Курт ФРЭЙЗЕР: «Зраблю са зборнай «Ферары!»
Вольга РАМАНЮК.
Беларусаў трэнiруе паўночны амерыканец! Тры гады таму для многiх не толькi ў Беларусi, але i ў суседняй Расii гэта стала свайго роду сенсацыяй. У нашых хакеiстаў у першых з’явiлася магчымасць папрацаваць са спецыялiстамi з НХЛ. Хрыстафорам Калумбам у гэтай справе стаў трэнер «Вашынгтон Кэпiталз» Глен Хэнлан, якi дабiўся з камандай значных поспехаў. Ну а яго справу прадоўжыў яго сябар i былы настаўнiк «Атланта Трэшэрз» Курт ФРЭЙЗЕР. Пасля таго як Фрэйзер, здавалася б, нiчым не блiснуў на апошнiм чэмпiянаце свету ў Маскве, меркавалася, што на наступны сезон яго месца зойме хто-небудзь iншы. Аднак, пераблытаўшы ўсе карты ў калодзе, федэрацыя хакея Беларусi вырашыла пакiнуць Фрэйзера ля руля зборнай. Беларускi карабель цяпер трымае курс на Канаду — менавiта там у наступным годзе стартуе чэмпiянат свету. Якiя сюрпрызы рыхтуе нам мiстэр Фрэйзер, пакажа час, а пакуль ён з двума сынамi прыехаў у Мiнск для ўдзелу ў трэнiнг-кэмпе Nоthеrn Еdgе (гэта лепшая школа ў Паўночнай Амерыцы). Вядомыя трэнеры паказваюць дзецям, як трэба правiльна гуляць у хакей. Дзецi глядзелi на Фрэйзера з адкрытым ротам. Яшчэ б! Коўч, якi трэнiраваў у «Атланце» самога Iлью Кавальчука — рускага волата i зорку хакея, ды Дэнi Хiтлi — пагрозу для ўсiх варатароў у НХЛ... I тут па-простаму выходзiць на лёд i вучыць, як правiльна трымаць клюшку i забiваць шайбы. У аднаго нашага варатара аж ногi падкасiлiся, калi яго вароты атакаваў сам Фрэйзер. Вось гэтыя амерыканцы! Якi б настрой нi быў, яны ўсё роўна расплываюцца ў жамчужнай усмешцы. Ствараецца такое ўражанне, што «дрэнных дзён» i «чорных палос» у iх жыццi не бывае. Можа, таму яны так лёгка выклiкаюць прыхiльнасць да сябе i на ўсе няўдачы глядзяць скрозь пальцы. Фрэйзер па натуры жаваранак. З шасцi ранiцы ён ужо на нагах! Лёд у парку iмя Горкага замяняе яму звыклую лёгкую прабежку вакол возера ў сваiм родным Сент-Луiсе i заняткi ў трэнажорнай зале. — Добры дзень! — па-руску вiтае мяне мiстэр Фрэйзер. Мабыць, ён па амерыканскай традыцыi хацеў бы запытаць, што чуваць, але ўвесь яго рускi слоўнiкавы запас абмяжоўваецца толькi дзяжурнымi фразамi, накшталт «дзякую», «добры дзень», «прабачце»... Дзякуючы перакладчыцы i прэс-аташэ Федэрацыi хакея Беларусi Канстанцыi Лешчанка мы ўсё-такi знайшлi з iм агульную мову. — Курт, калi ў мiнулым сезоне ў яраслаўскi «Лакаматыў» прыйшоў Пол Гарднер, па-руску ён не ведаў нiчога. Але, застаўшыся на другi сезон, узяўся сур’ёзна за вывучэнне мовы. Значыць, у хуткiм часе мы зможам размаўляць з вамi па-беларуску? — (Усмiхаецца.) Тут хоць бы на рускай навучыцца размаўляць! Я пачаў ужо вывучаць мову, але, як аказалася, гэта не так проста. Чуў, што гэта зойме па меншай меры тры гады. Проста ў рускай мове, у адрозненне ад англiйскай, вельмi шмат цяжкасцяў, таму складана весцi гаворку. Адзiн час я прыслухоўваўся да таго, аб чым гавораць вакол мяне. У