Рэпарцёр атрымаў заданне... СТАЦЬ МIЛЬЯРДЭРАМ,
Дзмiтрый АЛЬФЕР.
або Дзе шукаць дрэвы, на якiх растуць залатыя талеры...
Блакiтная, ружовая мара кожнага чалавека — зарабiць аднаразова мех грошай. Цi нават два мяхi, а можа — пяць або дзесяць. Галоўнае, каб без усялякiх намаганняў. Вось прачнуцца б аднойчы паважаным чалавекам, мiльярдэрам, з яхтай каля свайго ўласнага кавалачка марскога берага i з незлiчоным лiкам грошай на банкаўскiм рахунку. Марыць пра цуд вельмi карысна, таму што падсвядома вызначаеш перад сабой шляхi для дасягнення мэтаў. Але гэта так, асабiстыя назiраннi. Можна, як даведаўся я з невыказнай надзеяй, не толькi ў казках раптоўна стаць буржуем. Прычым шанц гэты мiласцiва даецца кожнаму. Галоўнае, як кажуць, ведаць запаветнае месца. Поле цудаў такое ў нас ёсць. Прычым з’явiлася яно якраз у той час, калi насельнiцтва пачало задумвацца, куды ўкладваць назапашаныя грошы ў беларускiх рублях i замежнай валюце. Можна традыцыйна ў банк, але гэта ўжо, як нашэптваюць у модных серыялах, не папулярна. Калi жадаеш прыбытку, грошы павiнны быць «у абарачэннi», гэта ведае ўжо кожнае немаўля. Вось толькi акрамя разумення трэба мець, як мiнiмум, грунтоўныя веды, а як максiмум — яшчэ i назапасiць вопыт фiнансавых аперацый. Чым, шчыра кажучы, валодае далёка не кожны чалавек. А вось iмкнення адхапiць вялiзны кавалак шчасця ў пералiку на грошы досыць у кожнага. Чалавек — натура вельмi разнастайная. Гэтым i карыстаюцца, прычым нават не тоячыся. Хто карыстаецца? Даведаемся. Долар прадаў — два зарабiў Здаецца, у нашай краiне людзi не схiльныя давяраць свае ўласныя сродкi, якiя зароблены руплiвай працай, сумнiўным арганiзацыям. Ды i жахi наконт грашовых пiрамiд, iнвестыцыйных фондаў, акцыянерных таварыстваў-прывiдаў i iншых дасканала выпрацаваных механiзмаў па «выбiванню» грошай, якiя дзейнiчалi i яшчэ сустракаюцца на прасторах краiн-суседак, заселi ў галаве моцна. Тое, што ў Беларусi няма кампанiй аналагiчнага характару, безумоўна, заслуга праваахоўных органаў. Махлярскiм схемам аб’яўлена бескампрамiсная вайна, затое, як пераканаўся карэспандэнт «Звязды», можна абсалютна празрыста, з аплатай усiх падаткаў i адлiчэнняў у дзяржаўную казну зарабляць на... марах аб вялiкiх грошах. Прычым скаргаў з боку пацярпелых не будзе, i судовую справу яны нiколi не распачнуць, i нават грошы iх нiхто не збiраецца прысвойваць. Iх сумленна папярэджвалi аб рызыцы страты ўласных сродкаў, якiмi, дарэчы, яны самi i распараджаюцца. Пры тым усё адбываецца як абяцаюць у казцы пра Пiнокiа — спачатку пасадзiш у зямлю тры манеты, а наступнай ранiцай яны буйна заквiтнеюць залатымi дрэвамi. Прычым, зноў паўтаруся, без усялякага «ўтоенага» сэнсу, дзейнасць арганiзацый гэтых законная абсалютна. Размова iдзе пра заклiкi ўступiць у набраўшую ў нашай краiне моц гульню на мiжнародным валютным рынку, якi мае назву Fоrех. Хто часта ездзiць у метро цi гартае газеты, напэўна, бачыў паведамленнi i заклiкi: «Хочаш зарабiць на бiржы? Запiшыся на бясплатны семiнар». Студэнты, хатнiя гаспадынi, часова беспрацоўныя