«БРЫЛЬЯНТАЎ У 45 КАРАТАЎ У МЯНЕ ТАКСАМА НЕ БЫЛО!»
Вольга РАМАНЮК.
Руслан Салей перабраўся з Захаду на Усход, купiў дом, выхоўвае сына i дачку. Да гэтага часу прытрымлiваецца жыццёвай фiласофii, што калi нiчога не рабiць, то нiчога i не атрымаеш. Вакол любой зоркi шмат шуму. Гучнае iмя — гэта чуткi, плёткi i ўсё астатняе па ўзрастаючай. Ты ўсюды ў полi зроку, у грамадскiм, так сказаць, бiноклi, i трэба быць гатовым, што цябе заўсёды будуць асуджаць i перамываць костачкi. Напэўна, гэта нялёгка — быць зоркай. Ды цi мне разважаць на гэтую тэму, не пабываўшы ў гэтай шкуры? Але вось адзiн з самых вядомых у Беларусi, не пабаюся такой гучнай намiнацыi, Руслан Салей — асаблiва пiкантная тэма для абмеркавання. То на амерыканцы жэнiцца, то мяняе аўтамабiлi, як пальчаткi, то «засвяцiўся» ў начным дыска-клубе... Гэта можна працягваць без канца. Апошняя «вутка» была аб тым, што Салей не хоча гуляць за зборную сваёй краiны i знаходзiць апраўданне ў тым, што як сапраўдны бацька абавязаны быў прысутнiчаць пры родах сваiх дзяцей — спачатку Алексiс, а потым Алесандро. Дзяўчынка нарадзiлася, калi праходзiў чэмпiянат свету ў Аўстрыi, а хлопчык — калi стартавала сусветнае першынство ў Маскве... Вазьму на сябе такую смеласць — развеяць усялякiя чуткi. Не хачу выхваляцца, але ведаю Руслана ўжо шмат гадоў. Ён нiколi не адмаўляўся iграць за зборную, заўжды з задавальненнем прыязджаў у Мiнск. Быў i застаецца гонарам не толькi Беларусi. Яго любяць i чакаюць... Што ж да асобы, то гэта заўжды цiкавы суразмоўца. Больш як дзесятак iнтэрв’ю — i кожны раз адкрываю ў iм штосьцi новае. Ён знаходзiць адказ на любое пытанне, у яго тонкае пачуццё гумару, але як тыповы «скарпiён» можа падбрыкнуць, калi што не спадабаецца. А звычайна яму не падабаецца «непрафесiяналiзм». I справа тут зусiм не ў зорнасцi, а ў характары, якi па праву можна назваць байцоўскiм. — Зноў iнтэрв’ю? — смяецца ў трубку Салей, — якое па колькасцi? Мы сустракаемся з iм у мiнскiм кафэ. Нiкога, акрамя нас, у iм няма. Знешне — за час маёй адсутнасцi на радзiме — ён зусiм не змянiўся. Усё тыя ж зялёныя вочы. Стоп! На пазногцях бясколерны лак — прыкмета нядаўняй працэдуры манiкюру. Але перш чым чытач пагрузiцца ў займальнае чытво, хачу загадзя папрасiць прабачэння, што з героем я буду размаўляць на «ты». Не ў знак непавагi, а ў знак шматгадовай дружбы. — Калюжнаму i Салею, аказваецца, усё роўна, што адбываецца ў зборнай? — (Маўчанне.) Што магу адказаць на гэтае пытанне? Я ж не буду бiцца галавой аб сценку i даказваць, што я не баран. Калi хтосьцi ў чымсьцi перакананы — гэта яго права. У кожнага ёсць права на сваю думку. — Ты ў кантакце з Лёшам Калюжным? — Калi бачымся, то размаўляем. Апошнi раз гэта было, калi iграў у Казанi, у «Ак Барсе». — Якiя будуць зараз узаемаадносiны са зборнай? — Якiя будуць асабiста мае ўзаемаадносiны? А што здарылася? Хтосьцi лiчыць, што я не прыязджаю ў каманду, таму што яе трэнiруюць заакiянскiя спецыялiсты Хэнлан i