адным з матчаў з горам папалам спрабаваў штосьцi сказаць, але хакеiсты папрасiлi мяне не напружвацца i размаўляць, як зручней мне, яны ўсё зразумеюць. — Як нi круцi, але ў вас усё-такi цячэ амерыканская кроў, а ў нашых хакеiстах — беларуская, за выключэннем некаторых iгракоў. Цяжка ўявiць, як вы ў кароткi тэрмiн зможаце перавярнуць iх менталiтэт. — Цяжкая праца чакае ўсiх — не толькi мяне. Усё ж пачынаецца з дзiцячага хакея. I, думаю, агульнымi намаганнямi нам удасца воз зрушыць з месца i дабiцца поспеху. Вось я зараз гляджу на моладзь i бачу, што ў вас вельмi шмат таленавiтых дзяцей, якiя змогуць гучна заявiць аб сабе ў блiжэйшай будучынi. Напрыклад, той жа Стэфановiч у «Гомелi». У яго ўсе шанцы гуляць на высокiм узроўнi ў НХЛ. — Я чула ад Алега Твярдоўскага, уладальнiка двух кубкаў Стэнлi, якi зараз гуляе ў «Лос-Анджэлес Кiнгз», што амерыканцы не надта прывячаюць нашых. Алег так i сказаў: «Яны — шакалы, гатовыя разарваць сваю ахвяру». I трэба быць мацёрым воўкам, каб выжыць у гэтым асяроддзi. — Глупства! У НХЛ гуляюць не толькi рускiя, але i лепшыя хакеiсты з усяго свету. I няважна, хто ты — рускi, амерыканец або канадзец... Калi ты дрэнна выконваеш сваю работу, то любы можа здацца табе зверам. — У такiм выпадку, чаму нашым хакеiстам не давяраюць так, як сваiм? Той жа беларус Мiхаiл Грабоўскi, якi нiяк не можа прабiцца з фарм-клуба «Гамiльтон Бульдогз» у «Манрэаль»? — У Грабоўскага ўсё яшчэ наперадзе. Проста Мiшу трэба сур’ёзна працаваць над сабой, i тады ўсё атрымаецца. Андрэй Касцiцын таксама не адразу пачаў гуляць у «Манрэалi». Гэта зусiм не гаворыць аб нейкiм недаверы. Уладзiмiр Цыплакоў i Руслан Салей зарэкамендавалi ж сябе ў НХЛ! Значыць, i iх поспех не за гарамi. — Я думаю, што ў гэтым вы iм дапаможаце. За бедных гусараў закiньце слова! Дый хлопцы задаволеныя, што iх трэнiруе спецыялiст з НХЛ! — Дзякую, — гаворыць па-руску, — за аказаны давер. Многiя папракаюць хакейных босаў за тое, што яны робяць стаўку на трэнераў-iншаземцаў, якiя быццам адбiраюць чужы хлеб. Нiколькi не прынiжаю годнасцi i беларускiх i рускiх спецыялiстаў, але думаю, што ўсiм нам трэба пастаянна чаму-небудзь вучыцца. Таму i я, i мае памочнiкi стараемся ўнесцi новыя iдэi i дапамагчы. Зборная Беларусi на ўсiх чэмпiянатах свету сутыкаецца з камандамi, якiя трэнiруюць паўночнаамерыканцы, i з хакеiстамi, якiя гуляюць у НХЛ. Мабыць, цiкава будзе даведацца аб новай тэхнiцы, пачуць iнфармацыю аб трэнiровачным працэсе i падрыхтоўцы, каб быць на самым высокiм узроўнi i годна процiстаяць сапернiку. I калi ў той жа зборнай Расii палова хакеiстаў з НХЛ, то ў Беларусi гэта толькi Руслан Салей. Таму няма магчымасцi ведаць, як гуляюць у свеце. — Ваш калега Глен Хэнлан смяяўся i расказваў, як рускiя рыхтуюцца да чэмпiянату свету ў Рызе. Iх трэнер Уладзiмiр Крыкуноў тады натуральна дрэсiраваў сваiх хакеiстаў, што ў тых язык быў на плячах. У спёку прымушаў бягом агiнаць