i тыя, хто лiчыць сябе асобай, генiю якой не пашчасцiла адбыцца ў iншых сферах жыцця, асаблiва бадзёра, з надзеяй (сам бачыў) упiваюцца ў нумар тэлефона, якi надрукаваны пад аб’явай. Пры тым, што мiжнародны валютны рынак Fоrех i сапраўды iснуе ўжо больш за трыццаць пяць гадоў. Кожны дзень мiльёны людзей на ўсёй планеце праз Iнтэрнэт цi iншым шляхам купляюць праз гэты рынак за свае грошы, якiя знаходзяцца на ўласным банкаўскiм рахунку, валюту па нiжэйшаму курсу, а прадаюць яе — па вышэйшаму. Рознiца, як няцяжка здагадацца, i ёсць прыбытак. Прытым курсы гэтыя вызначаюцца адносiнамi адной валюты да другой. Адны з самых папулярных — курс еўра адносна курса долара. Напрыклад, на мiжнародным валютным рынку ранiцай адзiн еўра каштуе два долары. На банкаўскiм рахунку ў чалавека ёсць тысяча долараў. Значыць, прадаўшы 1000 долараў па гэтаму курсу, можна набыць 500 еўра (тысячу падзелiм на два). Потым, праз тры гадзiны, у абед, суадносiны курса аднаго еўра стануць роўнымi ўжо тром доларам. А на рахунку замест «амерыканцаў», як памятаем, знаходзяцца ўжо 500 еўра. Зноў пераводзiм iх у долары, аднак ужо па змененаму курсу ў тры долары за адзiн еўра замест ранiшнiх двух. Памнажаем 500 еўра на 3 i атрымлiваем вынiк у 1500 долараў. Вось так з першапачатковых тысячы долараў можна атрымаць за адзiн раз яшчэ $500. Курс валюты хiстаецца кожны дзень па некалькi разоў, i чалавек, якi сядзiць каля манiтора i бачыць гэта пры дапамозе спецыяльнай праграмы, аддае каманду камп’ютару, якi праз сусветнае «павуцiнне» звязваецца з банкам, i пераводзiць адну валюту ў другую. Менавiта такi занятак i прапануюць у Беларусi створаныя, нiбыта пасля дажджу, фiнансавыя кампанii, цэнтры iнвестыцый, кансалтынгавыя агенцтвы цi прыватныя асобы. Прычым, зноў жа, красцi грошы ў вас нiхто i не збiраецца, Fоrех працуе бездакорна, рэпутацыя яго ў свеце як iнструмента для валютных спекуляцый цудоўная, i ўсё, што зарабляецца, застаецца на банкаўскiм рахунку, да якога мае доступ толькi яго гаспадар. За дзень абарот на мiжнародным рынку можа дасягнуць чатырох трыльёнаў(!) долараў. Таму, калi абмен валюты пройдзе паспяхова, увесь прыбытак вы атрымаеце цалкам, i нiхто на яго не будзе прэтэндаваць. Гэта гарантавана. Тады дзе знаходзiцца пастка, дзе падвох? А яго няма. Вы самi сябе падманеце... У iх пра гэта i падлетак ведае... Калi аб’ява вас зацiкавiла, i магiчнае словазлучэнне «мiжнародны валютны рынак» прыцягвае да сябе, тады, калi ласка, на азнаямленчы семiнар. Дарэчы, адзiн з капiталiстаў, вядомы Джордж Сорас, зарабiў у пачатку дзевяностых гадоў мiльярд долараў менавiта на гульнi на рынку Fоrех. Тады ён адмыслова абрушыў курс англiйскага фунта стэрлiнга, што выклiкала ў краiне фiнансавую панiку. Колькi ж яму для гэтага спатрэбiлася ўкласцi грошай, нiхто не ведае. Прынамсi, i не трэба, яны ў яго i так былi. Пра знакамiты выпадак са спадаром Сорасам абавязкова згадаюць вам на першым, бясплатным пакуль што семiнары для будучых бiржавых акул — гэта для мяне i тых, хто быў у пакоi на ўводнай лекцыi, прызначанай для