Жнiўны водар рупнасцi
Мiкалай ШЛОМА.
Памятаю леташнiя зажынкi ў СВК «Пяршаi-2003» Валожынскага раёна. Спякотны дзень. Камбайны выстраiлiся адзiн за адным на ўскрайку масiва, нецярплiва гудуць маторы. А поле як карцiнка — роўнае, чыстае, нi травiнкi, збажына золатам адлiвае. Яна настолькi шчыльная, што, здаецца, кiнь на яе куртку, не сагнецца. Людзi стаяць радасна ўзрушаныя: вось ён, плён iх рук дбайных, аснова асноў жыцця — хлеб. Старшыня праўлення Яўген Скрундзь пасля кароткага слова з найлепшымi пажаданнямi «на дарогу» дае адмашку рукой. Экiпажы толькi чакалi гэтага знака. Камбайны шнурком рушылi да сваiх загонак. На густым iржышчы, вострым як вожыкавыя калючкi, не раўнуючы, гэтак жа густа, з’явiлiся шчыльныя капнiцелi саломы.
Пасля першага круга агрэгаты прыпынiлiся. Галоўнаму аграному Раману Голубу беражлiва перасыпае з далонi ў далонь прыгаршчню яшчэ цёплага першага намалочанага збожжа майстравiты камбайнер Аляксандр Жамойдзiк. Тэхнолаг палёў крочыць насустрач старшынi. Яны пiльна разглядаюць зярняты, пра нешта гавораць. Твары iх хмурнеюць. Якраз i аблокi засланяюць дагэтуль яркае сонца. Напружана сочаць за кiраўнiкамi экiпажы. Яўген Яўгенавiч быццам губляе святочны настрой зажынак. Паказвае зярняткi. Яны дробныя, лёгкiя. — Цэнтнераў на шэсцьдзесят разлiчвалi, i во на табе, — расчаравана сцiскае пальцы старшыня. — Падпалiла гарачыня, налiцца толкам не паспела. А гэтулькi працы ўклалi!.. I падбадзёрваючы камбайнераў, вiдаць, i сябе, выгукнуў: — Нiчога, хлопцы, будуць i лепшыя ўчасткi! Роспачы — не месца, за работу. Цяжкi леташнi ўраджай «прынёс» у засекi гаспадаркi звыш 8 тысяч тон збожжа. Разлiчвалi на большае, але i гэты вынiк зусiм не благi. З дзяржавай разлiчылiся, шматлiкае пагалоўе жывёлы забяспечылi фуражом. ...За рулём запыленага «ўазiка» Я. Скрундзь разам з галоўным бухгалтарам Г. Русовiч толькi што аб’ехалi жнiўныя палi. Па iх настрою адчуваецца, што справы там iдуць добра. Першае пытанне да iх, вядома ж, пра намалоты. — Нiчога, нешта ёсць, лiчыць у свiрнах будзем, — сцiпла кажа старшыня. На полi за вёскай Агароднiкi, якая прытулiлася ў даволi глыбокай лагчыне, ахiнулася разлапiстымi садамi шырокае поле трыцiкале. Назву паселiшчу далi, мусiць, агароды з рознымi буракамi, цыбуляй ды морквай, якiм тут было вельмi прывольна ў сонечным зацiшку. Цяпер хаты тут на пальцах злiчыць можна, як i шчодрыя градкi. А вось збажына ўдалася, колас тугi, здаецца, толькi кранi — пырсне налiтым зернем. Камбайнер Аляксандр Клiмовiч спынiў агрэгат, каб выгрузiць збожжа: — Круг зраблю — поўны бункер! Хлопцы вунь упарылiся адвозячы, — кiвае на вадзiцеля МАЗа Мiкалая Сiвiцкага, якi не вытрымаў, забраўся ў кузаў, падставiў далонi пад цёплы духмяны струмень. — Але спраўляюцца. Прастояў у нас няма. Яўген Яўгенавiч дадае: — Аляксандр стала працуе шафёрам. На жнiво падахвоцiўся сесцi за штурвал камбайна. Што казаць, пульсуе хлебаробская жылка, не дае спакою. Ёсць у нас камбайнеры спрактыкаваныя, намнога больш вопытныя, але вось пасуюць перад энтузiязмам i маладосцю. Аляксандр Станiслававiч больш за ўсiх намалочвае, лiдар. Пабываўшы на розных участках жнiўнага канвеера, пераконваешся, што адладжаны ён як след, збояў не дае. Быў затор на таку — слабаватая сушыльная гаспадарка. Але яна зусiм нядаўна падмацавана новым комплексам, якi даводзiць да патрэбных кандыцый за суткi 600 тон збожжа. Працуе ён на прыродным газе. Не танным. Але выкарыстоўваецца яно з поўнай аддачай, ашчадна. Кааператыў эканамiчна моцны i ў стане своечасова аплачваць блакiтнае палiва. Мяркуюць мець сёлета не менш чым дзесяць тысяч тон збожжа. Гэта — не самамэта. Гэта — у першую чаргу, эканомiка. Прадукцыя раслiнаводства — тавар сезонны, круглагадовы ж «манетны двор» знаходзiцца на жывёлагадоўчых фермах. Малаком, свiнiнай i ялавiчынай «куюць» там рубель надзённы, якi так патрэбен i на своечасовую выдачу зарплаты, i на абнаўленне асноўных фондаў. Гаспадарка трымае 3200 галоў буйной рагатай жывёлы, 730 кароў, 15 тысяч свiней. На «апетыт» яны, дзякуй Богу, не скардзяцца. А ён — галоўны спусташальнiк грамадскай касы. Таму знiжэнне сабекошту фуражу, нарыхтоўка яго пад поўную патрэбнасць