Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Здароўе і смерцьСяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама». Вялікія сэнсы хаваюцца часта ў дробных і не заўважных на першы погляд падменах. «Дазвольце пажадаць вам, у першую вочарадзь, здароўя!» «Сама глаўна — здароўе!» «Напярэдадні Новага году беларусы традыцыйна жадаюць адзін аднаму здароўя, што ўжо стала нашай нацыянальнай асаблівасцю». «Было б здароўе, а ўсё астатняе прыложыцца»... Перагорнутая з ног на галаву логіка і сапраўды стала нашай «асаблівасцю». А таму нічога асаблівага да гэтага самага «здароўя» ў нас і не прыкладаецца. Бо само па сабе здароўе — гэта як канечны пункт, вяршыня вяршынь, апошняя рыса, за якой — смерць. Жадаючы здароўя, мы жадаем адно аднаму не жыцця, а ўсяго толькі дажывання. Нездарма найбольш наракаюць на здароўе вясковыя бабулькі: усё цяпер, унучок, у нас ёсць, толькі б жыць ды жыць, але ж во — здароўя няма. У народнай традыцыі сустракаем — будзь здаровы, як лёд калядовы. Здаровы — як дуб. Здаровы — кажуць на вялікага мардатага дзядзьку без асаблівых прыкметаў інтэлекту. Таму ў знакамітай песні Адама Русака пажаданне здароўя выказваецца далікатна, каб не абразіць, — «бывайце здаровы». Гэта значыць літаральна — хоць бы час ад часу не хварэйце. Калі б мы ўмелі падслухаць пераднавагоднія пажаданні дваравых катоў ці сабак на выгуле, мы абавязкова пачулі б гэта самае: «у першую вочарадзь»... «сама глаўна»... «а ўсё астатняе прыложыцца». Толькі ж тым чалавек і адрозніваецца ад жывёлы, што яму здароўе патрэбнае не само па сабе, а — ДЛЯ ЧАГОСЬЦІ большага. Для таго якраз, чаго мы і мусілі б адзін аднаму жадаць на святы. Бо інакш выглядае, што нам у гэтым жыцці нічога не трэба, «нас і тут нядрэнна кормяць». За савецкім часам на паштоўках людзі пісалі адзін аднаму стандартную трыяду: поспехаў у працы, шчасця ў асабістым жыцці і здароўя — моцнага маладым і добрага старым. Сёння якія там поспехі ў працы?! І шчасце — такое перакручанае праз мясарубку тэлевізійных серыялаў і ток-шоў. Вось і засталося адно здароўе. Выходзіць, мы страцілі нават тую савецкую ілюзію, што можам самі быць творцамі свайго шчасця, дабрабыту, актыўнымі ўдзельнікамі свайго ўласнага лёсу. Дзіўна, што людзі ў масе сваёй не жадаюць адзін аднаму, каб нарадзіліся дзеці, каб пасадзілася дрэва, каб напісалася кніга, каб зарабілася болей грошай. Каб вандроўніку была ўдача ў дарозе, а агародніку каб спрыяла надвор’е. Каб ва ўсіх нашых задумах нам быў поспех. Не жадаем, каб у жыцці стала болей праўды і свабоды. Наадварот. У параўнанні з савецкім часам ужо без той унутранай сарамлівасці гатовыя ледзьве не з гонарам заяўляць — ад нас нічога не залежыць, галоўнае не як прагаласуем, а як падлічаць. «Дзякуючы» тэлевізару, наша свабода волевыяўлення і наша праўдалюбства зайшло ў тупік нашае смеласці казаць пра сваё рабства як пра непарушную дадзенасць. Пры гэтым чым далей, тым больш бессаромнымі і безвыходнымі робяцца такія шчыраванні. Жадаю вам добра паспаць, смачна пад’есці, лёгка схадзіць... Адным словам, здароўя. Не магу пазбыцца ад думкі, што гэта ўсё не само сабой так адбываецца, а што гэта хтосьці наўмысна дзяржыць цэлую нацыю маладых душою і целам, адукаваных, таленавітых і амбіцыйных людзей на стойлавым утрыманні, дзе самамэтаю робіцца добры харч і крэпкі сон. І толькі адганю ад сябе гэтую думку, як зноў аднекуль данясецца, што «сама глаўна» і што «ў першую вочарадзь», і яшчэ, і яшчэ — што гэта для нас такая важная мэта, самая важная на свеце і ў жыцці, што хай гэты Новы год стане для нас цэлым годам здароўя. Не годам аховы зароўя, не годам медыцыны ці годам фізкультуры. Не здароўя для руху, для поступу і для поспеху. А здароўя — самога па сабе, для сябе, як канечнага пункту, як вяршыні вяршынь, як апошняе рысы, за якой — смерць. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Дубавец.
|
|