Балтыку, а потым ганяў на вынослiвасць у трэнажорнай зале. — (Смяецца.) А вы не задумвалiся над тым, чаму такiмi лёгкiмi заўсёды выглядаюць тыя ж канадцы i, як птушкi, лётаюць па лёдзе? Проста iгракi павiнны выконваць толькi тыя практыкаваннi, якiя iм спатрэбяцца ў гульнi. Наша задача — не зрабiць з хакеiста качка-бодзiбiлдэра, а толькi развiць патрэбныя мышцы. Мы не морым спартсменаў бясконцымi практыкаваннямi. Усе трэнiроўкi ў нас праходзяць iнтэнсiўна, на максiмальнай хуткасцi. — Калi параўноўваць зборную Беларусi з аўтамабiлем, то на якой марцы мы сёння калясiм? — М-мм... (Задумваецца.) Можа, мае прагнозы камусьцi пададуцца нерэальнымi, але я даб’юся таго, што наша каманда будзе ездзiць на «Ферары»! — Гучны прагноз. Галоўнае, каб былi самаадданыя пiлоты? — Вельмi прыемна, што хакеiсты выкладваюцца ў кожнай гульнi, гараць жаданнем. Вельмi прыемна было бачыць, колькi людзей прыехала з Беларусi ў Маскву на чэмпiянат свету з нацыянальнай атрыбутыкай, сцягамi, свiтарамi ў нацыянальных колерах. Радасна, што столькi балельшчыкаў падтрымлiваюць нашу каманду. Я заў-важыў, што i хакеiсты ганарацца выступленнем за сваю краiну i родным сцягам. Цяпер пачынаю разумець, чаму Хэнлану было так цяжка развiтвацца з хлопцамi. Глен мне шмат расказваў аб Беларусi, аб тым, што тут жывуць дружалюбныя людзi, i вельмi хацеў, каб я працягваў сваю палiтыку. Часта мне тэлефануе i пытаецца, што ў нас чуваць. Яму, як i мне, неабыякавы лёс зборнай Беларусi. — Вы часта тэлефануеце адзiн аднаму? — Раз у месяц — гэта дакладна. Абменьваемся парадамi па рабоце. — А вы гэтаксама, як i Глен Хэнглан, выгружаеце з аўтобуса баулы з формай хакеiстаў, падносiце шайбы тэхнiчнаму персаналу, п’яце пiва пасля матчаў з iгракамi? — Н-не! — парыруе па-руску. — Тут мы з Гленам разыходзiмся ў меркаваннях. Усё добра ў меру! Канешне, трэба падтрымлiваць добрыя адносiны з камандай, але нiяк нельга перагiнаць палку. Мая справа — правiльна накiроўваць i падтрымлiваць дысцыплiну. — Аляксандр Авечкiн, лiдар «Вашынгтона», гаворыць, што ў камандзе Хэнлан за словам у кiшэню не лезе, можа i накрычаць. — Я таксама магу накрычаць. Зразумейце, строгiм трэба быць заўсёды, iнакш сядуць на галаву. — На зорак асаблiва не накрычыш? — А прычым тут статус? Кожнаму трэба адказваць за свае ўчынкi. Так, ад зорак многае залежыць, але ёсць i астатнiя, якiя складаюць увесь ланцужок каманды. Для мяне наогул паняцце «зорка» адноснае. Калi я трэнiраваў «Атланту», то ў маiм клубе былi толькi дзве яркiя i моцныя асобы: Iлья Кавальчук i Дэнi Хiтлi. На iх крычаць нi разу не даводзiлася, таму што хлопцы працавалi да зносу, шмат працавалi над сабой. I ўся iх зорнасць праяўлялася ў тым, што такi трэнер, як Курт Фрэйзер, нiколi не бачыў такiх чыстых i прыгожых забiтых галоў, як у iх. — Данiс Зарыпаў, якога ў казанскiм АК Барсе аштрафавалi на борце самалёта за дзве бутэлькi пiва, скардзiўся, што ў НХЛ гэта — норма, там пiва