самым непасрэдным чынам стымулююць эфектыўнасць жывёлагадоўчай галiны. За апошнiя пяць гадоў валавыя зборы збожжа тут павялiчылi ўдвая — з 4,5 тысячы тон. Безумоўна, адпаведна падрос i сабекошт яго вытворчасцi: мiнеральныя ўгнаеннi, новыя iнтэнсiўныя гатункi, сучасныя машыны каштуюць не малых грошай. Зразумела, што без пастаяннага, прадуманага ўкаранення прагрэсiўных тэхналогiй, дасягненняў навукi няма руху наперад. Адстаўшы аднойчы, назаўсёды застанешся ззаду, канкурэнты не паважаюць слабага i высунуцца яму не дазволяць. Каб гэтага не здарылася, Я. Скрундзь i яго паплечнiкi чуйна трымаюць руку на пульсе часу. Скажам, гаспадарка адной з першых у краiне пачала займацца плюшчэннем збожжа. Здаецца, аперацыя няхiтрая: што тут такога, працiрай тое зерне, як рабiлi гэта ў вёсцы спакон веку, ды i кiдай у кармушку. Не ўсё так проста! Да новай тэхналогii прыгатавання i захоўвання фуражу iшлi спакваля. Вывучаў старшыня вопыт фiнаў i немцаў, англiчан. Не прагарэць бы... I вось пабудавалi бетонную траншэю накшталт той, куды сянаж цi сiлас трамбуецца. Набылi дзве фiнскiя плюшчылкi. Чаму вытворчасцi гэтай паўночнай краiны? Ды там умовы надвор’я прымусiлi мясцовых земляробаў раней за iншых укаранiць нескладаны спосаб прыгатавання корму без лiшнiх затрат сродкаў i часу. У жнiво гэта рашаючыя фактары. Пачынаць яго можна раней, калi вiльготнасць коласа за 35 працэнтаў. Колькi трэба «спалiць» грошай, каб давесцi да ладу, высушыць. Пры тым тэмпература 300—350 градусаў згубна дзейнiчае на многiя бiялагiчна актыўныя, карысныя рэчывы ў зернi. Тут жа яны захоўваюцца поўнасцю. Тое, што летась бясконца даж-джлiвым жнiўнем не дапусцiлi страт на ўборцы, яскравае сведчанне пераваг новай тэхналогii. Праз дзве плюшчылкi фiнскай фiрмы «Мурска» чатыры чалавекi прапусцiлi 5 тысяч 700 тон збожжа. На кожныя трыста тон спатрэбiлася па тоне кансерванта АIФ з той жа Фiнляндыi. Ён зарэкамендаваў сябе найбольш надзейным, хоць каштуе нямала — тысячу долараў за тону. Дарэчы, распрацоўшчык яго атрымаў у свой час Нобелеўскую прэмiю. Але затраты акупляюцца «з гакам» прыбаўкамi ў вазе кормнiкаў, надоямi малака. Сёлета тут возьмуць сямiтысячны рубеж па надоях — таксама падваенне за пяць гадоў. Цяпер вiльготнае збожжа ад камбайнаў паступае зноў на плюшчылкi. Навокал сховiшча стаiць непаўторны водар быццам толькi што спечанага хлеба. Запраўляюць гаспадаркай Iосiф Iосiфавiч Кебiч з сынам Дзмiтрыем, якi скончыў дзевяць класаў i збiраецца паступаць у будаўнiчы каледж. Старэйшы яго брат ужо вучыцца ў Беларускiм дзяржаўным аграрна-тэхнiчным унiверсiтэце, таксама прайшоўшы бацькавы «ўнiверсiтэты». Потым гэтую хлебную масу загорнуць шчыльна ў полiэтыленавую плёнку, зверху нагрувасцяць мяшкi з пяском, каб на кожным квадратным метры стварыць цiск у 700 кiлаграмаў. Праз некаторы час корм гатовы для ўжывання. Як сцвярджае Я. Скрундзь, жывёла аж кармушкi вылiзвае, паядаючы гэтую здобраную яшчэ i мiкрадабаўкамi масу. Але хвалюе яго тое, што эфектыўнасць прыгатаванага корму магла б быць значна большай. Патрэбна здрабненне яго непасрэдна перад ужываннем. — Няма такой машыны, — уздыхае Яўген Яўгенавiч. — Тры гады шукаем, просiм. Да нас прыязджаюць вучоныя, канструктары, згаджаюцца, што агрэгат у прынцыпе не складаны, абяцаюць зрабiць... Сфатаграфуюцца на фоне траншэi, экзотыка... А мы нясём страты. Бо значная частка фуражу праходзiць праз страўнiк жывёлы «транзiтам», не засвойваецца. А гэта згубленыя прывагi, надоi, у рэшце рэшт, эфектыўнасць усёй папярэдняй работы. Вучоныя, на жаль, у распрацоўцы тэхналогii кармлення паўтараюць практыкаў, а не прапануюць больш эфектыўныя метады. ДАРЭЧЫ. Гаспадаркам Мiншчыны даведзена сёлета заданне закласцi ў траншэi i полiэтыленавыя рукавы не менш чым 80 тысяч тон сплюшчанага вiльготнага збожжа i кукурузы. Пяршайцы закансервуюць 3,5 тысячы тон. А гэта не толькi выдатны корм, але i эканомiя энергарэсурсаў, скарачэнне тэрмiнаў уборкi, павышэнне эфектыўнасцi галiны.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Памятаю леташнiя зажынкi ў СВК «Пяршаi-2003» Валожынскага раёна. Спякотны дзень. Камбайны выстраiлiся адзiн за адным на ўскрайку масiва, нецярплiва гу |
|