юных i не зусiм генiяў Fоrеха. Адны з першых фраз адносна маладога, але па ўсiм вiдаць, ужо мацёрага, апранутага ў якасную белую кашулю i чорныя штаны ад iтальянскага дызайнера, «мажора»: — Гэтай справай вы можаце займацца ў свабодны ад паўсядзённай галечы час (трэба разумець з яго слоў, так ён пазначыў спосаб заробку i вынiк ад гэтай дзейнасцi для ўсiх прысутных. — Аўт.) Што гэта за дзейнасць, якая выцягне нас усiх з галечы, пакуль не было зразумела. — Багатыя становяцца яшчэ больш багатымi, i пры гэтым нiчога не робяць. Сёння вы зразумееце, чаму так адбываецца. Яны прымусiлi працаваць на сябе ўласныя грошы. У заходнiх краiнах з кожным годам колькасць мiльянераў павышаецца. Вы спытаеце, чаму? Зараз зразумееце — працягваў наш гуру. Прысутныя перасталi дыхаць. Бабуля выцягнула ўсё ж такi хусцiнку i так i застыла з ёю. — Усё з таго, што яны займаюцца спекуляцыяй на сусветных валютных i iншых бiржах. Толькi i робяць, што памнажаюць свой капiтал, не прыкладаючы пры гэтым нiякiх намаганняў. Сёння я раскажу вам, як гэта можаце зрабiць i вы... Ганаровае маўчанне на паўхвiлiны парушыла пенсiянерка, якая пачала выкарыстоўваць сваю насоўку па яе прамому прызначэнню. Эфект ад моманту стаў крыху прыглушаным... Далей пайшоў расказ, дастаткова не зразумелы, перанасычаны спецыяльнымi тэрмiнамi i англiйскiмi словамi. Адзiнае, што прыблiжала гэтага далёкага ад нашых паўсядзённых клопатаў у пошуку кавалачка хлеба (таксама тэрмiн нашага лектара), да нас, простых смяротных, было тое, што ў яго высокую мову прафесiйнага капiталiста нейкiм таямнiчым, ну проста незразумелым чынам, траплялi ну зусiм прастамоўныя выразы i словаўтварэннi з найбольш тыповымi, раздражняючымi слых памылкамi. Аднак самае галоўнае, што давёў-такi да нашай увагi маладзён той прынцып заробку грошай на хiстаннi курсаў валют, растлумачыў, што такое мiжнародны валютны рынак, а таксама не забыўся сказаць, што займацца гэтым — прыбыткова i пачэсна, бадай, усе мiльянеры з ночы да ранiцы толькi i робяць, што спекулююць. — Гэтаму за мяжой падлеткаў вучаць у школе, а вам (трэба разумець, цёмным, гаротным людзям, павiнна быць сорамна. — Аўт.) толькi зараз адчыняецца, як трэба па-сапраўднаму жыць. I канешне ж, некалькi ўдарных прыкладаў кшталту: — Я добра памятаю, калi не прынялi еўраканстытуцыю, паглядзiце на графiк росту валют у той дзень, курс еўра значна ўпаў тады, i тыя, хто паспеў, значна падзарабiлi. I зноў пра Джорджа Сораса (магчыма, ужо ў трэцi раз, небараку-мiльярдэру, напэўна, iкаецца, ведаў бы ён — не палез бы нiзавошта на фунт стэрлiнг), i пра няўдалую вайну ў Iраку, тады таксама на няўстойлiвым долары бiржавыя iгракi нагрэлi рукi. I самае галоўнае: — Сярод тых, хто стаў на трывалы шлях росквiту i дастатку, можаце апынуцца i вы. Запiсваецеся на курсы з дваццацi заняткаў, кошт — сто тысяч рублёў. Пачынаем з наступнага тыдня. Пры гэтым, хто жадае, можа заняткi гэтыя прайсцi за тры днi, седзячы ў вучэбным цэнтры з ранiцы да вечара, а можа прыехаць, атрымаць заданне, паехаць дахаты, потым наступным днём прыехаць