Фрэйзер. Гэта проста выпадковае супадзенне. У мяне былi на тое важкiя прычыны, якiя не маюць да заакiянскiх спецыялiстаў нiякiх адносiнаў. Пры Захараве (Мiхаiл Захараў — экс-трэнер зборнай Беларусi, гал. трэнер ХК «Юнацтва—Мiнск». — Аўт.) я прыязджаў, таму што на той час у мяне не нараджалiся дзецi, i не гуляў у плэй-оф. — Я таксама лiчу, што гэта твой абавязак — падтрымлiваць жонку ў адказны момант. — Ты лiчыш цi я лiчу? Гэта мае непасрэдныя абавязкi, таму што я так хачу. — Хоць вось, напрыклад, многiя хакеiсты... — ...пры родах не прысутнiчалi! У кожнага сваё стаўленне да гэтага. Скажу больш: калi дзень нараджэння майго трэцяга дзiцяцi будзе супадаць па тэрмiнах з чарговым чэмпiянатам свету, то прыехаць у зборную я зноў не змагу. — Што гавораць пра нашу зборную i яе трэнераў у Амерыцы? — Цяпер намнога большая цiкавасць, бо Хэнлана i Фрэйзера ведаюць у НХЛ, таму хакеiсты пiльна сочаць за навiнамi. — Ты ўжо сустракаўся з Куртам Фрэйзерам? — Так, сустракаўся. Сказаў яму, што заўжды прыязджаю ў зборную з задавальненнем, калi няма прычын не прыехаць. — Ён табе спадабаўся? — Ён мне павiнен падабацца? Нiякiх праблем па рабоце з iм я не бачу. Даволi прыемны чалавек i прафесiйны трэнер, якiх вельмi шмат у Амерыцы. Як я магу казаць пра яго нешта дакладнае, калi яшчэ з iм не працаваў? — Калi вяртаешся з НХЛ у Беларусь, у цябе няма адчування, што перасаджваешся з «Боiнга» на «кукурузнiк»? — Наша зборная не самая дасканалая арганiзацыя ў свеце. Ёсць шмат рэчаў, над якiмi нам трэба працаваць. Мяжы дасканаласцi няма. — Добра, а што мы, уласна, робiм не так? Трэнiроўкi дрэнна праводзiм, хакеiстаў кормiм не той ежай? — Хто сказаў, што ў нас штосьцi не тое? — Калi мы запрашаем спецыялiста з-за мяжы, значыць... — Я нiкога не запрашаў i такiх рашэнняў не прымаў. Я не магу быць на месцы кiраўнiка Федэрацыi хакея Уладзiмiра Навумава i не ўпаўнаважаны адказваць на гэтыя пытаннi. Як бы ты паступаў на яго месцы? Як ты можаш сябе паставiць на яго месца? У кожнага ёсць сваё месца. Скажы, што ты хочаш пачуць асабiста ад мяне? — Погляд на праблемы. — Недахоп майстроў высокага ўзроўню. Дастаткова? — Не! — Дом трэба пачынаць будаваць з фундамента, а не з даху. Нашым хакеiстам трэба гуляць у iншых лiгах або ўзнiмаць узровень свайго чэмпiянату. Патрэбна таленавiтая моладзь, дзiцячыя школы, квалiфiкаваныя трэнеры. У нас у зборнай лепшыя iгракi гэта хто? Тыя, што выхоўвалiся яшчэ пры Савецкiм Саюзе, якiм ужо далёка за трыццаць. Хто ў нас прызнаваўся лепшым у гэтым годзе? — Алег Антоненка пасля паспяховага выступлення на чэмпiянаце свету ў Маскве. — Аб чым гэта гаворыць? Што ў нас няма маладога пакалення. А адкуль яно будзе? Грабоўскi ды Касцiцын? Трэба каб у камандзе было дваццаць такiх, ну хоць бы дзесяць, а не адзiн-два. — Усе ж зроблены з аднаго цеста, але нават у самага знакамiтага трэнера зоркамi становяцца толькi адзiнкi. — А чаму ты не працуеш, напрыклад, у газеце «Таронта-Стар»? Або дзе б ты хацела