-даследчыцкай дзейнасцi самога Сержпутоўскага. У час экспедыцыi нам хацелася прайсцi яго сцежкамi, пабываць у вёсках, сустрэцца з людзьмi, родзiчамi тых, хто дзялiўся з iм народнай мудрасцю. Раней у мяне была шчаслiвая магчымасць з’ездзiць у вёску Чудзiн, дзе некалi бываў Сержпутоўскi. Тут ён сустракаўся са 103-гадовай Аўдоццяй Сцяпанаўнай Захарчэняй, запiсаў ад яе песнi, казкi. Гэта цудоўны ўзор таго, як трэба шукаць старых мудрацоў, пераймаць ад iх усё лепшае i перадаваць новым пакаленням беларусаў, каб захаваць спадчыннасць i ўзбагацiць яе. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Навуковая экспедыцыя прайшла па слядах славутага беларускага фалькларыста i этнографа Аляксандра Сержпутоўскага. Яе арганiзавалi Этнаграфiч |
|