зноў, паказаць выкананае, зноў атрымаць заданне. А можна заплацiць грошы, i дваццаць заняткаў хоць на два гады расцягнуць, па аднаму разу ў месяц. Хто лiчыць непатрэбным для сябе некалькi тэм, можа iх не вывучаць. Вось так, на Захадзе прынцыпам i аналiзу функцыянавання сусветных валютных i iнвестыцыйных рынкаў вучаць з дзяцiнства, i за ўсё жыццё можна так i не спасцiгнуць асаблiвасцяў. А тут дваццаць заняткаў, на якiя можна i не хадзiць, i ты маеш усе шанцы стаць сапраўдным бiржавым iграком. Цi растуць залатыя дрэвы? Растуць. Аднак для таго, каб плады на iх паспелi i не звалiлiся пры гэтым вам балюча на галаву, трэба ой якi доўгi шлях прайсцi! Людзi, якiя з’яўляюцца iгракамi на валютным рынку, па-першае, спачатку зарабiлi першыя вялiкiя грошы ў iншай галiне, i толькi потым дазволiлi сабе такую забаву, а прасцей, «цацку», як валютныя спекуляцыi. Па-другое, яны гэтым займаюцца ўсё жыццё, i тое не застрахаваныя ад правалу. Рызыка ў валютных спекуляцыях заўсёды ёсць, аднак каб звесцi яе да разумнага мiнiмуму, трэба мець вопыт фiнансавых аперацый, на практыцы адчуць, як функцыянуе сусветны рынак, умець аналiзаваць наступствы, i галоўнае — дасканала i падрабязна ведаць усё неабходнае. За дваццаць жа ўрокаў, нават калi практыкавацца на спецыяльнай камп’ютарнай праграме, усе прамудрасцi спасцiгнуць амаль немагчыма. У нашай краiне Fоrех функцыянуе наступным чынам: вы заключаеце дагавор з кампанiяй, якая дапамагае размяшчэнню на банкаўскiм рахунку першапачатковай сумы грошай, неабходнай для правядзення валютных спекуляцый. Мiнiмальная сума, якую вы можаце пакласцi, у фiрмах, якiя актыўна прасоўваюць такую дзейнасць, адрознiваецца. Прыблiзна мiнiмальны рахунак складае трыста долараў. Дык вось, прыклад, якi прыведзены ў пачатку для таго, каб зразумець, як можна на рознiцы курсаў зарабiць грошы, значна перабольшаны. Праўда, прынцып такi, а вось суадносiнаў адзiн еўра—тры долары не iснуе. На рэальным Fоrех адносiны валютнай пары еўра/долар складаюць апошнiм часам сярэднюю велiчыню ў 1,3. Гэта значыць, што зарабiць можна, калi курс мяняецца, напрыклад, з 1,375 да 1,389. Пры гэтым, мiнiмальны лiк у трыста долараў нават у выпадку хiстання вышэй згаданага змянення ўсё роўна прынясе адзiнкi прыбытку. Падлiчыць няцяжка — на тры долары больш, чым было (сума складзе 303,054$). Сядзець за камп’ютарам прыйдзецца доўга, i тое калi пашанцуе. Карэспандэнт газеты, шчыра кажучы, цiкавiўся дзейнасцю Форэкса яшчэ некалькi гадоў раней, знаёмая дзяўчына, якая жыве за мяжой, расказала, i нават праiнструктавала праз Iнтэрнэт. Сама яна працуе аўдытарам у вялiкай мiжнароднай кампанii ўжо восем гадоў, два з якiх мiтусiцца памiж Англiяй i Злучанымi Штатамi, мае адпаведную, па замежных мерках трывалую адукацыю ў гэтай сферы, бiзнэс-асяроддзе i фiнансавы рынак ў абедзвюх краiнах ведае цудоўна, пастаянна павышае квалiфiкацыю, i таму можа сказаць, што ў валютных рынках «крыху разбiраецца». I тое не вельмi рызыкуе гуляць на Fоrех. А пра перспектыву зарабiць у нашай краiне чалавеку, якi дагэтуль i не