Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Што мы адзначылі 25 сакавіка?
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».
Рэзюмэ пасьля сьвята
Сёлетні размах вакол Дня Волі прынёс з сабою ня толькі ўсьведамленьне важнасьці сьвята, але й пэўную разгубленасьць ва ўяўленьнях, і новыя беспадстаўныя спрэчкі. Незалежная прэса задавалася пытаньнямі: Што для вас БНР? Ці хацелі б вы пажыць у БНР? Уявіце, каб БНР у свой час перамагла... Адказы былі вартыя пытаньняў: БНР — рамантычная мара нашых продкаў; БНР не магла зьдзейсьніцца ва ўмовах акупацыі і вайны; БНР мусіць калі-небудзь паўстаць на месцы сёньняшняй РБ... Нехта заўважыў, што сьвяткаваць трэба ня нейкую абстракцыю, а паходы Булак-Балаховіча і Слуцкі збройны чын, бо гэта самыя рэальныя сьведчаньні станаўленьня БНР. У сваю чаргу, постсавецкі афіцыёз традыцыйна ставіў пад сумнеў значэньне 25 сакавіка, бо БНР была марыянэткавым утварэньнем пад нямецкай акупацыяй, бо ні ў якую рэальную дзяржаву яна не ператварылася і ператварыцца не магла, бо, урэшце, айцы-заснавальнікі БНР пастанавілі распусьціць свой урад на карысьць БССР...
Заўважым, што БНР ніколі не была краінай, у якой “можна пажыць”, гэтаксама як аналягічныя зьявы, што праявіліся пад нямецкай акупацыяй 1918 году ў Літве, Украіне, Грузіі ды іншых краінах, якія ўпершыню атрымалі шанец незалежнасьці ад Расейскай імпэрыі. Атрымалі і скарысталіся ім. Заўважым таксама, што самі айцы-заснавальнікі БНР у наступныя гады адзначалі ня даты стварэньня БНР, а — Акт 25 Сакавіка. Так гэта тады называлася. Тое самае адзначаюць сёньня ў Літве, Украіне ці Грузіі. Не гадавіну заснаваньня Літоўскай Рэспублікі ці УНР, а, фактычна, Дэклярацыю незалежнасьці. Усё астатняе – рэспублікі і тое, ці адбыліся яны, ці не, як праяўляліся і што з імі ўрэшце стала — гэта антураж гісторыі, які складаецца з канкрэтных зьяваў. Да прыкладу, першая ўласна беларуская марка — марка БНР. Самадастатковыя этапы гісторыі — паход Станіслава Булак-Балаховіча і Слуцкі збройны чын. Усё гэта мы згадваем 25 сакавіка, але адзначаем іншае – Дэклярацыю дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі, юрыдычны Акт, які стаў адпраўным пунктам сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. У Акце нельга “пажыць”, Акт ня мог перамагчы або прайграць, Акт ня можа заўтра прыйсьці на зьмену РБ. Любая сучасная самастойная краіна мае такі адпраўны пункт, фактычна, паперу, дзеля напісаньня якой аднойчы сабраліся людзі, якія ўзялі на сябе поўную адказнасьць за лёс нацыі і знайшлі ў сабе мужнасьць заявіць на ўвесь сьвет пра незалежнасьць сваёй краіны. Гісторыкі ведаюць, як пакутліва нараджаўся Акт 25 Сакавіка. Мы цэнім подзьвіг сыгнатараў і аддаем належнае ня столькі іх рамантызму, колькі — наадварот — рацыяналізму і таму неверагоднаму высілку, на які яны пайшлі, каб забясьпечыць гэты Акт рэальным “залатым запасам” — легітымнасьцю. Легітымнасьць Акту падмацаваная Ўсебеларускім зьездам, які адбыўся напрыканцы 1917 году. Амаль дзьве тысячы дэлегатаў былі абраныя ва ўсіх рэгіёнах краіны, прадстаўлялі ўсе слаі насельніцтва і ўсе грамадзкія арганізацыі. Зьезд падтрымаў незалежнасьць Беларусі. БНР як дзяржава і краіна мусіла стаць наступным этапам, абумоўленым Актам 25 Сакавіка. Але ад таго, ці быў гэты этап, ці не, ці стварылася БНР ці – замест яе — БССР і РБ, значэньне самога Акту не зьмяншаецца. Беларусы як нацыя маглі ўвогуле быць паглынутыя Расеяй ці Польшчай і прапасьці з паверхні гістарычнага працэсу на многія гады. Але тое, што аднойчы быў абвешчаны Акт, не давала б зьмірыцца з гэтым зьнікненьнем кожнаму новаму пакаленьню беларусаў. Такое было аднойчы, але яно ўжо назаўжды. Як нараджэньне жывога. 25 Сакавіка мы заўсёды будзем згадваць пра БНР — як пра гістарычнае права нашага народу мець сваю дзяржаву. Але мы не павінны галоўны акцэнт рабіць на гэтым абстрактным гістарычным праве – як на апэляцыі да гістарычных абставінаў, да мацнейшых суседзяў, да чужой вайны. Мы не павінны адзначаць і сьвяткаваць тое, што “не атрымалася”, тым часам пакідаючы ў ценю сапраўдныя здабыткі беларускага духу і любові. У гэтым сэнсе Акт 25 Сакавіка — калі хочаце, паперка — мае найвялікшае значэньне, бо столькі за ім ахвяраў, пакут і прыніжэньня, столькі сіл, энэргіі і нэрваў нашых продкаў, што інакш як выпакутаваным яго не назавеш. Першая дэклярацыя дзяржаўнай незалежнасьці заўсёды мае сваіх аўтараў, чые імёны залатымі літарамі ўпісваюцца на скрыжалі нацыянальнай гісторыі. Яны — галоўныя героі 25 сакавіка. Згадка пра іх павінна быць паперадзе ў кожны Дзень Волі. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Дубавец.
|
|