ПЕСНI МIРНАГА НЕБА
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
У лiтаральным сэнсе ў палях праходзiць значная частка выступленняў Iрыны Дарафеевай, якая са сваiм калектывам накiравалася з пачатку жнiўня ў вялiкi канцэртны тур. Пачалася гэта традыцыя яшчэ ў 2004 годзе, i з таго часу было дадзена больш як 150 канцэртаў на Мiншчыне, Гродзеншчыне i Вiцебшчыне. Сацыяльны канцэртны тур, якi атрымаў назву «Пад мiрным небам», праходзiць штогод у перыяд уборкi збожжавых. Сёлета ён пралягае праз Гомельскую i Мiнскую вобласцi.
Разам са спявачкай у склад «артыстычнай брыгады» ўваходзяць яе музыканты i артысты «Тэатра песнi Iрыны Дарафеевай»: бэк-вакалiсткi Забава i Iрына Сапунжы, Дэрвiш i Генадзь Санько. Гэтаксама паўсюль артыстаў суправаджае прадзюсар Юрый Саваш i гукарэжысёр, якому даводзiцца падладжвацца пад самыя неверагодныя ўмовы. А яны сапраўды паходна-палявыя: днём канцэрты адбываюцца ў аграгарадках, палях i на зернетаках, каб не адцягваць механiзатараў i камбайнераў ад напружанай працы; увечары ж калектыў выступае ў райцэнтрах — пераважна на адкрытых канцэртных пляцоўках, стадыёнах i плошчах. Чаму тур сацыяльны, думаецца, тлумачыць двойчы не трэба: большая частка канцэртаў — безганарарная, выключна на энтузiязме i творчым iмпэце. Як расказалi ў прэс-службе «Тэатра песнi Iрыны Дарафеевай», праграма, якую спявачка прадстаўляе сёлета, камбiнаваная. Пераважна гучаць новыя песнi — напрыклад, са свежага альбома «Хачу быць марай», прэзентаванага падчас «Славянскага базару ў Вiцебску», а таксама з вялiкай сольнай праграмы артысткi, якая была прадстаўлена ў Мiрскiм замку. Iрына не вылучае сярод сваiх песень «улюбёнцаў», кажа, што ўвесь рэпертуар ёй блiзкi i дарагi, бо звязаны з роднай зямлёй i народам. Тым не менш, у праграме «Пад мiрным небам» ёсць шэраг кампазiцый, якiя кожны раз выконваюцца абавязкова: «Белая Русь» Iзмаiла Капланава, «Беларусь моцная» Сяргея Сухамлiна, «Сэрца зямлi маёй» i iншыя новыя песнi Кiма Брэйтбурга. Канцэртны тур стартаваў 1 жнiўня з Калiнкавiцкага раёна, далей спявачка i яе калектыў накiравалiся ў Ельск. Сёння Iрына Дарафеева выступае ў Баранавiчах, дзе ўдзельнiчае ў святкаваннi Дня чыгуначнiка. Вядомы i расклад тура на блiжэйшы час: 4 жнiўня артысты дадуць канцэрты ў Лельчыцах i вёсцы Глушкевiчы, 5 жнiўня выступяць на пляцоўках у Светлагорску i вёсцы Печышчы, 6 жнiўня — у Добрушы i вёсцы Насовiчы. Сама Iрына Дарафеева адзначае, што ёй заўжды прыемна нават проста праязджаць праз Добруш, бо з тутэйшых мясцiнаў родам матуля артысткi. А тым больш, выступаць... Зрэшты, не было яшчэ такога канцэрта, якiм Iрына — дый публiка, калi на тое — засталася б незадаволеная. Фiнiшуе канцэртны тур, як плануецца, на рэспублiканскiм свяце «Дажынкi-2007».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У лiтаральным сэнсе ў палях праходзiць значная частка выступленняў Iрыны Дарафеевай, якая са сваiм калектывам накiравалася з пачатку жнiўня ў вялiкi к
|
|