возяць з сабой скрынямi на матчы. — Магчыма, так было гадоў дваццаць таму. Сёння хакеiсты ў НХЛ зарабляюць мiльёны i не могуць сабе дазволiць лiшнi раз расслабiцца. Нельга пайсцi на абед, выпiць пару келiхаў пiва i гуляць далей. Не! Цяжка пастаянна выкладвацца на высокiм узроўнi. Таму хакеiсты так заўзята трэнiруюцца, каб захаваць работу. Толькi летам, у адпачынку, яны робяць, што хочуць. — Грошы наогул неяк стымулююць хакеiстаў, бо адным у камандзе плацяць больш, iншым — менш? — Усе робяць адну справу. I цудоўна разумеюць, што значыць страцiць месца пад сонцам. — Глен Хэнлан наогул працаваў у зборнай Беларусi за дзякуй. Калi не сакрэт, вы таксама працуеце бясплатна? — У мяне кантракт. Яго сума складае 100 000 долараў. — У НХЛ трэнеры, вiдаць, атрымлiваюць у дзесяць разоў больш? — Дакладна не скажу, але ведаю, што гэта шмат. Самы багаты гэта Скоцi Боўмэн. Больш, чым яму, па-мойму, не плацяць нiкому. — Бацька зоркi хакея Сяргея Фёдарава — Вiктар Аляксандравiч — неяк на ўсю краiну ў аўтарскай калонцы расiйскай газеты «Спорт-Экспрэс» заявiў, што Скоцi Боўмэн — трэнер так сабе... — А хто такi Вiктар Фёдараў? Скоцi Боўмэн быў легендарным iграком, заваяваў 11 Кубкаў Стэнлi. Не многiм iгракам удаецца наогул змагацца за Кубак Стэнлi. — Вы асабiста знаёмыя з Боўмэнам? — Так. Ён вельмi прыемны чалавек, iнтэлiгент. Вельмi разумны трэнер, таму што поўнасцю бачыць гульню, бачыць усiх. Не было такога, каб ён прапусцiў нейкi момант. Ён сапраўдны талент. — Калi ён прыедзе, напрыклад, трэнiраваць хакейны клуб «Гомель», цi зможа ён зрабiць са звычайнага беларускага клуба чэмпiёна краiны? — Зразумела, не ўсё залежыць толькi ад трэнера, але яшчэ i ад iгракоў. Я перакананы ў адным: «Гомель» значна лепш гуляў бы. I не толькi «Гомель». Можна ўзяць любы клуб Беларусi, з якiм ён можа справiцца, таму што ён выйграваў Кубкi Стэнлi з рознымi камандамi — не толькi з «Дэтройтам». — Што галоўнае для трэнера НХЛ? — Найперш — быць псiхолагам. Я нядаўна прачытаў кнiгу аб тым, як дабiцца поспеху ў камандзе, як згуртаваць каманду, ствараць сям’ю... I я працую ў гэтым накiрунку. Мы з хлопцамi схадзiлi ў кiно, у цырк, з’ездзiлi на ваенную базу. Дапамагае! Самае галоўнае — гэта практыка. Глядзець на таго ж Боўмэна i вучыцца. Беларус Уладзiмiр Цыплакоў вельмi добры iгрок, доўгi час гуляў у НХЛ, таму не толькi маiм дзецям будзе вельмi карысна паглядзець на яго. Алег Мiкульчык дапамагае маладым абаронцам. Я лiчу iх на пару з Русланам Салеем лепшымi ў Беларусi. I яшчэ Алег зараз трэнiруе 16—17-гадовых у нашай зборнай, што вельмi патрэбна для нашых хлопцаў. — А наш Аляксей Калюжны ў «Авангардзе». Вы яго не маеце на ўвазе? — Я яго не трэнiраваў, таму ўстрымаюся гаварыць што-небудзь адносна гэтага. Але месяц таму мы з iм сустракалiся. Ён сказаў, што нiякiх крыўдаў у адносiнах да зборнай ён больш не трымае. I калi здарыцца, то абавязкова прыедзе прыняць удзел у чэмпiянаце свету ў