працаваць? Калi ўсе створаны па ўзору i падабенству божаму, то чаму, напрыклад, хтосьцi за кагосьцi прыгажэйшы? — Згодная. Але скажы такую рэч. У амерыканцаў свой менталiтэт, у нас — свой. Але на нашага пакуль не накрычыш, датуль ён будзе працаваць спусцiўшы рукавы. — Думаеш, у НХЛ трэнеры не сварацца матам i не крычаць? Дзейнiчае i там, i тут! Безумоўна, чалавек, якi вырас у другой краiне, у другой сiстэме, натуральна, нечага дадасць новага. — За кошт чаго мы можам перамагаць сапернiка на чарговым сусветным першынстве ў Канадзе? — За кошт таго, што маем, а маем мы няшмат. Што рабiць? За кошт чаго мы заўсёды гулялi? — За кошт самааддачы. За кошт таго, што Салей вяртаўся з квалiфiкацыйнага турнiру ў Рызе з сiняком пад вокам! — Гэта ж не гаворыць пра самааддачу, калi ў мяне сiняк пад вокам. Будзем старацца рабiць усё магчымае, каб выглядаць годна супраць лепшых каманд свету. На жаль, у нас няма такiх рэсурсаў, як у iх. Але што рабiць, калi iх няма? Не сядзець жа i плакаць, склаўшы рукi i нiчога не рабiць. Нiчога страшнага! Будзем ляпiць з таго, што маем. — Цi змянiлася што-небудзь у тваiм жыццi са зменай «Анахайма» на «Фларыду Пантэрз»? — Месца працы змянiлася. Захад на Усход памяняў. — Як гэтыя перамены адбiлiся на табе? Напрыклад, Сяргей Фралоў, калi яго абмянялi з «Дэтройта» ў «Анахайм», а з «Анахайма» ў «Каламбус», не быў у захапленнi. — Я зрабiў выбар сам i адчуваю сябе камфортна. Лiчу, што ён быў правiльным, мяне добра прынялi ў камандзе, хоць да гэтага часу падтрымлiваю сяброўскiя адносiны з хлопцамi з «Анахайма» — Джыгерам, Сееляне, Маршалам, О’Донелам. — Якiя ўзаемаадносiны амерыканцаў i рускiх? — Нармальныя адносiны. Работа як работа. Як таварыш па рабоце, скажам так. Супрацоўнiк. — Камандай куды-небудзь выбiраецеся? — Чаму не? Выбiраемся. — Кiно, рыбалка? — Хутчэй, кiно ў сезоне, вячэра ў рэстаране. Хтосьцi любiць рыбу палавiць, але ты ж не будзеш везцi дваццаць чалавек на рыбалку. У сезоне i часу на гэта няма. Пасля сезона — так, натуральна, праводзiм час разам. Калектыў жа павiнен быць! Няважна, адкуль ты прыехаў. — Так, у Амерыцы вунь колькi забаў, не тое, што ў Мiнску... — У Мiнску ёсць нават заапарк. А якiя яшчэ патрэбны забавы? Дзецi з дзецьмi гуляюць — вось самае галоўнае. У мяне яшчэ не такiя вялiкiя дзецi, каб iх трэба было неяк iнакш забаўляць, напружваць фантазiю. — Колькi ўжо дачцэ? — Алексiс — 2 гады, сыночку 12 жнiўня 3 месяцы будзе. — Як назвалi? — Алесандро. — У гонар Македонскага? — Проста iмя спадабалася. — Бацькi ездзiлi ў Амерыку паглядзець на ўнукаў? — Яны былi да таго, як нарадзiўся сын. Маленькага яны яшчэ не бачылi. — Што гавораць аб Амерыцы твае мацi i бацька, пражыўшы ўсё свядомае жыццё ў Мiнску? — Iм спадабалася. Я ж iх сустракаў i вадзiў, паказваў. Як жа iм магло не спадабацца? — Ты быў пазбаўлены тых забаў, якiя маюць зараз твае дзецi? — Мабыць, таксама, як i ты. У нас крышачку iншае пакаленне было. Што мяне радавала, калi я быў дзiцем? Хакей. Iм