чуў нават, што iснуе нейкi мiжнародны валютны рынак, або, прабачце, i камп’ютарам не ўмее карыстацца, а потым у адзiн момант пад чыiм-небудзь уплывам возьме, ды i пакладзе ўсе грошы, што адкладвала сям’я на адпачынак цi аўтамабiль, на рахунак для правядзення валютных спекуляцый, адзываецца як «iх i падманваць нiхто не збiраецца. Яны самi збяруць усе накопленыя грошы, а потым iх прайграюць. Лепш залу iгравых аўтаматаў наведваць цi казiно. На Захадзе сур’ёзныя людзi на валютным рынку гуляюць толькi на свабодныя фiнансавыя сродкi». Пасля семiнара паспрабаваў i я гульню «ў Форэкс» на праграме-трэнажоры. Ён нiчым не адрознiваецца ад рэальнай гульнi на бiржы, толькi валюта даецца ўмоўная. Дык вось, пры наяўнасцi на вiртуальным лiку трох тысяч долараў, у спрыяльны для iгракоў дзень (пашанцавала, якраз у ЗША аб’явiлi, што страты iх эканомiкi ў сувязi з рызыкоўнай праграмай па iпатэцы могуць скласцi 100 мiльярдаў долараў. Еўра тады пачаў значна «мацнець») удалося зарабiць толькi $20. Тым больш, што пры хуткасцi праваднога канала Iнтэрнэта, якую патрабуе праграма, i той — павольнай, якая iснуе пры сучасным беспарольным доступе з хатняга камп’ютара, можна не тое што прапусцiць павышэнне цi панiжэнне курса, а ўвогуле нiчога не зрабiць. Пакуль ваш Iнтэрнэт будзе «вiсець», на валютнай бiржы скончыцца працоўны дзень. I апошняе. Агенцтвы, якiя займаюцца прасоўваннем Fоrех, працуюць легальна, адным з асноўных вiдаў iх заробку з’яўляецца продаж семiнарскiх заняткаў, або аказанне адукацыйных паслуг. Вось толькi iх не цiкавiць, што праходжання гэтых курсаў недастаткова для пачатку гульнi на бiржы. Так адказаў наш лектар на рэзоннае пытанне аб тым, цi ўсё ў парадку ў дзейнасцi яго арганiзацыi: — У заканадаўстве не сказана, што нашая дзейнасць процiзаконная, адносна гандлю на мiжнародных валютных рынках увогуле няма артыкулаў у беларускiм заканадаўстве. Таму нас быццам бы няма, а раз так, значыць, i закрыць нас няма за што, — вось такiм простым i шчырым быў адказ. А раз няма заканадаўства, значыць, i беларускiя банкi не могуць утрымлiваць на сваiх рахунках грошы iгракоў у Fоrех. У гэтым з такой жа дзiцячай наiўнасцю i непасрэднасцю прызнаўся наш настаўнiк. Пры гэтым: — Мы працуем з расiйскiмi банкамi. З якiмi? Ну, ёсць некаторыя, наладжана i нармальна працуе i схема па пераводу ў iх вашых грошай, i шлях па атрыманню назад прыбытку. Якiм чынам гэта робяць? Аб гэтым мы раскажам, калi вы пачняце гуляць на валютным рынку. Што самае цiкавае, прызнанне было зроблена з разлiкам на тое, што наведвальнiкам семiнару будзе ўсё роўна, як працуе кампанiя, якiя прынцыпы яе дзейнасцi, i якiм чынам яна ажыццяўляе свой бiзнэс. Наш лектар успрымаў слухачоў як наiўных асобаў, якiм можна толькi паабяцаць залатыя горы, а што будзе з iмi далей, пасля таго, як людзi пройдуць набытыя за свае грошы заняткi, яго, па усiм вiдаць, зусiм не хвалюе. Вам i сапраўды ўсё роўна? Тады поле цудаў запрашае...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
або Дзе шукаць дрэвы, на якiх растуць залатыя талеры... |
|