СЁСТРЫ: ПАРТРЭТ ДВУМА ПЁРАМI
Насця i Вольга САЦЮК.
Маленькая зорачка «Еўрабачання», адкрыцце 2003 года, вядучая Усебеларускага тэлевiзiйнага конкурсу «Сузор’е надзей» i тэлепраграмы «Вас выклiкае Спартландыя!» Вольга Сацюк рыхтуецца святкаваць сваё чатырнаццацiгоддзе (i дзесяцiгоддзе творчай дзейнасцi!) i з задавальненнем расказвае чытачам «Звязды» пра самыя цiкавыя моманты гэтага года. Нам здаецца, што лепшы спосаб гэта зрабiць — даць ёй самой напiсаць галоўнае. Але, каб больш поўна раскрыць нашу задуму, спатрэбiцца дапамога яе старэйшай сястры Насцi, якая, дарэчы, з’яўляецца студэнткай факультэта журналiстыкi БДУ. Мы прапануем вам, паважаныя чытачы, дзённiк Вольгi з дапаўненнямi i каментарыямi Насцi САЦЮК.
Прывiтанне! Iдэя змясцiць урыўкi дзённiка маёй малодшай сястры ў газеце нам вельмi спадабалася, але, каб увесцi аўдыторыю ў курс галоўных падзей у жыццi Вольгi за апошнi год, трэба прадставiць яшчэ i трошачкi афiцыйнай iнфармацыi, што мне, як журналiсту, зрабiць няцяжка. Пачнём адразу з Прэзiдэнцкай ёлкi ў Палацы Рэспублiкi, якая праходзiла з 25 снежня па 6 студзеня. Маленькiя артысты (а iх было больш за 100 чалавек) за два тыднi далi 25 канцэртаў. Вольга была своеасаблiвай вядучай гэтага музычнага шоў, спявала разам з галоўнымi персанажамi любiмыя песнi. Апагеем МЕРАПРЫЕМСТВАЎ, канешне, стала галоўная ёлка краiны, дзе прысутнiчаў А.Р. Лукашэнка, а юныя гледачы атрымалi падарункi ад Прэзiдэнта. Кожны юны артыст марыць прыняць удзел у самым галоўным навагоднiм дзiцячым шоў краiны. Калiсьцi я таксама глядзела па тэлевiзары казачны спектакль i марыла апынуцца па той бок экрана. Але я нават не ўяўляла, што мара так хутка стане рэальнасцю. Так, гэта было 4 гады таму. А зараз я ўжо трэцi год запар на сцэне Палаца Рэспублiкi разам з маiмi сябрамi прымаю ўдзел у навагоднiх ёлках i там жа вяду Усебеларускi тэлевiзiйны конкурс юных талентаў «Сузор’е надзей». Ведаеце, мы з артыстамi — адзiная сям’я, i нават на Новы год робiм адзiн аднаму падарункi — i так усе два тыднi разам. Бываюць вельмi смешныя выпадкi, пра якiя могуць ведаць толькi ЗА КУЛIСАМI, але мы заўсёды выйдзем з любой сiтуацыi пераможцамi, таму што мы — каманда! У лютым Вольга брала ўдзел у новай дзiцячай праграме «Дзiцячая гадзiна» на тэлеканале «ЛАД». Песня «Давайте петь со мной» (сл. i муз. Ю. Давiдзюк) атрымала самую вялiкую падтрымку тэлегледачоў — 16 660 званкоў. Такiм чынам, перамога ў конкурсе прынесла Вользе яшчэ адзiн падарунак — новы клiп на новую песню. Прафесiйная здымачная група Белтэлерадыёкампанii зрабiла непаўторны i лаканiчны клiп. Вам калi-небудзь здымалi клiп? А вы пазiравалi перад камерай?! Мне давялося рабiць усё гэта неаднойчы. I я з кожным разам разумею, што там, менавiта па той бок экрана, маё жыццё, таму што толькi так я магу данесцi творчасць да свайго гледача. На гэты раз клiп здымаўся на песню «Любовь твоя» (сл. i муз. Ю. Давiдзюк), песня ў стылі рок, таму ў кадры з’яўлялiся гiтарысты, дзеянне адбывалася на развалiнах замка, а спявала я ў чорным адзеннi. Мне так спадабалася працаваць з рэжысёрам, i нягледзячы на тое, што здымалi да ночы, было весела! Яшчэ раз дзякую ўсёй здымачнай групе. Спадзяюся, гэты ролiк не апошнi! 30 мая ў новым будынку Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi Вольга атрымала сваю трэцюю Гранд-прэмiю Спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Беларусi па падтрымцы таленавiтай моладзi. Ганаровае званне было ёй прысуджана па вынiках года: гран-пры IV Усяпольскага фестывалю рэлiгiйнай песнi «З новымi песнямi ў новае тысячагоддзе» (Польшча), спецыяльны прыз за лепшае шоу Мiжнароднага тэлевiзiйнага конкурсу «Зорныя песнi» (Эстонiя). Вы не ўяўляеце, як я была рада зноў прыйсцi ў Нацыянальную бiблiятэку, зноў атрымаць званне лаўрэата Гранд-прэмii Прэзiдэнцкага Фонду, самае прэстыжнае ў краiне. Званне прэстыжнае, але не думайце, што атрымала яго я проста так. За 2006 год я