я займаўся з шасцi гадоў. — Можа, у цябе былi драўляныя аўтаматы? — Былi i драўляныя аўтаматы, i рагаткi. — Страляў па вераб’ях? — Усё больш у неба страляў (смяецца). — Трапiў у цэль? — Гледзячы што называць цэллю. — Чалавек, якi дабiваецца пэўных вышынь у сваёй рабоце, гэта лёс цi намаганнi? — А павiнна быць або — або? Магу адказаць так: без пэўных намаганняў чалавек нiчога не даб’ецца ў жыццi. — Калi камусьцi не суджана выйграць Кубак Стэнлi... — Гэта значыць, мне не суджана выйграць??? — Я кажу аб тым, што можна прыкладваць звышнамаганнi ўсiм, але нiколi не выйграць Кубак Стэнлi! — Не ўсiм, канешне, дадзена. Я ж не гасподзь Бог, адкуль я ведаю, чаму так бывае. — У Бога верыш? — Мы нават закранулi тэму рэлiгii? Веру, але для мяне знешняя атрыбутыка не такая важная, як сама вера. Галоўнае, каб вера была ў душы людзей. А як яны гэта робяць — ходзяць у царкву цi не — ужо не так важна. Гэта толькi мая асабiстая думка. — Ты калi-небудзь абмяркоўваеш паводзiны людзей? — Натуральна, як i ўсе. Бывае, у кампанii сядзiм з сябрамi, размаўляем, гаворым аб iншых людзях. Стараюся не асуджаць нiкога, але воляй-няволяй гэта здараецца. — Ёсць тыя людзi, якiмi ты захапляешся? — Мая сям’я, мае блiзкiя сябры. Я iмi ўсiмi захапляюся. — Ёсць людзi, якiя цябе падстаўляюць? — Былi i такiя людзi. — Крыўдна? — Ну, мабыць, як ты думаеш? — Напэўна, у цябе ў жыццi ўзнiкалi цяжкасцi. Спосабы iх вырашэння ва ўсiх людзей розныя? Як ты вырашаў праблемы? Як правiльна трэба жыць? — Калi я буду спрабаваць калiсьцi кагосьцi вучыць жыццю, то гэта будуць толькi мае дзецi. Гаварыць пра цяжкасцi i як iх пераадольваць — гэта тэма фiласофii. Я заўсёды спрабую спраўляцца сам. Але калi ў мяне не атрымлiваецца, то звяртаюся па дапамогу да iншых. — Многiя, хто не ў сiлах справiцца з праблемамi, бяруцца за шклянку. — Я наогул не разумею алкаголiкаў. — Калi зазiрнуць у аўтабiяграфii вялiкiх людзей, то нiколi не знойдзеш таго, што яны раслi ў раскошы. Той, хто з самага пачатку меў шмат багацця, мала чаго дабiваецца ў жыццi. Не баiшся таго, што Алексiс i Алесандро не будуць, па крайняй меры, прыкладаць столькi намаганняў, да якіх ты iмкнуўся ў пачатку свайго шляху? — Для гэтага ёсць бацькi. I яны павiнны рабiць усё магчымае, каб выхаваць дзяцей у павазе да старэйшых, i да ўсяго таго, што яны маюць у гэтым жыццi. Яны ў мяне яшчэ вельмi маленькiя. Я не ведаю, цi трэба iх чаго-небудзь пазбаўляць. Магу сказаць гэта ўжо праз гадоў дваццаць, правiльна я зрабiў цi не. Бываюць выпадкi, калi ты робiш усё магчымае i ўсё як бы правiльна, а дзецi вырастаюць не такiмi, як табе хацелася б. Вельмi многае на гэта ўплывае: i кола зносiнаў, i тое асяроддзе, у якiм яны растуць. Таму часцей бацькi не ў сiлах штосьцi змянiць. — Толькi не крыўдуй за пытанне. Калi твой сын Алесандро стане заўзятым iграком у казiно i стане прайграваць заробленыя табой грошы, як ты паставiшся да гэтага? — Я не ведаю. Усё будзе залежаць ад сiтуацыi... — ... або