Канадзе. — Напэўна, у вас ёсць дар унушэння. Бо Аляксея колькi гадоў не было ў зборнай. — Гэта галоўная частка трэнерскай работы: размовы па-за лёдам, пытаннi, з якiмi сутыкаюцца хакеiсты ў паўсядзённым жыццi, iх вырашэнне. Бо няма такога, каб нават самы класны iгрок выйшаў на лёд i адразу пачаў iграць. Да кожнага патрэбен свой падыход. — Работа са зборнай адрознiваецца ад работы ў клубе? — Так. У зборнай у цябе сабраныя ўсе лепшыя, а ў клубе ты назiраеш за тым, як хакеiст з гадкага качаняцi ператвараецца ў цудоўнага лебедзя. — У вас такое бурнае жыццё. Жонка, вiдаць, сумуе без мужа? — Яна зараз у адпачынку, весела праводзiць канiкулы. — Жонка таксама хакеiстка? — (Смяецца.) Не, раней яна гуляла ў бейсбол, а цяпер у нас цудоўная пяцёрка: тры сыны, муж i яна. — Вы рана ажанiлiся? — Рана. Але, наогул, амерыканцы позна жэняцца. Спачатку трэба зарабiць грошай, знайсцi добрую работу. — Дзяцей амерыканцы пасля васемнаццацi пускаюць у вольнае плаванне? — Да 25 многiя жывуць з бацькамi. — А вы хочаце, каб вашы сыны засталiся жыць з вамi? — Ну не! — смяецца. — Няхай атрымлiваюць адукацыю i iдуць гуляць у хакей. — Не баялася жонка адпускаць вас аднаго? Бо пра наш край у вас такое ўяўленне: мядзведзi па вулiцах бегаюць... — Мядзведзi па вулiцах... (Смяецца.) Калi я ехаў сюды, не ведаў, чаго чакаць. Да гэтага быў толькi ў Санкт-Пецярбургу. Пецярбург, Масква больш нагадваюць Нью-Йорк-сiцi — шмат руху i актыўнасцi. У Беларусi атмасфера невялiкага гарадка. Спакойныя, добрыя людзi. Я сюды прыехаў, калi пачало халадаць. Тут абавязкова трэба пабываць летам, паглядзець на ўсю гэтую прыгажосць — зелянiну паркаў i шырыню азёраў. — Нацыянальную страву — дранiкi — пакаштавалi? — Не толькi, але i салату алiўе, ялавiчыну па традыцыйнаму рэцэпту, фiле курыцы ў сыры, але больш за ўсё палюбiў боршч i галубцы. А яшчэ паходную кашу, калi мы ездзiлi перад чэмпiянатам свету на прыроду. Магу сказаць, што не спадабалася: гарэлка — не! (Кажа па-руску). Сушаная рыба — не! (Смяецца.) — Дома ў вас у Сент-Луiсе хто гатуе? — Я гатую! Усё, што падабаецца дзецям. Тры хлопчыкi, паверце, шмат з’ядаюць. — Вы не падобныя да тыповага амерыканца. Яны ж усе тоўстыя. — Проста я вяду актыўны лад жыцця. Кожная ранiца пачынаецца з актыўнай прабежкi, потым iду ў трэнажорную залу. Вось так я рыхтуюся да надыходзячага дня, каб лепш сябе адчуваць. Потым трэнiроўкi на лёдзе. Я, як i большасць амерыканцаў, ем шмат фаст-фуду, а ў Беларусi ў мяне наогул воўчы апетыт (смяецца). Ем больш, чым калi-небудзь. — Як бавiце вольны час у Амерыцы? — Ездзiм з сынамi на лодках, там шмат азёраў, катаемся на лыжах. — Вы так молада выглядаеце. Можа, у вас ёсць магiчны крэм? — Мэджык-крэм? Ды хопiць вам! Стары я ўжо! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусаў трэнiруе паўночны амерыканец! Тры гады таму для многiх не толькi ў Беларусi, але i ў суседняй Расii гэта стала свайго роду сенсацыяй. У нашы
|
|