заваявала гран-пры i прыз за лепшае шоў на мiжнародных конкурсах. Мяне вельмi ўразiла сама бiблiятэка, i асаблiвае ўражанне — калi ўсiх стыпендыятаў павялi на аглядную экскурсiю, а напрыканцы нас даставiў на апошнi паверх панарамны лiфт, i Мiнск стаў праглядвацца як на далонi. У мiнулым годзе шмат чаго не было ў бiблiятэцы — зараз у калiдорах будынка з’явiлiся скульптуры, габелены, карцiны. Не перадаць эмоцый, калi я апынулася на даху бiблiятэкi, на агляднай пляцоўцы. Мiнск такi вялiкi! Нiчога прыгажэйшага за гэты краявiд я не бачыла (а бачыла я розныя краiны). Усе ведаюць знакамiтых «Верасоў», а ў гэтым годзе народны артыст Беларусi Васiль Раiнчык прэзентаваў феерычнае шоў у Мiрскiм замку, якое паклала пачатак новаму сцэнiчнаму жыццю «Верасоў» i «Верасятаў». Нас цiкавiць дзiцячы ансамбль, у новы склад якога ўвайшлi: Вольга Сацюк, Аляксандра Салавейчык, Палiна Ждановiч, Варвара Панiна, Васiль Раiнчык-малодшы, Аляксей Жыгалковiч. З удзельнiкамi ансамбля «Верасяты» мы знаёмыя ўжо даўно. Разам працавалi на галоўных ёлках краiны, канцэртных турах «За Беларусь!», сустракалiся на конкурсах i фестывалях, а галоўнае, мы заўсёды былi сябрамi. А з Аляксандрай Салавейчык нават спелi некалькi песень дуэтам, таксама яна дапамагала мне весцi Мiжнародны дзiцячы конкурс «Славянскi базар-2007 у Вiцебску». Кiраўнiк ансамбля Васiль Раiнчык — прафесiянал, заўсёды iдзе ў нагу з часам, цудоўна разумее нашы музычныя ПАТРЭБЫ, яго песнi спявае ўся Беларусь. «Верасяты» — вясёлая, сяброўская кампанiя. Удзельнiчаць у такiм праекце прэстыжна i прыемна, таму што для мяне гэта яшчэ i магчымасць прадоўжыць дзяцiнства. Канешне, нельга абысцi i «Славянскi базар у Вiцебску-2007»— самы яскравы i грандыёзны музычны форум Беларусi. Мы з Воляй правялi цэлы тыдзень у незасынаючым горадзе, але па-iншаму там нельга: столькi цiкавага адбываецца на розных канцэртных пляцоўках Вiцебска i, зразумела, у самым сэрцы фестывалю, на сцэне летняга Амфiтэатра. Дарэчы, Вольга на галоўную сцэну выходзiла ў гэты раз двойчы: як удзельнiк гала-канцэрта майстроў культуры Беларусi ў складзе ансамбля «Верасяты» i гала-канцэрта «Васiльковая краiна» IV Мiжнароднага дзiцячага конкурсу «Вiцебск-2007» у якасцi вядучай i спявачкi. «Славянскi базар» з’яўляецца маiм самым любiмым i доўгачаканым фестывалем года. Чатыры разы прыязджаю ў Вiцебск, а нават i не заўважаю, як хутка кожны раз праходзiць фестывальны тыдзень. Менавiта тут я сустракаю даўнiх сяброў i знаходжу новых. Сёлета ўсе адзначылi новае аблiчча Летняга амфiтэатра — гэта сапраўды цуд тэхнiкi i архiтэктуры, шыкоўны дах i прафесiйны гук. Але больш за ўсё я чакаю прыезду канкурсантаў на Мiжнародны дзiцячы конкурс. За тры гады працы на конкурсе я пазнаёмiлася з самымi таленавiтымi юнымi выканаўцамi свету. З некаторымi мы змагалiся за ўзнагароды на iншых мiжнародных конкурсах. У гэтым годзе дзiцячы конкурс абяцаў стаць грандыёзнай падзеяй фестывалю. Гала-канцэрт «Васiльковая краiна» прайшоў на сцэне Летняга амфiтэатра, так што пазнаёмiцца з творчасцю 22 удзельнiкаў самага прэстыжнага дзiцячага конкурсу змаглi 7,5 тысячы гледачоў i яшчэ мiльёны тэлегледачоў па ўсiм свеце. Журы было цяжка даць ацэнку самаму таленавiтаму, вызначыць найлепшага выканаўцу, але ВЫБАР патрэбна было зрабiць. Да радасцi ўсёй Беларусi гран-пры застаўся на Радзiме дзякуючы 12-гадоваму Андрэю Кунцу, майму добраму сябру. Я рада, што прэстыж нашага фестывалю расце, што дзецi ўсяго свету едуць у Вiцебск паказаць свае таленты. Напрыканцы загадаю жаданне. Вельмi хачу працягваць работу на тэлебачаннi, спяваць, запiсваць новыя песнi, вучыцца акцёрскаму майстэрству. Я хачу быць карыснай сваёй Радзiме i проста не ўяўляю сваё жыццё без песнi i сцэны!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маленькая зорачка «Еўрабачання», адкрыцце 2003 года, вядучая Усебеларускага тэлевiзiйнага конкурсу «Сузор’е надзей» i тэлепраграмы «Вас выклiкае Спар
|
|