бацька будзе сядзець за адным сталом з сынам у Лас-Вегасе? — Таксама не выключана. Я люблю азартныя гульнi. — Ты гуляў калi-небудзь у карты на грошы? — Пастаянна гуляю. — Выйграеш цi прайграеш? — Няважна, што я зараз адкажу: выйграю або прайграю. Адкажу — людзi падумаюць, што падмануў. Я гуляю — i гэтага дастаткова. — У чым яшчэ ты знаходзiш задавальненнi? — Iх вельмi шмат у жыццi, усiх не пералiчыш. Я, напрыклад, люблю чытаць, але рэдка аддаю перавагу мастацкай лiтаратуры. Чытаю ў асноўным падручнiкi, так сказаць, павучальныя кнiгi — па псiхалогii, як дабiцца поспеху. — Дапамагае? — Лiшняя iнфармацыя ў гэтым плане нiкому не шкодзiла, як мне здаецца. Дапамагае цi не — жыццё пакажа. — А якiя ў цябе жыццёвыя прыярытэты? — Самае галоўнае — гэта сям’я. — А без сям’i? — Як зразумець — без сям’i? Сям’я — гэта асноўнае. Пасля гэтага — праца, кар’ера. У каго што. — Руслан, напэўна, адразу пасля таго як ты ажанiўся, пахаваў усе надзеi цудоўнай палавiны чалавецтва? — Зноў iнтэрв’ю ўбок? (Усмiхаецца.) Не ведаю, каго, дзе i што я пахаваў. (Смяецца.) Ажанiўся даўно, i дзецi ўжо растуць. Таму я, як кажуць, свой выбар зрабiў. — Напэўна, на шляху было шмат прынцэс, але ты выбраў каралеву? — А-аа... (уздыхае), ну i пытаннi ты задаеш. Самае галоўнае, як я да гэтага стаўлюся. Правiльна? Для мяне яна каралева — гэта дакладна. Спадзяюся, што i для яе я прынц або, як ты кажаш, кароль. — Ты можаш пагадзiцца з вядомым гiмнастам Вiталем Шчэрбам, што амерыканкi нiчога не ўмеюць? — Можа, дзесьцi ў чымсьцi ён i мае рацыю. Але я ведаю, што кожны чалавек iндывiдуальны: хтосьцi робiць, хтосьцi нiчога не робiць. Можна ў прынцыпе параўноўваць усiх жанчын свету — не толькi амерыканак. Тых жа немак, францужанак, беларусак — дзяўчаты розныя. Мне мая жонка ва ўсiм падабаецца. I дома яна робiць усё, што неабходна для жанчыны. — Неабходна мыць падлогу, бялiзну, гатаваць есцi? — У маiм разуменнi жанчына найперш павiнна быць добрай мацi, жонкай i захавальнiцай сямейнага ачага. Мабыць, так. Цi мые яна посуд? Для гэта ж ёсць хатнiя работнiцы. Па крайняй меры, я магу сабе гэта дазволiць. — Калi чалавек мае практычна ўсё — грошы, славу, цудоўную знешнасць, то яго акружаюць шмат паклоннiц. Мабыць, i зараз Салею праходу не даюць? — Езджу я па вулiцах без праблем, i хаджу без аховы (усмiхаецца). Паклоннiцы ёсць у рок-спевакоў, музыкантаў, акцёраў Галiвуда, якiя ўсюды бегаюць за iмi. Калi мы выклiкаем цiкавасць, то, напэўна, толькi як частка нашага прафесiйнага жыцця, i калi гэта ёсць, то яно ёсць. Неяк перайначыць жыццё гэта — не змяняе... — Калi б ты не быў жанаты, а я марыла стаць тваёй жонкай, што мне для гэтага патрэбна было б? — Я не ведаю, што менавiта табе для гэтага патрэбна было б. — Але ж ты не ажанiўся з Бэтэн з-за адной прыгажосцi? — Натуральна! Прыгажосць становiцца другаснай, калi ты жывеш з чалавекам пэўную колькасць гадоў. Да прыгажосцi, як i да ўсяго астатняга, прывыкаеш. Застаецца павага i ўзаемаразуменне. А без гэтага, я думаю, якiм бы прыгожым або прыгожай хтосьцi нi быў, сям’i не атрымаецца. Бо сумеснае жыццё — гэта такая ж цяжкая работа. Ёсць светлыя днi i не зусiм светлыя. Бывае, трэба iсцi на пэўныя кампрамiсы. Галоўнае — умець адно аднаму саступаць. — Скандалы ў вашай сям’i бываюць? Ты можаш павысiць голас? — Я практычна голас не павышаю — нi ў сям’i, нi па-за сям’ёй. — Усё залежыць ад выхавання? — Напэўна, i ад нейкiх iндывiдуальных якасцяў таксама. Мне неабавязкова павышаць голас, калi ёсць аргументы на нейкую тэму. Мы можам у нечым не пагаджацца, але крычаць... — Або бiць посуд? — Гэта наогул не ў маiм стылi. — Наогул, жанчыны б’юць усё, што пад рукой. Мужчыны больш стрыманыя. — З чаго б раптам яна стала яе бiць? Яшчэ за 9 гадоў не пачала гэтага рабiць. Канешне, не было так, што ў першы раз убачыў i раптам пажанiлiся за месяц або два. Мы пражылi вельмi шмат гадоў разам да таго, як у нас з’явiлiся дзецi. Зразумелi, што падыходзiм адзiн аднаму. Ва ўсякiм выпадку, на сёння так думаем. Што будзе праз пяць—дзесяць гадоў, я не загадваю. — Што трэба, каб захаваць сям’ю i не даць ёй разляцецца, як таму посуду? — Рабiць усё для таго, каб была сям’я. Вельмi цяжка сказаць, што трэба, у кожнага па-рознаму. У кожнай сям’i свае праблемы. Узаемаразуменне i ўзаемнае жаданне рабiць так, каб нiчога не развальвалася на той стадыi, калi ўзнiкае праблема. Я лiчу, што галоўнае — добры настрой. — Бэцi не баiцца адпускаць цябе аднаго ў Мiнск? Тут жа столькi спакусы, дзяўчат прыгожых. — Можа, калi-небудзь у цябе будзе магчымасць узяць у яе iнтэрв’ю, тады ты ў яе i запытаешся. Мы стараемся давяраць адно аднаму. Адпускаць мяне ў Мiнск цi не — не мае значэння. Значна важней, цi давяраеш ты. А куды i наколькi — гэта ўжо другаснае. — Што значыць быць добрым мужчынам у тваiм разуменнi? Трэба быць Русланам Салеем? — Не. Я ж не паказчык сапраўднага мужчыны. — Бацька Альберт Вiктаравiч, напэўна, так цябе выхоўваў, каб ты стаў эталонам не толькi яго гонару? — Ты кiдаешся такiмi гучнымi фразамi! Я не ведаю, што такое быць сапраўдным мужчынам. Няхай на гэтае пытанне адказваюць спецыяльна навучаныя людзi. — Халасцякоў з вопытам засталося толькi двое — Сяргей Фёдараў i Павел Бурэ. Можа, дасi рэцэпт дзяўчатам, як завалодаць зорнымi мужчынамi? — Мне вельмi не падабаецца слова «завалодаць». Я ж не псiхолаг i не доктар, каб даваць парады дзяўчатам адносна мужчын. — Напэўна, такiх зорак складана чым-небудзь здзiвiць? — Вiдаць, так. Трэба ў iх запытацца. — Ты жывеш сённяшнiм днём? — Хутчэй, думаю пра заўтрашнi. Стараюся так, ва ўсякiм разе. — У цябе шмат сяброў-бiзнэсменаў. Не было думкi адкрыць свой уласны бiзнэс? — Напэўна, хацеў бы. Але перш чым штосьцi пачынаць, трэба ўсё дасканала вывучыць. — Калi прыходзiш у магазiн, цi заўсёды лiчыш свае грошы? Кажуць, каб быць багатым, трэба ўмець правiльна iх трацiць. — У Амерыцы гэта намнога прасцей. Ты там выкарыстоўваеш не «кэш», як у нас наяўныя, а картку. У канцы месяца банк прысылае справаздачу, i ты цудоўна бачыш, дзе ты iх трацiў. Цi ёсць у мяне бюджэт на год, тая сума, праз якую я не павiнен пераходзiць? Не, але я сачу за тым, колькi я трачу. — Мяжа нейкая iснуе. Адзiн хакеiст сказаў, што нiколi не купiў бы сарочку за 350 еўра. — Я купiў бы ўсё, калi мне падабаецца, што я магу сабе дазволiць. Што я магу сабе дазволiць — гэта iншая размова, такая рубашка — не праблема! Гэта не паказчык кагосьцi i чагосьцi. У нас людзi апранаюцца намнога даражэй, чым я. Гэта нi аб чым не гаворыць. Я не iмкнуся апранацца так, каб некаму нешта паказаць або даказаць. Я не купляю самыя дарагiя рэчы, таму што гэта модна i пафасна. Я купляю тое, што мне падабаецца. I гэта не абавязкова павiнна быць ультрамодным або ўльтрапрыгожым. — Ты сочыш за сабой? Бачу манiкюр, пафарбаваныя лакам пазногцi. — Так, я раблю манiкюр i педыкюр. Гэта дрэнна? — Многiя лiчаць, што гэта жаночая справа... — Няхай гавораць. Я гэта раблю. — Для цябе мае значэнне грамадская думка? — Напэўна, мае, але нельга будаваць свае прыярытэты зыходзячы толькi з грамадскай думкi. — Калi ты на пляж надзенеш чырвоныя трусы ў гарошак, а да цябе падыдзе хто-небудзь i скажа: ой, вам гэта не пасуе! Ты знiмеш гэтыя трусы? — (Смяецца.) Так, i пайду без iх. Ты ставiш мяне ў тупiк. Калi камусьцi не падабаюцца мае трусы, то гэта перад усiм iх праблемы. Калi мне падабаецца, то мне няважна, што мне гавораць. — Ёсць мясцiны ў свеце, дзе табе хацелася б пабываць? — Хачу ў Аўстралiю, Паўднёвую Амерыку, у Азiю. Усюды хачу пабываць. Еўропа падабаецца. У Афрыцы не быў. У параўнаннi з маiмi сябрамi я наогул нiдзе не бываю. — Можа, хтосьцi за знаёмых амерыканцаў хацеў пабываць у Беларусi? — Яны ж не на Месяцы нарадзiлiся, ведаюць, дзе знаходзiцца Беларусь. Я яшчэ iм расказваю, што тут усё добра i цудоўна, i вам спадабаецца. Вельмi шмат прыгожых жанчын. — Адразу жанчыны! — Калi я размаўляю з мужчынамi, дык пра каго ж, як не пра жанчын? — А якi чалавек шчаслiвейшы — той, якi нiчога не мае i iмкнецца мець, або той, што мае ўсё i яму больш няма да чаго iмкнуцца? — Я быў на вяршынi шчасця, калi нарадзiлiся мае дзецi. — Я ведаю, што ты прысутнiчаў пры родах. Якiя адчуваннi? — Нельга апiсаць i перадаць словамi, нi з чым не параўнальныя пачуццi. Нават на слязу прабiла. — Ты здольны плакаць? — Плакаць здольны, i плакаў не раз. — Хросным бацькам хто-небудзь прапаноўваў быць? — У мяне чацвёра хроснiкаў у Мiнску. Стараюся дапамагаць, раблю падарункi. — А жонцы дорыш футра i брыльянты? — У Фларыдзе вельмi горача. Так што ў футры няма патрэбы, а вось брыльянты, канешне, дару. — 45 каратаў! Хоць я ў гэтым нiчога не разумею! — (Усмiхаецца.) У мяне таксама 45 каратаў нiколi не было. — Цудоўна жывецца. — Я не скарджуся. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Руслан Салей перабраўся з Захаду на Усход, купiў дом, выхоўвае сына i дачку. Да гэтага часу прытрымлiваецца жыццёвай фiласофii, што калi нiчога не |
|